Нагадаем, што існуе, а некалькі год запар нават святкаваўся – і альтэрнатыўны Дзень горада, а дакладней – Дзень народзінаў Бабруйска. Пра гэта мы расказвалі 28 красавіка, акурат у дату, пазначаную як першая згадка пра яго ў прывілеі князя ВКЛ Ягайлы.
На фота 1387.io –плошча Перамогі ў Бабруйску.
Напэўна, доўга тлумачыць, чаму менавіта дата, звязаная з Другой сусветнай вайной, стала для бабруйцаў Днём горада – не варта. З той жа нагоды, з якой Дзень незалежнасці Беларусі святкуецца не 25 сакавіка – у дзень абвяшчэння БНР, і не 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР і, нават, не 25 снежня – у дзень, калі перастаў існаваць СССР. А святкуецца ён 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Такім чынам Беларусь, бадай адзіная з краін былога сацлагера, што святкуе незалежнасць не ў дату, прымеркаваную да аддзялення ад савецкага саюза ці расійскай імперыі.
Безумоўна, дата вызвалення ў час вайны – неймаверна важная для горада, які так доўга быў пад акупацыяй і ў якім дзейнічалі ажно чатыры канцлагеры з васьмю філіяламі, у якіх былі знішчаныя дзясяткі тысячаў мірных жыхароў і ваеннапалонных. Не забывайма і пра Бабруйскае габрэйскае гета… Дзень памяці ахвяраў вайны, дарэчы, адзначаецца ўсяго за тыдзень да Дня горада – 22 чэрвеня, у тым ліку ва Украіне ды Расіі.
Але паўсюдная прывязка да гісторыі Другой сусветнай – у помніках, святах, тапонімах – нібыта адмяняе ўсю гісторыю, якая была да яе, а момантамі і ў час яе.
Таму абсалютна ўсе гарадскія святы – мілітарызаваныя, з пераапранутай ў салдат і санітарак моладдзю, з выставамі вайсковай тэхнікі, салдацкай кашай і ўскладаннямі кветак. А той жа помнік ахвярам рэпрэсій, які сарамліва схаваўся на ўзбочыне плошчы Перамогі, увагай дэлегацый з кветкамі абдзелены… Бо, пра расстраляных і закатаваных па палітычных матывах гаварыць неяк не прынята. Нібыта не было сярод іх тых, хто зрабіў унёсак у развіццё горада, як той жа Цодзік Славін, стваральнік краязнаўчага музея, якога савецкія каты забілі, фактычна, за жаданне выконваць сваю працу бездакорна.
Магчыма, у Дзень горада варта было б узгадаць усіх выбітных людзей, хто з вядомага нам 1387 года рабіў Бабруйск – Бабруйскам, з яго непаўторным каларытам. Паказаць стваральны бок жыцця горада праз усе яго перыяды, зладзіць безліч цікавых экскурсій, што былі б прысвечаныя кожнаму перыяду, пачынаючы з 14 стагоддзя, а не з «часоў Кацярыны».
Нам так шмат казалі і працягваюць казаць пра тую вайну, што, падаецца, забылі, навошта расказваюць. Каб ніколі зноў? Але гэтае «зноў» надышло, як бы мы не «хаваліся ў домік». За «мірнае неба»? Але гэта праз нашае, «мірнае» неба, лятуць расейскія самалёты, каб забіваць звычайных жыхароў Украіны.
Магчыма, з памяццю нешта не так? З помнікамі нешта не так? Чаму, напрыклад, на плошчы Перамогі, у цэнтры горада – танк у кветках і вянках, а не напамін пра тое, што вайна – гэта страшна, гэта калецтвы, згвалтаванні, смерці, гэта зламаныя лёсы і зруйнаваныя гарады? Як на знакамітым помніку ў Хатыні, дзе бацька трымае на руках забітае дзіця.
А цяпер уявіце, калі б на Сацыялцы стаяў не танк, а ўвекавечаныя ў бронзе ахвяры вайны, без рук і ног, беспрытульныя, самотныя, з жахам у вачах, як у Флёры, героя фільма «Ідзі і глядзі», сцэнар да якога напісаў удзельнік вайны Алесь Адамовіч. Ці хацелася б, гледзячы на такі манумент, бадзёра зацягваць: «Можем повторить!»
На фота 1387.io – той самы “танк Бахарава”, як яго завуць у Бабруйску. Справа можна заўважыць пахаванні вайскоўцаў.
Але маем танк. Шмат хто, і не толькі з турыстаў, здзіўляецца, калі даведваецца, што гэта не проста помнік, а магіла. Афіцыйна ён так і называецца: «Помнік-танк на магіле генерала Б.С.Бахарава». І пахаваны там не толькі генерал, а яшчэ пяць вайскоўцаў.
Спачатку танк знаходзіўся непасрэдна над пахаваннем генерала, пазней баявую машыну змясцілі побач з магілай. Пашырана меркаванне, што менавіта на гэтым танку Барыс Бахараў заехаў у вызвалены горад, але гэта не так. Насамрэч ён загінуў у Берасцейскай вобласці. Згодна з легендай, пахаваць яго ў Бабруйску распарадзіўся асабіста Ракасоўскі, бо колісь малады Барыс праходзіў у нашым горадзе вайсковую службу. А танк нумар 300 прывезлі сюды адначасова з целам загінулага.
Дарэчы, удава генерала – Вольга Бахарава, жыла пасля вайны ў Харкаве.
Захаваліся фота 1944 года, на якіх можна пабачыць, як мемарыял выглядаў у тыя часы. Крыніца: wiki.bobr.by
Ад таго часу побач з магіламі вайскоўцаў ладзяцца як памятныя мерапрыемствы, так і гарадскія святы, з песнямі і танцамі. У тым ліку ў Дзень горада. Напэўна, бабруйцы ўсіх пакаленняў абавязкова раскажуць вам, як малымі залазілі на танк. Па адной з мясцовых легендаў, гэта нават мусіць зрабіць кожны(ая) гараджанін(ка) – хоць раз у жыцці.
Ці атрымаецца ў некалькіх сотняў, а можа – нават тысячаў бабруйчан адсвяткаваць сёння ўвечары 635-годдзе горада, у дзень яго вызвалення ад гітлераўцаў, нягледзячы на вайну ў суседзяў? Апошнія месяцы паказваюць, што так – атрымаецца.
Але хочацца верыць, што тых, у каго не атрымаецца – нашмат і нашмат больш.