Як перажыць восень? Добрыя парады, фільмы, цікавы рэцэпт шарлоткі ды іншыя ідэі для тых, хто яе не любіць

Ілюстрацыйнае фота: Lucas Allmann / pexels.com

 

Стварай атмасферу

Анастасія, 36 год, цырульніца, часова жыве ў Турцыі:

– Восень у Турцыі вельмі адрозніваецца ад восені ў Беларусі. Кастрычнік – лістапад, лічы як жнівень. Можна яшчэ спакойна купацца ў моры, ноччу тэмпература +20, днём можа дасягаць і +30.

 

Фота з асабістых архіваў Анастасіі

 

– Але няма тут маёй любімай залатой восені! Таго часу, калі ранак ужо халаднаваты, а ўдзень яшчэ можа распагодзіцца, і ты ідзеш, – а навокал лістота… Жоўтая, аранжавая, чырвоная, пунсовая, і так прыемна шапоча пад нагамі.

Але вось калі яна мінае, надыходзіць восень дажджлівая, тады можна ратавацца дома і рабіць сабе цёплую атмасферу: развесіць гірлянды (потым акурат можна з пухнатым ужо сняжком, зімой перавесці іх на ялінку), паставіць у вазачкі цытрусы (яны будуць нагадваць маленькія сонейкі), дарэчы гарбузы, таксама жоўценькія, можна цікава аздобіць (Хэлоўін блізка!), і зрабіць з іх падсвечнікі.

Больш цёплых колераў, цёплага піцця, добрага сэрца, каб сагрэць не толькі сябе ў такі няўтульны час!

З фільмаў параю «Салодкі лістапад», «Восень у Нью-Ёрку», «Дом каля возера». Ці «Гульню тронаў» пачаць глядзець, якраз зіма блізка.

 

Галіна, 66 год, студэнтка «Акадэміі 50+», Бабруйск

– Восень я люблю за маляўнічыя пейзажы, якімі можна любавацца бясконца. Для мяне не існуе дрэннага надворʼя. Калі мы не можам змяніць яго, то ў холад важна апрануцца цяплей і ўзяць парасон.

А галоўнае – знайсці занятак па душы. Днём я хаджу ў «Акадэмію 50+», там атрымліваю і новыя веды, і маю зносіны з цікавымі людзьмі. Яшчэ я займаюся тэнісам, а ўвечары арт-тэрапіяй, то-бок размалёўваю мандалы, уключаю добрую музыку і атрымліваю асалоду.

«У мяне цяпер самы шчаслівы час у жыцці». Бабруйчанка Галіна Дзямідава разбівае стэрэатыпы пра пенсію і «залаты» узрост

Еж, глядзі, гатуй

Адам, 37 гадоў, касір, часова жыве ў Польшчы

– Восень – мой любімы час у годзе. Без жартаў! Не горача – спёку я не люблю. І ўвогуле гэта перыяд, калі можна застацца сам насам і паразважаць на розныя тэмы (можа тут сказваецца інтравертнае дзяцінства). З улікам таго, што я па натуры сава – цемру я люблю і аніякага дыскамфорту яна мне не дастаўляе.

 

Фота з асабістых архіваў Адама

 

Людзям жа, якія не любяць восень, магу параіць адно самае галоўнае – з’язджайце ў краіну, дзе яе няма (напрыклад у амерыканскую Флорыду ці Дубаі якія-небудзь).

Еўропа восенню грае новымі фарбамі, раскрываецца яе гатычная прыгажосць.

 

Фота з асабістых архіваў Адама

 

З асабістых восеньскіх рытуалаў усё звычайна – пад’есці смачна (не істотна, што), абавязкова пад півасік, завярнуцца ў плед і глядзець пазнавальныя фільмы ці футбол. Я ў асноўным гляджу дакументальныя (тыя, што паказваюць па Investigation Discovery, History, альбо National Geographic). З мастацкіх фільмаў нічога, на жаль, не ўзгадаю, але галоўнае, каб усё ж такі моцна мозг не напружвалі, бо ўсе дэтэктывы, трылеры, меладрамы і ўсё астатняе – нейкая лухта ў параўнанні з тымі жахамі, якія адбываюцца ў рэальным свеце сёння.

 

Фота з асабістых архіваў Адама

 

Наталля, 23 гады, капірайтарка, Бабруйск

– Я вельмі не люблю восень яшчэ са школы. Чамусьці да гэтага часу не адпускае гэта жудаснае адчуванне, што час ісці вучыцца. І пакуль у многіх пры слове «восень» у галаве ўзнікае карцінка вуліц, абсыпаных залацістым лісцем, я бачу сонных і змрочных людзей, што крочаць на працу, спрабуюць абысці лужыны, ім у твар дзьме вецер, а паабапал галінкамі махаюць лысыя дрэвы. Увосень становіцца жудасна холадна (а я не люблю холад) і шэра, а ў лістападзе яшчэ і слота дадаецца. Вядома ж, пачынаецца жудасная апатыя, зʼяўляецца адчуванне што з апалым лісцем ападае энергія і жаданне што-небудзь рабіць.

Мне з такім станам цяжка даць рады. Часам ён перамагае і я проста даю сабе адпачыць. Але, каб зусім у гэтым не распусціцца, стараюся прыдумляць нейкія рытуалы і надаваць увагу рэчам, якія мне падабаюцца. Напрыклад, у гэтым годзе я ратуюся з дапамогай выпякання. Люблю пячы хлеб, пірагі і печыва, таму вырашыла перакаштаваць кучу рэцэптаў хатняй выпечкі з яблыкамі (іх як раз поўна восенню).

 

“А гэта хлеб на квасе. Ня яблычная страва, але таксама прыгатаваная падчас восеньскай маркоты”. Фота з архіваў Наталлі

 

Калі хтосьці таксама дрэнна пераносіць восень, то магу параіць:

Шмат адпачываць і адсыпацца – гэта 50% поспеху на шляху да добрага настрою.

Займацца тым, што падабаецца: маляваць, чытаць, слухаць музыку, глядзець атмасферныя фільмы і г.д.

Зразумець, што восень непазбежная і знайсці ў ёй нешта станоўчае. Напрыклад, мая мама вырашыла гэтую праблему так: упрыгожыла ўсю кватэру ў восеньскай тэматыцы.

Калі здаецца, што нічога не дапамагае, то можа дапамагчы псіхолаг. Магчыма клубок нелюбові да восені дапаможа разблытаць спецыяліст:)

Рэцэпт ад Наталлі: Шарлотка з какавай

 

Фота з архіваў Наталлі

 

  • 2-3 яблыкі
  • 5 яек
  • 200 гр цукру (калі не моцна любіш салодкае, то 130-150 гр);
  • 150 гр пшанічнай мукі вышэйшага гатунку (але колькасць можа варʼіравацца на ± 20-30 гр у залежнасці ад вытворцы);
  • 50 гр какава-парашка;
  • 0,5 чайнай лыжкі разрыхляльніка для цеста;
  • 0,5 чайнай лыжкі ваніліну (можна замяніць ванільным цукрам або ванільнай эсенцыяй);
  • 0,5 чайнай лыжкі цынамону (карыцы).
  1. Яблыкі нарэзаць тонкімі слайсамі і выкласці на дно формы для выпякання. Яйкі з цукрам узбіць да пышнай белай пены (маса павінна павялічыцца ў 2-3 разы).
  2. Муку змяшаць з какавай, карыцай, ванілінам (калі выкарыстоўваецца эсенцыя, то яе дадаць у яйкі) і разрыхляльнікам. Прасеяць праз сіта і невялікімі порцыямі ўносіць у яечна-цукровую сумесь, увесь час памешваць.
  3. Каб цеста не апала і заставалася пышным, памешваць лепш не вельмі хутка, у адным кірунку (толькі па, або толькі супраць гадзіннікавай стрэлкі) знізу ўверх.
  4. Цеста выліць у форму і выкласці яшчэ некалькі слайсаў яблыкаў зверху на цеста.
  5. Выпякаць пры 180 градусах каля 30 хвілін (час можа мяняцца ў залежнасці ад магутнасці духоўкі).

Заўважай прыгожае вакол сябе

Алесь, 34 гады, відэограф, Бабруйск

У восені ёсць два станы для мяне. Да таго моманту пакуль не апала ўся лістота, я яе вельмі люблю. Але пасля таго як дрэвы становяцца голымі — ужо значна менш. І прыблізна ў лістападзе для мяне пачынаецца даволі сумны перыяд.

А самае крутое ў восені гэта безліч колераў. За два месяцы можна ўбачыць, напэўна, усе адценні жоўтага і чырвонага. І пейзаж мяняецца штодня.

Для тых, хто не любіць восень, ёсць наступная парада. Раніцай выйсці ў лес на гадзінкі тры-чатыры, пасля прыйсьці дадому,зрабіць смачнай гарбаты, загарнуцца ў плед і чытаць добрую кнігу, а ўвечары сабраць сяброў. Апошняя кніга, якую я чытаў і вельмі рэкамендую — “Зялёнае святло” Мэцью Маконахі.

 

Варвара, 63 гады, працуе ў сферы адукацыі, Бабруйск

– З дзяцінства люблю восень! Чаму? Бо заўсёды моцна сумавала па школе. Дасюль памятаю гэты неверагодны пах новых падручнікаў…

Да таго ж восень – гэта прыгожа. Мне падабаецца, калі ідзе дождж і падае лісце з дрэваў. І ты ідзеш пад парасонам, слухаеш, як па ім лёгенька грукаюць кроплі, а ў лужынах рознакаляровае лісце клёнаў. І лес у гэты час чароўны, я люблю збіраць грыбы, а ўвосень маю бонус – бо няма змей! (смяецца)

 

Фота з асабістых архіваў Варвары

 

– У мяне ёсць лецішча, таму восень – гэта яшчэ і ўраджай. Мне даспадобы капаць бульбу, асабліва ў цёплыя, сонечныя дні, калі вакол лётае празрыстае павуцінне. А якія восенню прыгожыя раніцы!

Вядома, лістапад ужо не тое, але яго люблю за тое, што ў гэтым месяцы я нарадзілася. Гэта чаканне свята, гасцей. Нават унук мой любіць лістапад, бо таксама ў ім нарадзіўся.

Мяне не палохае холад, я не мярзлячка. Таму адзіны мінус для мяне – надта кароткія светлавыя дні.

Алеся, 37 год, гуманны педагог, вучаніца Шалвы Амонашвілівядоўца жаночых сустрэч і сустрэч для бацькоў, жонка і маці, Бабруйск

– Восень – прыгожая, насычаная, з водарамі, з восеньскімі кветкамі.Гэта час, калі праводзяцца прамежкавыя вынікі. Ён драматычны, бо адлятаюць птушкі, усё нібыта робіцца трапяткім і паветра звінячым – з лятучым павуціннем. Неверагодна цудоўная прырода восенню! Таксама з плюсаў магу адзначыць безліч смачнай садавіны і гародніны ў Беларусі.

 

Фота з асабістых архіваў Алесі

 

– Звычайна я люблю восень, але гэтая атрымалася складанай. Што я параіла бы людзям, якія не любяць восень? Спыняцца ў час дзённых справаў і клопатаў, глядзець на дрэвы, хадзіць на раку, у лес. Шпацыраваць, заўважаць, любавацца небам, назіраць за птушкамі і за тым, як змяняецца прырода. Гэта павінна быць абавязкова штодня ў жыцці, і тым больш – восенню.

Таксама важна рэгулярна сустракацца з людзьмі, з якімі вам цёпла і ўтульна. Размаўляць пра свае пачуцці, глядзець вартыя і добрыя фільмы.

Бавіць час з сямʼёй, за гульнямі, рытуаламі, традыцыямі. Абавязкова з сямʼёй хадзіць гуляць на прыроду, арганізоўваць восеньскія пікнікі. Піць цудоўныя гарбаткі з спецыямі. Запрашаць гасцей дахаты і пячы гарбузовыя пірагі і кексы. Ладзіць дзяўчатнікі. А яшчэ, абавязкова, рэгулярна хадзіць на спатканне з сваім мужам – раз у два тыдні, а лепей раз у тыдзень.

 

Фота з асабістых архіваў Алесі

 

– Калі вы не любіце восень, то, хутчэй за ўсё, вам трэба змяніць працу.Калі яна будзе любімай – восень таксама будзе прыўкраснай.

Ідзе дождж? Выдатна – бо можна дома, з пледам, мужам і дзецьмі паглядзець класны мульцік. Ці сустрэцца за кубачкам гарбаты з сяброўкай у кавярні. Ці прыгатаваць сабе нешта смачнае, сесці каля вакна і назіраць за прыродай. Ці прыгадаць, што вы даўно некаму не тэлефанавалі – зрабіць гэта, сказаць словы падзякі ці падтрымаць.

Можна памаляваць, павышываць, штосьці стварыць блізкім людзям на падарункі.

Браць з сабой у тэрмасе гарбату з прыемным водарам і хадзіць з ёй, напрыклад, у кінатэатр на добры фільм. Спяваць з сябрамі песні пад гітару, танчыць у цемры, размаўляць. Ці ездзіць у госці да сяброў, якія жывуць у іншых гарадах. Пісаць лісты ад рукі, вершы, слухаць музыку, граць на музычных інструментах – восенню гэта вельмі натхняе.

Вельмі добра ў такі перыяд ездзіць да бацькоў і адчуваць сябе малым дзіцём, атуленым клопатам.

Яшчэ парэкамендавала б прымаць рэгулярна цёплую ванну з травамі або з соллю. Мець з сабой апельсінавы эфірны алей або ванільны, яны ўздымаюць настрой. Пісаць дзённікі, складаць спісы жаданняў, пераглядаць цёплыя сямейныя фота. Уголас сямʼёй чытаць кнігі.

А яшчэ рабіць восеньскія букеты рэгулярна, нават з галінак дрэў – гэта вельмі прыгожа і натхняльна.

 

Фота з асабістых архіваў Алесі

 

Усе гэтыя рытуалы дапамагаюць пераадолець глыбокую хандру, калі яна моцна адолела. Калі адчуваеце, што зусім кепска – спыніцеся, пастаўце ўсе справы на паўзу. Вам трэба зразумець, чаго вам цяпер хочацца, які ў вас прыярытэт? А ў такім стане прыярытэт – вы самі. І папрасіць блізкіх падтрымаць вас, агучыць як менавіта. Каб вам не давалі парады, а выслухалі. Скажыце ім: «Паслухай, мне трэба расказаць пра свае пачуцці. Ці давай разам папʼем гарбату. Ці – абдымі мяне». То-бок, вам трэба паведаміць, якая канкрэтна падтрымка патрэбная. Гэта вельмі дапамагае.

І яшчэ раз – у цяжкім стане карысныя доўгія шпацыры на прыродзе, прыбіранне шума – нават калі гэта навіны, разумныя лекцыі ці кнігі. Гэта мусіць быць адпачынак, стасункі з аднадумцамі і людзьмі, якія падтрымліваюць.

Таксама дапамагае ранішняя настроенасць: медытацыя, духоўная практыка, зарадка, танцы, і безумоўна – вера ў сябе!