Залезці на кракадзіла і ўзгадаць дзяцінства
А ты памятаеш сваю першую сустрэчу з гэтым каменьчыкава-зялёным цудам? Прыгадай! Дакраніся да яго нагрэтага сонцам хвосціка, зазірні ў пашчу – яна зусім не страшная. Зрэшты, залезь на яго спіну і памерай яе крокамі.
Менавіта так робяць бабруйцы прыблізна з канца 1970-х, гэта меркаваны час з’яўлення кракадзіла на свет.
Месца сустрэчы – санаторый «Шыннік».
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Паласавацца пірожнымі ад «Тевье»
Мы шчыра думаем, што гэтыя смакоцці некалі стануць адной з візітовак Бабруйска. Пяшчотныя дэсерты, без назольнага цукровага, ці штучна-«хімічнага» адцення, на натуральных прадуктах і вытанчаныя на выгляд. Гэты смак міжволі шукаеш, нават калі знаходзішся далёка ад радзімы – у кожнай спатканай пірожанцы.
Каб не тлумачыць доўга: проста набудзь звычайны, фабрычны эклер, і параўнай з «цеўешным». Абавязкова раскажы нам пра свае адчуванні.
Месца сустрэчы – кавярні, напрыклад, у «Зробім» дакладна іх знойдзеш.
Паназіраць за зоркамі на крэпасці
А як даўно ты бачыў(ла) зорнае неба па-за горадам? Трэба выехаць як мага далей, у поле, каб адчуць усю моц космаса. Але. Сапраўдныя бабруйсказнаўцы сцвярджаюць, што на тэрыторыі крэпасці ўражанні не горш.
Для вопытных альпіністаў не праблема ўскараскацца на вежу бастыёна, але прыступкі там моцна разбурыліся, і небяспечныя нават удзень. Таму раім не рызыкаваць, а залезці можна на тыя ж валы побач.
Месца сустрэчы – Бабруйская крэпасць. Ноч.
Зайсці ў дворык былога тайм-клуба
Мы сумуем. А ты? Па нашых сустрэчах, акустычных вечарах, майстар-класах, цёплых размовах і дыскусіях. Але мы верым, што тайм-клуб – гэта не сцены, а людзі.
Што тычыцца сценаў, то зрабіць фота ў арт-дворыку на фоне пазнавальных малюнкаў, спадзяемся, усё яшчэ можна. Напішы нам, ці пускаюць туды бабруйцаў і гасцей горада новыя гаспадары?
Месца сустрэчы – арт-дворык былога тайм-клуба «1387».
Напісаць Богу
Сінагога-музей – адна з мясцовых разынак. А ў ёй размясцілася яшчэ адна разынка – бабруйская Сцяна плачу. У ёй маецца адтуліна для лістоў і цыдулак з жаданнямі, адрасаваных Богу.
Прыкладна раз у месяц валанцёры з габрэйскай суполкі дастаюць паперкі з скрыні, каб адвезці іх у сусветна-вядомую Сцяну плачу, у Іерусалім.
Абавязкова паспрабуй, а можа, менавіта тваё жаданне здзейсніцца? Дарэчы, яно мусіць быць пазітыўным і стваральным. І не пра грошы😊
Месца сустрэчы – музей-сінагога.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Зрабіць ссабойку з хлебам ад «Brø bakery»
Гэтая пякарня – яшчэ адна гастранамічная візітоўка Бабруйска. Некалькі мясцовых кавярняў гатуюць з яе хлебам і булачкамі разнастайныя сэндвічы ды бургеры, ці прапануюць да кубачка гарбаты пяшчотныя круасаны, данішы, паштэйшы.
Бабруйскі хлеб нават возяць у іншыя краіны, калі едуць у госці да сваякоў ці сяброў. А нам таксама падабаецца, што пякарня займаецца дабрачыннасцю, напрыклад – аддае хлеб валанцёрам «Справядлівай дапамогі», на абеды для бяздомных і маламаёмасных гараджанаў.
Месца сустрэчы – фірмовыя кропкі пякарні знойдзеш амаль у кожным раёне Бабруйска.
Паглядзець на ліштвы
Калі гуляеш па прыватным сектары з старой забудовай – звяртай увагу на ліштвы! Колісь драўляныя, разныя карункі можна было заўважыць ледзь не на кожным вакне, а цяпер гэтае мастацтва знікае.
Паназірай за фігурамі ды элементамі – у некаторых з іх зашыфраваныя абярэгі ці нават інфармацыя пра былых гаспадароў. Фатаграфуй самыя цікавыя, як гэта робіць бабруец Мікола Сікорскі, і дасылай нам у інстаграм. Мы збіраем выявы ліштваў, каб захаваць памяць пра іх.
Месца сустрэчы – прыватны сектар з драўлянай забудовай. Напрыклад – стары цэнтр, Фарштат, Скрыпачка, вуліца Крылова.
Пасядзець на Лукавай гары
Тут прыемна прайсціся ў любы час года, але летам – асабліва! З вяршыні гары адкрываюцца неверагодна прыгожыя краявіды – на раку і сакавітыя лугі на тым баку Бярэзіны.
Калі кіравацца налева ад царквы, можна трапіць на аглядальную пляцоўку, створаную самой прыродай. Колісь тут была лаўка, але і цяпер можна прыйсці з пледам, напрыклад, і пасядзець-паназіраць за наваколлем, птушкамі, рухам вады.
А вось так не трэба рабіць, нават без уліку таго, што Лукавая гара – помнік прыроды:
Не забудзься на сродкі ад камароў, гэтым годам яны паўсюдна нагадваюць пра сваю прысутнасць, а каля вады – і пагатоў!
Месца сустрэчы – ландшафтны заказнік Лукавая гара.
Завітаць у залу чакання на «Бярэзіне» і пагуляць у ваколіцах
У бабруйцаў старэйшага пакалення пано «Чыгунка СССР» непазбежна выклікае асацыяцыі з прыемным чаканнем, вандроўкамі, грукатам колаў і гарбатай у жалезных падшклянках.
Даўно ўжо на чыгуначнай станцыі «Бярэзіна» не спыняюцца міжнародныя цягнікі, між тым, вакзал варта наведаць – дзеля гэтых панарамных вокнаў у залі чакання, якія, на шчасце, пакуль не перарабілі на пластыкавыя, і дзеля самога пано.
А пасля можна пайсці направа – і назіраць за цягнікамі зверху, з маста. Ці пайсці налева – каб убачыць цікавы цагляны домік, які рэдка з’яўляецца на гарадскіх фота. Цяпер у ім жывуць людзі, а раней, па звестках экскурсавода Алега Краснага, ён быў часткай крэпасці. Гэта была ўмацаваная каравульная.
Месца сустрэчы – станцыя «Бярэзіна».
Зрабіць фота на фоне «Шпакоўні» ў майцы з выявай «Шпакоўні»
Акурат мінулым летам мы зрабілі белыя і чорныя майкі з выявай будынка, які ў Бабруйску атрымаў мянушку «Шпакоўня».
Майкі разляцеліся па горадзе і па ўсім свеце.
Маеш такую? Зрабі ў ёй фота на фоне «Шпакоўні» ці ў любым месцы, дзе ты цяпер жывеш ці вандруеш. І падзяліся з намі😊
Месца сустрэчы – там, дзе ты ёсць.
А вось што адказалі бабруйцы ў нашым Instagram на пытанне: “Што трэба паспець зрабіць гэтым летам?”
- зладзіць фестываль
- выспацца і сустрэць світанак
- пабываць у парку актыўнага адпачынку “Арлёнак”
- ня з’ехаць з глузду
- прагуляцца па начным горадзе
- глядзець на зоркі
Усе фота: 1387.io