Персанальная выстава бабруйскай фатографкі Алы Сказавай адкрылася ў кавярні «Любімае месца»

У халодныя снежаньскія дні бабруйская кавярня «Любімае месца» запрашае сагрэцца не толькі кавай, але і прыгажосцю і сямейным цяплом. З 28 лістапада ў кавярні працуе персанальная выстава фатографкі Алы Сказавай.

Персанальная фотавыстава Алы Сказавай у кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

 

Бабруйчанка Ала Сказава – сямейная фатографка. Яна не любіць здымаць пастановачныя сцэны ў студыях. Ала прыходзіць у сям’ю як блізкі чалавек, як сябар. Яна не просіць ад вас прыняць тую ці іншую позу (ну толькі часам штосьці крыху падказвае), а проста назірае за вашым жыццём і ловіць у аб’ектыў самыя шчырыя і пяшчотныя моманты, якія пакажуць не толькі вашую прыгажосць, але і раскрыюць вас як чалавека. Ала ўмее перадаць на фота эмоцыі, пачуцці – самае каштоўнае, што будзе саграваць і праз гады.

«Шмат чаго раскрываецца падчас здымак – дзеці паказваюць свае рэчы, малюнкі, любімую ежу, распавядаюць, што ім важна, што яны любяць – ты проста чытаеш сям’ю як кнігу. І мне гэта падабаецца, гэта цікава. Калі ідзе такая жывая камунікацыя, часам забываюся, навошта прыехала – так уцягваюся ў жыццё сям’і. Часам, калі ўжо ведаеш сям’ю, дзеці чакаюць другую здымку, бо ім весела, для іх гэта як свята», – распавядала нам Ала, як праходзяць здымкі ў сем’ях.

Персанальная фотавыстава Алы Сказавай у кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

Персанальная фотавыстава Алы Сказавай у кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

 

Ала доўга шукала свой шлях у фатаграфіі, свой унікальны жанр. Яна пачынала з вясельных фота, здымала і ў студыях. Але ўвесь час адчувала, што хоча больш і глыбей. Бабруйчанка хацела ад фота сапраўднасці. І знайшла яе ў сямейнай фатаграфіі.

На выставе ў «Любімым месцы» прадстаўленыя каля 200 фотаздымкаў, якія перадаюць інтымныя і кранальныя моманты з жыцця бабруйскіх сем’яў – гэта і гульні з дзецьмі, сумеснае чытанне кніг, гатаванне ежы, сямейныя пасядзелкі за гарбатай, шпацыры ці проста абдымкі, усмешкі і позіркі адзін аднаму ў вочы.

Персанальная фотавыстава Алы Сказавай у кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

Персанальная фотавыстава Алы Сказавай у кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

Персанальная фотавыстава Алы Сказавай у кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

Персанальная фотавыстава Алы Сказавай у кавярні «Любімае месца». Фота: 1387.io

 

Сваёй фотавыставай Ала хацела нагадаць бабруйцам пра каштоўнасць сям’і і паказаць прыгажосць сямейнага кахання. «Любімае месца» яна выбрала, бо гэта менавіта сямейная кавярня, дзе бабруйцы бавяць час сем’ямі, разам з дзецьмі.

Год таму мы рабілі вялікае інтэрв’ю з Алай. Чытайце, адкрывайце для сябе свет сямейнай фатаграфіі і завітвайце ў снежні ў «Любімае месца»- атрымаць асалоду ад кавы і фотавыставы Алы Сказавай.

«Хатнія здымкі – гэта пра тое, каб пабыць разам, паабдымацца». Размова з фатографкай Алай Сказавай