У Бабруйску неўзабаве знясуць стары хірургічны корпус лякарні ім.У.Марзона, а на яго месцы пабудуюць новы, сучасны. У гэтай пазітыўнай навіне ёсць, аднак, складнік, на які не звяртаецца ўвага – разам са старым корпусам будзе знішчаная першая бабруйская мазаіка, якая месціцца на яго фасадзе. Мы запыталіся ў аўтара гэтага манументальнага твора, мастака Сямёна Абрамава, што ён думае пра магчымае знішчэнне сваёй працы, а таксама паглядзелі, якія ў свеце ёсць прыклады ратавання і захавання мазаік.
Рамонт не дасць чаканага выніку, таму будынак пойдзе пад знос
Пра будаўніцтва новага корпуса экстраннай хірургіі на тэрыторыі Бабруйскай гарадской лякарні хуткай дапамогі ім.У.Марзона распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў.
Размесціцца новы будынак на месцы старога чатырохпавярховага хірургічнага корпуса 1972 года пабудовы. Адрамантаваць яго нельга, паводле магілёўскага чыноўніка, таму трэба знасіць. Будаўніцтва пачнецца ўжо ў 2023 годзе, скончыць яго плануецца ў 2025 годзе.
«Рамонт не дазволіць атрымаць будынак, які будзе адпавядаць неабходным патрабаванням, бо медыцына за апошнія гады сышла далёка наперад, – падкрэсліў Старавойтаў. – Таму старыя медычныя плошчы пойдуць пад знос».
Стары хірургічны корпус сапраўды ўжо даўно ў заняпадзе. Ён выглядае і матэрыяльна, і маральна састарэлым. Бабруйцы, якім даводзілася праходзіць там лячэнне, распавядалі пра жахлівыя ўмовы ў палатах. Відавочна, што рамонт ці новы будынак тут патрэбныя даўно. Аднак на фасадзе старога корпуса, які выходзіць на вуліцу Гогаля, знаходзіцца твор манументальнага мастацтва – першая мазаіка ў Бабруйску. Яе аўтар – бабруйскі мастак Сямён Абрамаў.
«Зносяць усё і не задумваюцца»
Пакуль што не было ніякіх выказванняў з боку гарадскіх уладаў адносна лёсу мазаікі, аднак ім занепакоіліся бабруйскія мастакі.
Мы запыталіся ў Сямёна Абрамава, што ён думае пра магчымае знішчэнне мазаікі, ці магчыма яе ўратаваць і як гэта можна зрабіць.
«Зносяць усё і не задумваюцца, – адразу сказаў мастак. – Гэта знак нашага часу. Напрыклад, у Маскве некалі была гасцініца «Расея», я там спыняўся не раз. У ёй было шмат мастацкіх твораў – мазаік, вітражоў. Усё знеслі. Гэтак жа і ў нас. Ні на што не глядзяць».
Мастак распавёў, што мазаіка на Марзонаўцы – не першы ягоны твор у Бабруйску, які знішчаецца.
«Без усялякай патрэбы знішчылі маю мазаіку ў сталовай прафілакторыя «Шыннік», – прыгадвае Сямён Абрамаў. – Яна на сцяне там была, пра яе шмат пісалі ў газетах. Але потым яе проста закрасілі, і я тады даведаўся пра гэта абсалютна выпадкова ад працаўніка шыннага камбіната. Але гэта ўжо даўно было».
Мазаіку для бабруйскай лякарні хуткай дапамогі Сямён Абрамаў стварыў у 1968 годзе. Працаваў над ёй у адзіночку. Яна дагэтуль, і праз 55 гадоў знаходзіцца ў выдатным стане.
Сямён Абрамаў гатовы вырабіць мазаіку для новага корпуса лякарні
Спадар Абрамаў зазначае, што яе магчыма ўратаваць – можна было б зняць з будынка і перанесці.
«Але хто гэта будзе рабіць? – задае рытарычнае пытанне мастак. – Гэта вельмі дорага. Лягчэй новую зрабіць».
І спадар Абрамаў кажа, што мог бы сам вырабіць мазаіку для новага корпусу лякарні. Калі б на гэта быў запыт, калі б мазаіка была запланаваная ў новым праекце.
Мастак прыгадвае пра дзве сваіх мазаікі, эскізы якіх ён намаляваў, але яны так і не былі рэалізаванымі – у горадзе не знайшлося для іх месца.
«Шмат гадоў таму гарадскія ўлады абяцалі мне знайсці месца, але яно так і не знайшлося. А цяпер і тым больш уладам гэта не патрэбна», – кажа спадар Сямён і дадае:
«Я да мінулага мэра звяртаўся з ініцыятывай адкрыцця мастацкага музея ў будынку былога Дома афіцэраў, і подпісы прыкладаў. Тлумачыў, што таго музея, які ўжо ёсць, мала для Бабруйска, – распавядае мастак. – Я падчас асабістай сустрэчы казаў, што бабруйскія мастакі абяцаюць падарыць па залі сваіх лепшы прац для такога музея. Але потым у афіцыяльным адказе выканкам мне патлумачыў, што на такі праект няма грошай. Чыноўнікі не хочуць браць на сябе клопат аб развіцці культуры і мастацтва ў нашым горадзе, бо адчуваюць часовасць свайго знаходжання на пасадах. Я некалі быў у Францыі ў гарадку з шасцю тысячамі насельніцтва. Дык там ёсць мастацкі музей на тры паверхі. А што ёсць у нас на 200-тысячны горад?».
У мазаіцы на Марзонаўцы няма савецкай ідэалогіі
Сюжэт мазаікі на Марзонаўцы – цалкам медычны. Мы бачым вялікі твар лекара ў медычнай масцы, з суворым, але глыбокім позіркам. Гэты лекар трымае ў руцэ чалавечае сэрца. На другасных планах мазаікі – чалавек пад рэнтгенаўскім апаратам, фігуры і твары медыкаў.
Пра ўнікальнасць мазаікі Сямёна Абрамава на Марзонаўцы кажуць эксперты. У інтэрв’ю для нашага «Віртуальнага музею мазаікі» гісторык мастацтваў Кацярына Рускевіч зазначала, што гэтая мазаіка цікавая тым, што ў ёй няма савецкай ідэалогіі, і ў ёй адразу кідаюцца ў вочы адсылкі да манументальных працаў 1920-х гадоў, асноўныя рысы якіх – лаканічнасць падачы, строгасць формаў.
https://mosaic.1387.io/vjaskovyja-sjuzhjety-liryzm-vjartanne-da-narodnaga-gistoryk-mastactva-kacjaryna-ruskevich-pra-asablivasci-belaruskaj-mazaiki/
Мастацтвазнаўца Лена Прэнц распавядала нам, як у Нямеччыне ратуюць мазаікі былой ГДР. Перад тым, як будынак будзе знесены, мазаіку здымаюць, рэстаўруюць і пераносяць на іншы будынак ці на адмысловыя панэлі. Так было з мазаікамі ў Берліне, Эрфурце, Хале ў рамках праграмы заходненямецкага фонда «Манументальнае мастацтва ГДР».
https://mosaic.1387.io/mastactvazna-ca-lena-prjenc-dosyc-znishchac-saveckija-mazaiki/
Як можна ўратаваць мазаіку
Лена Прэнц зазначае, што да такога спосабу захавання манументальнага мастацтва ёсць пытанні, хоць адназначна добра, што мастацкія творы ратуюцца ад знішчэння.
«Ёсць прыклады, калі будынак зруйнавалі, але мазаікі акуратна знялі, адрэстаўравалі і вярнулі ўжо ў іншую прастору – новы будынак, які быў узведзены на месцы старога. Гэта прыклад банка Sächsischen Aufbaubank у Лейпцыгу, – кажа мастацтвазнаўца. – З аднаго боку гэта добрая гісторыя, што мазаічныя рэльефы захавалі, адрэстаўравалі, але з іншага боку – цяпер яны стаяць у фае на панэлях, не ўпісаныя ў архітэктуру будынку, як гэта было раней».
Мазаіка на Марзонаўцы, калі яе знішчаць, будзе не першым творам манументальнага мастацтва ў Бабруйску, які мы згубілі апошнім часам. 7 лістапада быў знесены адзін з будынкаў футравай фабрыкі на вуліцы Бахарава, а разам з ім – мазаіка, якая знаходзілася на сцяне гэтага будынка. Мы распавядалі пра гэта на нашым сайце.
А як вы лічыце – ці варта захаваць мазаіку на Марзонаўцы, і калі так, то як мы можам гэта зрабіць? Дзяліцеся з намі ў каментарах у нашых сацсетках: Інстаграме і Фэйсбуку.