Святлана Безман вядомая бабруйцам стылёвымі сумачкамі «White Crow», а таксама прынтам для тканін з бабруйскімі матывамі bobr_print. Каб займацца сваёй справай і мець свабоду творчасці, Святлана, маці дваіх дзяцей, якіх выхоўвае адна, у нейкі момант сышла з дзяржаўнай установы. У размове з намі бабруйчанка распавядае, як спраўляцца з выклікамі самазанятасці, захоўваць веру ў сябе, чаму гэты шлях – не для ўсіх, на што арыентавацца, выбіраючы жыццёвы шлях.
У чым фішка Бабруйска?
– Святлана, ваш прынт для тканіны з сімваламі Бабруйска і шоперы з ім летась хутка сталі папулярнымі. Вы першая, хто ўвогуле прыдумаў штосьці падобнае. Распавядзіце, як да вас прыйшла гэтая ідэя?
– Калі я выйшла з дэкрэту, то хадзіла па розных мерапрыемствах, каб натхніцца, шукала ідэі, чым займацца. І вось на адной бізнес-сустрэчы дзяўчына з нейкага іншага горада, якая распавядала пра свой праект, напрыканцы запыталася – а што ў вас у Бабруйску ёсць такога – свайго, унікальнага? У чым вашая фішка? Чым вы ганарыцеся? З таго моманту я стала думаць – а сапраўды, што гэта магло б быць?
Потым было яшчэ адно мерапрыемства ў былым тайм-клубе «1387», дзе рамеснікі абмяркоўвалі, як стварыць штосьці бабруйскае. Я адначасова шукала ідэю чагосьці, што будзе гарманічнае і сугучнае мне, што я ўмела і хацела б рабіць. Так і нарадзілася ідэя прынта. І калі яна прыйшла мне ў галаву, я ўжо не магла яе кінуць і спакойна жыць, пакуль яна не рэалізавалася, не з’явілася на свет.
Я адчуваю сябе з ёй як маці, якая з дапамогай свайго цела нараджае на свет дзіця. Так і гэтая ідэя – выкарыстала мяне, каб з’явіцца, і цяпер жыве сваім жыццём, і ёй проста трэба дапамагчы развівацца далей.
Габрэйскі прынт
– А чаму на прынце менавіта такія сімвалы, будынкі, словы?
– Я натхнілася прынтам з сімваламі Парыжа, з якога неяк шыла сумачкі – там Эйфэлева вежа, круасаны. І я па гэтым узоры стала шукаць сімвалы Бабруйска – штосьці, што мае асаблівае значэнне і вельмі блізкае бабруйцам. Я думала пра сваю сяброўку, якая даўно жыве ў ЗША – а па чым яна б дакладна пазнала б родны горад, узяла б сумку ў рукі – і пагрузілася б у родны Бабруйск?
Адначасова я не хацела, каб прынт быў вельмі сур’ёзным, сумным, хацелася дадаць нейкае свавольства – так я ўзгадала пра словы, зразумелыя толькі бабруйцам – нашую «бабруйскую мову». Напрыклад, мянчук наўрад ці зразумее, што такое Сацыялка, а бабруец – адразу.
Потым я зрабіла яшчэ адзін варыянт прынта – габрэйскі. Там ёсць сінагога, слова «шалом».
Мне цяпер шмат хто кажа, што я мушу запантэтаваць сваю ідэю, але я пакуль не думала пра гэта. Што я дакладна ведаю – трэба далей развіваць гэта, у чым мяне пераканалі водгукі захаплення ў сацсетках і ад пакупнікоў.
«Хачу, каб мая прадукцыя была даступная для ўсіх»
– Вы робіце з бабруйскага прынта шоперы. Магчыма, ёсць ідэя шыць з яго нешта яшчэ?
– Гэты прынт можна надрукаваць на любой тканіне, любой фактуры, таму хацелася б яшчэ цішоткі рабіць. Мне хочацца стварыць штосьці, што магла б любая модніца апрануць, і гэта мякка б упісалася б у гардэроб. Таму ў мяне нарадзіўся вобраз цішоткі аліўкавага колеру.
Але загвоздка ў тым, што ў Беларусі не друкуюць на натуральных тканінах, толькі на штучных. Таму сёння можна рабіць толькі сумкі і іх разнавіднасці – паясныя, заплечнікі. А для друку на натуральных тканінах яшчэ год таму ў Беларусі не было абсталявання, прынамсі, я не знайшла нікога, хто мог бы надрукаваць. У Расеі можна, але вельмі дорага. А я не хацела б прадаваць сваю прадукцыю па завоблачных коштах. Мне важна, каб яна была даступная для любога чалавека, і таму сабекошт павінен быць такім, каб можна было зрабіць цану камфортную і для мяне, і для пакупніка.
Яшчэ я цяпер удзельнічаю ў акселератары сацыяльных ініцыятываў «Твой раён», і там распрацоўваю сваю ідэю далей. Хачу пашырыць лінейку сумак, пачаць шыць спартыўныя.
«Праца на сябе – не для ўсіх»
– Святлана, наколькі проста ў Беларусі займацца сваёй справай? З якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся? Ці прыносіць гэта прыбытак? Цяпер часта можна пачуць, што ў Беларусі вельмі няпроста рабіць нейкі свой бізнес. Што вы пра гэты думаеце?
– У мяне ўсяго год і пару месяцаў досведу працы на сябе, мне пакуль цяжка рабіць высновы. Што я за гэты год выразна ўбачыла – сезоннасць працы. У мяне несезон пачаўся ўвосень – прыкладна два месяцы былі «мёртвыя». І гэта цяжкавата, асабліва ўлічваючы, што ніякага іншага прыбытку ў мяне няма. Цяпер разумею, што на наступны год мне трэба рыхтавацца да несезону. На астатнія месяцы я не скарджуся. Вельмі добра вырабы купляюцца ўлетку, асабліва бабруйскі прынт.
Адначасова я не магу сказаць, што праца на сябе – гэта самае лепшае выйсце і што ўсім трэба так рабіць. Не. Для гэтага трэба мець штосьці ўнутры. Я цяпер разумею, што не кожны ўвогуле можа перанесці стан нестабільнасці, няпэўнасці. Калі ты ходзіш на працу, табе плоцяць заробак, і ты ведаеш, калі ты яго атрымаеш. А тут ты думаеш – а зараблю я ці не?
Вялікая адказнасць на адным табе, і да гэтага трэба быць гатовым – пастаянна думаць, рухацца. Так і я – прыдумала, як выплываць у несезон – пачала шыць рукавічкі, якія, дарэчы, таксама нядрэнна прадаваліся. А калі хочацца спакойна сядзець, трэба ісці ў наём.
«Без творчасці пачынаю хварэць»
– У вас не бывае спакусы вярнуцца ў наём – на стабільную працу, асабліва ў несезон?
– Я проста больш не змагу пасля таго, як пасмакавала гэтае пачуццё палёту, якое дае праца на сябе. На пачатку я адчувала сябе птушкай, якую выпусцілі з клеткі. І як яе цяпер назад закрыць?
Я не ведаю, што будзе далей, але на сённяшні дзень разумею, што мне будзе вельмі цяжка скласці свае крылы і зноў здацца ў палон працы на кагосьці. Мне патрэбны вельмі творчы занятак. Я не магу жыць без творчасці, я тады пачынаю хварэць.
Я надоечы пераязджала на новае месца жыхарства ў Бабруйску, перавозіла сваю майстэрню, і праз некаторы час не магла працаваць. І мне ўжо кепска было ад таго, што я не шыю. Гэта ў мяне нават фізічная патрэба. Я не магу не прыдумваць нешта новае. Яно само так ідзе. І вось калі я перавезла ўсе свае рэчы, то адмяніла ўсе справы і села шыць. Мне гэта было тэрмінова патрэбна, каб вярнуць сябе, бо было такое адчуванне, што я згубілася за той час, пакуль не шыла.
«Калі ты ідзеш за сваім сэрцам, перад табой адчыняюцца ўсе дзверы»
– Я памятаю, калі мы з вамі размаўлялі два гады таму, вы працавалі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і распавядалі, што марыце пра сваю справу. Ці можаце вы сказаць, што цяпер вы шчаслівая ў тым, што робіце?
– Я не магу сказаць, што я тады была нешчаслівая. У мяне была цудоўная праца. Але гэта быў наём. А цяпер я жыву ў згодзе з сабой. Бо на працы ў наём недзе трэба падстроіцца, выконваць нечыя заданні. Там усё роўна трэба было сыходзіць з таго, што было – нейкая пэўная тканіна, умовы.
А мне хочацца спачатку прыдумаць, а потым пад гэта падбіраць. А тут ты сам сабе, у цябе больш свабоды, і гэта мне падабаецца больш. Я ў гэтым шчаслівая. І перакананая – калі ты ідзеш за голасам свайго сэрца, давяраеш сабе, Сусвет выводзіць цябе, куды табе трэба. Тады і людзі патрэбныя з’яўляюцца, і іншае, што табе трэба.
У мяне пытаюцца – а як твае сумачкі апынуліся ў Менску ці яшчэ дзе? Як ты гэта зрабіла, куды ездзіла? А я нікуды не ездзіла. Людзі самі знаходзяцца, прапаноўваюць. Бо калі ты ідзеш за сабой, за сваім сэрцам, на такім шляху перад табой дзверы самі сабой адчыняюцца.
Як усё паспець?
– Святлана, ці шмат часу займае ў вас праца? Як атрымліваецца сумяшчаць яе з сям’ёй, з выхаваннем дваіх дзяцей? Што вам дапамагае аднаўляць сілы?
– У мяне звычайны працоўны дзень, як ва ўсіх. Я адважу дзяцей у школу-сад, і далей пачынаецца праца. Але так, я вымушаная быць сабранай і дысцыплінаванай, каб усё паспець. Гэта калі ты працуеш на кагосьці, ты можа пасядзець часам і пачакаць, пакуль працоўны дзень скончыцца, і пайсці дамоў. Для мяне каштоўная кожная хвілінка, бо калі я, напрыклад, езджу па нейкіх справах, і не магу ў той дзень шыць, гэта значыць, што я губляю адну сумачку, губляю прыбытак. Што для мяне адчувальна, бо я адна выхоўваю дваіх малых дзяцей, у мяне няма мужа.
Таму я разлічваю кожную хвілінку і ўвесь час, пакуль дзеці ў садку і школе, шыю. Увечары забіраю дзяцей і займаюся ўжо імі. Па выходных я таксама не працую – ваджу дзяцей у секцыі, займаюся хатняй гаспадаркай.
Адпачываю я ў суботу – гэта дзень, калі я нікуды не бягу, не спяшаюся. Часам хаджу ў басейн. Вельмі люблю спорт, часам бегаю – бег дакладна здымае ўсё напружанне. А больш за ўсё па суботах мне падабаецца ўвогуле нічога не рабіць, бо я і так шмат раблю цягам тыдня. Я кладуся на канапу, уключаю кіно і нейкі час больш нічым не займаюся.
«Імкнуся дапамагаць дзецям развіваць іхныя таленты і не навязваць свае густы»
– Святлана, як вы прыйшлі да шыцця?
– Пасля школы я атрымала прафесійную швейную адукацыю, а потым вывучылася на псіхолага, працавала некаторы час. У дэкрэце я адкрыла для сябе творчасць, вярнулася да шыцця. І цяпер не магу не шыць. І вяртацца да працы псіхолагам я не хачу. Хоць і псіхалогія ў пэўны перыяд мне вельмі падабалася і захапляла мяне, як цяпер шыццё. Але той перыяд скончыўся.
– Вялікае шчасце – так гарэць тым, што робіш, і ўвогуле знайсці такую справу жыцця….
– Так. І я цяпер шмат думаю пра сваіх дзяцей, якія падрастаюць – як ім пашчасціла, што ў іх мама цяпер на такім этапе, калі яна разумее, што важна займацца тым, што табе дала прырода, і не трэба шукаць нічога іншага – трэба проста развіваць свой дар. Я імкнуся дапамагаць дзецям развіваць таленты і не перашкаджаць, не навязваць свае густы, а даць ім магчымасць раскрыцца і жыць гэтым шчаслівым жыццём. Калі чалавек так жыве – у адказ яму прыходзіць усё. І фінансы, і магчымасці. Трэба толькі не перакрываць гэты шлях, які табе дадзены ад нараджэння.
– Вам з дзяцінства падабалася шыць?
– Мне падабалася маляваць. І шыць вопратку для лялек. Я пагружалася ў гэта. Хто малюе ці займаецца іншай творчасцю, зразумее, як гэта – такі стан пагружэння, нейкі нават астрал. Ты тады не заўважаеш час.
Шмат людзей баяцца займацца тым, што ім дадзена – тут і стэрэатыпы граюць ролю, і страх, што гэта не прынясе грошай. На жаль, і бацькі дзецям часта гэта ўнушаюць і такім чынам перакрываюць ім іхны шлях.
«Мне шкада траціць час на нецікавае жыццё»
– Вам не было страшна пачынаць сваю справу, сысці са стабільнай працы?
– Я чамусьці была ўпэўнена, што іду за сваім сэрцам, і таму ў мяне ўсё атрымаецца. Таму я спакойна гэта зрабіла. Хоць калегі на працы падыходзілі да мяне і казалі – я б так не змагла. Бо я сыходзіла ў нікуды, я нават не ведала, што буду шыць сумачкі. Але дакладна ведала, што буду штосьці рабіць. Я сышла тады, бо мне шкада траціць час свайго жыцця на нешта нецікавае для мяне. Я не магу дазволіць сабе пражываць нецікавае жыццё, бо я не ведаю, калі яно ў мяне скончыцца. Таму я максімальна жыву проста цяпер.
– Вы кажаце, што імкняцеся даваць максімальную свабоду дзецям, каб яны развівалі свае схільнасці? У якім узросце цяпер вашыя дзеці і яны таксама такія творчыя, як вы?
– Міраславу цяпер 7 гадоў, а Еве 5. Міраслаў вельмі любіць навуку, я ўсяляк яму ў гэтым дапамагаю. Ён глядзіць розныя відэа на гэтую тэматыку, вырошчвае расліны, праводзіць вопыты. Мы разам чытаем кнігі, ходзім на выставы. Я імкнуся развіваць гэтую ягоную зацікаўленасць.
У Евы спартыўны талент. Яна вельмі пластычная, гібкая. Яна захацела на гімнастыку.
«Не трэба чакаць да пенсіі»
– Што б вы параілі таму, хто хоча распачаць сваю справу, але баіцца?
– Калі вельмі хочацца, то я думаю, трэба абавязкова зрабіць усё, каб паспрабаваць заняцца сваёй справай мары. На пэўнай бізнес-сустрэчы, дзе я была, адна ўдзельніца распавядала, што працавала, а цяпер сышла на пенсію і будзе займацца чым хоча. Я падумала, пачуўшы – а навошта чакаць пенсію? Гэта ж чалавек столькі гадоў згубіў, мучыўся да пенсіі, а толькі цяпер вырашыў быць шчаслівым.
Маё меркаванне – не трэба чакаць да пенсіі. Адначасова і бяздумна кідацца ў нікуды не трэба. Патрэбная нейкая фінансавая падушка, каб было спакайней, бо не факт, што з першага дня ўсё пойдзе.
Агулам жа, я неяк чытала пра законы сусвету, і адзін з іх – трэба жыць згодна са сваім прызначэннем, інакш ты не будзеш шчаслівы. А калі станеш жыць па гэтым законе, усё будзе атрымлівацца.
Набыць сумачкі Святланы Безман можна тут, а вырабы з бабруйскім прынтам – па гэтай спасылцы.