З псіхолагам Таццянай Карасёвай мы ўжо рабілі цыкл размоваў на псіхалагічныя тэмы – пра дэпрэсію, перажыванне эміграцыі і іншыя. А гэтым разам мы папрасілі бабруйчанку распавесці пра свой досвед пераезду ў іншую краіну. Таццяна ўжо два гады жыве ў Стамбуле. Штодня яна радуецца любімаму гораду, не пужаюць нават магчымыя землятрусы. Як выглядае жыццё ў Турцыі, чым адрозніваюцца турэцкія мужчыны ад беларускіх, ці проста легалізавацца, чаму дзеці там любяць хадзіць у школу – чытайце ў інтэрв’ю.
«Рашэнне пераехаць прыйшло 7 гадоў таму»
– Таццяна, распавядзі, калі ласка, чаму Турцыя? Калі і як прыйшло гэтае рашэнне?
– Я жыву ў Стамбуле ўжо 2 гады, але рашэнне пераехаць прыйшло 7 гадоў таму. Усё пачалося з перапіскі з туркам у Фэйсбуку. Праз яго я зацікавілася Турцыяй, стала падпісвацца на тых, хто там жыве і штосьці можа распавесці. А потым мяне як псіхолага запрасілі правесці семінар па пытанні адаптацыі ў эміграцыі. Я магла выбраць Анталію ці Стамбул. Вырашыла ляцець у Стамбул. Я прабыла тады там 4 дні і адчувала сябе як дома, хоць зусім не ведала турэцкую мову. Мяне цёпла прынялі.
Падкупіў тады такі выпадак – я гуляла па турыстычнай частцы горада і згубілася. І незнаёмы чалавек кінуў сваю працу, каб паклапаціцца пра мяне і дапамагчы мне зарыентавацца. І ён не заляцаўся, нічога такога. Я зразумела, што мне не хапала такой адкрытасці, цеплаты ў дачыненні да людзей у Беларусі. Праз год я зноў пабывала ў Турцыі і стала марыць пра пераезд. З тым туркам, з якога ўсё пачалося, мы перапісваліся. Ён клікаў мяне замуж, але я не хацела. Але праз яго я закахалася ў Стамбул.
Я стала рыхтавацца да пераезду, пачала вывучаць мову. Прайшло 5 гадоў, і два гады таму, у жніўні 2021 года я пераехала ў Стамбул.
«У мясцовых традыцыях я бачу больш шчырасці»
– Чым яшчэ, акрамя цёплага і адкрытага стаўлення людзей, падкупіла Турцыя?
– Мне падабаецца турэцкая культура. Я вельмі люблю гісторыю, міфалогію старажытнай Грэцыі. На тэрыторыі сучаснай Турцыі шмат пабудоваў старажытнай Грэцыі. Я заўсёды марыла наведаць гэтыя мясціны.
Яшчэ спрацавалі асабістыя трыгеры. Дома мне заўсёды вельмі не хапала сямейнасці, нейкіх рытуалаў, традыцыйнасці. У мяне ў сям’і гэтага не было. Тут таксама ёсць розныя сем’і, але агулам тут больш цэняць сямейныя сувязі, пераемнасць традыцыяў, пакаленняў. Для мяне гэта вельмі каштоўна. Я б хацела, каб так было і ў Беларусі. Тут вельмі любяць сваю культуру і традыцыю. Проста на вуліцах можна ўбачыць, як мужчыны танчаць народныя танцы. Пры гэтым яны цалкам цвярозыя. Вось гэта моцна падкупіла – што тут не п’юць так, як у Беларусі. Мужчыны і жанчыны збіраюцца групамі, шмат эмацыйна размаўляюць, п’юць гарбату і каву, а не алкаголь.
«Мы падсвядома ствараем сабе стрэсавыя сітуацыі і не заўважаем гэтага». Гутарым з псіхолагам
У мясцовых традыцыях я бачу больш шчырасці. Напрыклад, узяць нашыя хрысціянскія святы, створаныя на паганскай базе. Тое ж нараджэнне Хрыста. Была прынятая дата 25 снежня ці 7 студзеня, хоць насамрэч ніхто не ведае дакладны дзень. А ў ісламе пост Рамадан, пасля якога ідзе свята Ураза-байрам у гонар нараджэння прарока штогод перасоўваецца на 10 дзён. Я запыталася – чаму так? Мне адказалі – мы не ведаем, калі нарадзіўся прарок, але калі цягам 10 гадоў ты будзеш святкаваць гэты дзень у ягоны гонар, ты дакладна трапіш на дату ягонага нараджэння. І мне такі сумленны падыход вельмі спадабаўся.
«Турэцкія мужчыны эмацыйныя, не баяцца паказаць свой страх ці слёзы»
– Ты сказала, што табе прапаноўвалі замуж, але ты не захацела. А часта як раз дзяўчыны з Беларусі, з Расеі едуць у Турцыю, каб выйсці замуж. Ты ўвогуле не плануеш? І яшчэ распавядзі, чым адрозніваюцца турэцкія мужчыны ад беларускіх?
– Я двойчы была замужам у Беларусі. У Турцыі ў мяне былі адносіны з мужчынамі, і так, я зразумела, што хачу быць замужам за турэцкім мужчынам, але такога, з кім адназначна хацелася б стварыць сям’ю, я пакуль не сустрэла.
Турэцкія мужчыны розныя. Мне ў іх падабаецца адкрытасць і эмацыйнасць, як і ўвогуле ў турках. Беларускім мужчынам, такое адчуванне, бывае шкада сказаць камплімент, што жанчына ім падабаецца. Яны халодныя. А я хачу іншых стасункаў. Турэцкія мужчыны адкрыта паказваюць, што ты ім цікавая. Іх прывучылі да гэтага турэцкія жанчыны, якім важна бачыць знакі ўвагі. У турэцкіх мужчын мацней праяўляецца лібіда. Тут нармальна для мужчыны змагацца за жанчыну, якая яму падабаецца.
Мне падабаецца эмацыйнасць турэцкіх мужчын. Яны не баяцца сказаць, што нечага баяцца, сказаць гэта, паказаць слёзы. Сярод беларусаў я мала такіх сустракала.
Але я не шукаю мужчыну, я жыву ў сваё задавальненне і проста сустракаю тых, з якімі цікава камунікаваць. Заўважаю, што я сама тут стала больш эмацыйнай, лепш развіла свой эмацыйны інтэлект.
Ці распаўсюджанае ў Турцыі шматжонства?
– Наколькі вялікае значэнне для туркаў мае рэлігія?
– Залежыць ад канкрэтных людзей. Ёсць шмат вельмі рэлігійных сем’яў, найбольш гэта характэрна для ўсходу Турцыі. У Стамбуле іншая атмасфера. Ёсць туркі з рэлігійных сем’яў, якія жэняцца з жанчынамі не з Турцыі. Тут, канешне, дзяўчына можа трапіць у розныя сітуацыі, і таму важна абмяркоўваць загадзя, як будзе далей выглядаць жыццё – ці будуць цябе прымушаць перайсці ў іслам ці насіць хустку. Тут шмат залежыць ад самой дзяўчыны. З таго, што я бачу – у падобныя сем’і трапляюць тыя, якія прыязджаюць у Турцыю з мэтай выйсці замуж. Яны гатовыя шмат на што заплюшчыць вочы і ў выніку потым церпяць – ці іх прымушаюць перайсці ў іслам, ці яны становяцца другой, трэцяй жонкай. Жанчыны, якія загадзя ведаюць, чаго хочуць, як правіла, у такое не трапляюць.
– Ці распаўсюджанае шматжонства ў Турцыі?
– Шматжонства забароненае. Тут ёсць шлюбны абрад, які праводзіць імам – нікях. І паводле турэцкага заканадаўства, імам не можа праводзіць нікях без дзяржаўнага пасведчання аб рэгістрацыі шлюбу. Тым не менш, часам гэта абыходзяць, парушаюць, праводзяць нікях па некалькі разоў. Асабліва лёгка ў такую сітуацыю трапіць дзяўчыне не з Турцыі, якая не ведае мясцовага заканадаўства. Часцей з такім можна сутыкнуцца на ўсходзе.
Я цяпер жыву ў раёне, дзе шмат закрытых жанчын, і я бачу, што яны таксама могуць быць у розных сітуацыях. Ёсць вельмі падпарадкаваныя мужчыне, які вырашае, куды ім можна пайсці, куды нельга. Адначасова ёсць закрытыя жанчыны, якія вядуць даволі актыўнае жыццё, і ў іх нармальныя адносіны ў сям’і. Яны на ўласных машынах без нейкага кантролю перасоўваюцца па краіне.
Агулам, павагі да жанчын тут больш. Тут вельмі паважаюць маці. Мужчыны тут кепска адсепараваныя ад маці. З аднаго боку, гэта – мінус. З іншага – потым яны гэтак жа добра пачынаюць ставіцца да сваёй жонкі.
«Працу ў Турцыі знайсці прасцей, чым у Беларусі»
– Ці проста цяпер легалізавацца ў Турцыі, знайсці працу?
– Калі казаць пра працу, шмат залежыць ад кампетэнцыяў чалавека. ВНЖ цяпер атрымаць нашмат складаней, чым 2 гады таму, але адмоваў ужо становіцца менш, чым на піке эміграцыі ў пачатку вайны ва Украіне і падчас мабілізацыі ў Расеі. Пасля наплыву эмігрантаў, былі закрытыя некаторыя раёны з таннай нерухомасцю. Цяпер, калі людзі знаходзяць жытло ў незакрытых раёнах, у большасці выпадкаў ім даюць ВНЖ. Увогуле, пасля прэзідэнцкіх выбараў стала прасцей з ВНЖ. Эмігранты – гэта прыток фінансаў у Турцыю, таму зусім абмежаваць іх не могуць.
Калі ты фрылансер, працуеш онлайн, і твой прыбытак да $4 тысяч, можна ніяк не рэгістравацца і не плаціць падаткі. Калі дзейнасць онлайн немагчымая, можна адкрываць ІП, фірмы. Але тут ёсць такая рэч – Турцыя абараняе свой унутраны рынак – на аднаго працаўладкаванага замежніка павінны быць уладкаваныя 7 туркаў. Калі ў мяне працуюць 7 туркаў, толькі ў такім выпадку я магу ўзяць замежніка. За ўвезеныя тэлефоны і машыны вялікія падаткі. Так туркі абараняюць свой унутраны рынак, і я лічу, што гэта правільна.
Але пры ўсім гэтым у Турцыі прасцей знайсці працу, чым у Беларусі. Тут шмат кавярняў, шмат хто працуе на прыборцы дамоў, выгульвае сабак.
«У Турцыі ўсё яшчэ распаўсюджаны стэрэатып, што да псіхолага звяртаюцца псіхічна хворыя»
– А ты сама цяпер жывеш на ВНЖ ці ўжо думаеш пра грамадзянства?
– Я цяпер на ВНЖ, так. Тут можна на год і на два афармляць. У мяне да жніўня ВНЖ, хачу далей падавацца на 2 гады. Пасля 5 гадоў пражывання па працоўным дазволе можна атрымліваць грамадзянства – хачу цяпер паспрабаваць гэты шлях ці па пакупцы кватэры. Турцыя – адна з нешматлікіх краін, дзе для атрымання грамадзянства дастаткова набыць нерухомасць на пэўную суму.
Я цяпер магу працаваць як псіхолаг толькі онлайн. Каб праводзіць офлайн-кансультацыі за грошы, мне трэба пацвердзіць свой дыплом. Я цяпер займаюся гэтым пытаннем, бо хачу адкрыць свой уласны кабінет. Але таксама думаю пра фірму ў незалежнасці ад пацвярджэння дыплому, бо ёсць варыянты правядзення розных платных нетэрапеўтычных імпрэзаў.
– А як ты бачыш – у туркаў увогуле развітая культура зваротаў да псіхолага? Сітуацыя лепшая ці горшая, чым у Беларусі?
– У Турцыі працуюць пераважна клінічныя псіхолагі. Да іх прыходзяць людзі, яны выпісваюць ім лекі – і ўсё, да пабачэння. Але так яны прыбіраюць толькі фізічныя сімптомы. Мала турэцкіх псіхолагаў, якія працуюць менавіта як псіхааналітыкі. Пераважна так працуюць эмігранты.
У Беларусі цяпер больш звяртаюцца да псіхолагаў, разумеюць розніцу паміж псіхолагам і псіхіятрам. У Турцыі больш яшчэ распаўсюджаны стэрэатып, што калі я звяртаюся да псіхолагаў, то я ўжо ўсё – хворы. Тут цяпер пераходны момант, які ў Беларусі быў гадоў 5 таму, калі людзі пачынаюць разумець, што хадзіць да псіхолага – гэта нармальна.
У туркаў не прынята выносіць смецце з хаты, з сям’і. І гэта яшчэ больш моцна распаўсюджана, чым у Беларусі. Таксама і менталітэт, моцныя сямейныя сувязі накладаюць свой адбітак. Але паступова ўсё змяняецца.
«Турэцкая мова шчыльна звязаная з менталітэтам»
– Ты ўжо размаўляеш па-турэцку?
– Турэцкай мовай я зацікавілася як толькі з’явіліся думкі пра пераезд. Аднак сур’ёзна вучыць яе я пачала за 2-2,5 гады да пераезду. Праблема ў тым, што я заўсёды займалася не з носьбітамі мовы. Цяпер жа я з верасня хаджу на дзяржаўныя моўны курсы і працую з носьбітамі, і нарэшце бачу сур’ёзны прагрэс. Шкадую, што не пайшла раней.
Турэцкая мова вельмі лагічная, у ёй мала выключэнняў. Для мяне яна лягчэйшая, чым англійская. Акрамя таго, турэцкая мова шчыльна звязаная з менталітэтам. Я стала разумець, чаму туркі – такія ўласнікі. Напрыклад, калі мы кажам – мая прыгожая сумка, на прыналежнасць указвае толькі займеннік «мая». У турэцкай мове афікс са значэннем «мая» будзе дадавацца да кожнага слова.
Вывучаць турэцкую мову мне дапамагае псіхалогія. У турэцкай мове вельмі распаўсюджанае слова bakariz – магчыма, паглядзім. Яго ўжываюць пастаянна. І часцей яно азначае – так, але можна азначаць і не. Адкрыта яны не кажуць не. Шмат каго з эмігрантаў гэта раздражняе, але для мяне як псіхолага гэта вельмі зберагальна, бо жорсткае «не» можа траўмаваць. У Беларусі вельмі шмат адмоваў і забаронаў, што траўмуе людзей. Тут інакш.
Увогуле, турэцкая мова – вельмі ветлівая. У Беларусі мы больш груба размаўляем. Напрыклад, у рэстарацыі тут кажуць – ці магу я папрасіць рахунак? У краме – ці магу я купіць вось гэта? А мы ў Беларусі кажам прама – дайце мне вось гэта. Калі я тут так скажу, мяне не зразумеюць, бо гэта прагучыць груба.
Тут і ў мове, і ў менталітэце закладзена – важна, каб ты сышоў/сышла ад мяне з добрымі эмоцыямі. Не важна, прадаў я табе штосьці ці не. Важна, каб ты застаўся ў добрым настроі. Памятаю гісторыю – дзяўчына купляла хлеб, і такі, як яна хацела, скончыўся ў гэтай краме. І гаспадар тады сказаў – пачакай, я зараз прыйду. І ён схадзіў у суседнюю краму за такім хлебам, як яна хацела. Гэта пра вось што – я хачу, каб ты запомніў/запомніла мяне ў добрым настроі, каб у цябе былі добрыя эмоцыі. І на гэта накіраваная любая камунікацыя. Гэта нават гучыць прыгожа ў мове. Хоць некаторыя расейскамоўныя счытваюць гэта як няшчырасць. Але я не згодна. Яны чамусьці думаюць, што калі табе ўсміхаюцца, то адразу павінны даць ключы ад кватэры, дзе грошы ляжаць. Для мяне ж нармальна, што чалавек да цябе ставіцца прыязна, але не павінен адразу клікаць да сябе.
«Пра беларусаў туркі кажуць – спакойныя, цярплівыя, не такія нервовыя, як рускія»
– Які ўзровень жыцця ў туркаў?
– Розны. Тут ёсць сірыйцы, яны жывуць у намётах, просяць грошы на вуліцах. Я пакуль жыву ў даволі танным раёне і не магу адтуль з’ехаць, бо тут школа ў дзяцей побач. Мая суседка не працуе, працуе толькі муж, у іх двое дзяцей, крэдыт на кватэру. Я бачу, што яны на ўсім эканомяць. Такім людзям цяжкавата, але гэтак жа і ў Беларусі.
Але туркі вельмі крэатыўныя. У іх добра падтрымліваецца малы бізнес. Шмат розных крамаў ёсць і з прадуктамі, і з самымі рознымі рэчамі. Гэта ўсё заахвочваецца. І людзі самі крэатыўныя, у іх яшчэ ў школах гэта развіваецца, і яны адкрываюць свае бізнесы. І такіх людзей тут больш, чым наёмных працаўнікоў. Людзі вельмі хутка мяняюць кірункі, не співаюцца, не сыходзяць у дэпрэсіі. Стамбул дзеліцца па раёнах больш багатых і больш бедных. І багатых раёнаў больш.
– Ці шмат туркі ведаюць пра Беларусь? Ці распаўсюджаныя нейкія стэрэатыпы пра нашую краіну?
– Залежыць ад адукацыі. Найбольш адукаваныя нават нашую сталіцу ведаюць. Але цяпер ужо ўвогуле ведаюць больш, бо шмат беларусаў прыехалі апошнім часам. Але ёсць такія моманты – у іхнай падаткавай сістэме, напрыклад, напісана – Beyaz Rusya – белая Русь, не Беларусь. Мяне гэта раздражняла, памятаю, на пачатку. І я часта чула, калі казала Беларусь – а, гэта Расея. Я казала – не, гэта не Расея, гэта асобная краіна са сваёй мовай. І гэта на іх дзейнічае, калі ты кажаш, што ў твайго народа – асобная мова.
Шмат туркаў звязаныя з Беларуссю праз шлюбы з дзяўчынамі-беларускамі.
А стэрэатыпы ёсць датычна расейскамоўных жанчын. Нават жанчыны, якія тут жывуць ужо шмат гадоў, часам адчуваюць, што да іх заляцаюцца. Але тут сапраўды шмат расейскамоўных дзяўчат працуюць у сэкс-паслугах.
Пра беларусаў кажуць, што яны вельмі лаяльныя, талерантныя, цярплівыя, спакойныя, нават у параўнанні з рускімі – пра іх кажуць, што яны больш нервовыя.
«Беларусь для мяне – як мама, якую я люблю, але жыць з ёй я не абавязаная»
– Дзе ты ўжо пабывала ў Турцыі і куды хочаш паехаць?
– Я няшмат дзе была. У Анталіі, у Стамбуле. У мяне пакуль дзеці прывязаныя да школы, таму я не шмат дзе магу паехаць. Але ў мяне ёсць спіс са шмат якімі кропкамі, дзе хачу пабываць. Я ў Стамбуле яшчэ не ўсё аб’ехала, бо тут у адзін бок на азіяцкі бок ехаць 2 гадзіны і назад 2 гадзіны.
Я хачу паглядзець гістарычныя старажытныя мясціны – сады Семіраміды, напрыклад. Горад Эрзурум, дзе зімой ляжыць снег, там прыгожыя старажытныя мячэці. У Памукале хачу, дзе салявыя крыніцы. Але больш я люблю гістарычныя мясціны.
– Ці сумуеш ты па Беларусі?
– Я не ўцякала з Беларусі. Я ехала ў любімы горад. Хоць Беларусь я таксама люблю. Гэта як мама. Яна ў цябе ёсць, ты яе любіш, але ты не абавязана з ёй жыць увесь час. Жыць я хачу там, дзе мне падабаецца. Я часам размаўляю па-беларуску, у мяне ёсць сяброўкі, з якімі мы перапісваемся па-беларуску. Але я жыву ў тым месцы, якое я люблю, таму я не сумую. Мне было даволі лёгка прайсці адаптацыю ў новай краіне, бо я ехала туды, куды марыла. Калі я выйду замуж, я б хацела паказаць мужу мясціны, дзе я расла, маміну магілу, але проста цяпер ехаць у мяне жадання няма, тым больш, у сувязі з палітычнай сітуацыяй.
«Замест школьных званкоў у турэцкіх школах – музыка»
– Як твае дзеці перажылі пераезд?
– У мяне трое дзяцей. Старэйшая дачка засталася ў Менску, вучыцца ва ўніверсітэце. Дакладных планаў на пераезд да мяне ў яе пакуль няма. Сын у 8 класе, другая дачка – у 2.
Перавезці дзяцей было няпроста, бо былы муж не даваў дазвол. Я з’ехала спачатку адна. Праз 2,5 месяцы ён сам мне напісаў – прыязджай і забірай дзяцей. Але я не магла прыехаць, таму яму прыйшлося ўсё арганізаваць і аплаціць. У выніку дзеці прыляцелі да мяне напрыканцы снежня.
З турэцкай мовай працэс пайшоў хутчэй у дачкі. Сын толькі праз год пачаў адаптавацца. Дзеці ходзяць у турэцкамоўныя школы. У іх ужо сталі з’яўляцца сябры. Але сын хоча ў 9 клас вярнуцца ў Беларусь, бо там тата. Яму 14 гадоў, я не бачу сэнсу яго ўтрымліваць, няхай атрымлівае досвед.
– Што ўвогуле можаш сказаць пра турэцкую школу і сістэму адукацыі? Ці падабаецца табе і дзецям?
– Школа ў Турцыі бясплатная. Патрэбны ВНЖ. Калі дзіця ідзе не ў першы клас, патрэбны дакумент з папярэдняй школы, выпіска па прадметах і гадзінах.
У Турцыі 3 этапы школы: пачатковая – да 4 класа, з 5 па 8 – сярэдняя, з 9 па 12 – ліцэй. У 8 класе здаюцца экзамены.
Падручнікі бясплатныя, вельмі цікавыя.
Мне агулам падабаецца турэцкая сістэма адукацыі. Для іх важна, што адчувае дзіця. У нашай школе ў Беларусі важна, каб ты зрабіў заданні, а як ты сябе адчуваеш – няма розніцы. Па Турцыі трывожныя рэчы распавядаюць пра ўсход, але там, дзе мы жывем, сістэма вельмі лаяльная да дзяцей, пабудаваная на эмоцыях. Нават падручнікі ўлічваюць нейкія псіхалагічныя моманты. Вельмі цікавыя заданні. Дачка можа прыйсці дамоў і з парогу крычаць – мама, нам далі такое цікавае заданне, хачу хутчэй зрабіць. Шмат гульнявых формаў на занятках.
Замест званкоў у школах музыка. Голас кажа – любімыя настаўнікі і дзеці, зычым добрага ўроку і з музыкай яны ідуць на ўрок. Няма такога страшнага званка, як быў у нас, ад якога ўсе ўздрыгвалі. Тут улічваюць дзіцячую псіхалогію, і мне гэта падабаецца.
«Я пераехала па вялікім каханні – да Стамбула і Турцыі»
– Ці не страшна жыць у Стамбуле пасля таго разбуральнага землятрусу ў лютым?
– Не. На пачатку было трывожна. Праводзілі шмат вучэнняў, і ў школах, і на курсах турэцкай мовы. Ва ўсіх кватэрах, у тым ліку ў мяне, стаіць трывожная валізка з усім неабходным. Гэта стала нормай жыцця.
Але, як паказала практыка землятрусу, калі трэба – ты выжывеш. Калі трэба памерці – буду ісці ў Беларусі, і на галаву ўпадзе цагліна. Квантавая псіхалогія даказала, што мы можам планаваць сваю будучыню. І я пакуль не планую паміраць, пры тым – паспяхова. Таму я спакойная ў гэтым сэнсе. Я думаю, што лепш я буду штодня жыць у любімым горадзе, дзе мне падабаецца, дзе я штодня атрымліваю задавальненне ад жыцця, але з рызыкай землятрусу, чым буду жыць у нелюбімым месцы, дзе такіх рызыкаў няма, усё спакойна, але мне там кепска.
– Ты з такоў любоўю кажаш пра Турцыю, пра Стамбул. Слухаеш цябе – і адчуваеш, як унутры ўжо таксама нараджаецца закаханасць у гэты горад, краіну.
– Так (смяецца). Мяне называюць амбасадарам Стамбула. Калі мяне пытаюцца, чаму я пераехала, я кажу, што пераехала па вялікім каханні да Стамбула і Турцыі.
Я люблю Турцыю. Нягледзячы на аўтарытарную сістэму кіравання, тут вольна дыхаецца, у рэгіёнах ва ўладаў даволі шмат свабоды. У Турцыі прасцей укладваць грошы, больш бяспечна. Туркі праяўляюць шмат эмоцыяў, ніхто ім гэтага не забараняе, і я ад гэтага атрымліваю вялікае задавальненне. Тут часам гучная нацыянальная музыка, людзі танчаць, і я сама іду, чую і лаўлю сябе на тым, што я сама ўжо танчу. Я люблю гэтую эмацыйную разняволенасць.