“Фотаздымак іранічны. Я ўявіла, што гэты букет мне падарыў мужчына”. Экаактывістка заклікае не набываць на Радаўніцу пластыкавыя кветкі

Фота: picnichok_eco

– “Хадзіць па Бабруйску стала “весялей”. Горад захлынуўся ў хвалі атрутна-маляўнічага ўбоства. Мужчына з прапітым тварам прапаноўваў усе варыянты “ад рубля… і самыя “шыкоўныя” ад пяці…”

Фотаздымак іранічны. Я ўявіла, што гэты букет мне падарыў мужчына. Ці мае дзеці. А вы б асмеліліся падарыць такое актору ў тэатры?”

– разважае Юлія Саковіч.

Вось яе думкі і парады:

Хтосьці напісаў у фэйсбуку: “мёртвае мёртвым”. Гучыць, так? Але калі разабрацца, пластыкавыя кветкі –апафеоз перабудовы, гэта зусім маладая традыцыя. Чаму гэтае “ўбоства” так хутка заваявала папулярнасць сярод нашых людзей?

А вось што было традыцыйным (у залежнасці ад рэгіёну):

– крышылі на месцы пахаванняў булку, яйка, часам яечню

– слалі на магілу абрус, размаўлялі, “галасілі”, але без спіртнога

–на магілы прыносілі нітачкі, стужкі, ручнікі, або фартухі – калі пахаваная жанчына (такім чынам для нябожчыкаў спраўлялі патрэбу ў новай вопратцы).

То бок, штучныя кветкі на могілках не адпавядаюць нашым традыцыям.

 

Кожны год беларусы прыносяць на могілкі мільён пластыкавых кветак (!), гэта дзясяткі тон шкодных рэчываў, якія трапляюць у ваду, глебу, паветра!

Чым можна замяніць пластыкавыя кветкі?

– калі на могілках магчыма высадзіць кусты або цыбульныя кветкі, скарыстайцеся гэтым

– букеты з сухацветаў

– стужка з натуральных матэрыялаў (у крамах «Лента» прадаюцца нават адмысловыя, рытуальныя)

– жывыя кветкі, зрэзаныя

– кветкі ў вазонах

– папяровыя кветкі

Таксама Юля прапанавала чытачам пакідаць у каментарах свае варыянты альтэрнатывы пластыку. Вось што ёй напісалі:

“Успаміны дзяцінства – гэта кветкі з паперы, якія бабуля апускала ў гарачы воск. Пасля такой апрацоўкі папяровыя кветкі доўга служылі”.

“Упрыгожваем шклянымі падсвечнікамі”.

“Можна паставіць шкляныя лампадкі ды мяняць у іх свечкі. Можна выкарыстоўваць габрэйскі вопыт і прыносіць каменьчыкі. Дарэчы, у старажытнасці так рабілі і беларусы. Атрымліваліся маленькія курганчыкі з камення”.

“Мы купляем некалькі жывых кветак”.

“Мы ўжо гады тры як адмовіліся ад пластыкавых кветак на могілкі. Пасадзілі на дарагія нам магілы кветкі, тыя разрастаюцца і ўпрыгожваюць месца”.

“Неяк я зрабіла шмат папяровых кветак на драўляных палачках для сушы. Знайшла ў ютубе. Накруціла шыкоўных ружаў. Ясна, што яны нядоўга стаяць, алё тады гэта быў першы крок для сваякоў – адмовіцца ад пластыкавых, і гэта спрацавала!”

“Я памятаю, як прыносілі жывыя кветкі. Рабілі надлом, ці коратка зразалі. А інакш іх кралі і перапрадавалі”.

Чытайце таксама:

“Продкі – у маім генетычным кодзе”. Бабруйчане замежжа пра немагчымасць наведаць могілкі на Радаўніцу