ГісторыяКультура

Нашыя паБАБРАцімы: што гэта і хто гэта?

Мы вырашылі падсаладзіць для цябе развітанне з летам, і падрыхтавалі пару “шалёных” артыкулаў – каб узняць настрой. Першы – чытай проста цяпер, а другі выйдзе неўзабаве, гарантуем – ён будзе як мінімум незвычайны😊

А вось што тычыцца тэмы паБАБРАцімаў – тут мы вырашылі сабраць некалькі прыкладаў геаграфічных назваў (і не толькі), што датычныя бабрынай тэмы. Год таму мы ўжо паказвалі парачку геральдычных цікавостак у кантэксце навіны пра тое, што Бабруйскі раён разглядаў у якасці ўласнага герба выяву з бабром (але пакуль на сайце райвыканкаму фігуруюць усё тыя ж “мачты”, як і на гарадскім). І сённяшнія “паБАБРАцімы” не менш цікавыя.

У Бабруйскага раёна можа з’явіцца ўласная геральдыка з бабром. Пакуль там выкарыстоўваюць гарадскі герб і сцяг

Беларусь ды яе бабрыныя назвы

У Берасцейскай вобласці ёсць возера Бабровіцкае, каля вёскі Бабровічы. Яно з’яўляецца часткай ландшафтнага заказніка Выганашчанскае. Таксама ў гэтай вобласці ёсць рэчка Бобрык – левы прыток Прыпяці.

undefined

Возера Бабровіцкае. Крыніца: Вікіпедыя

На Берасцейшчыне настолькі шануюць баброў, што мясцовы лікёра-гарэлачны завод нават пачаў выпускаць “напой спіртны моцны” пад назвай “Добры бабёр” са смакам… тархуна.

А што Бабруйск? У нашым горадзе выпускаюць шакалад “Какао Бобры” двух відаў – з арахісам, кукурузнымі шматкамі і рысавымі шарыкамі, а таксама з арахісам ды салёнай карамеллю.

І яшчэ крыху настальгіі. Цікава, ці памятае хтось з нашых чытачоў такія 3 рублі, што знаходзіліся ў абарачэнні ў Беларусі ў 1992—2001 гадах?

У Мінскай вобласці ёсць гарадскі пасёлак Бобр (Крупскі раён, што стаіць на рацэ з такой жа назвай – Бобр.

Сядзіба. Дом работнікаўская

Бобр. Крыніца: Вікіпедыя

Гэта даволі старое мястэчка, першы пісьмовы ўспамін пра яго датуецца 1516 годам і валодалі ім у розныя часы Хадкевічы, Сапегі, Агінскія. Але на гербе (1762-га года), як не дзіўна, не бабёр, бо кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку магдэбургскае права і герб: “у блакітным полі дзве збройныя постаці святых Глеба і Барыса ў каронах”. Дарэчы, непадалёк ёсць і вёска з назвай Стары Бобр. А вось чым яшчэ вядомы Бобр – там нарадзіўся выбітны беларускі мастак Алесь Пушкін.

Польскі горад Тлушч (Tłuszcz) ды ягоны герб

Гэты горад у Мазавецкім ваяводстве зацікавіў нас менавіта сваёй геральдыкай – на гербе намаляваны бабёр, можна нават падумаць, што гэта адзін з макетаў для нашага горада, але не. Ён адносна новы, прыняты ў 1980 годзе. Адметна, што “першапачаткова на гербе было намаляванае карычневае дрэва без лісця, што стаіць на зялёнай траве ў сінім полі і з’едзенае чорным бабром”.

Вось як тлумачыць повязь Тлушча з бабром гісторык Марцін Олдак. Старая назва горада – Тлушэц, яна знікла ў пачатку 19 стагоддзя і звязаная з размяшчэнне першага паселішча ў топкай балоцістай мясцовасці, дзе ў сярэднявеччы жылі калоніі баброў. З іх мясцовыя вытаплівалі тлушч дзеля лекавых мэтаў. Мяса бабра таксама шанавалася, бо некаторыя праз лускаваты хвост лічылі яго рыбай, то-бок поснай стравай. У старыя часы ў Тлушчы існавала спецыяльная кантора — бабровы гаспадар і падначаленыя яму бабровыя работнікі, што клапаціліся пра гэтых жывёл. Паляванне на іх было прывілеем князя.

Таксама ў Тлушчы 7 верасня святкуюць Дзень бабра – у дзень нараджэння Дораці Рычардс, амерыканскай даследніцы гэтай жывёлы.

“Штат бабра” ў ЗША – Арэгон

Адметнасць сцяга гэтага штата ў тым, што ён двухбаковы. І акурат на рэверсе маецца намаляваны жоўты бабёр на сінім полі – адзін з мясцовых сімвалаў. Таму і афіцыйная мянушка Арэгона — “Бабровы штат” або “Штат бабра” (Beaver State).

Гэта звязана з тым, што мясцовасць там вельмі зялёная, шмат рэк, і, суадносна, шмат баброў. Лічыцца, што першыя перасяленцы з Еўропы знішчылі там вельмі шмат гэтых жывёлаў, бо надта любілі шапкі з іх футра, а нейкі час нават разлічваліся шкуркамі, як грашамі. Папуляцыю прыйшлося аднаўляць ужо іх нашчадкам.

Таксама ў штаце ёсць горад з бабрынай назвай – Бівертон (Beaverton). Ён атрымаў такую назву праз вялікую колькасць бабровых паселішчаў ды запрудаў. Вёска карэнных жыхароў, плямёнаў атфалаці, называлася Чакепі (Chakeipi) – “бабровая запруда”. А наогул, гэта толькі пара прыкладаў, бо ў ЗША ды Канадзе даволі шмат назваў, звязаных з бабром.

І яшчэ крыху геральдыкі

Што тычыцца геральдыкі – бабёр надзвычай часта з’яўляецца на гербах розных краін, і нават у Польшчы ён ёсць не толькі ў горадзе Тлушч. У сельскай гміне Баброва (Куяўска-Паморскае ваяводства) вось такі бабёр, і тут, падаецца, не трэба тлумачыць, чаму – выява супадае з назвай.

У Кіеўскай вобласці ёсць сяло Бобрык, на якім таксама выява бабра, а ў Львоўскай вобласці, у сяле Нязнанаў – на гербе ажно два бабры!

Швецыя, Нарвегія, Бельгія, Францыя – ва ўсіх гэтых краінах ёсць геральдыка з бабрамі. Напрыклад, вось, адзін з нашых фаварытаў, бабёр з Дрэца (зямля Брандэнбург, Германія):

Бабры – папулярныя. Недарэмна, такім вядомым у сеціве два гады таму стаў ролік паляка, які ўпершыню ўбачыў гэтую жывёлу на свае вочы. Пасля чаго з’явіліся нават вось такія “карты побыту”.

Bobr, kurwa | Пикабу

Крыніца: pikabu

Ну і, вядома ж, не забывай пра Гістарычнага Бабра, які запісвае тыктокі, прысвечаныя гісторыі Бабруйска. Паглядзець іх можна па гэтай спасылцы.

А якія цікавосткі пра баброў ведаеш ты? Абавязкова пішы ў наш інстаграм!

 

Цікавае

Спецпраекты