Сёлета ў пасёлку Глуша пад Бабруйскам – на малой радзіме пісьменніка Алеся Адамовіча прайшоў юбілейны, 15-ы фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Глушанскі хутарок”. Восем гадоў таму, у 2016 годзе, ён атрымаў статус раённага, а ў 2018 – рэгіянальнага. А як нарадзілася ідэя фестывалю? І пры чым тут ААН і Еўразвяз? Распавядаем гісторыю адной з самых заўважных восеньскіх падзеяў на Бабруйшчыне ды глядзім, як выглядаюць этнаграфічныя і фальклорныя фэсты ў іншых краінах.
Ганаровая госця – дачка Алеся Адамовіча
Першы “Глушанскі хутарок” прайшоў у Глушы 29 верасня 2010 года. Арганізаваны ён быў Глушанскім пасялковым саветам па ініцыятыве тагачаснай старшыні Марыі Сушчанка пры падтрымцы праекту Праграмы развіцця ААН і Еўразвязу “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”.
Месцам для правядзення “Глушанскага хутарка” абралі тэрыторыю цяперашняга Цэнтру рамёстваў – на ўзлеску ды ўскрайку вуліцы Алеся Адамовіча. Тут некалі планавалася стварыць этнаграфічны музей пад адкрытым небам. Раней мы распавядалі, як сюды прывозілі ўзоры народнай архітэктуры з ваколіцаў Бабруйску.
Музеі Бабруйску і Бабруйшчыны: зачыненыя, дзейныя і тыя, што застаюцца толькі ідэяй
У 1990-я гады тэрыторыя, якая так і не стала музеем, была закінутая. Глушанцы вырашылі ўдыхнуць у яе жыццё і праводзіць фестываль менавіта тут, каб у тым ліку паказаць гасцям тыя нешматлікія аб’екты, якія атрымалася тут усталяваць і захаваць.
У першым “Хутарку” прынялі ўдзел больш за 20 народных умельцаў з Магілёўскай вобласці – керамістаў, спецыялістаў па пляценні з саломкі, лазы, бондарным рамястве, жывапісцаў, майстроў па вышыўцы, разьбяроў. Яны праводзілі майстар-класы. На мяцовай сцэне выступілі Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна і калектывы Бабруйшчыны.
Ганаровай госцяй фестывалю была дачка пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч. У 2018 годзе падчас “Глушанскага хутарка”, 6 кастрычніка, быў адкрыты арт-аб’ект, створаны з удзелам каманды “1387” – “Прыпынак Адамовіча”. На яго адкрыцці таксама прысутнічала дачка пісьменніка.
Хто фінансуе фестываль?
Былая старшыня Глушанскага пасялковага савету Марыя Сушчанка некалі казала, што мэта “Глушанскага хутарка” – спрыяць захаванню гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёну і прыцягваць у Глушу турыстаў. Шмат у чым так і атрымалася. Цяпер “Глушанскі хутарок” праводзіцца штогод. Фінансуецца ён ужо не Еўразвязам, а з бюджэту Бабруйскага раёну.
Фестываль стаў таксама формай папулярызацыі аб’екту нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Традыцыйная тэхналогія вырабу ганчарных вырабаў майстрамі Бабруйскага раёну пад кіраўніцтвам народнага майста Беларусі Юрыя Боўды”. Таму традыцыйнай падзеяй фэсту з’яўляюца пленэры, семінары-практыкумы па ганчарным майстэрстве і кераміцы , спаборніцтвы ганчароў у рэжыме рэальнага часу.
Сёлетні “Глушанскі хутарок” не стаў выключэннем – праграма свята ўключала ў сябе пленэр па кераміцы і ганчарстве пад кіраўніцтвам народных майстроў Беларусі Юрыя Боўды і Аляксандра Арлова.
На тэматычных народных падворках рэканструююць народныя традыцыі і святы – сямейныя, каляндарныя, абрадавыя.
Забаўляльную праграму імкнуцца пашыраць – нядаўна госці фестывалю атрымалі магчымасць палятаць над пасёлкам на самалётах “Вільга” і “АН-2”.
На сцэне ў апошнія гады выступаюць мясцовыя самадзейныя калектывы. А некалі запрашалі беларускіх бардаў, напрыклад, Зміцера Бартосіка.
А як у іншых краінах?
Фестывалі народнай культуры, фальклорныя, этнаграфічныя сталі становяцца ўсё больш папулярнымі. Гэтак жа, як і агулам у розных народаў свету расце цікавасць да сваіх каранёў. Фестывальны фармат – гэта магчымасць даведацца больш пра культуру свайго народу, а таксама – прыцягнуць турыстаў у свой рэгіён. Зрэшты, “Глушанскі хутарок” задумваўся ў тым ліку, каб зрабіць з Глушы цэнтр прыцягнення турыстаў на Бабруйшчыну.
А што ў іншых краінах, дзе жывуць беларусы? Якія там самыя папулярныя фестывалі народнай культуры і майстэрстваў? Як яны выглядаюць?
Літва
Самы вядомы і прыгожы фестываль у Літве – гэта фестываль эксперыментальнай археалогіі “Дні жывой археалогіі ў Кярнавэ”, які праводзіцца на тэрыторыі Дзяржаўнага культурнага запаведніка Кярнавэ.
На фестывалі прэзентуюцца старажытныя рамёствы, тэхналогіі, адрэстаўраваныя археалагічныя знаходкі, праводзяцца майстар-класы – удзельнікі могуць самі зрабіць сабе гаршчок па старажытнай тэхналогіі, пастраляць з луку, пакупацца ў сярэдневечнай бані. Фестываль вельмі відовішчны, стылёвы і цікавы.
Польшча
У Польшчы этнафестывалі вельмі папулярныя, іх шмат, яны ладзяцца і ў гарадах, і ў вёсках, а таксама – на базе музеяў. Напрыклад, штогод праходзіць фестываль “ETNOmania” у скансэне ў вёсцы Выгелюў на поўдні Польшчы. Падчас фестывалю праходзяць розныя майстар-класы для дзяцей і дарослых, працуюць намёты з традыцыйнай рэгіянальнай ежай, ладзяцца этнаканцэрты.
У мястэчку на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі Владава штогод праходзіць “Фестываль трох культур”. Спрадвеку тут жылі габрэі, каталікі і праваслаўныя, і на гэтым суседстве пабудаваная канцэпцыя фестывалю. Падчас яго цягам двух дзён можна купіць разнастайныя вырабы рамеснікаў, традыцыйную ежу і напоі, а на сцэне за гандлёвымі шэрагамі і музейным сінагагальным комплексам ладзіцца рэканструкцыя падзеяў з гісторыі мястэчка, а таксама гучыць старажытная музыка.
Габрэйскай культуры прысвечаны аднайменны фестываль, які праводзіцца ў ліпені – жніўні ў Кракаве з 1988 года. Мерапрыемствы фэсту праходзяць у гарадскім квартале Казімеж, які напрацягу многіх стагоддзяў быў цэнтрам габрэйскай культуры Паўднёвай Польшчы. Мы ўпэўненыя, фестываль габрэйскай культуры цалкам мог бы адбывацца і ў Бабруйску і быў бы яго сапраўднай разынкай.
Грузія
У Грузіі, у рэгіёне Аджарыя штовосень праводзіцца фестываль вясковай культуры “Гандагана”. Распачынаецца ён звычайна ў Батумі, на плошчы Еўропы. На працягу двух дзён госці фэсту могуць пазнаёміцца з культурай, кухняй, традыцыямі і рамяством горнай Аджарыі. Можна наведаць майстар-класы па прыгатаванні традыйнай стравы – чурчхелы. На сцэне выступаюць танцавальныя калектывы, якія танчаць грузінскія танцы, музыкі граюць на традыцыйным інструменце – пандуры, падобнай на лютню.
А як вы думаеце, які яшчэ фестываль можна ладзіць у Бабруйску ці ў раёне? Габрэйскай культуры ці нейкі іншы? Дзяліцеся сваімі думкамі ў нашых сацсетках!