Усе фота з асабістага архіва гераіні
Наша суразмоўніца нарадзілася ў Бабруйску, жыла на Даманскім, скончыла школу нумар 16. Пасля паступіла ў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт англійскай мовы, што і паўплывала на яе далейшае жыццё. Пасля навучання ёй прысвоілі кваліфікацыю «лінгвіст, выкладчык англійскай і італьянскай моў, а таксама рускай як замежнай».
– Праз два тыдні пасля заканчэння ўніверсітэту я зразумела, што не гатовая развітацца з навукай і паступіла ў магістратуру на аддзяленне замежнай літаратуры, – прыгадвае бабруйчанка. – Абараніла дысертацыю з прысваеннем кваліфікацыі магістр філалагічных навук. Працавала па спецыяльнасцях у Беларусі, падчас вучобы ў магістратуры выкладала на вячэрніх курсах у МДЛУ, працавала ў некалькіх арганізацыях выкладчыцай і перакладчыцай.
У гэты ж час з Анастасіяй здарылася яшчэ адно лёсавызначальнае знаёмства – з сабакам Нафанем.
–Калі я была на чацвёртым курсе, у доме, дзе здымала кватэру, жыў чалавек, які жорстка абыходзіўся са сваім кокер-спаніэлем. Мая першая афіцыйная аперацыя па яго выратаванні скончылася тым, што я прывезла яго дадому і ён знайшоў прытулак у маіх бацькоў, – расказвае суразмоўніца. – У выніку доўгіх гадоў жыцця з гэтым жорсткім чалавекам у Нафані пахіснулася здароўе, ён пакутаваў ад эпілепсіі і ў 2013 годзе ў яго развілася нырачная недастатковасць. Паўгода я яго лячыла і даглядала як магла, не шкадуючы сродкаў, сіл і часу. На жаль, ён сышоў.
Праз паўгода пасля смерці гадаванца, я вырашыла падарыць яго рэчы прытулку. Так я прыйшла ў дабрачынную арганізацыю «Добродетель», дзе сустрэла свайго будучага гадаванца – Малыша, які радуе мяне і сёння.
Анастасія дапамагала прытулку некалькі месяцаў, пасля чаго ў яе з’явілася жаданне зарэгістраваць сваё таварыства – «Пять свобод», у якім яна магла б рэалізаваць свае ідэі гуманнасці, празрыстасці і сумленнасці ў дачыненні да выратавання бяздомных жывёл.
– Хацелася ўцягнуць больш людзей у выратаванне, прышчапіць гуманнасць, дабрыню і спачуванне, але сутыкнулася з неразуменнем. Многія лічылі, што людзі, якія ратуюць жывёл – гэта невялікая катэгорыя няшчасных людзей з неўладкаваным асабістым жыццём, якія пакутуюць ад адзіноты. Хацелася паказаць, што гэта не так. Паспяховыя і сямейныя людзі таксама маюць добрыя сэрцы і гатовыя прысвяціць свой вольны час выратаванню. У 2015 годзе мы зарэгістравалі «Пять свобод». У той час нават мясцовыя чыноўнікі скептычна ставіліся да маёй ідэі, задавалі няёмкія пытанні пра крыніцы фінансавання, вышуквалі нейкае карысталюбства ў маёй дабрачыннай справе, – тлумачыць суразмоўніца.
Малыш ды Барсік, гадаванцы Анастасіі
Першым старшынёй нашага таварыства была Наталля Дзяшчэня, якая і сёння актыўна займаецца выратаваннем жывёлаў, але ўжо як незалежная валанцёрка. На змену ёй на некалькі гадоў прыйшла Анастасія, а ў гэтым перадала абавязкі Алёне Грэўцавай.
– Алена прыйшла ў таварыства са сваімі новымі ідэямі і я веру, што яна зможа іх рэалізаваць і зрабіць «Пять свобод» яшчэ лепш. Таксама я вельмі ўдзячная Наталлі Чараповіч і Кацярыне Дубашынскай, якія зрабілі вялізны ўнёсак у развіццё нашай справы па выратаванні жывёл. І нам заўсёды патрэбныя рукі, таму будзем рады прыняць у свае шэрагі ўсіх, хто шчыра і бескарысліва жадае несці дабрыню ў свет.
Як мы ўжо пісалі вышэй, на рашэнне Анастасіі выправіцца працаваць на вялікую ваду паўплывала яе лінгвістычная адукацыя.
– Заўсёды хацелася пабываць у краінах моў, якія я вывучала. Некалькі разоў спрабавала выехаць у ЗША па абмене, але была вельмі маладая, не атрымалася даказаць у пасольстве свой неіміграцыйны статус. Мне працягвалі адмаўляць у візе зноў і зноў. А калі нешта забараняюць, то хочацца яшчэ больш, – тлумачыць Анастасія. – Так я паехала працаваць і вучыцца ў Англію на некалькі месяцаў, потым была Італія, потым Кітай.
Пасля заканчэння магістратуры і офіснай працы ў Мінску я адчула, што душа прасіла падарожжаў і прыгод. Мая добрая знаёмая, Аксана Радзько, якая стаяла ля вытокаў адпраўкі першых падарожнікаў па моры, прапанавала паспрабаваць сябе ў ролі фатографкі ў кампаніі Royal Caribbean.
Праца была цяжкай і знясільваючай, па 14 гадзін у дзень без выхадных. Праз год я вырашыла сысці. Звольнілася, таму што мне не хапала павагі, да якой прывыкла, працуючы выкладчыцай, перакладчыцай і дырэктаркай па маркетынгу – такі вопыт таксама быў. Да нас ставіліся як да абслугоўваючага персаналу і не гублялі магчымасць нагадаць, дзе было наша месца.
Анастасія вярнулася дахаты, два гады актыўна займалася выратаваннем жывёл, анлайн працавала перакладчыцай, выкладчыцай, удзельнічала ў складанні навучальнага матэрыялу па літаратуры для школьнікаў у адным са сталічных выдавецтваў і з энтузіязмам бралася за любую справу на сваім шляху. Але з часам засумавала, захацелася зноў падарожнічаць.
– У 2015 годзе я з’ехала працаваць на рэсэпшн ў кампанію Carnival, дзе і працую да сёння. У першы час мне вельмі падабалася праца, бо яна была вельмі адказная. На караблі рэсэпшэн адказвае за ўсё!
У разуменні нашых людзей ты проста стаіш прыгожа і выдаеш ключы. А ў Амерыцы – гэта цэлы свет і бязмежны спіс абавязкаў, якія ўключаюць лідарства пры эвакуацыі ў выпадку надзвычайных сітуацый. За гэта прысвоілі афіцэрскае званне, ну і што казаць, белая афіцэрская форма з пагонамі мяне таксама цешыла. Але няма мяжы дасканаласці і мая цяга да вандровак прывяла ў аддзел экскурсій, – кажа бабруйчанка.
Анастасія падкрэслівае, што ўсе гарады і выспы, якія яна наведала, складана пералічыць. «Калі-небудзь прыгадаю ўсё, калі будзе вольны час», – абяцае суразмоўніца. Яна пабывала на Карыбскіх, Багамскіх, Антыльскіх, Туркскіх, Бермудскіх, Канарскіх астравах. Наведала Егіпет, Італію, Іспанію, Францыю, Англію, Кітай, Турцыю, Ізраіль, Грэцыю, Мексіку і многія іншыя краіны.
Сёння бабруйчанка працуе намесніцай кіраўніка аддзелу турызму на круізных лайнерах.
– Праца заключаецца ў арганізацыі лагістыкі тураў, продажы тураў, таксама гэта праца над удасканальваннем прадукту, маркетынг, бухгалтэрыя, навучанне новага персаналу, планаванне, продаж, праца са скаргамі, развіццё новых напрамкаў. Гучыць як аддзел з 10 чалавек, але не, нас толькі чацвёра, а часам і трое, – знаёміць суразмоўніца з спецыфікай пасады.
– Працоўны дзень доўгі – да 14 гадзін у дзень, выходных няма цягам 6-8 месячнага кантракту. На першы погляд гучыць як штось немагчымае, але, як паказвае практыка, усё магчыма. Стомленасць убудоўваецца ў твой дзень і робіцца нармальным станам. Гэтая праца не для людзей з слабымі нервамі, бо распарадак на караблях падобны на армейскі: усё ў час і ўсё па струнцы. Існуе вельмі шмат правілаў. Многія з іх не маюць ніякага сэнсу, але яны ёсць і не прытрымлівацца іх не атрымаецца.
З плюсаў падкрэслю, вядома, магчымасць паглядзець свет і блізка пазнаёміцца з іншымі культурамі.
У нас міжнародны склад супрацоўнікаў, на маім судне працуюць людзі з 68 краін.
Цікава даведвацца з першых вуснаў аб іх жыцці, традыцыях, культуры. Гэткі досвед вучыць пакоры і дысцыпліне, жалезнаму цярпенню і разуменню, бо тое, што ў іншых краінах прынята і нармальна для нас – можа здавацца дзікунствам. Але гэта не азначае, што гэта дрэнна, проста па-іншаму.
У моры ўсе жывуць дружна і падтрымліваюць адно аднаго, усе ўсміхаюцца і міла маюць зносіны. Натуральна, там, дзе ёсць людзі канфлікты непазбежныя, усё бывае. Але, калі людзі знаходзяцца ў замкнёнай прасторы, яны вымушаныя знаходзіць альтэрнатыўныя метады вырашэння канфліктаў, таму ва ўсіх вельмі добра развіты камунікатыўныя навыкі.
У Бабруйск Анастасія прыязджае два разы на год, адпачынак доўжыцца месяц, калі пашанцуе – два.
– Дома ў мяне бацькі, брат, бабуля, кот Барсік і той самы сабака Малыш, якога забрала з прытулку «Добродетель». Дарэчы, Барсік сам прыйшоў да мяне ў дом і вырашыў застацца. Як можна было яму адмовіць?
Калі я прыязджаю дадому, то праводжу ўвесь свой час з сямʼёй, жывёламі, сустракаюся з сябрамі, люблю ездзіць на рыбалку, збіраць грыбы і гуляць па зімовым лесе, назіраючы за вавёркамі.
У гэтым сезоне, кажа Анастасія, ёй пашанцавала, бо з амаль 100 прэтэндэнтаў яна трапіла ў лік 12-ці чалавек, якіх адправілі на Аляску.
– За столькі гадоў падарожжаў я думала, што ўсё ўжо бачыла. Але Аляска мяне па-сапраўднаму ўзбадзёрыла і ўзрушыла.
Першае адчуванне было, што я прыехала дадому. Прырода, паветра, лес, жывёлы… Алені, ласі і мядзведзі, якія могуць проста прайсці побач, марскія коцікі, арлы лётаюць над галавой – як у нас галубы. Незвычайна чыстае паветра і вельмі спакойнае і мернае жыццё.
Людзі радуюцца кожнаму дню, з цікавасцю назіраюць за куранятамі ў сваім двары, а ўвечары ў бары абмяркоўваюць, што кураняты рабілі і як яны гулялі.
Аляска вельмі адрозніваецца ад іншых амерыканскіх штатаў, тут людзі далёкія ад палітыкі і сусветных крызісаў, яны вельмі беражліва ставяцца да прыроды, тут не ўбачыш горы смецця. Усюды ёсць чыстыя грамадскія прыбіральні, лавачкі і смеццевыя бакі.
Мясцовыя людзі займаюцца актыўнымі відамі спорту, летам узмоцнена працуюць, а зімой адпачываюць, таму што заканчваецца турыстычны сезон.
З мясцовага жыцця Анастасія адзначае вельмі зменлівае надворʼе: сёння ты можаш быць у шортах і майцы, а заўтра ў поўным зімовым абмундзіраванні.
– Пакуль маё самае любімае месца з тых, у якіх даводзілася быць – Аляска, – кажа бабруйчанка. – Вядома, у кожнай краіне было нешта сваё. Мяне заўсёды радуе дамініканская і мексіканская гасціннасць і хоць гэтыя краіны вельмі далёкія ад Беларусі тэрытарыяльна, уменне сябраваць і прымаць гасцей, дапамагаць у цяжкую хвіліну – робяць іх падобнымі да нас.
А па Алясцы ў нас сямідзённыя круізы і кожны дзень мы спыняемся ў розных партах: Juneau, Skagway, Ketchikan, Icy Strait Point, Sitka, Victoria (Canada), і праходзім праз ф’ёрд Tracy Arm Fjord. Раніцай прыбыццё, вечарам адбыццё.
Ці паўплываў такі, прыгодніцкі лад жыцця, на жыццёвую філасофію нашай гераіні? Яна кажа – так, і карэнным чынам.
– Па-першае, калі чалавек суткамі працуе і ў прынцыпе жыве на працы, як у маім выпадку, ён пачынае шанаваць маленькія радасці. Калі я жыла ў Беларусі, то як і ўсе чакала пятніцы, выходных, і мне здавалася, што я так стамілася, працуючы 5 гадзін у дзень і мне трэба адпачыць, – смяецца Анастасія. – А тут мы не ведаем дні тыдня, таму за выходнымі няма сэнсу сачыць. Нашы дні мы лічым па партах.
Яшчэ ў нас няма бальнічных, як аказалася, можна пахварэць пару гадзін і нават ачуняць. Выключэннем быў каронавірус, калі міжнародная арганізацыя аховы здароўя абавязвала ізаляваць хворых на яго.
Праца ў моры мне дала зразумець, што ўсё ў гэтым жыцці магчыма і няма перашкод, калі сам сабе іх не пабудуеш. Людзі валодаюць велізарным патэнцыялам, але не заўсёды ведаюць, як яго выкарыстоўваць.
Досвед працы з рознымі нацыянальнасцямі даў зразумець, што няма дрэнных нацый, а ёсць проста дрэнныя людзі ў кожнай краіне.
Калі ты нясеш дабро, то яно вернецца да цябе ў розных формах. Бо вельмі проста схавацца ў сваю ракавінку і не бачыць праблемы, тых, хто мае патрэбу, а пасядзець і пачакаць пакуль нехта іншы прыйдзе і ўсё вырашыць. Не трэба баяцца даць волю сваім пачуццям, жаданням і быць патрэбнымі ды карыснымі. Таму лозунгам нашага таварыства абароны жывёл на працягу многіх гадоў з’яўляецца: «Разам – мы сіла». Абʼяднаўшы намаганні і розумы многіх, можна змяніць стаўленне да жывёл, і не толькі да іх, у лепшы бок.
– І вельмі слушным быў пачатак вядомага верша:
«Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць».
Беларусь – выдатная краіна з дзівоснымі людзьмі, якім проста трэба навучыцца любіць і шанаваць сябе, а таксама месца, у якім нарадзіліся. Таму я заўсёды рада дзяліцца сваім вопытам падарожжаў і жыцця, а раптам каму-небудзь спатрэбіцца, – рэзюмуе Анастасія.
.