Самы стары будынак Бабруйска, знявечаны, але каштоўны помнік культавай архітэктуры барока, былы езуіцкі касцёл неўзабаве можа цалкам разбурыцца. Прынамсі, да такіх невясёлых думак падштурхоўвае ягоны сучасны стан. У сваім відэашпацыры бабруйскі блогер Validol паказвае, як сёння выглядае былая святыня.
Езуіты з’явілся ў Бабруйску на пачатку XVII стагоддзя – у 1618 яны распачалі ў нашым горадзе сваю місіянерскую дзейнасць. У 1631 годзе была заснаваная рэзідэнцыя. Амаль праз сто гадоў езуіты распачалі ў Бабруйску будаўніцтва сваёй святыні – побач з парафіяльным касцёлам Святых Апосталаў Пятра і Паўла на ўзбярэжжы Бярэзіны. Аўтарам праекту новага касцёла стаў віленскі архітэктар Тамаш Жаброўскі. Асвяцілі храм у гонар Святога Станіслава Косткі.
Былы езуіцкі касцёл – самы стары будынак у Бабруйску. Ён быў пабудаваны, калі сучаснага Бабруйска яшчэ не было, а на тым месцы, дзе цяпер – руіны крэпасці, размяшчаўся цэнтр сапраўднага еўрапейскага горада – з цэрквамі і рынкавай плошчай. Езуіцкі касцёл – адзіны сведка тых часоў.
Езуіты пакінулі Бабруйск у 1773 годзе, калі ордэн быў скасаваны. Касцёл пасля пачатку будаўніцтва бабруйскай крэпасці было вырашана перарабіць пад цэйхгаўз – сховішча зброі і боепрыпасаў. У савецкія часы ў былой святыні размясцілі склад, а потым – гаўптвахту. У 2005 годзе гаўптвахта была ліквідаваная, касцёл перайшоў на баланс горада і з таго часу разбураецца, з кожным годам – усё больш. Не ратуе яго і статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, які ён мае як частка ансамблю крэпасці.
Блогер Validol лічыць, што калі тэрмінова не прыняць нейкія захады, ужо зусім хутка тое, што засталося ад касцёла, можа разбурыцца цалкам.