КультураЛюдзіПадзеі

Раім паслухаць: гурт “ТАЯМАРА”

Даўненька мы не дзяліліся з табой новымі трэкамі ад бабруйцаў — то будзем выпраўляцца. Знаёмся з Таццянай ды Андрэем — яны ж гурт “ТАЯМАРА”, што жывуць у нашым горадзе і “проста хочуць рабіць беларускую музыку”.

Таццяна і Андрэй (для сяброў — Гарык) кажуць, што яны не прафесійныя музыкі, бо не маюць адмысловай адукацыі. Ствараць песні — іх хобі.

— Штодня мы ходзім на звычайную працу 8*5. Жывем у Бабруйску, — кажа Таццяна. — Я — вакалістка гурта і аўтарка тэкстаў, эканамістка паводле адукацыі, працую бухгалтаркай. Андрэй — музыка, кампазітар і гукарэжысёр гурта. На гэты момант прадавец музычных інструментаў. Але па жыцці чым толькі не займаўся: ад рамонту камп’ютараў да будаўніцтва каркасных дамоў.

Хацелася б, канешне, каб наша музыка прыносіла хоць нейкія грошы. Тады б у нас была магчымасць сысці з найму і прысвяціць ёй больш часу. Але пакуль яна патрабуе толькі ахвяраў, — смяецца Таццяна. — Мы цалкам усведамляем, што ў нашым узросце складана прэтэндаваць на “месца пад сонцам” асабліва ў канкурэнтнай барацьбе з маладымі, дзёрзкімі і ўпэўненымі ў сабе музыкамі. Таму не прагнем славы, а проста хочам рабіць беларускую музыку.

Кліп на песню “Самотны акіян” быў створаны самімі музыкамі. У ім зняліся звычайныя жыхары Бабруйска, сябры, знаёмыя і сваякі Таццяны і Андрэя. Як напісалі аўтары, відэа “зроблена з вялікай любоўю да простых беларусаў”.

Таксама наша суразмоўніца расказала, як склаўся дуэт “ТАЯМАРА”. Аказалася, Таццяна і Андрэй жанатыя ўжо 25 гадоў. А вось іх гурт з’явіўся нядаўна, яму два гады.

— Я пачала спяваць толькі ў 45 гадоў. І літаральна пазнаёмілася са сваім голасам, толькі калі пайшла вучыцца вакалу.

Андрэй жа, наадварот, з юнацтва спрабаваў пісаць музыку ў складзе гурта “Realm of shaos”. У іх нават было два альбомы. Але нешта не склалася ў хлопцаў, — распавядае Таццяна. — Наш з ім дуэт стварыўся нечакана для нас саміх. У 2022-м годзе мы зрабілі кавер на “Месяц” Паліны. Для сябе рабілі, бо эмоцыі шукалі выйсця. І раптам нашым сябрам ён спадабаўся. Мы зрабілі яшчэ два каверы — на народныя “Рэчаньку” і “Ружу кветку”. А потым, калі мы разам стварылі песню “Плыву”, а я ўпершыню напісала для яе тэкст на беларускай мове, мы зразумелі, што нам ёсць што сказаць. Так і з’явілася “ТАЯМАРА”.

Таццяна ды Андрэй – гурт “ТАЯМАРА”. Фота з асабістых архіваў музыкаў

Таццяна кажа, што яны з Андрэем не любяць строгіх стылістычных абмежаванняў і цэтлікаў, ім складана вызначыць уласны стыль: “Тут ёсць і dark wave, і industrial, і post-punk. Навошта сябе абмяжоўваць?” — усміхаецца суразмоўніца.

Усе песні “ТАЯМАРА” робяць самастойна, толькі ўдваіх. Андрэй стварае ўсю музыку, грае на гітары і басу, сам усё запісвае і сам зводзіць, робіць мастэрынг. Адказвае за ўсе тэхнічныя пытанні. Робіць вокладкі. Таццяна піша тэксты, здымае і мантуе кліпы і ролікі ў Тык-Ток, вядзе сацыяльныя сеткі. А яшчэ яна — муза.

— Нас вельмі натхняе наша мілагучная беларуская мова. Яна як быццам надае сэнс творчасці. У нейкі момант мы зразумелі, што хочам быць датычнымі да развіцця беларускай музыкі. І нават калі не станем вядомымі на ўсю краіну, то, прынамсі, сваім прыкладам натхнім кагосьці больш таленавітага і амбіцыйнага, – разважае Таццяна.

Паслухаць “ТАЯМАРА” можна тут:

Пішы ў нашым інстаграм, ці радуешся, калі чуеш новыя бабруйскія гурты?

Цікавае

Спецпраекты