31 ліпеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень беспароднага сабакі ці дварнягі. Гэтыя сабакі лічацца «некаштоўнымі», яны найчасцей аказваюцца на вуліцы. А ў чым уласна адрозненне беспароднага гадаванца ад пародзістага? І што зрабіць, каб стала менш бяздомных жывёлаў, як беспародных, так і пародзістых? Гутарым з прытулкам «Сабачае сэрца» і Асяй Траяноўскай – некалі вядомай у Бабруйску зоаабаронцай, якая цяпер жыве ў Ізраілі і працуе зоакансультанткай.

Дзень беспароднага сабакі
Дзень беспароднага сабакі ці дварнягі ўпершыню адзначаўся ў 2005 годзе ў ЗША па ініцыятыве эксперта па хатніх жывёлах Коліна Пэйджа. Ён захацеў звярнуць увагу на важнасць клопату аб беспародных сабаках, якіх у свеце нашмат больш, чым пародзістых – паводле ацэнак некаторых спецыялістаў, больш за 150 мільёнаў.
З тым, што Дзень беспароднага сабакі – важны і патрэбны, пагаджаецца зоакансультантка Ася Траяноўская. На думку былой бабруйскай зоаабаронцы, гэтая дата ў чарговы раз нагадвае пра праблему бяздомных жывёлаў і валанцёраў, якія гэтую праблему імкнуцца вырашыць, бо большасць сабак, што жывуць на вуліцы – беспародныя.
Мы папрасілі Асю растлумачыць, у чым жа асаблівасці беспароднага сабакі ў параўнанні з пародзістым.
Адрозненне пародзістага сабакі ад беспароднага ў тым, што «у пародзістых ёсць сукупнасць якасцяў, якія служаць пэўным мэтам, патрэбным чалавеку, а над беспароднымі працуе прырода, адбіраючы тыя якасці, якія будуць карысныя жывёліне», найперш зазначыла экспертка.
«То бок, калі вы бераце сабаку без пароды, у вас большы рандом, чым у пародзістага сабакі, у тым, што датычыць якасцяў. Хоць, і ў пародзістага сабакі не ўсё перадвызначана, бо асяроддзе і людзі, з якімі ён жыве, таксама ўплываюць на тое, якім ён будзе. У пародзістых проста ёсць пэўная закладка, якая дазваляе прадказаць некаторыя моманты», – зазначае Ася.
Беспародныя здаравейшыя за пародзістых?
Ёсць меркаванне, што беспародныя сабакі здаравейшыя за пародзістых, у якіх вельмі далікатныя арганізмы. Аднак не заўсёды гэта так, кажа зоакансультантка:
«У кожнай пароды ёсць схільнасць да пэўных захворванняў. Але калі вы бераце жывёліну з дакументамі і ад добрага заводчыка, гэта значыць, што ён працуе над паляпшэннем пароды і яе здароўя. Часам, напрыклад, каб не змешваць кроў адных і тых жа сабак, іх вязуць на вязку ў іншыя краіны ці прывозяць генетычны матэрыял, каб зрабіць ЭКА. Тыя заводчыкі, якія разводзяць сабак «для душы», гэтым займацца не будуць. Я нават сумняюся, ці яны ведаюць, ці не павязалі сабаку з братам ці бацькам».

У беспародных сабак у сваю чаргу няма схільнасці да пэўных захворванняў, у іх працуе натуральны адбор, што з аднаго боку павінна рабіць іх больш моцнымі, кажа Ася. Аднак і беспародны сабака можа штосьці падхапіць ці быць народжаным з генетычнай хваробай ад пародзістага «дзеда».
Ася не згодная з заклікам зоаабаронцаў, што не трэба «гнацца» за пародзістымі сабакамі, і калі хочацца гадаванца, то лепш узяць яго ў прытулку.
«У пародах ёсць адрозненні, як у знешнасці, так і ў характары. І калі некаму падабаецца пэўная парода, то несправядліва ўганяць яго ў пачуццё віны за ягонае жаданне. Дарэчы, пародзістых бяздомных таксама хапае, але можна гадамі чакаць, калі менавіта твая парода з’явіцца ў прытулку», – зазначае была бабруйчанка.
І заводчык, і прытулак мусяць быць з рэпутацыяй
Калі вы ўсё ж вырашылі завесці пародзістага сабаку, лепш гэта рабіць у добрых заводчыкаў з усімі патрэбнымі дакументамі.
«У добрага заводчыка можна ў тым ліку ўзяць жывёлу, спісаную з развядзення. І яна не абавязкова будзе старая. Часам жывёлаў выводзяць з развядзення проста таму, што яны не падыходзяць для мэтаў, якія хоча дамагчыся заводчык – напрыклад, даўгія лапы ці больш круглыя вушы. Такіх гадаванцаў звычайна прадаюць па цане стэрылізацыі», – тлумачыць Ася.
Калі для вас не мае асаблівага значэння парода, найлепшае выйсце – узяць сабаку ў прытулку ці ў валанцёра, «бо ў пародзістага шчанюка і без вас усё будзе добра, а ў прытулку вы некага выратуеце». І нават калі вы бераце сабаку з ператрымкі, гэта будзе неацэнны ўклад.
Але і ў прытулак, і да валанцёраў трэба ісці да тых, што маюць добрую рэпутацыю, раіць Ася:
«Каб вам усю праўду распавялі пра тое, каго вы бераце».
Строгія законы і асабістая адказнасць
Пасля ад’езду з Бабруйску Ася не вельмі сочыць за сітуацыяй з бяздомнымі жывёламі ў нашым горадзе, але з той інфармацыі, якую дзяўчына бачыць, атрымлівае, яна робіць выснову, што пакуль нічога да лепшага не змянілася.
А каб змяненні адбыліся, патрэбныя строгія законы адносна стэрылізацыі, а таксама выхаванне асабістай адказнасці людзей, перакананая Ася.
«Гэтага ў нас дагэтуль няма, на жаль. Пры чым, другое – асабістая адказнасць, можа паспрыяць з’яўленню першага – законаў, – кажа наша суразмоўца. – У Ізраілі, напрыклад, усе сабакі з чыпамі, па вуліцах ніхто не бегае, стэрылізуюцца сабакі ледзь не з узросту шчанюкоў».
Акрамя таго, у Ізраілі ёсць так званыя «кошыкі ўсынаўлення», які чалавек мусіць набыць, калі забірае сабаку з прытулку, распавяла Ася.
«У такі «кошык» уваходзяць стэрылізацыя гадаванца і прышчэпкі. Частка сумы ад аплаты адпраўляецца на ўратаванне іншых сабак. А да цябе трапляе ўжо «гатовы» сабака. Часам гэта выходзіць танней, чым калі асабіста ўсе гэтыя працэдуры праходзіць. А часам – узяць сабаку з прытулку выходзіць даражэй, чым набыць у заводчыка. Але нават нягледзячы на ўсе меры, і ў Ізраілі прытулкі для жывёлаў перапоўненыя. Як і паўсюль, бо паўсюль ёсць безадказныя людзі».
У чым дапаможа зоакансультант?

Ася Траяўноўская цяпер працуе зоакансультанткай і можа дапамагчы вам выбраць жывёлу, зразумець, які менавіта гадаванец вам патрэбны, у тым ліку вызначыцца, дзе яго браць – у заводчыка ці ў прытулку.
«Зоакунсальтант – гэта пашыраная версія зоапсіхолага. Зоапсіхолаг працуе з паводзінамі і якасцямі сабакі і з гаспадаром. Зоакансультант дапамагае выбраць ідэальнага гадаванца, знайсці добрага ветэрынара, калі патрэбна, добрага заводчыка ці добры прытулак ці валанцёра, калі вы хочаце ўзяць гадаванца, – тлумачыць дзяўчына. – Калі ў вас ніколі не было жывёлы, і вы не ведаеце, з якога боку падысці, каб яе завесці, то вам да зоакансультанта. Зоакансультант дапамагае вырашыць праблемы гадаванца, падабраць амуніцыю, корм і т.п. Некаторыя кансультанты могуць дапамагчы і са спецыфічнымі пытаннямі, кшталту дыеты ці нечага такога. Я таксама магу працаваць з усімі гэтымі пытаннямі».
Звязацца з Асяй можна ў Інстаграме.
«Найлепшая дапамога – інфармацыйная»
У Бабруйску сёння дзейнічаюць некалькі прытулкаў для жывёлаў. Утрымліваюцца ў іх пераважна сабакі. Так, у адным з іх – «Сабачым сэрцы» – на дадзены момант жывуць 23 сабакі. З іх тры – на пасляаперацыйнай ператрымцы, таксама ёсць дзве коткі пасля аперацыі, распавялі нам у прытулку.
«Увесь гэты год мы прысвяцілі максімальна стэрылізацыі жывёлаў ад насельніцтва. З пазітыўных навінаў – 7 сабак знайшлі дом і 168 жывёлаў былі стэрылізаваныя», – распавялі валанцёры прытулку.
У «Сабачым сэрцы» імкнуцца рознымі шляхамі прыцягваць бабруйцаў да сваёй дзейнасці, прыдумляць мерапрыемствы, якія будуць карыснымі для людзей і дапамогуць звярнуць увагу на праблему бадзяжных жывёлаў.
«Сёлета мы ўпершыню арганізавалі майстар-клас па кераміцы з падпісчыкамі і змаглі схадзіць на вечаровы выгул з паходам у кавярню з нашымі падапечнымі», – распавялі ў прытулку.
«Собачаму сэрцу» заўсёды патрэбныя ежа для жывёлаў – сухі корм і кансервы, газеты, рыззё, пялюшкі.
«Але самая лепшая дапамога – інфармацыйная», – кажуць валанцёры.
Звязацца з «Собачым сэрцам» можна праз старонку прытулку ў Інстаграме.
Таксама ў Бабруйску ўжо шмат гадоў дзейнічае прытулак «Дабрадзецель». Калі ёсць жаданне дапамагчы бяздомным жывёлам ці знайсці, сабе гадаванца, можна таксама звярнуцца праз Інстаграм.