Вернікам абяцалі, што плаціць за касцёл давядзецца не больш за 6 месяцаў. Прайшлі амаль два гады – як выглядае сітуацыя?
Дзе паўгода, там і два гады
У студзені 2023 года бабруйскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі абавязалі аплачваць арэндную плату за карыстанне будынкам касцёла. Гарадскія і касцёльныя ўлады тлумачылі гэтую неабходнасць пачаткам перадачы святыні парафіі.
Працэдура нібыта прадугледжвала спачатку адчужэнне будынку ў камунальную ўласнасць, поты здачу ў арэнду парафіі, а потым – бясплатную перадачу парафіі разам з прыбудаваным за савецкім часам пяціпавярховым будынкам былога будаўнічага трэсту.
Ці будзе касцёл у Бабруйску належаць вернікам? Пакуль выглядае, што не ў бліжэйшым часе
Вернікам абяцалі, што плаціць арэнду яны будуць толькі паўгода, а потым настане гэтае самае бясплатнае карыстанне. У прыклад ставілі нібыта такую ж схему перадачы катэдральнага касцёлу парафіі ў Магілёве (чым там у выніку скончылася справа – дакладна невядома).
Аднак, як даведаліся беларускія каталіцкія медыі, бабруйская парафія дагэтуль плаціць арэнду. Раней грошы на яе збіраліся з ахвяраванняў вернікаў, імаверна, цяпер нічога не змянілася. Сума арэнды крыху большая за 100 долараў на месяц.
Пра перадачу касцёла ў бясплатнае карыстанне ўжо ніхто нічога не гаворыць, ці ёсць нейкія істотныя зрухі ў гэтай справе – невядома. Такім чынам, абяцаныя паўгода расцягнуліся на ўжо амаль два гады.
3 кастрычніка ў бабруйскай парафіі быў прызначаны новы пробашч – ім стаў ксёндз Андрэй Таўрук, які раней служыў у Віцебскай дыяцэзіі.
Гісторыя шматпакутнай святыні
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску быў пабудаваны ў 1906 годзе ў стылі неаготыкі з рысамі мадэрну. Аўтарам праектаў стаў гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, рэпрэсаваны і забіты ў 1937 годзе.
У 1912 годзе касцёл асвяціў мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі. На пачатку ХХ стагоддзя ў бабруйскім касцёле служыў святар, беларускі паэт і публіцыст Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля).
Падчас Першай сусветнай вайны ў Бабруйску служыў дабраславёны ксёндз Міхал Сапоцька.
У 1935 годзе савецкія ўлады забаранілі службы ў касцёле, зрабілі ў ім гаспадарчыя памяшканні. Касцёл зноў адчыніўся ў 1941 годзе, калі Бабруйск быў акупаваны нямецкімі войскамі.
Пасля вайны, у 1946 годзе савецкія ўлады зноў зачынілі касцёл.
У 1960-я гады (1963, 1964 ці 1968 паводле розных крыніцаў) годзе верхнюю частку званіцы касцёла разбурылі, а тое, што засталося, убудавалі ў пяціпавярховы будынак. Так касцёл у Бабруйску стаў такім, якім мы сёння яго бачым.
У кастрычніку 1989 года было прынятае рашэнне аб перадачы касцёла вернікам, аднак рэалізаванае яно было толькі ў сакавіку 1990 года.
9 снежня 1996 года адбылася рэкансэкрацыя касцёла ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.