Фота: Helena Lopes/pexels.com
«Узаемадзеянне з жывёламі – найкаштоўнейшы рэсурс»
Кацярына Кастрыцкая, псіхолаг і зоапсіхолаг, прыдумала нетрывіяльны спосаб дапамагаць людзям у цяжкім маральным стане – праз уласных хатніх гадаванцаў. Цяпер яна дапамагае распрацоўваць адукацыйную праграму для каманды валанцёраў супольнасці абаронцаў жывёлаў. Па задумцы, кінолаг і зоапсіхолаг будуць адказваць на пытанні падпісчыкаў праз сторыз у інстаграм.
– Гэты вопыт карысны для мяне, бо я звыклася мець стасункі з вядомай мне аўдыторыяй, якая ўжо мяне ведае і задае зусім іншыя пытанні. Я прыдумала анлайн-курс па анімалатэрапіі ў цяжкі перыяд у сваім жыцці. Падумалася, што не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць атрымаць прафесійную дапамогу псіхолага, аднак я на ўласным вопыце ведала іншыя спосабы дапамагчы сабе ды іншм. Адзін з іх – зносіны з жывёламі.
Калі рабіць гэта правільна і бяспечна, узаемадзеянне з жывёламі – найкаштоўнейшы рэсурс, які дапамагае знізіць трывогу, справіцца са стрэсам, дэпрэсіяй, не дапусціць вывучанай бездапаможнасці. А жывёлы ёсць у многіх! І я вырашыла расказаць, як падтрымаць сябе ці іншых у цяжкія часы з дапамогай гадаванцаў.
Ад задумкі да рэалізацыі ў Кацярыны сышло каля двух год. Перашкаджаў страх, што зробіць курс недастаткова добра, ці ён будзе нікому не патрэбны.
– Але ўсё ж вырашылася: лепш зрабіць не ідэальна, чым ідэальна не зрабіць, – кажа псіхолаг. – І велізарным сюрпрызам сталі водгукі ўдзельнікаў, што яны адчулі сябе лепш ужо на першым тыдні курса! Зараз падыходзіць да фіналу яго пілотны запуск. У цэлым мяне задавальняе, як усё ідзе. Жадаючых аказалася больш, чым я гатовая была ўзяць на гэты паток. Уцягнутасць удзельнікаў высокая: яны ахвотна робяць хатнія заданні, падтрымліваюць адно аднаго ў чаце ўзаемападтрымкі. А гэта менавіта тое, на што я спадзявалася.
Складанасць, з якой я сутыкнулася – сіндром самазванца. Але я вырашыла, што гэта першы запуск, недахопы ўсё роўна будуць, затое водгукі ўдзельнікаў дапамогуць у будучыні ўдасканальваць курс.
Галоўныя высновы, якія я зрабіла са свайго досведу, гэта не адкладаць на неаглядную будучыню тое, што можна зрабіць сёння. І не баяцца памылак: яны непазбежныя, затое даюць магчымасць улічыць іх і зрабіць працу ці ідэю, якой бы яна ні была, яшчэ лепш.
Фота: Marcus Aurelius/pexels.com
«Людзi з iнвалiднасцю не маюць належнай увагi»
Яшчэ адна наша суразмоўніца – Наста, вырашыла распрацоўваць візітоўкі і буклеты для бабруйскай арганізацыі людзей з інваліднасцю. Сама дзяўчына зараз жыве ў Польшчы.
– У Варашве у мяне ёсць добрая знаёмая, яна з iнвалiднасцю, вучыць мяне польскай мове, – тлумачыць Наста. – Але яшчэ ў Беларусі я мела вопыт працы з дзецьмі з iнвалiднасцю. Мой дыпломны праект у Акадэмii мастацтваў быў для цэнтру Caritas у Мiнску (прым. дабрачыннае каталіцкае таварыства).
Мяркую, у Беларусі людзi з iнвалiднасцю не маюць належнай увагi. У Польшчы гэта больш заўважна. Напрыклад, мяне здзiвiла дзiцячая пляцоўка для дзяцей-iнвалiдаў. Першы раз такую бачыла!
Так узнікла ідэя зрабіць буклет для бабруйскай арганізацыі. Ён яшчэ ў распрацоўцы. Гэта будзе штось кшталту ўлёткі, з якой людзі змогуць даведацца – што гэта за арганізацыя, што робіць, чым ёй можна дапамагчы. Ды і наагул – расказаць, што яна проста ёсць такая.
Наста не ведае пэўнага адказу на пытанне, для чаго ёй валанцёрства. Але яна ўпэўнена, што людзям усё вяртаецца бумерангам.
– Робiш дабро – дабро вяртаецца. Таксама i наадварот. Калi дапамагаю i бачу вынiк сваёй працы, па-іншаму сябе адчуваю. Для мяне не цяжка, а людзям прыемна, – усміхаецца наша суразмоўніца.
«Зачем мне помогать другим?» Объясняют бобруйские волонтеры(ки)
«Я падалася валанцёрыць, каб закрыць уласныя псіхалагічныя гештальты»
Пра тое, як валанцёрства дапамагло ў будучай прафесіі, нам расказала Дар’я, настаўніца і мастачка.
Фота з асабістых архіваў Дар’і.
– Калі я прыйшла студэнткай ва ўніверсітэт, вельмі хацелася далучыцца да нейкай валанцёрскай арганізацыі. У першую чаргу, каб дапамагаць дзецям з асаблівасцямі. Бо ў мяне самой была інваліднасць, і калісьці я сама знаходзілася ў адным з рэабілітацыйных цэнтраў, а да нас прыходзілі валанцёры.
Адзін з хлопцаў з старэйшых курсаў пачаў валанцёрыць для дзяцей, сказала яму, што хачу таксама. Спярша ён нават пасмяяўся, бо падумаў, што я жадаю далучыцца праз сімпатыю да яго, – пасміхаецца суразмоўніца. – Але ў выніку я прыйшла туды на першым курсе і не сышла да выпуску.
Наагул лічу, што валанцёраў былых не бывае!
Мы хадзілі да дзяцей, большасць з якіх былі з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця, з сіндромам Даўна, аўтызмам. Таксама большасці з іх было ўжо больш за 16 год, даволі дарослыя. Яшчэ мы хадзілі ў анкалагічны цэнтр, але я далучалася толькі на Новы год, бо, прызнаюся, гэта было маральна цяжка.
На ўсе вялікія святы мы рыхтавалі праграму, ці прыходзілі проста сярод тыдня пагуляць з дзецьмі, пазаймацца, бо гэта добрая сацыялізацыя.
Як гэта дапамагло мне? На пятым курсе я трошкі працавала ва ўстанове з такімі дзеткамі, бо там не хапала супрацоўнікаў. Было даволі лёгка. Атрымаўшы такі вопыт узаемадзейнічаць пасля са звычайнымі дзецьмі нашмат лягчэй. І ў працы настаўніцай гэта мне вельмі дапамагала!
Варта знайсці тое, што падабаецца менавіта табе. Напрыклад, бліжэйшым часам я падалася валанцёрыць на адно мерапрыемства, каб закрыць уласныя псіхалагічныя гештальты. Таксама валанцёрства – добры спосаб набрацца досведу, нейкіх ведаў.
Навучыцца размаўляць з людзьмі розных узростаў, даведацца, якія ёсць гульні, актыўнасці, гэта ўменне рэагаваць на эмацыйныя паводзіны іншых.
Калі ты ідзеш валанцёрыць, важна думаць не толькі пра тое, што будзеш дапамагаць, але і пра тое, якія ўменні і веды атрымаеш ты сама. Напрыклад, пайшла з дзеткамі маляваць, і сама ўдасканальваешся ў гэтай справе. Варыянтаў мноства, важна знайсці сваё, – падсумоўвае Дарʼя.