Размовы пра неабходнасць рамонту вежы, што карануе гасцініцу “Бабруйск”, вядуцца ўжо шмат гадоў. Праз яе аварыйны стан трапіць наверх даўно стала немагчыма. Між тым, гэтая архітэктурная дэталь акурат і адрознівае нашу гасцініцу ад аналагічнай у Берасці, якая носіць назву “Буг”. Дарэчы, “Бабруйск” і “Буг” нават узведзеныя былі ў адным годзе – у 1958.
Гасцініцу можна назваць адной з гарадскіх візітовак, яе выява ўпрыгожвае паштоўкі ды турыстычныя брашуры. Але з часам будынак знасіўся, і калі ў 2010-х яго выкупіла расійская група кампаній “Амакс”, былі чаканні, што гасцініцу хутка прывядуць да ладу. Але пасля пакупкі рамонт некалькі год не пачынаўся – новыя ўладальнікі нанялі генпадрадчыка, які ў выніку судзіўся з імі. Вялікія планы, што ўключалі і адраджэнне легендарнага рэстарана “Бабруйск” ажыццявіліся толькі часткова.
У мінулым годзе кіраўніцтва агучыла для BOBR.BY планы на 2024-ы: рамонт і афарбоўка вежы, рамонт даху, яго ўмацаванне, частковая замена перакрыццяў. Але, як адзначае партал, летась, паводле словаў арандатараў памяшканняў у “Амаксе”, стан вежы і даху лепей не стаў, на сценах ды столі бачныя падцёкі, а тынкоўка адвальваецца ад сценаў. Некаторыя пакоі на чацвёртым паверсе наогул закрытыя праз кепскі стан і ніяк не выкарыстоўваюцца. Як меркавалі суразмоўцы партала, праблема ўзнікла праз дзіравы дах.
Кіраўніцтва гасцініцы спачатку адмовілася ад каментароў, але пасля публікацыі патлумачыла, што “восенню 2023 года праведзены бягучы рамонт участка даху і ліквідаваная цеча”. Сцвярджаецца, што праведзены тэхнічныя абследавання будаўнічых канструкцый будынка і даху, па заключэнні якіх мусіць быць праведзены капітальны рамонт і замена канструкцыі даху. На гэты момант “Амакс” праводзіць тэндар па пошуку падраднай арганізацыі для правядзення рамонтных работ.
Хочацца спадзявацца, што рамонт даху і вежы, нарэшце, будзе зроблены. А што думаеш ты на гэты конт? Пішы ў нашым інстаграм!