Мазаіку на старым корпусе «марзонаўкі» усё ж знішчаць

 

Сямён Абрамаў стварыў пано ў 1968 годзе, адзін – ад эскіза да мантажу. Як адзначае мастак, яго праца і дагэтуль, праз 55 гадоў, знаходзіцца ў выдатным стане.

Сюжэт мазаікі на «марзонаўцы» – без савецкай ідэалогіі, ён прысвечаны выключна медыцыне.

Нагадаем, роўна год таму ў Бабруйску без шкадавання ўжо знішчылі адну мазаіку – на будынку былой футравай фабрыкі. Напэўна, у «Чырвонай жанчыне» таксама не заўважылі хоць нейкай каштоўнасці.

Адзін з будынкаў былой футравай фабрыкі на Бахарава знеслі, а разам з ім – мазаіку. Фотафакт

Ад таго часу прайшло ўсяго пара месяцаў, як зʼявілася яшчэ адна непрыемная навіна – стары хірургічны корпус лякарні імя Марзона ідзе пад знос, а разам з ім – пано Абрамава.

Пад пагрозай знішчэння першая бабруйская мазаіка. Пагутарылі з яе аўтарам – мастаком Сямёнам Абрамавым

Не, мы не супраць таго, каб у бабруйчанаў зʼявіліся добрыя ўмовы для лекавання, але тэхнічна гэтую мазаіку можна акуратна дэмантаваць (пра што казаў і сам Абрамаў) і захаваць для будучых пакаленняў.

Па ідэі на тое, ці мусяць захоўвацца творы манументальнага мастацтва, могуць уплываць самі гараджане. Пра гэта кажа Кодэкс РБ аб культуры. Пра яго мы падрабязна пісалі ў гэтым матэрыяле:

Ці могуць паўплываць на лёс твораў манументальнага мастацтва гараджане? Расказваем, якія ёсць спосабы

Напрыклад, у Кодэксе адзначаецца, што з часу першапачатковага стварэння нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці павінна прайсці не менш за сорак гадоў. А мазаіка Сямёна Абрамава нават старэйшая за патрэбны тэрмін.

Мы ведаем, што некаторыя бабруйцы пісалі звароты ў гарвыканкам, з просьбай захаваць мазаіку. «З гарвыканкаму прыйшоў адказ, што перадалі нашу просьбу ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва. Аб выніках паведамяць», – расказала нам адна з чытачак.

А вось што піша «Вячэрні Бабруйск»: «Пажаданні гараджан пераадрасавалі заказчыку рэканструкцыі (упраўленню капітальнага будаўніцтва Бабруйска). Як паведаміў прадстаўнік прадпрыемства, мазаічнае палатно не ўваходзіць у пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таму будзе дэмантавана разам з будынкам. Сам знос павінен пачацца ўжо ў адыходзячым годзе – як і было заяўлена ў планах».

Чаму мы лічым, што мазаікі – гэта мастацтва?

Дарэчы, так лічым не толькі мы. Меркаванні знаных даследніц можаш пачытаць на сайце віртуальнага Музея мазаік.

https://mosaic.1387.io/

А тут – пра тое, як бабруйскі аматар мастацтва збірае фота мазаік не толькі ў нашым горадзе, але па ўсёй краіне.

«Мы бачым траціну цікавых мазаік, галоўныя скарбы – унутры!» Гутарка з аматарам манументальнага мастацтва

Хочаш штодня мець пры сабе бабруйскія мазаікі? Пампуй наш стыкерпак і цані тое прыгожае, што мае (ці пакуль мае) наш горад!

“Бабруйск – цэнтр сусвету”: стыкерпак з элементаў мясцовай мазаікі для Telegram