Рэабілітацыя для людзей з інваліднасцю і ёга праз інтэрнэт. Інстаграм-марафоны – ці складана іх правесці? Бабруйчанкі расказалі пра новыя магчымасці, якія дае нам анлайн

Ілюстрацыйнае фота: canva.com

 

Кацярына: «Я праходзіла практыку ў цэнтры для дарослых асобаў з інтэлектуальнымі парушэннямі. Гэта незабыўны вопыт, які моцна паўплываў на мяне і маё ўспрыманне свету»

Наша суразмоўніца Кацярына атрымала першую адукацыю па спецыяльнасці «культуролаг-менеджэр (рэклама і PR)», яна магістарка арт-менеджменту. Пасля ўніверсітэту бабруйчанка працавала ў родным горадзе у офісе, менеджаркай па рэкламе. Яна расказвае, як кардынальна змянілася яе жыццё пасля таго, як аднойчы вырашыла паправіць сваё здароўе. 

– Праца была за камп’ютарам, маларухомая і досыць стрэсавая. У выніку ў мяне сапсавалася здароўе: пачаліся галаўныя болі, у спіне, пачала павялічвацца вага. І ў цэлым стан як фізічны, так і эмацыйны быў дрэнным. Зразумела, што трэба нешта мяняць у жыцці, – тлумачыць Кацярына.

– Я пачала шукаць кірунак у спорце, які можа спадабацца. Пераспрабавала шмат розных: як кірункаў, так і трэнераў з якімі спрабавала ўзаемадзейнічаць. Выпадкова знайшла трэнерку, якая прышчапіла любоў да заняткаў у прынцыпе. Яна не вяла ёгу – але я ў цэлым неяк у бок ёгі і не глядзела, не думала, што мне гэта можа спадабацца. Падыход маёй трэнеркі быў вельмі пісьменным, яна мела добрую адукацыю і гэтым вылучалася сярод іншых спецыялістаў. Я ўбачыла першыя вынікі, як знешнія, так і ўнутраныя, і загарэлася. Вырашыла дадаткова сама займацца дома. Трапіла на ёгу ў ютубе – і панеслася!

Вылучыла дома асобны пакой для трэніровак, паставіла туды вялікае люстэрка ад старой шафы-купэ, замовіла да яго прыгожую раму. Ноўтбук. І так пачаўся мой шлях.

У нейкі момант я зразумела, што хачу даведацца, як гэта працуе. Чаму асаны з ёгі і практыкаванні дапамагаюць? Як гэта ўплывае на нас?

Як толькі я пачала займацца ёгай, была шакаваная тым, што зусім не знаёмая са сваім целам. Я хачу падняць нагу, а не магу. Чаму? Або раптам пачынаю рабіць тое, што нават не ведала, што ўмею. У гэты момант я ўсвядоміла, што пражыла ў сваім целе 25+ гадоў і, аказваецца, зусім з ім не знаёмая! Мы так хочам ведаць пра іншых, часам нам здаецца, што мы ведаем пра некага ўсё, але ў выніку, атрымліваецца, зусім не ведаем сябе і цела, у якім жывем. Мяне захапіла гэтая думка.

 

У той перыяд часу трэнерка Кацярыны расказала ёй пра ёгатэрапію. І пра інстытут, дзе можна атрымаць вельмі добрую адукацыю, унікальныя веды, адказы на свае пытанні, а таксама магчымасць стаць добрай спецыялісткай. Яна адразу папярэдзіла, што вучыцца давядзецца няпроста і доўга – два гады з улікам ужо атрыманай вышэйшай адукацыі.

– «У цябе ўсё атрымаецца!» – сказала мне трэнерка. Было страшна, але вырашыла паспрабаваць. Бо я ж нічога не губляю. На той момант асабістая практыка складала каля пяці месяцаў.

Так я пачала вучыцца ў Інстытуце традыцыйных сістэм аздараўлення Сяргея Агапкіна. На той момант гэта была самая магутная школа па ёгатэрапіі, такою яна застаецца і сёння. Скончыла навучанне з адзнакай. Здала ўсе экзамены на вышэйшыя балы, абараніла дыплом – інструктарка-метадыстка адаптыўнай фізічнай культуры для асобаў з адхіленнямі ў стане здароўя. Там жа я атрымала сертыфікат ёгатэрапеўткі – 746 гадзін.

Навучанне ў Інстытуце было пабудавана так, што ўжо з першага курса, першай сесіі, мы павінны былі ўзаемадзейнічаць з людзьмі. Мы пісалі курсавыя работы па рэальных клінічных выпадках. Дзе разбіралі запыт / дыягназ, нас навучылі нават расшыфроўваць рэнтген і МРТ, праводзілі скрынінг, распрацоўвалі план заняткаў, займаліся і падводзілі вынікі – параўноўвалі «да» і «пасля». Таму трэніраваць я пачала адразу з моманту навучання. У першы год я не брала грошай за заняткі.

Паралельна, дадаткова па сваім кірунку я праходзіла мноства семінараў афлайн і анлайн – у розных выкладчыкаў і спецыялістаў.

 

Тры гады таму Кацярына пераехала жыць у Польшчу, там яна пачала паглыбляцца ў фізіятэрапію і рэабілітацыю. Скончыла медыцынскую школу (па ўзроўні беларускай медвучэльні) і атрымала дыплом па кірунку эргатэрапія (рэабілітацыя).

– Там, у працэсе навучання, я мела важны вопыт: бо праходзіла практыку ў цэнтры для дарослых асобаў з інтэлектуальнымі парушэннямі (высокі і сярэдні ўзровень). Дадаткова да ўсёй працы там я вяла заняткі ёгі і ёгатэрапіі для падапечных цэнтра. Гэта незабыўны вопыт, які моцна паўплываў на мяне і маё ўспрыманне свету. І, безумоўна, там я атрымала новыя навыкі вядзення заняткаў.

Пасля пайшла далей і паступіла ў медыцынскі універсітэт рэабілітацыі. Цяпер я вучуся на фізіятэрапеўтку ў Польшчы.

 

Ілюстрацыйнае фота: canva.com

 

Кацярына кажа, што на яе выкладанне ў анлайне паўплываў перыяд кавіду. Яны з сям’ёй пераехалі якраз у перыяд лакдаўну. Так супала, што ў той момант інфармацыя пра яе, як пра трэнерку, пачала распаўсюджвацца, хоць рэкламу яна нідзе не давала, а «проста бясконца вучылася і адпрацоўвала веды». У выніку з ёй на сувязь пачалі выходзіць людзі з розных краінаў, што хацелі займацца ў анлайне.

– Калісьці было меркаванне, што ёга анлайн немагчымая. Але кавід, падаецца, цалкам змяніў наша жыццё ва ўсіх сферах. І тое, што раней падавалася немагчымым, апынулася цалкам рэальным. Больш за тое, нагадаю, я сама пачынала з заняткаў па ютубе. Гэта той жа анлайн.

І, шчыра скажу, для мяне самой гэты фармат бліжэй. Мне не асабліва падабалася на групавых занятках. Незнарок параўноўваеш сябе з іншымі, альбо хтосьці пільна глядзіць на цябе. Гэта адцягвае і часам падвышае трывожнасць, а дзесьці нават раздражняе. Мой самы блізкі фармат – індывідуальныя афлайн заняткі або анлайн – і тут ужо без розніцы, група ці не.

Зараз я працую індывідуальна вочна і індывідуальна анлайн. Да майго здзіўлення, стамляюся больш у дні анлайн-заняткаў. Думаю, гэта можа быць звязана з падвышанай канцэнтрацыяй, бо нон-стопам углядаюся ў мікрарухі, каб тэхніка была правільнай, і ні на секунду не губляю ўвагі. Плюс, магчыма, няма абмену з жывой энергетыкай. А яшчэ можа ўплываць усталяванае дадатковае святло, што бʼе ў вочы, але гэты момант можна і трэба дапрацаваць з тэхнічнага боку, – адзначае суразмоўніца.

А з пункту гледжання кліента – для кагосьці, магчыма, спакайней, калі побач трэнер і можа паправіць рукамі. Але калі казаць пра эфектыўнасць, то, на мой погляд, розніцы няма. Анлайн заняткі ані кроплі не саступаюць. Важна, вядома, каб трэнер быў уключаны ў працэс і даваў выразныя рэкамендацыі і адладкі. Калі я кірую падчас заняткаў, мае кліенты часам смяюцца: «Ды як ты наогул гэта бачыш? Гэта што, нейкая суперздольнасць?« А я смяюся, што лакдаўн адкрыў шмат суперздольнасцяў, пра якія мы нават не здагадваліся. Магчыма, яшчэ справа ў вопыце. За першы год я адвяла 430 трэніровак, за другі год – 666, а за гэты год ужо амаль 1 200. І год яшчэ не скончаны.

Ну і, вядома, тэхніка. Праца анлайн патрабуе адпаведнага абсталявання: добрая камера, мікрафон, асвятленне, інтэрнэт і г.д. Нічога не павінна адцягваць або раздражняць кліентаў падчас заняткаў.

З кожным годам папулярнасць анлайн-фармату расце. Дзякуючы інтэрнэту мы можам займацца з выкладчыкамі з розных кропак свету. А значыць сёння можна вучыцца або займацца з тымі, з кім раней гэта падавалася нерэальным. Гэта значна пашырае нашы магчымасці.

Плюс – гэта вельмі зручна! Тэмп жыцця паскораны неймаверна. А заняткі анлайн дазваляюць не марнаваць час на дарогу – хтосьці нават займаецца падчас абеду на працы. Плюс магчымасць займацца дома, у камфортнай для сябе атмасферы.

Вядома, усе гэтыя плюсы датычацца не толькі ёгі, а любога іншага анлайн-навучання.

 

З мінусаў анлайн-навучання Кацярына адзначае, што часам жанчынам складана знайсці дома свой зацішны куток, іх адцягвае сямʼя. Часам не дазваляе плошча. У такіх выпадках суразмоўніца раіць выязджаць з дому і прысвячаць час сабе і свайму здароўю. Здараецца, у кліентаў няма кампутара, а з маленькім экранам тэлефона займацца не зусім зручна. Але гэта, адзначае суразмоўніца, справа папраўная.

– Калі вы перажываеце, што падчас анлайн заняткаў нешта робіце не так і гэта павышае вашу трывожнасць – гэта не ваш фармат. У трэніроўках ёсць важнае правільна: не вы для заняткаў, а заняткі для вас. Усё павінна быць максімальна камфортна без знешніх раздражняльнікаў, – рэзюмуе Кацярына.

Дарэчы, акрамя навучання ва ўніверсітэце, наша суразмоўніца дадаткова працягвае вучыцца анлайн – у напрамку ёгі, ёгатэрапіі, фізіятэрапіі і рэабілітацыі. Здараецца, што такі фармат немагчымы: напрыклад, калі трэба авалодаць некаторымі тэхнікамі з фізіятэрапіі і рэабілітацыі. Тады неабходна выязджаць вочна, часам нават у іншую краіну. Але калі гэта семінар або рэпетытар, то яна заўсёды выбірае анлайн-фармат. Напрыклад, так яна вучыла спярша польскую, а цяпер ангельску мовы – у носьбітаў.

– Не думаю, што ўсе мы на 100% сыйдзем у анлайн. Я назіраю тэндэнцыю, што многія стамляюцца ад працы за кампутарам і часам хочуць асабістых сустрэч. Як перамены для сябе. Думаю, усё зноў ўпіраецца ў індывідуальнасць кожнага і кожнай. Але я лічу выдатным, што дзякуючы анлайн-заняткам, навучанням і таму падобнаму, мы пашырылі свае магчымасці і апынуліся бліжэй адно да аднаго.

А самае галоўнае, калі вы задумаліся, што час запусціць спорт у вашае жыццё, мая парада такая: спрабуйце! Розныя напрамкі (нават калі лічылі, што гэта вам не спадабаецца), фарматы (анлайн / вочна, група / індывідуальна), шукайце свайго трэнера, на заняткі да якога вы будзеце бегчы з задавальненнем! У залу, або да экрана вашага гаджэта, – раіць Кацярына.

 

Дар’я: «Анлайн-марафон – добрая магчымасць прадэманстраваць свой прадукт хутка і даступна»

Тры гады таму бабруйчанка Дар’я з сяброўкай Лінай пераехалі жыць ў Польшчу. Там у дзяўчат з’явілася ідэя запусціць свой праект, звязаны з дызайнам чалавека, што будзе дапамагаць людзям, якія згубіліся ў жыцці. Зараз яны ў стане падрыхтоўкі свайго другога анлайн-марафона, і мы папрасілі Дар’ю расказаць пра гэты фармат, даволі папулярны ў сацсетках. З яго дапамогай, напрыклад, карыстальнікі пазбаўляюцца ад шкодных звычак ці атрымліваюць новыя веды па розных накірунках.

 

 

– Мы хацелі дапамагаць тым, хто не можа знайсці арыенціры ў жыцці, прымаць рашэнні, сумняюцца, нярвуюцца… Для гэтага мы выкарыстоўваем два інструменты – дызайн чалавека (human design), якому я навучалася раней, а таксама коўчынг. А пасля ўжо, у працэсе, мы прайшлі навучанне ў прафесійнага аналітыка па дызайне чалавека і коўчынгу.

На той момант мы бралі кліентаў, праз знаёмых, а таксама праводзілі ў нашым інстаграм эфіры. Практыкаваліся, з часам мянялі сваю ўнутраную праграму і метады працы, пачалі праводзіць кансультацыі не толькі працяглыя, але і на адну сустрэчу. Таксама запусцілі варыянт з пакетамі – калі чалавек мог узяць некалькі кансультацыяў – варыянт настаўніцтва.

Мы пераспрабавалі шмат розных метадаў і на практыцы ўбачылі, што прадукт вельмі файны і працуе. Але з часам вырашылі пераходзіць на больш масавы варыянт, бо кансультацыя не можа каштаваць надта дорага, не ўсе могуць сабе такое дазволіць, а нам хочацца і зарабляць і дапамагаць большай колькасці людзей. Так мы перайшлі на анлайн-фармат.

Тым больш у Польшчы ён вельмі папулярны, лічыцца вельмі зручным і камфортным спосабам. Асабліва з улікам таго, што цяпер вельмі шмат людзей пераязджаюць жыць з адных краін у іншыя.

 

Дар’я кажа, што анлайн-марафон – добрая магчымасць прадэманстраваць свой прадукт хутка і даступна. З невялікай колькасцю інфармацыі, каб у чалавека не была надта загружаная галава, бо дызайн чалавека, як адзначае суразмоўніца, утрымлівае ў сабе вельмі шырокія і глыбокія веды. Таму адразу выдаць усю гэтую інфармацыю – складана для разумення, і кліенты(кі) могуць проста не пачаць дзейнічаць.

– Анлайн-марафон дае магчымасць даць людзям веды і рэкамендацыі, каб яны проста цяпер маглі прымяняць іх і атрымліваць вынікі. Наш нядаўні марафон дазволіў хутка перадаць даволі глыбокі аб’ём інфармацыі.

У час падрыхтоўкі мы разлічвалі, што ўкладземся за 11 дзён. Калі кожны дзень выходзіць урок, які займае 10-15 хвілін. Але мы ўбачылі, што многія людзі ў такім тэмпе не могуць – бо дом, праца, дзеці, руціна і таму падобнае. Таму рабілі невялікія перапынкі. Атрымалася, што мы заклалі час, каб агулам на марафон сыходзіў месяц. Усе заняткі дасягальныя часам гэтага часу, удзельнікі(цы) могуць да іх вяртацца, пераглядзець, пераслухаць, калі ёсць такая неабходнасць.

І вось цяпер мы бачым на платформе актыўнасць, хоць марафон скончыўся. Але людзі ўсё адно туды заходзяць, глядзяць, чытаюць, задаюць пытанні ў прыватных паведамленнях.

 

Колькі часу сыходзіць на падрыхтоўку марафона? Дар’я кажа, што гэта быў іх першы з Лінай анлайн-марафон, дапамагло тое, што іх дзве, яны займаюцца праектам тры гады, таму інфармацыі і вопыту хапае, каб укласціся ў запланаваны час.

– Веды ўжо нібыта ўшытыя ў падкорку. Нам не трэба было пісаць сцэнар, бо мы ведалі, дзе і што казаць. Абіралі тэму на заняткі і ў фармаце імправізацыі выдавалі інфармацыю. Таксама нам дапамагала тое, што навучанне адбывалася на платформе, якую даў у карыстанне наш вучань. На ёй было вельмі камфортна публікаваць заняткі, правяраць хатняе заданне, там быў асобны чат і мы вельмі шмат часу надавалі зваротнай сувязі. Бо трэба было адказаць на пытанні і зразумець, наколькі засвоеная тэма. Падтрымаць таксама важна, запісаць для ўдзельнікаў(іц) відэа ў чаце.

 

Сам фармат запісу відэа быў для Дар’і і Ліны новым. Зняць, пасля змантаваць ролік на 15 хвілін – усё гэта вельмі адрознівалася ад кароткага фармату ў інстаграм. Гэта таксама стала пэўным выклікам для дзяўчат.

– Здаралася так, што ў адзін дзень мы здымалі чатыры заняткі, на наступны – мантаж. Пасля ў з’явілася памочніца, якая займалася мантажом, бо хацелі стварыць якасны прадукт. І ў нас гэта атрымалася, пра гэта казалі водгукі ўдзельнікаў(іц). Заснавальнік платформы таксама адзначыў, што такіх дасціпных як мы на яго практыцы было няшмат, – смяецца Дар’я.

–Таму калі казаць пра якасць – каб яе дамагчыся, мы патрацілі вельмі шмат сілаў і месяц цяжка працавалі. Раніцай правяраеш хатнія заданні, робіш нататкі, паметкі, прымаеш кліентаў, мантуеш відэа, а вечарам мантуеш наступнае… То-бок, мы ішлі нага ў нагу з тымі заняткамі, што выходзілі ў нас на платформе.

Калі параўноўваць з марафонамі, у якіх настаўнікі(цы) праводзяць прамыя эфіры – гэта іншы фармат па часе і энергетычна, таму параўноўваць мне цяжка. Нам было цікава паспрабаваць менавіта запіс, каб людзі маглі вяртацца да заняткаў і пераглядаць іх, каб задаць новыя пытанні. Гэта сапраўды вельмі зручна для тых, хто не можа далучацца да марафонаў у пэўны, запланаваны арганізатарамі час.

 

 

Каб абраць тэму, цягам месяца Ліна праводзіла кастдэвы – глыбінныя інтэрв’ю з новымі і старымі кліентамі(камі), а таксама з патэнцыйнымі. З тымі, хто сочыць за старонкай, каментуе ці лайкае пасты, ідзе на дыялог.

– Прыблізна гадзіну часу сыходзіла на кожнага чалавека, каб апытаць яго, вывесці яго патэнцыйны болі, патрэбы. І зыходзячы з гэтага пасля мы зрабілі марафон «Унутранае апірышча» («Внутрення опора»). Бо большасць нашых кліентаў(ак) якраз не выбудавалі яе, ці яна зрушылася з улікам пераезду ў іншую краіну. Гэта звязана з тым, што вельмі шмат у нас было ўдзельнікаў(іц) менавіта з Украіны і Беларусі, што прыехалі сюды не так даўно.

Таму тэма не была высмактаная з пальца, гэта сапраўды была глыбінная патрэба нашых клінтаў(ак), і пра гэта казалі не адзінкі, а 40 чалавек апытаных. Дзякуючы ім мы і выявілі самыя распаўсюджаныя праблемы і запыты. Гэта страх зрабіць памылку, страх выяўлення, страх змяніць род дзейнасці, сысці ў нешта новае. То-бок, чалавек не ведае, на што яму абаперціся, яму заўсёды трэба нейкае пацверджанне звонку, хоць у кожнага і кожнай з нас ёсць уся сіла ўнутры. І наша задача – паказаць унутраны патэнцыял, сілу, каб чалавек паверыў у самога сябе ў першую чаргу.

На марафоне «Унутранае апірышча» мы размаўлялі аб тым, у чым сіла і ўразлівасць у кожнага чалавека, і як з імі працаваць. Усё гэта было на базе дызайна чалавека, то-бок мы разбіралі ўсе дзевяць цэнтраў – толькі ў адных яны функцыянуюць на пастаяннай аснове, у іншых перыядычна, у залежнасці ад людзей, якія знаходзяцца побач. І нашай мэтай была паказаць, у каго якія характарыстыкі.

Цяпер мы запісваем новы курс – ён будзе больш глабальны і глыбокі, на паўтары месяцы. Там урокі будуць больш працяглыя, плануем набраць больш удзельнікаў(іц). Накіраванасць будзе ісці на ўнутраную свабоду. Мы будзем размаўляць пра тыпы асобаў, як людзі ўзаемадзейнічаюць адно з адным, з сусветам. На што яны, зноў жа, могуць абаперціся, як ім прымаць рашэнне, якая ў кожнага тыпа стратэгія руху па жыцці, у якія ценявыя бакі чалавек з такой канфігурацыяй можа сыходзіць. Таму гэты курс самы базавы і неабходны для кожнага і кожнай, нават для тых, хто не верыць у ізатэрыку. Гэта цікава паслухаць і паглядзець, як гэтая інфармацыя прайгравалася ў яго мінулым. Проста праверыць яе, каб вырашыць для сябе – так ці не. Каб у далейшым пазбегнуць памылак.

 

Скрыны з старонкі Дар’і і Ліны

 

Для таго, каб разнастаіць кантэнт, Даша і Ліна прыдумалі гераіняў – гэта дзве пані сталага веку, якія ведаюць жыццё ўздоўж і ўпоперак, і дзеляцца ўласным вопытам. А на першым марафоне ўдзельнікаў(іц) такім жа чынам забаўлялі «суджэнцы» Анжэла і Анатоль.

– Мы зразумелі, што праз гумар такі складаны матэрыял нашмат лепей залятае людзям, бо яны праз жарты і банальныя прыклады бачаць свае памылкі – так казалі нам самі ўдзельнікі(цы).

Калі табе эксперт з кампа з сур’ёзным выглядам кажа, як жыць, гэта ўспрымаецца з напружваннем. Але калі мы ўвялі герояў – і праз гумар, жарты, розныя вобразы паказвалі памылкі ў паводзінах, у мысленні, можна было паглядзець на сваю сітуацыю з боку. І праз такі фармат людзі смяяліся з сябе і казалі: «Дакладна, гэта ж я!»

Бо інфармацыя ў чыстым выглядзе можа ўспрымацца людзьмі балюча, бо яны па 40-50 год жылі, гэта іх вопыт. І падсвяціць гэта ў нашым выпадку атрымліваецца талерантна і экалагічна – праз смех, гумар і дабрыню.

Дар’я кажа, што мае вопыт удзелу ў марафонах, але было гэта вельмі даўно і адбілася ў памяці як непрыемны вопыт. Яна не атрымала задавальненне і карысць, таму для сябе вырашыла ў гэты фармат не вяртацца. Але цяпер, калі яна сама пачала іх арганізоўваць, яе меркаванне змянілася ў лепшы бок. З заўвагай – што ўсё мусіць быць арганізавана якасна.

– Разам з Лінай мы атрымліваем ад нашага праекту вялізны зарад энергіі і сілаў. Калі бачыш фітбэк – шмат паведамленняў, з падзякамі – для нас гэта, як для настаўніц па адукацыі, самае важнае. Бо данесці да дарослых інфармацыю, якая мяняе жыццё – самы класны камплімент, што можна атрымаць.

Таму маё стаўленне да анлайну – самае пазітыўнае! Я шалёна рада яго існаванню, як і каранціну, які зачыніў нас па дамах і ў той жа момант адкрыў доступ да ўсяго свету.

Нашыя удзельнікі(цы) – з розных краін, з рознымі гадзіннымі паясамі, розных культур. Але ў чаце яны паміж сабой размаўляюць, знаходзяць сяброў, адзінадумцаў. Бо калі ты жывеш у сваім горадзе, то можаш мець стасункі з людзьмі, з якімі цябе звёў лёс. На такіх марафонах, на якія вы прыходзіце з аднолькавымі праблемамі – гэта азначае не проста вырашыць іх, а яшчэ і паглядзець краем вока на іншых і падумаць: «О, вось ён змог, і я змагу!»

Гэта дадатковая матывацыя, таму я ўсімі канцавінамі «за» ўсемагчымыя анлайн-актыўнасці. Бо ёсць людзі, якія ў 30 ці пазней разумеюць: мне не падабаецца мая праца, я хачу нешта іншае рабіць. І яны ідуць навучацца праз анлайн, атрымліваюць новыя веды і на практыцы іх прымяняюць – вось што для мяне з’яўляецца паказчыкам.

Ты можаш змяніць сваю прафесію, напрацаваць вопыт і быць шчаслівым, а не проста працаваць недзе ўсё жыццё, бо некалі быў атрыманы пэўны дыплом. Таму для мяне анлайн – гэта адкрыццё магчымасцяў для таго, каб чалавек быў шчаслівы і задаволены тым, што ён умее.

Я таксама працягваю навучацца анлайн. Мы за гэты час паспелі тут стварыць цікавую супольнасць, бо з улікам вайны тут жыве вельмі шмат класных людзей. А праз анлайн мы самі працягваем навучацца. Амаль увесь свой заробак пасля пагашэння бытавых патрэбаў мы пускаем на навучанне, якое атрымліваем ад людзей, што жывуць у розных кропках свету і займаюцца рознай дзейнасцю. І не трэба некуды ехаць, каб наталіцца новай інфармацыяй, – рэзюмуе Дар’я.

Цікавае

Спецпраекты