Месцы

«Праз чатыры гады тут будзе горад-сад» ці 18 гадоў мары пра рэканструкцыю Бабруйскай крэпасці

Размовы пра неабходнасць аднаўлення Бабруйскай крэпасці гарадскія ўлады вядуць ці не штогод. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў распрацоўваліся амбітныя планы рэканструкцыі і рэгенерацыі, маляваліся прыгожыя макеты, адкрываліся рахункі для збору сродкаў на адбудову. Толькі вось воз і дагэтуль там, дзе быў. У нашым матэрыяле ўзгадваем гісторыю спробаў аднаўлення аднаго з самых каштоўных помнікаў Бабруйска.

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387.io

Будынак 1820 года ніхто не купіў

Надоечы на гандлёвай пляцоўцы gostorg.by на продаж быў выстаўлены адзін з будынкаў Бабруйскай крэпасці – склад з фрагментам цаглянай сцяны валу (вул.Крэпасны Вал, 27). Таргі, прызначаныя на 22 красавіка, не адбыліся, звярнуў увагу бабруйскі партал bobr.by.

Будынку, які хацелі прадаць, больш за 200 гадоў – ён быў узведзены ў 1820 годзе. Ягоная плошча – 545,7 квадратных метраў. У ім няма ніякіх камунікацыяў. Пачатковы кошт складаў 40 рублёў. Аднак на аўкцыён не паступіла ніводнай заяўкі.

Bobr.by задаецца пытаннем – ці азначае спроба продажу адмову ад планаў рэстаўрацыі трэцяга палігону крэпасці, на якім як раз і знаходзіцца склад? Пра хуткі пачатак рэстаўрацыйных працаў улады казалі яшчэ ўвосень 2023 года (а таксама напрацягу ўсіх апошніх 18 гадоў). Тады Праектны філіял ААТ «Белрэстаўрацыя» абвесціў пра завяршэнне праектавання дзвюх з пяці чэргаў рэканструкцыі трэцяга палігону. Заказчыкам плану рэканструкцыі выступіла КУДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва г. Бабруйска». Курыравалі праектаванне Бабруйскі гарвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам.

Будынак Бабруйскай крэпасці, які хацелі прадаць. Фота: bobr.by

Галоўны архітэктар і галоўны інжынер праекту рэканструкцыі крэпасці Наталля Голасава распавядала bobr.by, што праект кансервацыі для далейшай рэстаўрацыі крэпасці быў зроблены яшчэ ў 2013 годзе, аднак працы так і не былі распачатыя. Таму летась наноў праводзілі інжынернае абследаванне крэпасці (і натуральна, наноў выдаткавалі на гэта грошы). Яно паказала пагаршэнне стану будынкаў і павелічэнне колькасці ўчасткаў у параўнанні з абследаваннем, праведзеным 10 гадоў таму. Гэта выглядае натуральным, таму што на працягу гэтага часу ніякія працы па кансервацыі крэпасці не вяліся. Эксперты папярэджвалі, што ў закінутым стане крэпасць доўга не прастаіць, а бабруйскія медыі ўвесь час пісалі пра тое, што будынкі комплексу ўсё больш прыходзяць у заняпад.

Гатовы яшчэ адзін праект рэканструкцыі Бабруйскай крэпасці. Што ў ім?

Музей за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі

Забудова трэцяга палігону захавалася найлепш у параўнанні з іншымі ўчасткамі. У яе ўваходзяць гаржавы рэдзюіт, Менская брама, рэдзюіт правага ўваходнага плацдарму, рэдзіют левага ўваходнага плацдарму, рэдзюіт сыходнага плацдарму, сістэма бастыённых умацаванняў, падземнае збудаванне сорція.

Праект рэканструкцыі палігону ўтрымліваў у сабе планы па арганізацыі водаадвядзення ад будынкаў, часовыя дахі, пабудову драўлянага мосту, які яднаў гаржавы рэдзюіт і Менскую браму, а пазней – і ўласна адбудову Менскай брамы, у якой мусілі размясціцца касы (якія квіткі ў іх будуць прадаваць, праўда, незразумела), туалеты для наведвальнікаў, сувенірная лаўка і невялікі буфет без столікаў. Гаржавы рэдзіют планавалі прыстасаваць пад музей. Таксама мусіла быць добраўпарадкаваная гістарычная плошча з боку вуліцы Новы свет, падведзеныя інжынерыя камунікацыі.

Менская брама Бабруйскай крэпасці. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей

Акрамя таго, у траўні 2023 года газета «Культура» пісала пра намер стварэння на тэрыторыі крэпасці цэнтру патрыятычнага выхавання і музейнай экспазіцыі за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Гэта ўсё мусіла размясціцца на тэрыторыі, дзе ў гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся лагер для савецкіх ваеннапалонных «шталаг №131». Канцэпцыя рэканструкцыі і адаптацыі будынкаў распрацоўваліся інстытутам «Белдзяржпраект».

Колькі грошай сабралі на рэканструкцыю крэпасці?

Таксаа год таму, у траўні, бабруйскія СМІ паведамілі, што гарвыканкам абвесціў чарговы збор сродкаў на адбудову крэпасці. Аднак насамрэч дабрачынны рахунак быў адкрыты яшчэ ў 2017 годзе. Колькі грошай было сабрана за гэты час – невядома, выканкам нідзе не публікуе гэтыя звесткі, а інфармацыя пра збор чамусьці штогод падаецца як навіна. Яшчэ ў 2017 годзе бабруйскія журналісты задавалі пытанне пра вынікі збору сродкаў тагачаснаму старшыні гарвыканкаму Аляксандру Студневу, аднак ніякай канкрэтыкі ў адказ не пачулі – толькі тое, што нейкія грошы на рахунак паступілі і «акумулююцца ў адным месцы».

А вось што пісаў сайт bobrlife.by у ліпені 2020 года:

«Быў распрацаваны праект «Аднаўленне земляных умацаванняў і рэстаўрацыя фартыфікацыйных збудаванняў помніка архітэктуры 2-й катэгорыі «Бабруйская крэпасць». На сёння ён выкананы на 75%».

Што менавіта выканана на 75% – не ўдакладнялася. Далей ішла гаворка пра рэканструкцыю ўсё таго ж трэцяга палігона, пра які зноў загаварылі летась. Планы былі прыкладна такія ж: рэстаўрацыя Менскай брамы з пад’ёмным механізмам і пад’ёмнай секцыяй мосту, фрагментаў унутраных абарончых валаў і равоў; мадэрнізацыя гаржавога рэдзюіта, усталяванне гістарычных малых формаў (элементаў тратуара, ліхтароў, агароджаў, шлагбауму, вартавой будкі і т.п.). На ўваходзе на тэрыторыю комплексу трэцяга палігону планавалася размесціць інфармацыйны стэнд са схемай аб’ектаў і макет гістарычнага выгляду ўсёй крэпасці. Таксама мусіў быць створаны гісторыка-культурны комплекс «Бабруйская крэпасць».

Гарадскія ўлады паведамлялі, што была заключаная дамова з навукова-праектным РУП «БелНДІгорадабудаўніцтва» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь на распрацоўку дакументацыі праекту дэталёвай планіроўкі з рэгенерацыяй тэрыторыі крэпасці.

«Будуць шырока выкарыстоўвацца дыярамы, панарамы, арыгінальныя ўзоры зброі»

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387

А пяць гадоў таму, у 2019-м, бабруйскія ўлады разглядалі пытанне аб фармаванні дзяржаўна-прыватнага партнёрства і ўключэння крэпасці ў інвест-праграму. Прынамсі, такія планы агучваў тагачасны начальнік аддзелу культуры Бабруйскага гарвыканкаму, які таксама сцвярджаў, што ўсё, «што можна было зрабіць для кансервацыі, зрабілі». Калі насамрэч усё, то цікава, чаму абследаванне 2023 года паказала значнае пагаршэнне стану будынкаў?

Таксама ў 2019 годзе аддзел культуры гарвыканкаму казаў пра 75% гатовасць праектна-каштарыснай дакументацыі на рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя працы на палігоне №3. Над праектам працавала ААТ «Белрэстаўрацыя». Для завяршэння патрабавалася яшчэ прыкладна 80 тысяч рублёў.

«Прэзентацыі бабруйскага помніка на інвестыцыйных форумах праводзіліся не аднойчы. На жаль, пакуль няма інвестараў, гатовых удзельнічаць у яго рэканструкцыі», – зазначалі ў аддзеле культуры.

Бабруйская крэпасць была ўключаная ў дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2011 – 2015 гады. Згодна з ёй, планавалася стварыць на тэрыторыі крэпасці ўстанову культуры «Гісторыка-культурны музейны комплекс «Бабруйская крэпасць» з музейнымі аб’ектамі, «дзе будуць шырока выкарыстоўвацца дыярамы, панарамы, арыгінальныя ўзоры і муляжы ваеннай тэхнікі і зброі». План рэканструкцыі быў распрацаваны «Белпраектрэстраўрацыяй». Быў складзены каштарыс. Планавалася, што да 2017 г ода пад рэканструкцыю выдзеляць сродкі з рэспубліканскага бюджэту.

«У крэпасці павінны былі аднавіць 3 палігон, у тым ліку частку галоўнага вала з бастыёнамі. Вал у вышыню з 4-павярховы дом. Тут аднавілі б пляцоўкі для пушак. Планавалася рэканструяваць Менскую браму з маставым пераходам. На іх збіраліся павесіць герб з арлом, як гэта было раней. Ён вісеў над аркай», – распавядала тады старэйшая навуковая супрацоўніца музея Іна Аўсейчык.

Сёння ад Менскай брамы засталіся толькі руіны. Перад адкрыццём лядовага палацу гарадскія ўлады далі каманду адкапаць і раскансерваваць браму, і больш нічога з ёй не рабілі. Так яна пачала разбурацца.

Бізнес-цэнтр з яхт-клубам

А вось што казаў пра будучыню крэпасці ў 2010 годзе тагачасны галоўны архітэктар Бабруйска Сяргей Леонаў:

«Найперш хацелася б заняцца тэрыторыяй, на якой цяпер знаходзіцца Днепра-Бярэзінскае прадпрыемства водных шляхоў. <…>. Тэрыторыя гэтага прадпрыемства ў бліжэйшы час вызваліцца для інвестараў. Месца там вельмі прыгожае – невялікая паўвыспа на Бярэзіне. Там могуць быць некалькі варыянтаў. Першы – жылы гарадок, на ўзроўні першага паверху якога будуць кавярні, майстэрні, банкаўскія ўстановы і т.п. <…>.Другі варыянт – бізнес-цэнтр, трэці – забаўляльны комплекс, звязаны з вадой і адпачынкам – яхт-клуб, аквапарк і г.д».

План рэканструкцыі Бабруйскай крэпасці. 2010 год. Крыніца: bobruisk.ru

План рэканструкцыі Бабруйскай крэпасці. 2010 год. Крыніца: bobruisk.ru

Таксама планавалася «узяцца за тэрыторыю ваенных» у раёне трэцяга палігону, з правага боку пры ўездзе ў крэпасць з вуліцы Карбышава. Там мусілі паўстаць 3 – 4 кварталы жылой забудовы – «элітнае жытло». Ужо тады, 14 гадоў таму, аддзелу культуры была даручаная рэстаўрацыя гэтага шматпакутнага трэцяга палігона, быў запланаваны музей гісторыі:

«Гэта будзе спартова-культурна-забаўляльны комплекс з жылымі кварталамі. <…>. На тэрыторыі крэпасці і навакольнай з’явяцца гатэлі, кавярні, рэстараны, музей зброі пад адкрытым небам, страйкбольны і пейнтбольны клубы, этнічная вёска, жылыя кварталы, школа, дзіцячы садок і яшчэ шмат чаго. <…> пры ўездзе ў крэпасць усталяваць яе зменшаны макет у маштабе 1:15. <…>. Праектны інстытут «БелНДІгорадабудаўніцтва» вызначыў для нас прыкладны тэрмін завяршэння прац – 2020 год».

Музей пад адкрытым небам

А яшчэ раней, аж 25 лістапада 2008 года Бабруйскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці музея пад адкрытым небам. У адпаведнасці з праектам рэгенерацыі Бабруйскай крэпасці, распрацаваным у тым жа годзе Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва, было намечанае аднаўленне трэцяга, чацвёртага і пятага палігонаў. На трэцім палігоне яшчэ 16 гадоў таму планавалася правесці комплексную рэстаўрацыю ўсіх земляных і каменных фартыфікацыйных збудаванняў для далейшага выкарыстання ў якасці музейных аб’ектаў. Пад адкрытым небам хацелі размесціць музей старажытнай зброі. Таксама была прадугледжаная комплексная рэстаўрацыя земляных і каменных збудаванняў чацвёртага і пятага палігонаў.

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387

У 2006 годзе Бабруйскі гарвыканкам прапанаваў прадпрымальнікам узяць некаторыя будынкі крэпасці ў доўгатэрміновую арэнду. Бізнесмены спачатку пагадзіліся, планавалі адкрыць гатэлі, рэстараны, гандлёвыя цэнтры, а потым рэзка адмовіліся праз агульную неразвітасць раёну, у прыватнасці, транспартнай інфраструктуры, а таксама пра з тое, што будынкі з’яўляліся помнікамі архітэктуры і пры іх рамонце трэба было ўлічваць шэраг патрабаванняў.

Такім чынам, як бачым, ужо 18 гадоў горад будуе прыгожыя планы адносна крэпасці. Што з іх атрымалася рэалізаваць, убачыць лёгка – дастаткова прагуляцца па тэрыторыі крэпасці. На жаль, давядзецца пераканацца, што большасць, калі не ўсе планы, засталіся на паперы, а гістарычныя збудаванні працягваюць разбурацца.

Музей, кавярня, хостэл з габрэйскім каларытам: што рабіць з былымі езуіцкім касцёлам і галоўнай сінагогай?

Бабруйская крэпасць будавалася з 1810 па 1836 гады на месцы старога Бабруйска. З 2002 года комплекс мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2 катэгорыі – нацыянальнага значэння, уключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. З красавіка 2006 года частка аб’ектаў крэпасці, якая знаходзілася на балансе Міністэрства абароны, была перададзеная ў камунальную ўласнасць горада. Сярод гэтых аб’ектаў знаходзіўся таксама самы стары будынак Бабруйска – былы езуіцкі касцёл XVIII стагоддзя. Пра ягоны лёс мы не аднойчы пісалі.

На дадзены момант комплекс Бабруйскай крэпасці складаецца з 48 аб’ектаў, з якіх 32 знаходзяцца ў камунальнай уласнасці і належаць Бабруйскаму гісторыка-краязнаўчаму музею і 16 – у прыватнай уласнасці.

Цікавае

Спецпраекты