Палац мастацтваў – унікальны будынак, бо ўнутры для яго аздобы таксама было выкарыстана нямала цікавых элементаў, якія патрабавалі дастаўкі матэрыялаў з розных краін былога саюзу.
З артыкула «Камерцыйнага кур’ера» даведваемся, што над інтэр’ерам працаваў Барыс Папоў, былы галоўны архітэктар горада: «Увесь гэты мармур, афармленне лесвіц ды іншага – гэта яго праца. А вонкавае афармленне і прылеглыя плошчы былі ў падпарадкаванні двух маскоўскіх мастакоў».
На фота “Камерцыйнага кур’ера” можна ўбачыць, як выглядала тэрыторыя каля Палаца мастацтваў раней – з садам камянёў і дэкаратыўнымі слупамі.
Таксама аўтарка расказала, з чаго зроблены Ікар на фасадзе: матэрыял каркаса – металічныя трубы з квадратным перасекам, астатняе – нержавейка, каляровае шкло ў касетах з свінцу.
На фота: выгляд Палаца мастацтваў і прылеглай тэрыторыі да знішчэння сада камянёў, дэкаратыўных слупоў і зялёных зон. Крыніца: wiki.bobr.by
Пра тое, як зараз выглядае пляцоўка перад Палацам мастацтваў, мы ўжо пісалі ў матэрыялах пра месцы для аматараў экстрымспорта ды ў падборцы касмічных пейзажаў. Гэта голае поле, без зеляніны, якое стваралася тут цягам 2017-2018 гадоў. Нават новая скульптура дзяўчыны ў нацыянальным строі губляецца на агульным шэрым фоне.
А вось што, згодна афіцыйнай заяўцы, патрабуе фінансавых укладанняў знутры:
Значная прасадка падмурка, праз яе адбываецца адслаенне і разбурэнне адмосткі, адслаенне і ўздуцце пакрыцця даху, а правядзенне бягучых рамонтаў неэфектыўнае.
Алюмініевыя аконныя праёмы дэфармаваныя, таму цеплаправоднасць не адпавядае сучасным нормам і патрабаванням.
Мармуровае пакрыццё прылеглай тэрыторыі цалкам разбурана і патрабуе замены і добраўпарадкавання.
Вапнавая абліцавальная плітка на фасадзе будынка значна дэфармаваная і мае неэстэтычна выгляд.
Сістэмы электразабеспячэння, ацяплення, вадаправода і каналізацыі не адпавядаюць сучасным нормам і правілам.
У памяшканнях паркетныя падлогі маюць стоадсоткавы знос, адсутнічае гукаізаляцыя, месцамі руйнуецца абліцавальная плітка на сценах і перагародках, цалкам адсутнічае сучаснае тэхнічнае абсталяванне.
Цалкам не адпавядаюць сучасным тэхнічным, санітарным, бытавым і эстэтычным нормам памяшканні цэнтральнага вестыбюля, які ўключае ў сябе гардэробы ды фае.
Прыбіральні патрабуюць рамонту з улікам іх наведвання людзей з інваліднасцю.
Патрабуюць рамонту тэхнічныя калідоры, падсобныя і тэхнічныя памяшканні, артыстычныя пакоі, выставачная зала, дысказала.
Неабходная мадэрнізацыя сцэны і глядзельнай залы. Замена глядацкіх крэслаў з улікам месцаў для людзей з інваліднасцю.
Гукавое, светлавое і механічнае абсталяванне глядзельнай залы і сцэны не адпавядае сучасным патрабаванням па бяспечнай эксплуатацыі ды маральна састарэлае.
Падсумоўваючы, можна сказаць – у Палацы мастацтваў, які знаходзіцца ў гарадской камунальнай уласнасці, рамонту патрабуе ўсё! Пакуль аўтары заяўкі падбілі толькі кошт праектна-сметнай дакументацыі, аж на 101 639,90 USD. А цяпер уявіце, колькі будзе каштаваць непасрэдна сам рамонт…
Звяртае ўвагу, што праект аформлены на двух мовах – рускай і англійскай, то-бок, у якасці донараў і летась, і ў гэтым годзе (заяўка была пераапублікаваная 27.07.2022) разглядаюцца і замежныя крыніцы. Пры гэтым адзначаецца, што сафінансавання няма.
На якім этапе сёння падрыхтоўка, не паведамляецца, вядомы толькі тэрмін афармлення праекта – два гады.
Тым часам, Палац працягвае актыўнае жыццё і нават прымае гастралёраў – разам з цыркамі, выставамі і выступамі беларускіх калектываў, бабруйцаў гатовыя забаўляць Уладзімір Вінакур, «Уральскія пяльмені» і спявачка Слава.