Ала Сказава – вядомая ў Бабруйску фатографка. Яна здымала вяселлі, вучняў у школах, рабіла студыйныя партрэты. Цягам апошніх двух гадоў бабруйчанка спецыялізуецца на хатніх сямейных здымках. Ала разам са сваёй вучаніцай Кацярынай – адзіныя ў Бабруйску працуюць у гэтым жанры фатаграфіі. Фатографка кажа, што нарэшце адчувае сябе шчаслівай у працы. Пагутарылі з Алай пра асаблівасці хатніх здымак, чаму ў Беларусі гэты кірунак не такі папулярны, як у заходніх краінах, і ці патрэбныя для фотасесіі дома свежы рамонт і ідэальны парадак.
«Я стамілася ад мішуры і бляску, хацелася цёплага, утульнага, хатняга»
– Ала, ты даўно фатаграфуеш, маеш вялікі досвед працы ў розных жанрах фатаграфіі, але апошнім часам ты прапаноўваеш сямейныя фотасесіі дома, у хатніх умовах. Распавядзі, калі ласка, у які момант і чаму ты прыйшла да хатніх здымак?
– Здымаць людзей у іх дома я спрабавала даўно, але раней у мяне ў галаве яшчэ ўсё было інакш. Хацелася нечага стракатага, фарбаў. Я здымала вяселлі, у студыях. У 2020 годзе падчас пандэміі мы ўсе ў сям’і захварэлі на ковід. Я трапіла ў лякарню на месяц. Потым быў яшчэ месяц каранціну дома. Атрымаўся даўгі перапынак, падчас якога я глядзела, што здымаюць іншыя, назірала і шмат думала, чаго я хачу. Прыкладам для мяне тады сталі дзве фатографкі з Эстоніі і Расеі, якія робяць хатнія здымкі. Гледзячы на іхныя працы, я зразумела, што як раз гэтага і хачу. Гэты жанр моцна ўва мне адгукаўся.
Хатнія здымкі Алы Сказавай. Фота: асабісты архіў Алы Сказавай
Мне падабаўся падыход тых фатографак – яны не імкнуліся апранаць герояў фота з іголачкі, каб усё было падабрана, адпрасавана. Для іх важнейшым было перадаць атмасферу. Мяне гэта здзівіла – сапраўды так можна? Бо ў нас жа прасоўвалася ідэя, што трэба прыгожа апрануць мадэль, каб была дарагая карцінка. А я на той момант стамілася ад мішуры, бляску, мне хацелася нечага цёплага, утульнага, хатняга. І я вырашыла паспрабаваць.
«Яны ўсе родныя, я прапусціла іх праз сябе»
– Ці проста было пачынаць? Як бабруйцы сустрэлі новую прапанову ў фатаграфіі?
– Калі ў мяне пытаюцца, якія здымкі ў мяне былі самыя цікавыя, я адказваю, што як раз тыя першыя, на самым пачатку. Яны тады пераносіліся два разы. Я перажывала, што так і не атрымаецца, але гэта таксама мяне шмат чаму навучыла – прыняццю сітуацыі, разуменню, што калі нешта павінна адбыцца, яно адбудзецца, а калі не, дык і не трэба, значыць, не маё.
Тыя здымкі ўрэшце адбыліся. Я прыйшла ў маленькую, са своеасаблівымі ўмовамі, але светлую кватэру. Вельмі хвалявалася, нягледзячы на ўвесь свой стаж. Мне дапамагла размова. Я ўвогуле люблю камунікаваць з людзьмі. І так мы размаўлялі, а я здымала. Час праляцеў незаўважна. Я прыйшла дамоў, перагледзела фотаздымкі, і мне ўсё спадабалася. Раней у мяне быў больш крытычны погляд на ўласныя працы. А гэтым разам, калі апрацоўвала фотаздымкі, я ўсміхалася. Я пачала атрымліваць задавальненне не толькі ад працэсу здымкі, але і ад адбору і апрацоўкі фота.
За другую палову 2022 года я зрабіла, напэўна, каля 30 хатніх здымак. Я хацела натрэніравацца бачанню, зрабіць партфоліа. Усе тыя працы мне дагэтуль падабаюцца. Калі мне сумна, я вяртаюся да іх, пераглядаю і разумею, што я іх люблю і ўсё было недарма. Яны ўсе родныя, я прапусціла іх праз сябе.
«Мы падчас здымак столькі наабдымаліся, і гэта самае каштоўнае»
– Ты цяпер здымаеш выключна дома?
– Не, я магу паздымаць у студыі, часцей, калі знаёмыя просяць. Яшчэ я люблю фоташпацыры, але калі не вызначаюць адразу нейкія ўмовы. Напрыклад, гэтым летам усе ездзілі фатаграфавацца ў сланечнік. Увесь Інстаграм быў у сланечніках. Такія гламурныя фэшн-здымкі – гэта, канешне, прыгожа, але я разумела, што хачу інакш. Я запрасіла тую самую сям’ю з першых здымак, і мы паехалі ў кукурузу. Мы там насмяяліся, дзеці добра бавілі час, а я радавалася, што не паддалася трэнду сланечнікаў, хоць гэта і грошы, заробак. Але ў працы толькі дзеля большага прыбытку я б выгарэла.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
– Якія сюжэты ты здымаеш дома?
– Звычайнае жыццё – як дзеці гуляюць, як сям’я п’е гарбату з тортам. З апошніх мяне кранулі здымкі дзяўчыны і ейнай хворай на анкалагічнае захворванне маці. Мама рыхтавалася да хіміятэрапіі, і напярэдадні яны з дачкой вырашылі зрабіць хатнія здымкі. Я прыехала. Мы здымалі, пяклі печыва, абдымаліся.
Наконт абдымкаў – не раз чула водгукі пасля здымкаў кшталту: «Дзякуй, Ала! Не столькі ў фота справа, колькі ў тым, што падчас здымак мы столькі наабдымаліся, і гэта самае каштоўнае».
«Падчас здымак я імкнуся выклікаць эмоцыі»
– Як людзі сябе паводзяць на хатніх здымках? Як у цябе атрымліваецца зрабіць так, каб усё сапраўды было натуральна, жыва, каб людзі не бянтэжыліся, не заціскаліся, не імкнуліся граць?
– Людзі на здымках заўсёды хвалююцца, нават калі мы даўно ведаем адзін аднаго. Не ведаюць, што рабіць, пытаюцца. Я з імі размаўляю, стараюся адключаць ад засяроджанасці менавіта на здымках, імкнуся зрабіць так, каб яны не звярталі ўвагу на камеру. Часам дзеці не хочуць здымацца – з імі трэба знайсці зацікаўленасці, граць на псіхалогіі. Напрыклад, калі здымаеш толькі бацькоў, у дзяцей заўсёды спрацоўвае зайздрасць – як гэта – штосьці адбываецца без мяне? І тады яны ўключаюцца ў працэс. Я імкнуся рассмяшыць падчас здымак, выклікаць эмоцыі, справакаваць на нейкае дзеянне.
Калі я бачу, што людзі стаміліся, мы змяняем лакацыю. Напрыклад, я прыехала да сям’і, мы паздымалі партрэты, а дзіця ўвесь час узгадвала пра торт, які яны з бабуляй спяклі. І я разумела, што калі мы зараз не пойдзем есці гэты торт, то дзіця проста перагарыць. І мы пайшлі піць гарбату з тортам. Бабуля дастала сервіз, прымала нас як дарагіх гасцей, дзеці неслі філіжанкі – усё было вельмі душэўна.
«Я за эстэтыку, бо паважаю жанчын». Паразмаўлялі з Наташай Рымашэўскай, фатографкай з Бабруйска
«Фота перадае эмоцыі, а не адсутнасць рамонту»
– Напэўна, дзяцей прасцей уцягнуць у працэс фотаздымкі? А заціснутых дарослых?
– Ёсць таты, якія не любяць фатаграфавацца. Тады я ім кажу – а вы проста пасядзіце вось тут, патрымайце вось філіжанку – так пачынаю пакрыху прабіваць браню. І часта атрымліваецца. А бывае, калі таты няма на здымках, ён потым пабачыць фотаздымкі і кажа, што таксама хоча.
Увогуле, шмат чаго раскрываецца падчас здымак – дзеці паказваюць свае рэчы, малюнкі, любімую ежу, распавядаюць, што ім важна, што яны любяць – ты проста чытаеш сям’ю як кнігу. І мне гэта падабаецца, гэта цікава. Калі ідзе такая жывая камунікацыя, часам забываюся, навошта прыехала – так уцягваюся ў жыццё сям’і. Часам, калі ўжо ведаеш сям’ю, дзеці чакаюць другую здымку, бо ім весела, для іх гэта як свята. У адной сям’і дзеці мяне вельмі чакалі, бо ведалі, што змогуць пааблівацца вадой – гэта было ўлетку на дачы. І вось мы едзем, а малыя ўжо на плоце вісяць, глядзяць, дзе мы.
– Якой павінна быць кватэра, дом, каб атрымаліся добрыя фотаздымкі?
– Часта людзі перажываюць, што ў іх няма рамонту. Я тады кажу, што фатаграфія мае цудоўную ўласцівасць не бачыць гэтага. Фота перадае эмоцыі, і вы будзеце потым менавіта гэта згадваць, а не нейкія трэшчыны, падраныя шпалеры, бо іх проста не будзе на здымку.
Адначасова, калі вас штосьці сапраўды бянтэжыць у кватэры, на час здымак проста прыбярыце гэта, тыя ж каробкі на шафе.
«Здымкі мяне натхняюць, гэта абмен энергіяй»
– Ты так моцна ўнікаеш у сітуацыю, імкнешся расслабіць, адкрыць людзей. Гэта не стамляе? Бо тут ужо не проста праца фатографа атрымліваецца, а і псіхалагічная.
– Мне дапамагае досвед. Я ж здымала школы, шмат з дзецьмі камунікавала. Таксама навучанне ратуе, у тым ліку, калі я сама была выкладчыцай. Я часам прыходжу са здымак стомленая, але натхнёная, бо адбыўся абмен энергіяй – сям’я мне, я – ёй. Таму гэтая стомленасць прыемная. Я ўзгадваю здымкі з усмешкай. Я радуюся, што раблю важныя рэчы, што захоўваю для людзей іх моманты. У студыі я такога не адчуваю.
Я знайшла сваё. Я штодня пра гэта думаю. Калі я сумняюся, заходжу ў архіў, праглядаю здымкі і разумею, што ўсё недарма, і я застануся ў гэтым кірунку.
«У нас людзі яшчэ жывуць яркімі студыйнымі фотаздымкамі»
– Акрамя цябе, хтосьці ў Бабруйску яшчэ займаецца хатнімі фотаздымкамі? Я, шчыра кажучы, не бачыла ніводнай прапановы, толькі тваю.
– Яшчэ мая вучаніца Каця Казлоўская, але яна больш любіць шпацыры і жаночы партрэт. Я ж люблю менавіта здымкі дома. А больш у горадзе ніхто так не здымае.
– Чаму? Трэнд сямейных хатніх фота толькі прыходзіць у Беларусь? Ці людзі яшчэ не прызвычаіліся і не так шмат попыту?
– У нас людзі яшчэ жывуць яркімі студыйнымі фотаздымкамі, ім яшчэ не хапіла гэтага, яны яшчэ не вельмі разумеюць, што насамрэч добра, камфортна, па-сапраўднаму – дома. Найперш думаюць пра тое, што няма рамонту, нешта не так, мэбля старая. Жывуць шаблонамі, што ўсё павінна быць ідэальна. Не могуць расслабіцца. Хоць, бачу, што нашая моладзь ужо іншая.
Прыйшла я неяк у адну сям’ю, і мне гаспадар кватэры, малады хлопец, кажа – паглядзіце, якая ў нас столь – гэта мама рабіла. А там на столі – ляпніна, некалі модная ў 90-х. Я б яе даўно прыбрала і проста затынкавала. Але для гэтага хлопца тая ляпніна – частка ягоных успамінаў пра маму, якая ўжо пайшла з жыцця. І я тады зразумела, што для мяне вельмі важна зафіксаваць гэта. Я легла на падлогу, хлопец з жонкай нахіліліся да аб’ектыву, і іхныя твары атрымаліся на фоне часткі гэтай столі. Я пачула гэтага чалавека і зразумела, што для яго гэта было важным, а не гламурныя фотаздымкі.
Агулам жа я не адмаўляю студыйную здымку. Якасныя, прыгожыя партрэты павінны быць і адтуль. Але хатняя здымка – гэта пра тое, каб пабыць разам, паабдымацца. Фотасесіі ў студыі для мяне цяпер – гэта несапраўдная гісторыя.
«Люблю нестандартные сьёмки». Ник Шецкий о любви к видео, готовке и народном телевидении
«Дзе ёсць сямейнасць, там і развіваецца сямейная фатаграфія»
– У якіх краінах хатняя фотаздымка больш распаўсюджаная, чым у Беларусі?
– У Заходняй Еўропе. Назіраю за адной беларускай, якая цяпер жыве ў Гданьску. Некалі яшчэ ў Беларусі яна пачынала здымаць роды, і ў Польшчы далей развіваецца ў гэтым кірунку. Там з гэтым прасцей – больш распаўсюджаныя хатнія роды, доўлы, у радзільнях таксама можна здымаць.
Хатнія здымкі распаўсюджаныя там, дзе ёсць культ сямейнасці, дзе каштоўнасць сям’і на першым месцы. І я думаю, што за гэтым будучыня, і да нас гэта таксама прыйдзе. Надзею на гэта мне даюць сем’і, у якія я прыходжу, дзе ўсё добра, людзі трымаюцца адзін аднаго, ёсць узаемадапамога. Не ўсё заўсёды гладка, і гэта нармальна, але сем’і сябруюць. Дзеці прыязджаюць да бацькоў, бацькі – да дзяцей. Там ёсць сямейнасць, і там будзе развівацца такая фатаграфія. Бо там людзі, якія не баяцца выглядаць па-сапраўднаму, і няхай у цішотцы, спартыўных штанах. А я шчаслівая, што знаходжу такія сем’і ў нас.
«Фотасесія не ўратуе сям’ю, не заткне нейкія дзіркі»
– Але ж, напэўна, калі б у сям’і нешта было не так, яна б не стала замаўляць хатнія здымкі?
– Бывае па-рознаму. Напрыклад, калі сям’я разыходзіцца, жанчына адразу замаўляе фотасесію, каб пераканаць сябе, што яна ўсё яшчэ файная, сексуальная. Я не бяру такія замовы, бо не лічу правільнымі такія матывацыі.
Бываюць сітуацыі, калі ў мужа палюбоўніца ў іншым горадзе, а яго на аркане зацягнулі на сямейную фотасесію. У яго на твары напісана, што яму ўсё гэта непатрэбна.
Не трэба здымацца ў такіх выпадках. У некаторых ёсць дзіўныя ўяўленні, што фотасесія закрые нейкую дзірку ў сям’і, уратуе. Я пра гэта нават пост пісала ў сацсетках – не хадзіце з такімі матывамі на здымкі, на дапамогуць яны вам адрадзіць сям’ю.
Фотасесія дапаможа вам запомніць моманты і аддзячыць за іх у свой час. Але яна не ўратуе, калі штосьці не клеіцца. Фотаздымак адлюстроўвае ўсе эмоцыі, і я таксама іх счытваю, і часам бывае няўтульна, калі штосьці штучна спрабуюць паказаць. Увогуле, трэба разумець, што хатнія здымкі вы ладзіце не для фатографа, што гэта звычайны дзень, які вы жывяце для сябе, побач адзін з адным, а фатограф проста зафіксуе для вас гэтыя вашыя моманты.
У той жа час добрыя сем’і натхняюць. Ты глядзіш на іх і разумееш і лішні раз сабе нагадваеш, што трэба трымацца сям’і, што яна – самае каштоўнае ў жыцці.