Эфект мазаікі. Што мы згубілі за апошнія некалькі год

Мазаіка Сямёна Абрамава на ўжо неіснуючым корпусе «марзонаўкі»
Нядаўна многія бабруйцы былі моцна ўражаныя рашэннем знесці першую ў горадзе мазаіку разам з старым корпусам «марзонаўкі». Меркаванні падзяліліся. Былі такія, хто казаў: «Галоўнае, што будзе новая лякарня». А іншыя шкадавалі пра страчаны твор мастацтва, з трывогай пазіраючы на тыя пано, што пакуль яшчэ засталіся на гарадскіх сценах.
Найбольш, канечне, павесялілі каментары кшталту: «Нічога страшнага, намалююць там новы мурал». Намалююць. Аднадзёнку замест пано, на якое сышлі тысячы дробных элементаў, якія з любоўю дзень за днём падбіраў і выкладаў аўтар.
Але што для такіх легкадумных гараджан нейкая там мазаіка? Страцілі і забылі. Але ж пано Сямёна Абрамава – страта толькі гэтага, 2023-га года. А калі паглядзець, колькі каштоўнага было знішчана за апошнія некалькі год?

Фота: 1387.io

Бабруйскі вінзавод
Комплекс вінзавода канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў меў цікавую архітэктуру, якая вабіла фатографаў і краязнаўцаў. Уражвала, што больш за 100 год таму людзі стараліся нават прамысловыя будынкі зрабіць надзейна і прыгожа – з даражэйшай фігурнай цэглы, на выгляд не горш за які-небудзь стары жылы ці сакральны будынак.
Доўгі час будынкі захоўваліся ў добрым стане, пакуль у іх «жыў» завод напояў, але пасля «храм Бахуса» напаткалі непрыемнасці – новыя гаспадары, банкроцтва, разбіранне старых будынкаў на цэглу, і, зрэшты – знішчэнне выбухоўкамі, якое цягнулася два дні, 3 і 4 кастрычніка 2022 года.
Верым, што многія бабруйцы і да гэтага часу сумуюць па вежачках вінзавода, якія былі бачныя з чыгуначнага вакзала і дарылі надзею, што «калі-небудзь там можна будзе адкрыць культурніцкі цэнтр…» ці яшчэ штось карыснае для горада.

 

Фота: 1387.io

Мазаіка «Чырвоная жанчына»
Аўтар эскiза – Miкалай Ягораў, выпускнiк Ленiнградскай акадэмii мастацтваў, працаваў у Бабруйску ў 60-80 гады. Выканаўцы – Мікалай Ягораў, Генадзь Барэйка, Георгій Марчанка.
Пано размяшчалася на складской прыбудове футравай фабрыкі на вуліцы Бахарава, якую знеслі ў лістападзе 2022 года.
Цікавы факт: мазаіку з рэвалюцыйным сюжэтам знішчылі 7 лістапада. Нягледзячы на тое, што гэтая дата ўсё яшчэ адзначаецца ў Беларусі і лічыцца святочнай.
Адзін з мясцовых краязнаўцаў бачыў у цэнтральнай фігуры – Чырвонай жанчыне, вобраз Божай маці ў момант беззаганнага зачацця, калі яна толькі ўсведамляе, што носіць пад сэрцам дзіця. А ў гэтым ёсць «сведчанне надыходу новага часу, у якім з чалавекам будзе ўкладзены Новы запавет».
Флігель з дахам-цыбулінкай
Размяшчаўся каля дзіцячага парка і вылучаўся ў старым цэнтры сваёй незвычайнай архітэктурай. Быў ён збудаваны ў пачатку 20 стагоддзя і належаў сям’і Разенбергаў – тым самым уладальнікам цагельняў.
Будынак доўгі час стаяў пусты і паступова руйнаваўся, як і многія іншыя ў Бабруйску – прыгадаем асабняк купчыхі Кацнельсон, які пачаў гніць знутры, ці езуіцкі касцёл, які шмат разоў гарэў і цяпер дыхае на ладан. Так і тут – невядома чаму гэты ўзор старой архітэктуры не быў своечасова дагледжаны, і ўлетку 2019 года яго знеслі.
Воданапорная вежа
А ці ведаў(ла) ты, што ў Бабруйску была яшчэ адна старая воданапорная вежа? Яна размяшчалася паміж тэрыторыяй крэпасці і вакзалам «Бярэзіна» (раён вуліцы Новы Свет). Узведзеная была ў другой палове 19 ці пачатку 20 стагоддзя, з фірмовай мясцовай чырвонай цэглы.
Знеслі яе неяк ціха і незаўважна, таму мы не ведаем дакладны час, калі гэта адбылося. А можа, ведаеш ты? Таксама цяжка знайсці фота з ёй, але ёсць вось такая невялічкая выява з сайта «Глобус Беларусі».
Сад камянёў, пратуберанцы і душэўнасць каля Палаца мастацтваў
У 2017 годзе пляц перад Палацам мастацтваў перажыў кардынальныя змены: тут прыбралі калоны з пратуберанцамі, якія ўтваралі ансамбль з Ікарам на фасадзе будынка. Як патлумачыў тады газеце «Вячэрні Бабруйск» чыноўнік, знос калон быў «не фізічны, а маральны», і яны нібыта «не мелі архітэктурнай каштоўнасці». У гэтым жа артыкуле сцвярджалася, што дэкаратыўныя слупы акуратна дэмантавалі, і яны захоўваюцца ў Дарожна-эксплуатацыйным прадпрыемстве (ДЭП). І што ў час работ было выяўлена, што металічныя канструкцыі згнілі знутры.
Проста дзіву даешся, як у іншых месцах і будынкі стогадовыя лічацца «маладымі», а людзі спакойна жывуць у 200 і 300-гадовых, і скульптуры з бетону, металу і шкла маюць тэрмін захоўвання нашмат большы, чым 34 гады.
Дарэчы, тут жа, на пляцоўцы, быў закутак з лавамі і садам камянёў, якія таксама не перажылі «добраўпарадкаванне». Што ж маем сёння – голае поле, сярод якога страшна апынуцца ў дождж спёку, ці ветранае надвор’е.
Дрэвы паабапал вуліцы Мінскай
Гэтыя дрэвы высаджваліся некалі ў якасці «санітарнай зоны», каб аддзяліць жылыя дамы ад заводаў. Але будаўніцтва гандлёвых цэнтраў, як аказалася, могуць пазбавіць гараджан(ак) ад неабходнасці мець больш-менш чыстае паветра.
У выніку – вырубленыя пасадкі насупраць заводаў гуматэхнікі, гарбарнага камбінату, буйнапанэльнага будаўніцтва і шыннага. Пачалося ўсё ў 2015 годзе, калі высеклі бярозкі і таполі дзеля першага ГЦ, і пасля, паступова, забіралі ўсё больш і больш зялёных зонаў – часам постфактум “незаконна”.
Нават шматпакутны сквер каля Дома сувязі прарэдзілі (дзе раней прыбралі туі і праз пару год паставілі дзівосныя канструкцыі, якія ўмеюць пацець у час вільготнага надвор’я, а часам падаюць) – бо тут, як апынулася, раслі інвазійныя дрэвы.

Фота: 1387.io

Працягваючы тэму дрэваў, як не прыгадаць яблыневы сад каля будынка езуіцкага касцёлу? Тут прыемна было прайсціся і вясной, калі дрэвы квітнелі, і ўлетку, і восенню, калі наліваліся сокам крамяныя яблычкі. Тут, дарэчы, праводзіліся турніры па лазертагу, таму месца мусіць быць знаёмае многім. На жаль, яго больш няма. Інфармацыі, для чаго знішчылі дрэвы, і што тут плануюць зрабіць, мы пакуль не знайшлі.
А яшчэ – сумныя навіны мінулага году, што дуб-волат збіраюцца пазбавіць статуса помніка прыроды, бо яго, нібыта, ужо немагчыма выратаваць…
А якія страты кранаюць цябе? Дзяліся ў каментарах у нашым інстаграм.