Бабруец Віталь Мурашкевіч – бібліятэкар, перакладчык, а адначасова – калекцыянер, філакартыст, папулярызатар і шукальнік гарадской даўніны, як ён сам сябе называе ў аўтарскім блогу ў Інстаграме. Віталь збірае бабруйскія паштоўкі і мае ці не самую багатую іх калекцыю ў нашым горадзе. У гутарцы з намі калекцыянер распавёў, калі і чаму распачаў збіранне, ці дарагое гэта хобі – філакартыя, якія адкрыцці пра Бабруйск атрымалася зрабіць дзякуючы паштоўкам.
«Хацелася спакойнага і разважлівага хобі»
– Віталь, калі і чаму ты пачаў збіраць паштоўкі?
– Улетку 2021 года. На тле пасляковідных падзеяў мне захацелася спакойнага разважлівага хобі. У інтэрнэце я сустрэў у продажы арыгінал старой бабруйскай паштоўкі па даволі нізкім кошце – усяго некалькі соцень расейскіх рублёў. Задумаўся – мо, купіць?
Да гэтага я мала ведаў пра паштоўкі. Сутыкаўся з імі як з дадатковым матэрыялам, калі нешта тлумачыў пра Бабруйск дзецям, што прыходзілі да мяне ў бібліятэку. Шмат на якія рэчы тады не звяртаў увагу, напрыклад, на адваротны бок паштоўкі. І мяне здзіўляла, як людзі ва ўзросце адразу пераварочваюць паштоўку і глядзяць, што там напісана, захапляюцца почыркам.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Я набыў тую паштоўку – з чыгуначным мостам праз Бярэзіну. Даставілі мне яе з Расеі. Так выпадкова распачалося маё хобі, хоць, насамрэч я лічу, што выпадковасцяў у жыцці не бывае.
– Атрымліваецца, твая калекцыя вельмі маладая. Колькі ў ёй цяпер паштовак?
– Некалькі соцень. Прынцыпова цяпер не лічу. На самым пачатку, памятаю, падлічыў, і потым дзесьці месяц-два не мог здабыць ніводнай паштоўкі. Гэта можна лічыць забабонамі, але так насамрэч атрымліваецца. Калі ў цябе тысяча паштовак, магчыма, табе патрэбны грунтоўны каталог. У мяне пакуль не так шмат. У той жа час, у Бабруйску ў мяне, напэўна, найбольшая калекцыя паштовак, і ў ёй ёсць экзэмпляры, якіх ні ў каго больш няма.
«Маё калекцыянаванне – выключэнне з правілаў»
– Наколькі філакартыя распаўсюджаная? Ці шмат у цябе ў Бабруйску канкурэнтаў?
– Калі ты не ў тэме, можа здавацца, што ніхто нічога не збірае, і калекцыянераў увогуле няма. Я ўбачыў, што яны ёсць, калі сам пачаў займацца калекцыянаваннем.
Паштоўкі калекцыянеры часта ўспрымаюць як дадатковы матэрыял – збіраюць разам з манетамі, паштоўкамі, маркамі і т.п. Я ж разглядаю філакартыю як цалкам самастойнае хобі.
Росквіт філакартыі ў свеце прыйшоўся на 1920-30-я гады і цягнуўся да 1960-х. Цяпер паштоўка, магчыма, на 4-6 месцы па папулярнасці ў калекцыянераў. Кожны збірае сваю тэму. Хтосьці занурыўся ў гісторыю роднага горада на паштоўках – як я, хтосьці збірае іншую тэматыку.
У Бабруйску паштоўкі збіраюць, мо, з дзясятак чалавек. Але не кожны калекцыянер гатовы паказваць, што ён назбіраў. Маё калекцыянаванне – хутчэй выключэнне з правілаў, бо я імкнуся як мага шырэй прадставіць сваю калекцыю. Мая мэта – асветніцкая. А ёсць людзі, якія не любяць і не могуць дзяліцца сваімі ведамі.
Таксама хачу дадаць, што калі чалавек збірае нейкія прадметы, то ён проста збіральнік. Калекцыянерам ён становіцца, калі так ці інакш вывучае сваю калекцыю, выдае нейкі каталог ці піша артыкулы ў газеты.
Беларускія паштоўкі – нятанныя
– Распавядзі, як і дзе ты збіраеш? Ці ёсць у цябе нейкія крытэры – вось гэтую паштоўку я абавязкова вазьму, а гэтая не такая і каштоўная?
– Асноўную масу паштовак набываю праз аўкцыёны, шукаю праз гугл. Ёсць некалькі адмысловых сайтаў, дзе абавязкова знойдзецца нешта пра Бабруйск.
Я збіраю не ўсе паштоўкі, надрукаваныя ў Бабруйску, бо не ўсе яны пра Бабруйск. Для маёй калекцыі каштоўная кожная паштоўка пра Бабруйск і бабруйцаў, незалежна ад таго, дзе яна была надрукаваная – хоць у Аргентыне ці Аўстраліі.
Калі я вырашаю набыць нейкую паштоўку, я аплочваю яе, потым дамаўляюся пра дастаўку, за якую плачу дадаткова. Часта менавіта дастаўка атрымліваецца самай дарагой. Паштоўкі ж каштуюць па-рознаму. Хоць беларускія ўсе пераважна нятанныя.
Бывае, што мне дораць паштоўкі, ці перадаюць па сімвалічным кошце. Так надоечы атрымалася з трыма наборамі паштовак, якія выпусціў наш тэатр ім.В.Дуніна-Марцінкевіча ў 2017 годзе да VI фестывалю нацыянальнай драматургіі.
«Самыя «паштовачныя» гарады – Горадня, Пінск»
– Чаму беларускія паштоўкі дорага каштуюць?
– Па-першае, іх мала захавалася. Па-другое, каб зрабіць паштоўку, патрэбная была фотатэхніка, таму найбольш выяваў мы бачым з заходніх краінаў. У нас самыя «паштовачныя» – Горадня, Пінск, і ўся лінія, дзе праходзіў фронт Першай сусветнай вайны. Дзе стаялі нямецкія часткі, там усё адфатаграфавана.
У Бабруйску публікавалі менш паштовак, але, тым не менш, дастаткова. За паўтары гады я пабачыў шмат разнавіднасцяў старых бабруйскіх паштовак, каля 100 штук – часоў царскай Расеі. У Горадні, для параўнання, знойдзена 600 паштовак перыяду да 1917 года. Сярод іх – польскія, нямецкія.
Але нельга не ўзгадаць, што на пачатку ХХ стагоддзя ў нашым горадзе дзейнічала некалькі тыпаграфіяў, было сама мала пяць кніжных крамаў, прадавалася шмат паштовак з відамі тых жа Асіповічаў, Беразіно, Жлобіна, Глуска і іншых навакольных гарадоў і мястэчак. Можа, зусім не дарэмна «Бобруйск считался высококультурным местом».
– Якая самая дарагая паштоўка ў тваёй калекцыі?
– «Привет из Бобруйска». Я яе набыў у Адэсе за крыху больш, чым 100$.
– Можна сказаць, што калекцыянаванне паштовак – не самае таннае хобі?
– Цяпер, калі заробкі змяншаюцца, а кошты растуць, так. Наагул, калекцыянаванне не таннае. Ну і чым даўжэй ты збіраеш, тым больш пераборлівы становішся, ужо не ўсё набываеш, пачынаеш паляваць на сапраўдныя рэдкасці.
«Шукаю паштоўкі часоў нямецкай акупацыі Бабруйска ў 1918 годзе»
– На якія рэдкасці ты цяпер палюеш?
– Часоў нямецкай акупацыі 1918 года. Гэтых паштовак не так шмат, адну я нядаўна набыў, але яна пакуль за мяжой.
Але тыя ж тэатральныя паштоўкі, якія мне перадалі надоечы – ужо таксама рэдкасць, гісторыя.
– У якіх краінах ты найчасцей набываеш бабруйскія паштоўкі?
– Калі казаць пра старыя, то часцей у замежжы. Пераважна, у Расеі. Там можна натрапіць на такія рэдкасці, якія тут бачыш толькі на экране манітора. Некалькі паштовак у мяне з Украіны, але там набываць цяпер стала цяжка. Ёсць з Нямеччыны. Больш сучасныя паштоўкі можна знайсці і ў Бабруйску, як гэта адбылося з тэатральнымі.
– Якая самая каштоўная паштоўка ў тваёй калекцыі? Не па грашах, а па значэнні для цябе?
– Напэўна, як раз гэтыя апошнія тэатральныя паштоўкі. І так найчасцей і бывае – самае каштоўнае ў калекцыянера – апошні прыбытак. Тэатральныя паштоўкі не так дорага мне абышліся, але задавальнення даставілі вельмі шмат.
Дзякуючы паштоўкам, атрымалася даведацца назву Сацыялкі ў 1918 годзе
– Віталь, магчыма, дзякуючы паштоўкам атрымалася зрабіць нейкія цікавыя адкрыцці пра Бабруйск?
– У маёй калекцыі ёсць дакументальнае сведчанне візіту ў Бабруйск Гарыга Масарыка – першага прэзідэнта Чэхаславацкай рэспублікі. На фотапаштоўцы зафіксаваны ягоны выступ перад легіянерамі ўлетку 1917 года. Кажуць, Масарык быў вельмі цікавым чалавекам, пацыфістам, і што ўсе плакалі падчас ягонай прамовы, і свае і чужыя салдаты сустракалі воклічамі. Фотапаштоўкі з выявамі тых падзеяў – адныя з найбольш рэдкіх у маёй калекцыі.
Цікавую інфармацыю дае паштоўка з палацам Булгакаў у Жылічах недалёка ад Бабруйска. На ёй мы бачым подпіс: «Палац Добасна ў Літве». А бярэм іншую паштоўку з тым жа самым палацам, і там ужо напісана, што гэта «краявіды Польшчы». Час той жа самы – 1918 год.
Ёсць у мяне фотапаштоўка з выявай польскага легіянера, нібыта звычайная. Але калі мы яе перавернем, то ўбачым надпіс: атэлье «Рэнесанс» Ш.Багаціна ў Бабруйску, вул.Беларуская, 87. Гэтая вуліца – будучая Сацыялістычная.
Мы чулі назвы Гаўпштрасэ, Керэнскага, Мураўёўская, але што яна была Беларускай, амаль ніхто не ведае. Гэтая назва з’явілася ў 1918 годзе, калі нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі дзейнасць культурна-асветніцкага таварыства ў горадзе. Гэты штамп на адваротным баку – самае каштоўнае, што ёсць на фотаздымку.
«Паштоўкай можна галасаваць за аднаўленне будынкаў»
Вуліца Сацыялістычная сёння і на старой паштоўцы з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота: 1387.io
– Як змянілася функцыя паштоўкі з цягам часу?
– Раней на паштоўках адлюстроўвалася ўсё – нават забітых, трупы можна было ўбачыць. Паштоўка выконвала не толькі віншавальную функцыю, але і рэпартажную. Гэта цяпер іх сталі дарыць з пэўнай нагоды, як дадатак да падарунка.
Старыя паштоўкі сёння для нас – дакумент эпохі, крыніца ведаў пра мінулае. Але адначасова яны могуць мець цалкам практычныя функцыі.
Напрыклад, паштоўкі могуць паспрыяць выратаванню старога дрэва, як гэта здарылася з нашым дубам-волатам на рагу былых вуліц Альхоўскай і Буйной – сучасных Чангарскай і Гогаля.
Калі пачаліся размовы, каб пазбавіць гэты дуб статуса помніка прыроды, я прыгадаў, што ёсць дакументальны доказ таго, што ён ужо не адно стагоддзе расце ў Бабруйску – тое самае месца і той самы дуб ёсць на паштоўцы кніжнай крамы Хургіна. Я апублікаваў тады пост з гэтай паштоўкай e сваім блогу, і думаю, гэтым таксама спрычыніўся да прыцягнення ўвагі да неабходнасці захавання дуба.
З дапамогай паштовак можна галасаваць за рэстаўрацыю таго ці іншага будынка, як гэта адбылося, напрыклад, у Беластоку. Пра такі незвычайны плебісцыт распавёў у Фэйсбуку пісьменнік Алесь Аркуш. Гараджане абіралі, які стары будынак трэба аднаўляць у першую чаргу. Аддаць свой голас можна было з дапамогай паштоўкі з выявай праекту рэканструкцыі абранага будынку. Вельмі цікавая ініцыятыва.
Паштоўкі могуць дапамагчы пры рэстаўрацыі былога выгляду будынкаў і вуліцаў. Напрыклад, у мяне ёсць паштоўка, на якой добра бачна, што да вайны на месцы цяперашняй Плошчы Перамогі была шчыльная гандлёвая забудова. А на месцы сквера, дзе сёння знаходзіцца помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў, стаяла кніжная крама Гэршона Хургіна. Так пры дапамозе паштоўкі мы можам уявіць сабе, як раней выглядаў наш горад.
Габрэйскія пагромы на паштоўках
– Можаш падрабязней распавесці пра паштоўкі з забітымі?
– Гэта той выпадак, калі паштоўкі сталі доказам габрэйскіх пагромаў на Бабруйшчыне. Паводле звестак гісторыка Леаніда Смілавіцкага, у 1921 годзе ў Беларусі пагромы прайшлі ў 177 населеных пунктах, дзе пражывала 7316 сем’яў (29270 чалавек). Іх ахвярамі сталі 1748 семʼяў, у тым ліку 1700 забітых, 150 параненых, 1250 згвалтаваных. Наш горад, думалася мне, быў выключэннем, але ўсё-ткі і тут такое здаралася.
Па Бабруйску і мястэчках нашага павета ў згаданым 1921 годзе пракацілася серыя жудасных пагромаў, адзін з якіх і трапіў у абʼектыў фатографа. Як мінімум два здымкі трапілі на дабрачынныя фотапаштоўкі, што былі выдадзеныя ў Парыжы ў 1922 годзе ў дапамогу семʼям пацярпелых у пагромах. Імаверна, частка сродкаў ад рэалізацыі паштовак пайшла на дапамогу тым, хто змог выжыць у такіх страшных абставінах.
Не так даўно гэтыя паштоўкі былі прададзеныя на замежных аўкцыёнах, дзе я іх і заўважыў.
Надпіс на паштоўках дубляваны на ідыш, англійскай і французскай мовах:
«Бандыты прайшлі тут… пакінуўшы тут сляды свайго знаходжання. Усе гэтыя мерцвякі – нашыя браты. У іх засталіся дзеці. Ці будзем мы дастаткова жорсткімі, каб дазволіць ім збіцца са шляху?»
«Звычайнаму чалавеку няма на што глядзець, а для мяне гэта каштоўнае сведчанне»
– Віталь, ты збіраеш таксама і сучасныя паштоўкі. У чым іх каштоўнасць?
– На пачатку я хацеў збіраць толькі старыя. Але хутка зразумеў, што і сучасныя могуць быць вельмі цікавымі. Напрыклад, гэтыя ж тэатральныя паштоўкі – на іх можна пабачыць Паўла Хаджаева. Ён у Бабруйску ўжо не жыве, і невядома, ці вернецца. Ці, напрыклад, спектакль «Точки на временной оси» – на паштоўцы мы бачым, што палова тых, хто ўдзельнічаў у спектаклі, ужо не працуюць у тэатры – Ала Грахава, Вадзім Бабініч. Прайшло ўсяго пяць гадоў. Такім чынам, гэта ўжо цалкам гістарычны дакумент. Хоць задумваўся першапачаткова як сувенір.
Не ўсе разумеюць гэтую каштоўнасць. Напрыклад, каштоўную паштоўку-дакумент савецкіх часоў я знайшоў на сметніку. Гэта апавяшчэнне пра ўстаноўку тэлефона жыхару вуліцы Тухачэўскага ў 1974 годзе. Некалі такія карткі былі ў кожнай паштовай скрыні. І колькі з іх захаваліся? Амаль усе выкінулі. Для звычайнага чалавека тут няма на што глядзець, але для мяне гэта – каштоўнае сведчанне перыяду тэлефанізацыі ў Бабруйску.
«Мару, каб з’явілся Бабруйсказнаўства»
– Як ты хочаш развіваць сваё хобі далей? І што б ты параіў бабруйцам, якія таксама хацелі б пачаць нешта збіраць?
– Мне шкада, што сёння не ўсе падзеі ў гісторыі горада фіксуюцца на паштоўках, хоць друкаваць іх, у адрозненні ад мінулага, мы можам вельмі шмат.
Я б надрукаваў набор паштовак пра мастакоў Бабруйска, спартоўцаў, яшчэ нейкіх дзеячаў. Але найперш я б хацеў перавыпусціць рэпрынты паштовак з маёй калекцыі. Хацеў бы сабраць калекцыю паштовак пра людзей – ураджэнцаў Бабруйска, з цікавымі гісторыямі. А яшчэ мару пра тое, каб аднойчы ў нас з’явілася паўнавартасная галіна – Бабруйсказнаўства.
Бабруйцам я б хацеў параіць прыглядацца да таго, што падаецца самым звычайным – там можна адшукаць сапраўдныя скарбы. А старое фота ці паштоўка могуць стаць як знаходкай, так і натхненнем на нейкую добрую справу.