Што такое “старасць” і ці падабаецца людзям сталага ўзросту калі іх называюць “пажылыя” ды “пенсіянеры”? Разважаюць бабруйцы

Ілюстрацыйнае фота: RDNE Stock project / pexels.com

У самым пачатку кастрычніка ў свеце адзначаецца міжнародны “Дзень пажылога чалавека” яго яшчэ называюць “Міжнародным днём састарэлых”. І хоць мэтай гэтай даты было прыцягнуць увагу да “імклівасці старэння насельніцтва свету”, і да таго, што “пажылыя людзі здольныя ўнесці істотны ўклад у працэс развіцця” — гучыць назва гэтага (свята?) даволі змрочна. Як і сама тэма сталення чалавека. Прычым далёка не ва ўзросце 50+, а значна раней.

Прыгадайце, хаця б, рознага кшталту адукацыйныя праграмы, магчымасці, якія ў большасці абмежаваныя ўдзельнікамі “да 35”, а часам гэтая планка яшчэ менш. Чаму? Бо пасля жыцця няма? Маўчу ўжо пра безліч жартаў на тэму пяска, які пачынае сыпацца з людзей, год з 25 прыблізна. “Ну ты і дзед!” — кажуць 20-гадовыя 30-гадовым.

І такія заўвагі нават у грамадстве, якое суперадчувальнае, адукаванае і прагрэсіўнае, чамусьці не лічацца атавізмам ці праявай эйджызму (дыскрымінацыі паводле ўзросту) — хоць гэта ён і ёсць, ва ўсім сваім росквіце. Незразумела таксама, калі гэтая “грамадская старасць” пачынаецца? Адразу пасля школы?

Афіцыйна, то-бок згодна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, узрост дзеліцца на:

  • 18-44 гадоў — малады ўзрост,
  • 45-59 гадоў — сярэдні ўзрост;
  • 60-74 гады — пажылы ўзрост,
  • 75-90 гадоў — старэчы ўзрост;
  • старэй за 90 гадоў — доўгажыхары.

Неяк зусім не супадае з крытэрыямі, якія пануюць у грамадстве (прынамсі ў постсавецкіх краінах), праўда ж? Так што ж больш першаснае — дата ў пашпарце, ці лад жыцця? Пацікавіліся, што думаюць на гэты конт бабруйцы розных узростаў.

Пётр, 60 гадоў:

— Для мяне слова “старасць” асацыюецца з трыма рэчамі. Гэта няспешнасць, рахманасць ды спагадлівасць. У адносінах да тых, хто бегае. І разуменне таго, што бегаць табе ўжо не трэба — ты сваё адбегаў.

Найменне “старыя” я б замяніў на варыянт “свабодныя людзі”. Яны ўжо ўсё зрабілі ў жыцці — адпрацавалі, выгадавалі дзяцей, а цяпер — свабодныя.

 

Надзея, 60 гадоў:

— Для мяне “старасць” — гэта адсутнасць зацікаўленасці жыццём. Цікавасці да новых справаў, рэчаў. Калі ты проста жывеш тым, што з раніцы падняўся, есці зварыў, у краму схадзіў, на лаўцы пасядзеў. Але пры гэтым не маеш пэўнай важнай справы, якую мусіш рабіць.

Мяркую, што “старасць” не залежыць ад узросту. Быць старым можна і ў 25 год, а можна быць маладым у 90. Гэта залежыць ад цікаўнасці да жыцця. Калі табе цікава жыць, калі маеш цікавы занятак і цябе штосьці рухае наперад — то старасць не надыходзіць. Яна надыходзіць тады, калі ты ціха і мірна сядзіш на адным месцы.

Я чула, як жанчын майго ўзросту называюць “ледзі”, “дамы”. І ўсім гэта вельмі падабаецца! А для СМІ ёсць добрыя вызначэнні, такія як “людзі срэбнага веку”, “людзі залатога веку”. Мне падаецца, можна смела казаць таксама “дарослыя людзі”. Але найменні “пажылыя” ды “пенсіянеры” — не падабаюцца.

Асабіста я дыскрымінацыю паводле ўзросту не адчуваю. Але нядаўна мне расказвалі, што ў многіх працоўных калектывах вядзецца праца з людзьмі сталага веку, і калі больш маладым расказваюць пра сучасныя тэхналогіі ды іншае, то ім — пра прышчэпкі, здароўе. Бо стаўленне такое: “Што з іх возьмеш? Ні ў чым яны не разбіраюцца, нічога не разумеюць. Так вось няхай хоць здароўе берагуць”.

Яшчэ адзін прыклад: мая прыяцелька марыць стварыць калекцыю адзення. І калі ёй прапанавалі прыдумаць яго для людзей 60+, яна адказала, што гэта не ў сферы яе зацікаўленасцяў. Але я з такой пазіцыяй не згодная з той нагоды, што сёння людзі такога ўзросту — адна з найбольш забяспечаных катэгорыяў. Бо яны атрымліваюць пенсію, а калі працуюць, то яшчэ і заробак. І гэта людзі насамрэч не старыя, якія хочуць добра апранацца і ў іх ёсць, за што.

Ёсць, вядома ж, і адваротны бок — мае сяброўкі, што вядуць актыўны лад жыцця і маюць старонкі ў інстаграм, кажуць, што сярод іх чытачоў шмат маладых. Падпісчыкі адзначаюць, што захапляюцца гэтымі жанчынамі, бяруць з іх прыклад. Так, маладыя прызнаюцца, што таксама баяцца слова “старасць”, але тое, што адбываецца ў жыцці актыўных людзей сталага веку сведчыць для іх пра тое, што 60+ — гэта не старасць. І наогул невядома, калі яна надыдзе.

 

Яўген, 36 гадоў:

— Тое, што мой узрост змяніўся, я пачаў адчуваць у 32 ці 33 гады, бо калі адціскаўся, пачалі рыпець суставы. Але мудрасць сапраўды пачала прыходзіць са сталеннем. Толькі цяпер я расставіў прыярытэты, пачаў цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, вырашыў прыняць каталіцтва. Але нягледзячы на тое, што я традыцыяналіст, з цікаўнасцю стаўлюся да новых субкультураў, нават калі яны абсурдныя. Таму мне даволі лёгка знайсці агульную мову з людзьмі больш маладога пакалення.

Таксама змяніліся мае прыярытэты ў выбары месца, дзе б я хацеў жыць у будучыні. Калі ў юнацтве мяне вабіў Мінск, Гарадскі вал, Кастрычніцкая, то цяпер мару пра жыццё ў вёсцы. Пажадана — на хутары. Хачу мець свой гарод, маю цікавасць да зямлі, вырошчваць зёлкі, вывучаць народную медыцыну, вырабляць хатняе віно.

А вось што тычыцца найменняў людзей 50+… Многім у гэтым узросце падаецца, што ўсё толькі пачынаецца. Таму слова “пенсіянер” стыгматызуе, нібыта ўсе жадаюць нагадаць табе пра ўзрост і, магчыма, хуткую смерць.

Я ж лічу, што ўзрост ва ўсіх разумных людзей прыходзіць у выглядзе думак аб свабодзе — уласнай, і тых, хто жыве з табой у адной краіне.

Ілюстрацыйнае фота: Vlada Karpovich / pexels.com

Ганна, 35 гадоў

— Я пэўны час жыву ў Іспаніі, і заўважыла, што пасля выхаду на пенсію ў мясцовых людзей толькі пачынаецца жыццё. Але і да сталага веку ў іспанцаў(ак) няма ў галаве мітусні і думак, што яны чагосьці не паспеюць зрабіць.

Таксама заўважу, што абагульненні, якія транслююцца пэўнымі СМІ пра тое, што ў Еўропе няма сямейных каштоўнасцяў — няпраўда. Да пераезду сюды я ніколі не бачыла столькі сем’яў на нядзельных праменадах, ці ў рэстаранах, што збіраюцца ўсе разам — ад самых малых да бабуляў-дзядуляў.

І яны бавяць усе разам час, заўважна, як ім добра, і як яны прымаюць адно аднаго ў незалежнасці ад узросту.

 

Марыя, 19 гадоў:

— Для мяне “старасць” — гэта не пра ўзрост, а, хутчэй, пра стан чалавека, які згубіў цікаўнасць да жыцця.

Я шмат разоў сустракала прыўкрасных людзей узростам 80+, што захавалі неверагодную энергію, якая іх амалоджвала! Я зараз жыву ў Францыі і праз уласную цікаўнасць люблю запытвацца ў мясцовых “сеньёраў” пра іх эліксір маладосці.

Неяк адна з цудоўных ледзі мне адказала: “Трэба думаць пазітыўна — вось мой сакрэт. Вядома, не забывайцеся ўважліва ставіцца да ўласнага здароўя. Але і ментальны стан грае вялікую ролю”.

Што тычыцца мяне — я не баюся рабіцца больш мудрай, але не хачу “старэць”.

Сапраўды, вельмі многае залежыць ад стану здароўя, а таксама ад успрымання сябе і стаўлення да сябе. Ёсць людзі, якія на любы жарт лёгка крыўдзяцца, а ёсць такія, хто пераўтварае гэта ў сапраўднае мастацтва, у інтэлектуальны гумар. У такія моманты складана нават здагадацца пра ўзрост суразмоўцы. Бо ты проста закохваешся ў чалавека і адкрываеш для сябе ягоны свет, багаты на ўражанні, погляды і досвед.

 

А што думаеш на гэты конт ты? Пішы ў нашым інстаграме!

Цікавае

Спецпраекты