Падрыхтавалі для цябе пазітыўныя навіны, якія могуць узняць настрой ці здзівіць. У падборцы знойдзеш ідэі, як разнастаіць адпачынак у Бабруйску.
29 траўня стартуе СмакFEST з дзіўнай тэмай, але, здаецца, кавярні справіліся
Тэмай сёлетняга СмакFEST стала «100-годдзе утварэння органаў гандлю Беларусі». Не ведаем, чым натхняліся бабруйскія кухары, але, падаецца, казённая назва не перашкодзіла ім творча падысці да стварэння сэтаў. Дарэчы, кошт кожнага з іх – 39,90 рублёў. Мяркуецца, што аднаго мусіць хапіць на дваіх едакоў.
У фэсце возьмуць удзел 14 кавярняў і рэстарацыяў: «Фанат», «Овертайм», «Чырвоная вежа», «Мята Lounge», «ТиКава», «Артишок», «Лакомка», «Пицца Браво», «Времена», «История», «Любимое место», «Турист», «Джин», «Базилик».
Большасць шэф-кухараў абралі «настальгічныя» стравы – таму ў сэтах прысутнічае, напрыклад, хатняе сала і бутэрброды з шпротамі.
Пазітыўныя навіны – ёсць сэты габрэйскай, беларускай, савецкай, і, раптоўна італьянскай кухні, але аматарам фастфуду таксама будзе, што пакаштаваць.
СмакFEST будзе працягвацца да 12 чэрвеня.
Праз раку на лодцы за 2 рублі
Пачала працу пераправа праз Бярэзіну ў раёне Лукавай Гары. Як паведамляе bobr.by, трапіць на іншы бераг ракі на лодцы можна па запыце, у будні з 7.00 да 10. 00 і з 15.00 да 19.00. Выходны – серада.
У суботу і нядзелю пераправа працуе без перапынкаў.
Пазітыўныя навіны – кошт паездкі – 2 рублі.
Даведка па тэлефоне: 72-72-92
Бабруйчанка гадуе козачку, і часам выгульвае яе ў прыгожым адзенні
Бабруйчанцы Валерыі нубійскую козачку падарылі сябры, піша «Вячэрні Бабруйск». Гаспадыня вельмі любіць яе і штодня водзіць на шпацыр, чым уздымае настрой усім, хто бачыць Доню Розу – так клічуць жывёлку.
Адзенне для козачкі Валерыя набывае ў сэкандзе – у гардэробе ўжо некалькі сукенак, бодзі і штонікі.
Як піша выданне, каза ўжо заўважна падрасла і гаспадары не могуць трымаць яе ў кватэры. Нядаўна Доня Роза пераехала ў вёску, дзе сям’я Валерыі будуе дом.
Пляжы гатовыя для купання
Бабруйскія вадалазы праверылі вадаёмы, дазволеныя для купання, дасталі камяні, дрэва і прадметы, якія прынесла плынню за апошні год, ці якія кідалі ў ваду самі бабруйцы.
Нагадаем, што ў нашым горадзе ёсць тры афіцыйныя пляжы – каля санаторыя «Шыннік», «санаторка» – цэнтральны пляж каля санаторыя імя Леніна і пляж на 6-м мікрараёне. Але бабруйцы ездзяць таксама адпачываць на возера «Наша месца» каля Туголіцы.
Пачаўся сезон клубніцаў, абяцаюць зніжэнне коштаў
У асобных гандляроў беларускія клубніцы прадаюцца коштам да 20 рублёў. Таму пакуль гараджане бяруць няшмат ягад, каб пад’есці. Па прагнозах, хутка цана на іх павінна знізіцца да 5 рублёў.
Дзяліся сваімі пазітызнымі навінамі ў каментарах у Instagram