Без рубрикиГісторыяКультураЛюдзіМесцы

«Мы бачым траціну цікавых мазаік, галоўныя скарбы – унутры!» Гутарка з аматарам манументальнага мастацтва

Усе фота з асабістых архіваў Мікалая Сікорскага

 

Мікалай, калі і як ты зацікавіўся манументальным мастацтвам?

– Гэта атрымалася выпадкова, у Бабруйску ў далёкім 2015 годзе. Я проста ішоў каля гарбарнага камбіната і ўбачыў каля прахадной дзве мазаікі – з Леніным і пано з працоўнымі ды інжынерамі. Даволі тыповая тэматыка для 1970-х гадоў. У мяне тады быў тэлефон «Нокіа-6300» у металічным корпусе, з кнопкамі, але там была просценькая камера на 2 мегапікселя. І я зрабіў на яе свае першыя фота.

Адзначу, што мастацтва я заўсёды любіў, асабліва жывапіс. Але раптам апантана зацікавіўся мазаікамі, пачаў далей да іх прыглядацца, чытаць па тэме. Хоць тады было менш літаратуры, і ў сеціве значна менш інфармацыі.

І я пачаў фатаграфаваць творы манументальнага мастацтва паралельна з ліштвамі. Гэта розныя рэчы, вядома, бо ліштвы – народнае мастацтва, глыбіннае. А тыя ж мазаічныя пано – зусім іншы полюс. Але першае і другое нібыта «сустракае» людзей, бо знаходзіцца звонку.

З часам разам з фота даволі грунтоўную бібліятэку сабраў па тэме манументальнага мастацтва. А некалькі год таму пачаў у сацсетках рабіць допісы, прысвечаныя маім знаходкам. Пазначаў, што гэта за твор, дзе ён знаходзіцца, у якім горадзе.

Адзначу, што большасць бабруйскіх твораў манументальнага мастацтва знаходзяцца ўнутры будынкаў – на прадпрыемствах, у школах, лякарнях і гэтак далей. Таму ўбачыць іх даволі складана.

 

Бабруйск. Вітраж у краязнаўчым музеі

 

Што цябе вабіць у манументальным мастацтве?

– Адразу хачу адзначыць важную рэч – усё, што я фатаграфую, лічу мастацтвам. Але такія пано, як той жа Ленін на гарбарным камбінаце, мастацтвазнаўцамі будзе ацэнены невысока. Яны скажуць, што гэта «халтура», як і самі мастакі, што стваралі мазаікі. Я згодны з тым, што нельга параўноўваць творы ўзроўню Кішчанкі ці Вашчанкі, якія можна ўбачыць у Менску ці Светлагорску, з гэтай мазаікай. Але асабіста для мяне – усё гэта творы мастацтва. Чаму я так лічу? Бо больш такога не будзе зроблена.

Мяне цікавіць менавіта савецкае манументальнае мастацтва. І я параўноўваю яго з мастаком, які памёр, пакінуўшы пасля сябе пэўную колькасць твораў, і ўсё – новага ад яго больш нічога не будзе. Больш ён нічога не напіша. Так і з савецкім манументальным мастацтвам, калі казаць метафарай – гэты мастак памёр. Можна параўнаць яшчэ, напрыклад, з Ван Гогам. Дасюль спрачаюцца, ці прадаў ён хоць адну карціну пры жыцці. А калі ён памёр, яго нарэшце заўважылі і разгледзелі, высока ацанілі. Бо штось у яго спадчыне зачапіла. Так і тут.

Але савецкае манументальнае мастацтва многія не любяць, і не шкадуюць, бо гэта, а зараз папулярны такі тэрмін – «каланіяльнае мастацтва». Памятаю, як падзяліліся меркаванні, калі разам з футравай фабрыкай знішчылі мазаіку з чырвонай жанчынай. Адны радаваліся, другія сумавалі…

– Дарэчы, да самога тэрміна «каланіяльнае мастацтва» я стаўлюся адмоўна. Яно не каланіяльнае, а беларускае! Бо калі так ставіцца, можа атрымацца, што каланіяльным апынецца ўсё мастацтва. Часоў Расійскай імперыі – каланіяльнае, часоў Рэчы Паспалітай – таксама. А дзе ж тады нашае? Толькі 30 год нашаму мастацтву? Не. Гэта рабілі нашы, беларускія мастакі. І надавалі сваім творам адметныя рысы. Зараз мне сябры дасылаюць фота мазаік з розных куткоў свету, і я магу адзначыць, што нейкі канон сапраўды ёсць, але па пэўных матывах ты бачыш – не, гэта не беларускія пано.

І казаць пра наша мастацтва, як пра каланіяльнае – азначае крыўдзіць выдатных беларускіх майстроў, бо яны сапраўдныя…

Адзначу, нават наконт таго, дзе нарадзілася манументальнае мастацтва, што апявала працоўнага чалавека, індустрыялізацыю, таксама спрачаюцца. Ці ў Савецкім саюзе пачатку 20-гадоў, ці ў Лацінскай Амерыцы. Прыгадаем таго ж Рыверу. Але гэта няхай мастацтвазнаўцы спрачаюцца, бо для мяне адказ відавочны – нашае, яно сапраўды нашае, адметнае.

Так, беларускія мастакі жылі ў той агульнай «краіне», але ты заўсёды пазнаеш – дзе мазаікі з Беларусі, дзе з Украіны, а дзе з Грузіі. Бо творцы ўкладалі ў іх пэўныя рысы, матывы. Ты глядзіш і бачыш: ну так, тэхналогія стварэння пано аднолькавая, сюжэты падобныя, але каларыт – адметны.

 

Бабруйск. Чаканка ў тэатры

 

Па сацсетках бачна, што ты не толькі ў Менску ці Бабруйску фатаграфуеш манументальнае мастацтва, а яшчэ ездзіш па іншых гарадах. Калі ты пачаў так вандраваць і якое месца было першым?

– Як бы гэта камічна не гучала, але так як апошнія некалькі год я жыву ў Менску, то першым горадам, у які я выправіўся, каб зрабіць фота мазаік – гэта мой родны Бабруйск. І я пачаў збіраць фота не таго манументальнага мастацтва, што навідавоку – як тыя ж пано на Мінскай, а працы, што знаходзяцца ўнутры, у будынках. Пра многія з іх я даведваюся ў час размоваў з мясцовымі мастакамі.

Вядома, у Менску я таксама фатаграфаваў усё, што заўважаў, але менавіта першым «выязным» горадам стаў Бабруйск. А пасля ўжо наведваў Барысаў, Жодзіна, Рагачоў, Асіповічы, Кіраўск, Ракаў, Вілейку, Баранавічы… Больш ездзіў па Менскай і Магілёўскай абласцях. І калі ў мяне здараліся камандзіроўкі ў нейкі горад, я ўжо па кнігах ведаў, што магу там паглядзець і зрабіць фота.

 

Баранавічы. Мастак Барыс Мілюкоў

 

Дарэчы пра кнігі. Часам бачыш нейкую мазаіку, пачынаеш шукаць па ёй інфармацыю, а яе – нуль. Чаму так адбылося, чаму так складана знайсці прозвішчы аўтараў прац?

– Бо, як я казаў раней, і мастацтвазнаўцы і самі мастакі лічылі такія працы «халтурамі». Большасць гараджан можа не ведаць, што ў нейкай там актавай залі фабрыкі ёсць вялізнае пано. А мастак нават не пакідаў на ім свой подпіс, бо ставіўся да такіх прац як да спосабу зарабіць, а творчасць, маўляў, гэта іншае. Звычайна замоўцамі выступалі Дамы культуры, школы, прадпрыемствы. І яны таксама кіраваліся тым, што «трэба, бо ў суседзяў ужо ёсць». Мастак як мог хутка рабіў, замоўца аплочваў – і на гэтым усё.

Мастакі, нават вядомыя, маглі ў сваіх альбомах, кнігах, у інтэрвʼю – нідзе не адзначаць, што стваралі такія пано. Напэўна, самі не лічылі іх вартымі ўвагі. Бо таго ж Леніна на гарбарным камбінаце дырэктар мог замовіць да чарговага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да таго ж даволі часта мастак, які рабіў мазаікі, мог знаходзіцца ў штаце прадпрыемства. Рабіў афішы, плакаты. І нават некаторыя вядомыя творцы прайшлі такі шлях, як, напрыклад, Рубцоў, што працаваў на РТІ.

Чаму сёння не з’яўляюцца новыя мазаікі?

– Па-першае, гэта вельмі дорага. Калі трэба зрабіць твор манументальнага мастацтва, то мурал зрабіць значна танней. Мазаіка будзе ў дзясяткі разоў даражэйшая. Напрыклад, каля вакзала нядаўна зрабілі роспіс – дзяўчынка на арэлях. Зрабіць такога ж памеру мазаіку – гэта і некалькі год працы і зусім іншыя грошы. Таму ўсе ідуць лёгкім шляхам, і мастакі і замоўцы.

Раней, калі хацелі зрабіць танней і прасцей, абіралі тэхніку сграфіта – узоры можна ўбачыць на фабрыцы Халтурына і на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Ну і роспісы, вядома.

 

Бабруйск. Сграфіта Юрыя Нікіфарава

 

Я чытаў у мастацтвазнаўчых кнігах, што ў савецкія часы, калі праектаваўся будынак – напрыклад, Дом культуры, у праект адразу закладалі, што на пэўнай сцяне будзе размешчана мазаіка. Так жа і з жылымі кварталамі.

Неяк у райцэнтры я размаўляў з дырэктаркай ДК чыгуначнікаў, дзе на вонкавай сцяне ўнутранага дворыка размешчаная шыкоўная мазаіка. Але, на жаль, з часам яна пачала разбурацца, смальта пачала асыпацца, тынкоўка – ажно цэлымі кавалкамі. І дырэктарка кажа: «А як вы мяркуеце? Калі ў мяне з’явяцца грошы на капітальны рамонт усяго будынка – замяніць вокны, дзверы, сцэну, прывесці ў добры выгляд прыбіральні, набыць новую сантэхніку, і гэтак далей. Ці – за тыя ж грошы аднавіць адну мазаіку. Што я абяру?» Адказ відавочны. На жаль, пакуль не хапае на ўсё грошай. І калі яна абярэ мазаіку, яе не зразумеюць яе ж калегі і наведнікі дома культуры.

Раней ты казаў, што многія рэчы, якія мастацтвазнаўцы не прымаюць, ты лічыш мастацтвам. А што скажаш пра кракадзіла на тэрыторыі санаторыя «Шыннік»?

– Асабіста для мяне гэты кракадзіл трапляе ў спіс мастацкіх цікавостак Бабруйска. Неяк я нават пачуў ад Ціхана Абрамава, што аўтар гэтай скульптуры яго бацька – Сямён Абрамаў. А гэта вядомы творца і сябра Беларускага саюза мастакоў. Можа па сюжэту гэта не зусім мастацтва, але працаваў над ім сапраўдны творца. І для многіх гараджан кракадзіл дарагі сэрцу.

Куды залезці і што з’есці ў Бабруйску гэтым летам? Суб’ектыўны топ без зефіру і баброў

 

Ці ёсць у цябе ўлюбёныя творы манументальнага мастацтва?

– Так. Асабліва мяне захапляюць, ледзь не да страты прытомнасці – вітражы. Іх разглядаць магу неверагодна доўга, асабліва калі бачыш іх знутры, і праз іх праходзіць святло, як і было задумана мастакамі. У кінатэатры «Масква» ў Менску ёсць вітраж Гаўрылы Вашчанкі. Ён сумесна з архітэктарамі зрабіў цікавае рашэнне. Я нават тэрмін прыдумаў, не вітраж, а «святлаж» – бо праз яго праходзіць святло знутры, а не з вуліцы. Там электрычныя лямпачкі, якія падсвечваюць вітраж, і выглядае гэта фантастычна.

 

Менск. Вітраж Гаўрылы Вашчанкі

 

Нядаўна заўважыў падобны ў кінатэатры «Аўрора». Прычым супрацоўнікі мне сказалі, што святло ў ім не працуе, але прыйшоў у іншы дзень, на змене былі іншыя людзі, якія ўсё падключылі і паказалі, як ён падсвечваецца. Дарэчы, падключаюць святло ў гэтым вітражы толькі па святах. На жаль, пакуль не знайшоў аўтарства, таму і фота не публікую. І я так даволі часта раблю – фота ёсць, але аўтарства не ведаю, таму і не размяшчаю ў сацсетках творы…

 

Менск. Вітраж у кінатэатры “Аўрора”

 

На другім месцы мазаікі. Мяне вельмі ўразіла пано «Дрэва жыцця» Васіля Крываблоцкага ў Салігорску. Яно знаходзіцца на ўскрайку горада. Хоць яно і 1993 года, адношу яго да савецкага манументальнага мастацтва. І гэты твор сапраўды трэба хоць раз убачыць!

 

Салігорск. Пано “Дрэва жыцця” Васіля Крываблоцкага

 

Раней мы высветлілі, што па манументальных творах не стае інфармацыі. А як адбываюцца твае даследаванні ў Бабруйску? Ты казаў, дапамагаюць мастакі?

– Так, мне вельмі дапамагаюць у маіх даследаваннях размовы з бабруйскімі мастакамі. Некаторых я ведаю асабіста, бо даўно цікаўлюся жывапісам. Напрыклад, Анатоль Концуб і Ціхан Абрамаў мне шмат цікавага расказваюць.

Па-другое, гэта кнігі. Я збіраю альбомы беларускіх мастакоў, і часам у іх праскокваюць творы манументальнага мастацтва. Хаджу па «Букіністах», шукаю выданні такога кшталту, адсочваю навінкі. Таксама шмат цікавага знаходжу ў інтэрнэце. Звычайна пачынаю пошукі з пэўнага мастака, даследую яго творчасць і часам знаходжу ў ёй і творы манументальнага мастацтва. Выпісваю ўсё цікавае для сябе, набываю мапы, атласы, крыжыкі на іх стаўлю па адрасах, дзе знаходзяцца пано, муралы ці вітражы.

Часам спрацоўвае нейкае пачуццё – калі ідзеш праз нейкі будынак і думаеш: «Трэба зайсці, раптам там у фае штось цікавае ўбачу». І найчасцей так і бывае.

https://mosaic.1387.io/stykery-dlja-telegram-babrujsk-cjentr-susvetu/

А што параіш паглядзець у Бабруйску? Бо часам самі гараджане не ведаюць, як шмат цікавага вакол.

– Акрамя відавочнага – што можна ўбачыць проста шпацыруючы па Мінскай, узняць галаву… і заўважыць гэтую прыгажосць! Раю завітаць на стадыён «Славянкі» на Ўрыцкага, там ёсць мазаіка Уладзіміра Самачарнова на адміністрацыйным будынку і там жа – скульптура савецкага часу, яна таксама вартая ўвагі.

 

Бабруйск. Мазаіка Уладзіміра Самачарнова

 

Але найбольш цікавага ўнутры Бабруйска, у будынках. Напрыклад, на аўтавакзале – акрамя таго, што сам ён захаваўся выдатна з аўтэнтычнымі шыльдамі, касамі – на другім паверсе ёсць керамічны барэльеф на двух сценках. Даволі вялікі. Там ёсць пазнака аўтара – «МГ», але дзякуючы Анатолю Концубу атрымалася высветліць, што стварыў гэтае пано Валер Калтыгін. Засталося даведацца, што ён уклаў у гэтую абрэвіятуру.

 

Бабруйск. Пано Валера Калтыгіна

 

І галоўнае – гэты твор лёгка і дасяжна ў любы дзень прыйсці і паглядзець.

 

Бабруйск. Пано Валера Калтыгіна

 

Неяк ты пісаў, што бабруйскія мастакі паспелі і на раён паўплываць сваёй творчасцю?

– Пра тое, што вельмі шмат манументальных працаў бабруйскіх мастакоў ёсць у раёне і бліжэйшых гарадах, я таксама даведаўся ў час размоваў з мясцовымі творцамі. Мяркую, з часоў, калі быў Бабруйскі павет, Бабруйская вобласць – захаваўся гэты яго імідж, як культурніцкага цэнтра. У савецкія часы было больш за 20 мастакоў, што ўваходзілі ў Саюз – нямала, нават па тагачасных мерках. Гэта было вялікае аддзяленне. А зараз суполка зачыняецца, бо няма кворума, менш 10 мастакоў-сябраў Саюза засталося, і амаль усім больш за 70 год.

Працы Анатоля Концуба ёсць і ў Кіраўску і ў Асіповічах. Адзначу, што многія працы мастакі нават узгадаць ужо не могуць, бо зноў жа – не лічылі іх чымсьці сур’ёзным.

Уладзімір Самачарноў не прыгадаў нават некаторыя бабруйскія свае працы. Але я сабраў ад іх цікавыя звесткі па мазаіках, што знаходзяцца ўнутры будынкаў. На жаль, не ўсе з іх дасяжныя для прагляду.

Напрыклад, Самачарноў расказаў пра сваё пано ў ваенкамаце, яно было зробленае ў тэхніцы чаканкі. Хацелася б яго ўбачыць, але гэта рэжымны аб’ект. Таксама як і многія школы, прадпрыемствы – унутры безліч прац, якія мае магчымасць убачыць невялікая колькасць людзей. Спадар Уладзімір і гіпсавыя рабіў пано, і калі расказваў пра гэта, я прыгадаў, што ў маёй школе №28 таксама было такое. Туды таксама проста не трапіш.

Часам я заходжу кудысьці, пытаю пра манументальнае мастацтва, і мяне ці не разумеюць, ці пачынаюць напружвацца, не дазваляюць паглядзець. Але мне пашчасціла ўбачыць неверагодную чаканку ў фае механіка-тэхналагічнага каледжа. А з актавай залы былой 95-й вучэльні (цяпер яна аб’яднаная з гэтым каледжам) мне неяк даслалі фота цудоўнага роспісу Эдуарда Белагурава – за што я вельмі ўдзячны, бо чытаў пра яго і даўно марыў убачыць. Мне расказалі, што ў пачатку 1990-х роспіс пачаў псавацца. Тагачасны дырэктар вучэльні звярнуўся да Белагурава з просьбай адрэстаўраваць, а той пагадзіўся.

 

Бабруйск. Роспіс Эдуарда Беларуграва

 

Таму ў мяне нават у Бабруйску засталося вельмі шмат аб’ектаў, якія я жадаў бы пабачыць, але яны знаходзяцца ў месцах, што зачыненыя для звычайных людзей. Спрабую дамаўляцца.

Напрыклад, яшчэ ў часы маёй працы на «Белшыне», а гэта мая альма-матэр, выкладзены мазаікай фантан выглядаў так:

 

 

А цяпер ён значна пашкодзіўся, бо час ідзе, ён разбураецца:

 

 

І акрамя фантана на заводзе ёсць некалькі твораў манументальнага мастацтва, якія выконвалі выбітныя мясцовыя творцы, і якія я хацеў бы ўбачыць. На КГШ, напрыклад, ёсць вялізная праца Сямёна Абрамава. І ёсць шыкоўная выява працаўніка з молатам і лозунгам, але я не зразумеў, з чаго яна зробленая, напэўна з металічных тонкіх пласцінак. Спадзяюся, атрымаецца ўбачыць гэтыя ды іншыя творы на свае вочы.

Таксама, паводле інфармацыі Ціхана Абрамава, ён дапамагаў свайму бацьку рабіць вітражы ў санаторыі «Фермаш». Штопраўда, дзе гэты санаторый, мне пакуль высветліць не ўдалося. Але ў біяграфіі Сямёна Абрамава таксама маюцца такія звесткі, ён прыгадваў пра гэтыя вітражы ў інтэрв’ю.

Як мы можам паўплываць на тое, каб творы манументальнага мастацтва былі захаваныя?

–Я б раіў усім, хто мае доступ да такіх «закрытых» твораў манументальнага мастацтва – фатаграфаваць іх, абавязкова. Бо нашыя славутыя ўніфікаваныя рамонты – гэта бяда! На ўсіх сценах зробяць аднолькавую тынкоўку, аздабленне. Вядома, я разумею ўласнікаў – трэба зрабіць патанней, і каб не губляць час на дарагія рэстаўрацыі старых пано… Таму я заклікаю ўсіх рабіць фота, пакуль не позна, бо гэта цікавы пласт нашага мастацтва. Таксама спадзяюся, што дзе-нідзе будуць захоўваць гэтыя творы. Што яшчэ больш людзей нарэшце разгледзяць іх, зразумеюць іх каштоўнасць і непаўторнасць.

Прыгадаў цяпер, што неяк вычытаў пра вялікае пано ў адной установе, прыйшоў туды, жаданае не знайшоў, але выпадкова заўважыў маленечкую мазаіку на сцяне… І які я быў шчаслівы! І хоць я не мастацтвазнаўца, а проста аматар, вельмі хачу, каб манументальнае мастацтва мінулага стагоддзя пачалі шанаваць і захоўваць.

 

 

Трэба фіксаваць тое, што маем. Няхай фота будзе «крывое», і сам твор, на ваш позірк, не шэдэўр. Але ўсё гэта важна пакінуць у памяці і зразумець – такога больш не створаць. Тым больш звонку мы і так бачым хіба траціну цікавага, галоўныя скарбы – унутры!

Хочаш падзяліцца сваімі фота манументальнага мастацтва? Пішы ў наш інстаграм.

Яшчэ больш прыгажосці – у інстаграм Мікалая. Таксама можаш назіраць за яго знаходкамі ў ВКантакце

Цікавае

Спецпраекты