Што пачытаць гэтым летам пра Бабруйск?

1.«Надбярэзінцы», Фларыян Чарнышэвіч

Аўтар напісаў раман на аўтабіяграфічным матэрыяле. Даведаешся, як жыла дробная шляхта ў ваколіцах Бабруйска, як людзі змагаліся за свае перакананні і як сустрэлі бальшавікоў. Тут і рамантычныя гісторыі, і гумар, і трагічнае, а таксама ёсць апісанні нашага горада. Дарэчы, сам Фларыян Чарнышэвіч эміграваў у 1924 годзе ў Аргентыну, цяжка працаваў і пісаў раманы, якія сталі вядомыя шырокаму колу чытачоў толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, дзякуючы польскім інтэлектуалам.

Цікавы факт: Фларыян – родны брат дзеда Стывена Тайлера (вакаліст «Aerosmith», бацька акторкі Ліў Тайлер).

Файл:Фелікс і Фларыян Чарнышэвічы.jpg

Фелікс і Фларыян Чарнышэвічы

 

2. «Уніз па Шасэйнай». Абрам Рабкін

Як жыў Бабруйск у першай палове 20 стагоддзя? Якія стасункі былі паміж габрэямі і беларусамі, як гадавалі дзяцей, як жартавалі, з якіх нагодаў плакалі?

Кніга Рабкіна – шэдэўр, у які ўцягваешся з першых старонак, і стараешся ўяўляць у галаве (а дзякуючы маляўнічым апісанням гэта нескладана) – а дзе адбываліся гэтыя падзеі, ці захаваліся яшчэ гэтыя будынкі, вуліцы?

А калі ты не любіш чытаць, абавязкова схадзі ў выставачную залу Бабруйска ці хаця б пагуглі карціны Абрама Рабкіна. У іх – тыя ж персанажы і пейзажы з яго дзяцінства, што перадаюць непаўторную атмасферу тагачаснага горада. Абавязкова паглядзі тыкток “Гістарычны Бабёр” пра Рабкіна!

 

Бабруйскія матывы ў карцінах Абрама Рабкіна. Фота: 1387.io

 

3. Эфраім Севела «Легенды Інваліднай вуліцы»

Насычаныя гумарам і містыфікацыямі легенды ад Эфраіма Севелы – «маст хэв» для ўсіх, хто хоча даведацца, а што ж такое той самы «бабруйскі каларыт». Тут неверагоднай сілы і прыгажосці людзі перамагаюць французскіх волатаў, дзеці шкоднічаюць, дарослыя кахаюць, сварацца, смяюцца, гатуюць смачную ежу – і ўсё гэта апісана эмацыйна, ярка, з мясцовымі слоўцамі. Ты можаш верыць ці не верыць некаторым з гэтых гісторый, але адарвацца ад чытва будзе цяжка – гарантуем!

4. Ніна Уфлянд, Соль Шульман «Маці і сын»

Першая частка – успаміны Ніны Уфлянд, лекаркі, якая была вельмі паважанай у горадзе і шмат зрабіла для развіцця медыцыны. Не палохайся, маці Сола Шульмана таксама была таленавітай пісьменніцай, таму чытаюцца яе «Нататкі дзіцячага лекара» лёгка, і ў іх хапае момантаў настолькі незвычайных, што часам не верыцца – а ці дакладна гэта не мастацкі твор?

У другой частцы – тры творы Шульмана. Але сёння размова ідзе пра Бабруйск, то звярні ўвагу на «Праменад па Сацыялцы», на ўспамінах з дзяцінства і юнацтва маленькага Саламона, што пасля вырас у вядомага пісьменніка, рэжысёра і вандроўніка. Вось невялікі ўрывак з «Праменаду…»:

«Социалка – так на местном жаргоне называлась главная улица города, официально именовавшаяся Социалистической – была центром всех событий. По вечерам все способные к передвижению граждане, вне зависимости от пола, возраста и образовательного ценза, мыли шеи, надевали чистые сорочки и целыми семьями отправлялись фланировать по Социалке – не спеша, торжественно, под ручки. Чем больше было народа и чем труднее было протолкнуться, тем вечер считался более интересным».

А што гэтым летам чытаеш ты? Чакаем парадаў у каментарах у сацсетках: Instagram, Facebook