
Людвіка Сівіцкаяі і Фабіян Шпнтыр. Крыніца фота: Вікіпедыя
Што аб’ядноўвала Зоську (сапраўднае імя Людвіка Сівіцкая) ды Фабіяна? Абое пісалі вершы, публіцыстыку, а таксама займаліся грамадскай дзейнасцю. Пазнаёміліся яны ў Мінску ў 1915 годзе. У той час 23-гадовая Зоська Верас працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. А 28-гадовы Фабіян Шантыр годам раней быў мабілізаваны ў войска ды служыў наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйску. У Менск ён прыязджаў, бо ўдзельнічаў у працы клуба “Беларуская хатка”.
Пасля таго, як паміж маладымі людзьмі ўспыхнулі пачуцці, Людвіка пачала ездзіць да каханага ў Бабруйск. Вось як яна апісвае тыя часы:
“А жылі мы па-ваеннаму, не разам, а асобна, і “ездзілі да сябе ў госці” ды пісалі амаль кожны дзень. Што перажылося — гэтага не раскажаш, не апішаш. Было ўсяго: і добрага, і благога. То сходзіліся, то разыходзіліся… Бачыце, папала каса на камень. Я не была з тых мяккіх натураў, якімі можна кіраваць, мела сваю волю, свае погляды. Да таго ж вельмі рознае выхаванне, рознае паходжанне… Але гэта не перашкаджала: цанілі адзін аднаго. А я і шмат выбачала, калі было патрэбна…”
Чаму маладыя не пачалі адразу жыць разам?
Бо Зоська Верас не хацела кідаць працу ў Каміэце дапамогі ахвярам вайны, а Фабіян Шантыр быў вайскоўцам, і мусіў заставацца ў Бабруйску.
“І вось мы час ад часу ездзілі да сябе ў адведзіны на дзень, найбольш на два… Шпіталь на 600 ложкаў змяшчаўся ў крэпасці, там жа жыў мой муж… Грубыя муры, панурыя вузкія калідоры. Але залі хворых і памяшканні персаналу светлыя, з вялікімі вокнамі…
Першы раз я там была ў красавіку 1917 году. Паехала разам з трупаю (Фларыяна) Ждановіча, якая мела выступіць у Бабруйску на просьбу Ф. Шантыра — са спектаклем “У зімовы вечар” (Элізы) Ажашковай…
Прыязджаючы на які дзень, я часта памагала мужу ў шпітальных рахунках — шэсцьсот хворых гэта не жарты! — або ездзілі глядзець заарандаваныя для шпіталю сенажаці і г.д… Быў нейкі добры клуб, дзе выступала беларуская трупа Ждановіча, а артыстаў на начлег і вячэру ўладкавалі ў самім шпіталі. Вячэрай я займалася пры помачы салдата… Была там моцная беларуская арганізацыя — Беларуская сацыялістычная грамада, мітынгі, збіралася па 300 асоб. Часта лекцыі-вечарыны з выстаўкамі беларускіх кніг і іх прадажай. Ладзілі Купальле…” — узгадвала Людвіка Сівіцкая.
У расстанні закаханыя пастаянна ліставаліся, Фабіян не саромеўся палымяна выказваць пачуцці. Вось як гэта гучала ў самым пачатку стасункаў:
“Душа ваша, вялікая хараством суму, поўная дзіўнага чарацвету, — гэта душа мусіць належаць да майго быту. Куды б ні ішлі Вы, дзе б ні былі, да каго б ні належалі, дух мой вечна будзе ісці ўслед вашай душы, агартаць яе сілай чуцця свайго і зваць да сябе… Я не бачыў Вас, а ўжо сніў аб вашай душы… насіў яе ў сабе, будаваў ёй алтары і маліўся, маліўся мукамі адзіноцтва… Не чыніце ж гвалту быту, аддайце ж мне сваю душу, бо яна нікому, апроч мяне, не будзе належаць. Я чакаю яе”.
І спачатку Людвіка з асцярогаю ставілася да ўласных пачуццяў, вось што яна пісала ў дзённіках 1916 года:
“І што мне цяпер з гэтым фантам рабіць? Усё ж адпісаць на лісты трэба. Сколькі ў іх паэзіі і якая зычная і поўная эстэтыкі мова … Як бачу, Ш. — беларус з эстэтычнай душой, такіх дагэтуль не спатыкала”.
У лістах Фабіяна, напісаных праз год, адчуваецца, што закаханыя сталі бліжэй адно аднаму:
“Мая родная, я з кожным днём пераконваюся, што болей без цябе жыць не магу. Ты мне патрэбна, як паветра, як хлеб для душы. Цяпер толькі, у хвілю адпачынку — хвілю суму, я бачу, як глыбока, як моцна я цябе кахаю. Кахаю ўсёй прастатой сваёй душы, шалёным жаданнем прошлага сіроцтва. Ты мая! Альбо ты, альбо ніхто і ніколі … Твой Фабіян”.
Трагічны фінал кахання
Іх пачуццям нават спрабавалі перашкодзіць. Магчыма, гэта была зайздрасць, або рэўнасць? Вось што пісала Людвіка сяброўцы Ванды Лявіцкай ужо ў 1964 году, праз шмат часу ад тых падзеяў:
“Мушу пачаць з апошніх месяцаў у Менску 1918 г. Ты, пэўна, помніш, што я мела выходзіць замуж за Ф. Шантыра. Ён прасіў згоды маёй мамы, быў у ксяндза Гадлеўскага, каб даведацца, якія патрэбны дакументы і г.д. Але тут умяшаўся (Рамуальд) Зямкевіч. Паехаў спецыяльна ў Бабруйск і нагаварыў, што я вяду сябе немаральна, маю каханкаў. Ш. мне гэта выказаў, але закончыў, што ён усё ж такі жаніцца не адмаўляецца. Я, абураная, адказала, што ласкі не патрабую. Прайшоў час. Апошнія месяцы ў Менску былі для мяне страшэнна цяжкія. Мама мая хварэла, ляжала ў шпіталі, а я чулася такая загубленая, адзінокая. Хоць, праўда, Фальскі і Ксеня Сцяпанаўка ні на хвіліну мяне не пакідалі і мамай маёй апекаваліся.
Я вельмі тужыла па сямейным жыцці, з зайздрасцю глядзела на кожнае дзіця на вуліцы… Якраз тады я ізноў некалькі разоў спаткалася з Ш. Ну і — сталася… Я выехала не адна — у 1919 г. радзіўся сын, ужо ў Горадні. Прозвішча свайго бацькі ён дастаў пры хрысце”.

Гальяш Леўчык, Зоська Верас ды той самы Рамуальд Зямкевіч, які спрабаваў пасварыць закаханых
Чаму ж Людвіка і Фабіян так і не пабраліся шлюбам, хоць у тыя часы маладая жанчына і звала яго мужам?
Бо былі надта актыўнымі, а значыць “нязручнымі” людзьмі для савецкіх уладаў. Упершыню Фабіян быў арыштаваны ў 1918 годзе, ды апынуўся ў Бабруйскай крапасной турме. Там яго наведвала Зоська Верас. Нагодай стала пасада народнага камісара нацыянальных спраў першага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, якую займаў Шантыр. Неўзабаве яго і паплечнікаў вызвалілі, але ў новым складзе ўрада для іх месца не знайшлося.
Другі арышт адбыўся ў красавіку 1920 года, пасля мабілізацыі ў Чырвоную Армію, па заяве адной з яго падначаленых. Вось што напісалі ў заключнай пастанове па следству: “… Факт подрыва авторитета Советской власти, дискритирование Коммунистической партии и преступление по должности доказаны, а посему гр. Фабиана Гиляровича Шантыра, как вредный и неисправимый элемент, подвергнуть высшей мере наказания”.
Фабіян Шантыр быў расстраляны 29 траўня 1920 года ў расейскім Навазыбкаве. Пра смерць каханага Людвіка даведалася з газет. Ён так і не ўбачыў свайго сына.

Людвіка з сынам Антонам
Жыццё пасля Фабіяна
Пасля смерці каханага Людвіка жыла ў сямейным маёнтку ў Альхоўніках. Там яна пісала вершы, прысвечаныя найчасцей малому Антону. У 1922 годзе яе дзед памёр, і маёнтак давялося прадаць. Жанчына з сынам паехала ў Вільню, дзе праз год разам з журналістам Антонам Войцікам, сваім будучым мужам, збудавала на Панарскіх узгорках хатку. Праз тры гады яны павянчаліся ў Віленскім Касцёле Святога Мікалая. У гэтым шлюбе нарадзілася дачка Галіна.

Людвіка з мужам Антонам Войцікам
На жаль, лёс і надалей не быў літасцівы да Людвікі, яе сын прайшоў сталінскія лагеры дзе падарваў здароўе, а другі муж раптоўна памёр у 1948 годзе, пасля чаго яна апісвала сваё жыццё як “летаргічны сон”.
Зоська Верас пражыла доўгае, насычанае творчасцю ды грамадскай дзейнасцю жыццё, 99 гадоў. Яшчэ пры жыцці яе лясная хатка стала цэнтрам гуртавання беларускай інтэлігенцыі Вільні.

Зоська Верас у сваёй лясной хатцы
Паводле ўспамінаў дачкі Галіны, за два-тры дні да смерці яе маці нічога не памятала, а толькі трызніла. Яна ўвесь час паўтарала адно імя: “Фабіян! Фабіян! Фабіян!”
Дзяліся сваімі гісторыямі кахання ў Інстаграм