«Нам электрычнасць даюць на восем гадзін, а ў некага яе зусім няма». Гутарка з бабруйчанкай, якая засталася ў Львове ў час вайны

by alesia.oj

Усе фота з асабістага архіва гераіні

 

Надзея, чаму вы прынялі рашэнне не з’язджаць з Украіны пасля таго, як пачалася вайна?

– Я ў Львове з студзеня 2021 года. І да моманту, як пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, прайшло больш за год. За гэты час у мяне сфармавалася пэўнае кола людзей, з якімі я пасябравалася, з’явіліся пэўныя звычкі, больш-менш уладкаваны быт, бо цягам некалькіх месяцаў я здымала адну кватэру. Цяпер я ў ёй ужо больш за год. І я зразумела, што магу нечым дапамагчы на месцы – тым жа беларусам, ці ўкраінцам. Бо ў мяне двухпакаёвая кватэра, я займаю адзін пакой, а ў другім – вялікае спальнае месца. Жартую, што на маёй канапе хутка можна будзе ўсталёўваць мемарыяльную шыльду – бо на ёй спалі вельмі вядомыя беларусы і беларускі, калі прыязджалі ў госці, ці былі праездам, на шляху ў Польшчу ці Чэхію.

Было страшна першыя дні, вельмі страшна. І тыя ўкраінцы, якія мне тут дапамагалі, далі зразумець, што з гэтага моманту не нясуць за мяне ніякай адказнасці. Для іх было асноўным клопатам каб выстаяў Кіеў, выстаяла Украіна, яны казалі: «З’язджай!» Але я вырашыла застацца. Пасля ўжо да мяне пачалі прыязджаць сябры і знаёмыя, якія ведалі, што я ў Львове. Мяне тэгалі ў фэйсбуку, калі бачылі нейкія падзеі, звязаныя з Львовам – на нейкія просьбы я адгукалася, на нейкія – не, бо не хацела браць на сябе больш, чым здолею вытрымаць.

У першы дзень вайны я паабяцала ўсім дапамагчы, прытуліць у сябе, не ведаючы, колькі людзей даедзе. Але даехаў толькі сябар з Кіева, мінчанін, і ён па дарозе захапіў з сабой дзяўчыну-украінку. Яны прыехалі, схадзілі ў душ, і нават не клаліся спаць, бо адразу ўзялі квіткі ў Польшчу. Памятаю, што мы прыслухоўваліся да кожнага гуку, бо ўжо тады падавалася, што ляцяць самалёты. Было вельмі страшна!

На другі дзень да мяне прыехалі ўжо дзве машыны, хтосьці яшчэ ехаў, бо захрас па дарозе… А ў мяне ў дадатак былі ключы ад некалькіх кватэр іншых людзей, да мяне раз-пораз прыязджалі, і я раздавала тыя ключы.

На нейкі час я пакінула сваю кватэру тым, хто прыехаў, а сама пайшла да сяброўкі, па дарозе сустрэла яе брата-беларуса, які прыехаў з Адэсы. А на раніцу да мяне ўжо цэлая каманда прыехала… Першыя дні я не спала, нібы на аўтамаце перамяшчалася па Львове – кагосьці засяляла, камусьці штосьці адвозіла. А на трэцюю ноч даехалі сябры з Кіева з двума коткамі, і засталіся ў мяне на тры месяцы. Даехала, цяпер ужо мая сяброўка, праваабаронца Анісія. Бо, да таго часу, мы былі толькі знаёмыя. І тады я ёй таксама выдала ключы ад кватэры, цёплыя рэчы…

Дадам таксама, што немалую ролю ў тым, што я засталася, гралі ўласнікі кватэры, якую я арандую. Яны ад пачатку вельмі мяне падтрымлівалі. Гэта вельмі рэлігійныя людзі, усе нашы размовы сканчваюцца пажаданнямі: «Хай Бог цябе беражэ». А я наагул атэістка, і спачатку гэта было нязвыкла.

Яны сапраўды вельмі добрыя людзі, і калі ў першыя дні мне было сорамна за тое, што з Беларусі пускалі ракеты па Украіне, яны наадварот, тэлефанавалі і прапаноўвалі паехаць пажыць да іх, у дом за горадам. Казалі, што калі трэба, прывязуць мне і вады, і бульбы, і газ у балонах. Гэта было вельмі кранальна.

 

Начны Львоў без асвятлення

 

Чым займаецца Беларускі інфармацыйны цэнтр у Львове, і ці моцна змяніўся накірунак працы з лютага?

– Я б не сказала, што цяпер маё жыццё надта звязанае з Беларускім інфармацыйным цэнтрам, гэта была такая вельмі сітуатыўная прапанова ад мясцовых прадстаўнікоў медыя, стварыць яго. Ён больш валанцёрскі, там ёсць каманда, і я, час ад часу, таксама штосьці раблю, пішу. Але ў мяне ёсць асноўная праца, бо працягваю працаваць з медыя – як рэдактарка і карэктарка.

Але менавіта ў першыя месяцы вайны я актыўна валанцёрыла, была падключана да таго, каб эвакуяваць людзей, якія з’язджалі з Кіева, з гарачых кропак. Часам суправаджала людзей, у якіх былі цяжкія абставіны. Напрыклад, была жанчына пасля аперацыі з катэтарамі, і я заехала да яе, забрала і адвезла на месца, дзе людзей збіраў аўтобус. У сакавіку мы і самі аўтобусы адпраўлялі. Плюс, у мяне ўвесь час хтосьці жыў, мае кантакты давалі валанцёры тым, хто быў на шляху да замежжа.

Зараз гэта ўзгадваю як неад’емную частку майго ваеннага жыцця.

І пасля, калі стала трошкі лягчэй – у канцы сакавіка і красавіку, мы зрабілі мерапрыемствы, прэзентавалі гэты цэнтр. Да нас прыязджалі прадстаўнікі дэмсілаў, мы ім задавалі пытанні, як яны працуюць над дапамогай беларусам, што засталіся ва Украіне. Тады нас было нашмат больш – зараз ужо не так, бо многія з’ехалі – праз сітуацыю з блакаваннем банкаўскіх картак, праз немагчымасць легалізавацца. А ў мяне пытанне з карткай недзе да канца красавіка было вырашана, таму нейкім чынам я выкручвалася.

 

Якое сёння жыццё ў Львове ў бытавым плане, як часта няма ацяплення, электрычнасці, ці хапае прадуктаў харчавання?

– Вось у мяне цяпер 8 гадзін як ёсць электрычнасць, таму магу, нарэшце, адказаць на пытанні. Сама не веру ў гэтае шчасце, бо дагэтуль яе не было паўтары дні. Відавочна, што давалі яе па 4 гадзіны на суткі, але я ў гэты час не была дома, таму было адчуванне, што электрычнасці ўвогуле няма.

У бытавым плане, вядома, ёсць складанасці. Я жыву ў старым доме польскага часу, ён знаходзіцца амаль у цэнтры, але ў ім наагул няма цэнтральнага ацяплення. У мяне дзве печкі, адной з іх я карыстаюся зімой. Таксама маю некалькі абагравальнікаў, адзін досыць эканомны, і вось з ім я больш-менш так і жыву. То-бок, калі ўключаюць электрычнасць, ён працуе на мінімуме, а калі няма электрычнасці, я застаюся з тэмпературай мінімум +14 і максімум +17. Гэта калі доўга няма ацяплення, і маю на ўвазе мой пакой, ён самы цёплы. У кватэры, мяркую, 15-16 градусаў у сярэднім заўсёды.

Пры гэтым ёсць гарачая вада, толькі на днях адключалі яе на некаторы час – у гэтым плане я аўтаномная. Ёсць запасы тэхнічнай вады ў пластыкавых баклажках, ёсць чыстая, пітная вада, бо непадалёк ёсць аквамат, куды я хаджу час ад часу.

Прадуктаў харчавання хапае. Зараз ужо больш-менш гэтыя кропкі ўсе працуюць, крамы працуюць, на генератарах.

Я таксама чакаю, калі мне прывязуць генератар з Польшчы, на які скінуліся мае сябры. Зараз шукаюць магчымасць, каб яго перадаць. Калі я даведалася пра гэта, была вельмі расчуленая. Асабліва ведаючы, што гэтым людзям і самім ёсць на што траціць свае грошы. Але яны сказалі: «Мы абавязкова возьмем удзел у гэтым зборы, каб ты не мерзла». (Прым. у дзень публікацыі стала вядома, што генератар ужо ў дарозе, і хутка будзе ў Надзеі). 

 

Атмасфера львоўскага паба

 

Прыгадваю, як я ішла па цёмным горадзе, які асвятлялі толькі фары машын, а мне трэба было зайсці на пошту, якая, як аказалася, таксама не працавала праз адсутнасць святла. Я зайшла ў паб, там па звычцы ўжо былі запаленыя свечкі… І мы там сядзім, п’ем тэкілу, грае музыка з пераносных калонак. І так я бавіла вечар, пры гэтым паб быў паўнюткі людзей. Нас нават здымаў журналіст з «Франс Прэс», які распытваў наведнікаў, ці прызвычаіліся яны так жыць… І гэта дзіўна, што людзі лічаць нармальным такі стан рэчаў, але ты рэальна параўноўваеш жыццё з іншымі рэгіёнамі, дзе ідзе вайна, і думаеш: «А ў нас-та яшчэ нармальна ўсё. Нам электрычнасць даюць на восем гадзін на суткі, а ў некага яе зусім няма».

Горад напоўнены гукам генератараў, гэта яго адметная рыса.

 

Складваецца ўражанне, што горад працягвае жыць культурніцкім жыццём, нягледзячы ні на што…

– Так, горад працягвае жыць. Тут досыць насычанае культурнае жыццё. Яно больш перамясцілася ў зону бамбасховішчаў. Бо тут, у многіх пабах і рэстаранах, ёсць залы пад зямлёй, і зараз гэта аказалася вельмі дарэчна і вельмі зручна. У мяне ёсць улюбёнае бамбасховішча, дзе можна папіць піва і адначасова схавацца ад паветранай трывогі – гэта паб, які вельмі блізка ад майго дома. Ёсць улюбёнае культурніцкае месца, дзе можна цікава бавіць час, паглядзець выставы, мы і самі там ладзілі кінапаказы для ўкраінцаў. Там арганізоўваюць танцы, канцэрты, на якіх актыўна збіраюць грошы на ЗСУ. І ты адначасова атрымліваеш нейкае задавальненне, і пры гэтым данаціш на важныя справы.

Ёсць вулічныя івэнты, якія збіраюць шмат людзей, працуюць музеі. То-бок нейкага недахопу культурніцкага жыцця ўвогуле не адчуваецца.

 

Як часта даводзіцца хавацца ў бамбасховішчы? Колькі часу там праводзіце, што робяць людзі ў час, пакуль хаваюцца?

– Наконт бамбасховішчаў – я разумею, што мусіла б хавацца ў іх часцей. Але ў мяне такі стары дом, у якім усе вокны выходзяць ва ўнутраны дворык, тут асобны мікраклімат. І калі, напрыклад, штосьці ляціць, гэта трэба, каб менавіта ў гэты дворык трапіла. У тэорыі верагоднасці я больш-менш абароненая.

Але калі да мяне ўлетку прыязджала сяброўка з Варшавы, мы спускаліся ў бамбасховішча – насамрэч гэта такі падвал без сувязі. Не ведаю, як там цяпер, зімой. Аддаю перавагу бліжэйшаму пабу, нейкім аркам з тоўстымі сценамі, дзе людзі проста стаяць і чакаюць. Таму што некаторыя трывогі, якія мы называем «экспрэс-трывогамі», цягнуцца па 15 хвілін. Больш доўгія – гадзіна-дзве. Калі былі апошнія масіраваныя абстрэлы, трывогі былі па 3-4 гадзіны. І вось гэта ўжо больш адчуваецца.

Што робяць людзі ў гэты час? Напрыклад, калі мы з сяброўкай тады спускаліся ў наш падвал, там былі суседзі з дзецьмі, адразу з шахматамі, даміно, гралі і штось распавядалі, хтосьці віно прынёс. То-бок, ты можаш рабіць, што заўгодна, нават працаваць. Калі гэта ў пабе, то людзі могуць спяваць… У першыя дні я бачыла, як людзі спускаліся ўначы ў бамбасховішчы з падушкамі і коўдрамі – вельмі сур’ёзна ставіліся да пагрозаў. Цяпер мы ўжо больш разняволеныя, гэта я прызнаю.

Людзі настолькі прызвычаіліся, што часам могуць не заўважыць, што недзе паблізу абстрэл ці гукі трывогі. Я заўважаю, што людзі паміж сабой размаўляюць на цалкам бытавыя, неваенныя тэмы, напрыклад, дзяўчаты абмяркоўваюць хлопцаў. Зараз вельмі часта людзі размаўляюць пра генератары – ты ідзеш па вуліцы і чуеш гэта. Гэта ўсё без панікі, вельмі натуральна людзі адаптуюцца. Няма святла ў пабе? Яны запальваюць свечкі і прадаюць тое, што могуць.

Тое, як аднаўляюць пасля абстрэлаў інфраструктуру – выклікае захапленне! Таму так веру ў тое, што ўкраінская нацыя перажыве ўсю гэтую навалу. І мы перажывем гэта разам, і я буду падтрымліваць, як магу.

Зараз збіраюся вяртацца да пляцення сетак, бо рабіла перапынак на тры месяцы, але адчуваю, што ўжо трэба. Буду рабіць усё дзеля таго, каб у будучыні ў нас не было ніякіх непаразуменняў і мы зноў знайшлі агульныя кропкі, каб жыць побач і рабіць нешта побач.

Таму, ўсё будзе добра. Вядома, цаной жыццяў украінцаў – і ваенных і цывільных.

 

Вы неяк казалі, што коцік дапамагае ратавацца ад холаду – гэта ўкраінскі коцік, ці вы прывезлі яго з сабой з Беларусі? Як ён рэагуе на сігналы трывогі?

– Коцік у мяне ўкраінскі. Ён такі «бандэравец», але з Кіева. Гэта коцік майго сябра, з якім я пазнаёмілася ў студзені 2021 года. У яго ёсць сувязі з Беларуссю. Ён бортнік і этнограф, вельмі добра ведае тэрыторыю беларуска-украінскага Палесся. У нас былі агульныя кропкі сутыкнення – Беларускі свабодны тэатр. На пачатку чэрвеня ён збіраўся вяртацца ў Кіеў і запытаўся, хто можа ўзяць яго ката на ператрымку. Ад мяне якраз з’ехалі сябры, знайшлі кватэру ў Львове. А я вельмі прызвычаілася да таго, каб жыць разам з коткамі і думала пра тое, каб узяць адну з прытулку. Тут жывёлак зараз вельмі многа з гарачых зон, хацелася штось такое зрабіць.

Вырашыла, што можна на нейкі час узяць гэтага ката, бачыла яго дагэтуль і ён вельмі ўразіў… Яго гаспадар паехаў ваяваць, адразу на «перадок», таму я зразумела, што кот у мяне ўжо да перамогі.

 

Кіт. Калі ў хаце халодна, ён спіць каля абагравальніка, ці побач з Надзеяй

 

– І мы зараз на сувязі – я дасылаю сябру фота ката, якога завуць проста «Кіт» – па-ўкраінску гэта «кот». А ён дасылае мне фота месцаў, у якіх зараз, дзелімся мемасікамі. Ён мне ўдзячны за тое, што кот са мной шчаслівы, а я яму за тое, што ён робіць для перамогі Украіны.

Гэты кот – з характарам, але ў нас ёсць паразуменне. Увесь час, калі не працуе абагравальнік, ён ляжыць каля мяне ці на мне. На сігналы трывогі наагул не рэагуе. Але ў мяне адчуванне, што пакуль ён жыў у Кіеве, штосьці там чуў, таму што вельмі баіцца гукаў навальніцы і дажджу. І калі летам навальніца супадала з паветранай трывогай, гэта быў атас, ён хаваецца так, што немагчыма знайсці. Вядома, у такія моманты стараюся яго супакоіць.

 

Раскажыце трошкі пра сваё дзяцінства ў Бабруйску, у якім раёне вы жылі, па чым сумуеце? Ці сочыце за яго навінамі?

– Маё дзяцінства ў Бабруйску было звычайным. Жыла спачатку першыя пару год на Якуба Коласа ў прыватным сектары, у доме бабулі і дзядулі. Маці тады вучылася, ездзіла на сесіі, таму я там часта жыла і пасля пераезду. Год да 6 мы з бацькамі жылі на Лынькова, а пасля таго, як збудавалі дзве «кітайскія сцяны» – пераехалі ў адну з іх. Там я пайшла ў школу, у якой давучылася да выпускнога. Я застала той перыяд, калі вельмі масава з’язджалі яўрэйскія сем’і. А ў мяне было шмат класных настаўніц-яўрэек, у тым ліку першая настаўніца, і па англійскай мове. І першая блізкая сяброўка. Яна з’ехала, калі я была ў 6-м класе.

Бабруйск лічу вельмі незвычайным! Я была шмат дзе ў Беларусі, і ён не падобны на іншыя гарады. У ім рэальна ёсць свая атмасфера, месцы, якія вельмі люблю.

Калі вярталася пасля вучобы, нейкі час жыла у кватэры на Урыцкага, там была свая тусоўка. А пасля, калі я ўжо з Мінска да маці прыязджала на Ульянаўскую, адкрыўся тайм-клуб 1387. Ад таго часу маё бабруйскае жыццё дзялілася на сустрэчы з сваякамі і на тое, каб пабыць у клубе. Прыходзіла на ўсе мерапрыемствы, якія супадалі з прыездамі ў Бабруйск.

З цеплынёй узгадваю ўсе тры прасторы, якія памятаю, у якіх было анцікафэ, якія планы былі з ім звязаныя. Вельмі крута, што такое месца было, думаю, яшчэ некалі і будзе. І я ўдзячная тым, хто цяпер робіць 1387.io за тое, што вы зараз падхапілі гэтую актыўнасць, бо не хапала такога кшталту гарадскога медыя. Мне цікава чытаць пра людзей, якія робяць штосьці на карысць горада.

 

You may also like

Leave a Comment