«Ты прыносіш карысць, радасць іншым людзям». Як бабруйчанка валанцёрыла стылісткай, і чаму валанцёрства пасуе для ўсіх

Што ты ўяўляеш, калі чуеш слова «валанцёрства»? Ратаванне марскіх жывёл і змаганне з стыхіяй, бяссонныя ночы і вялізныя сумы ахвяраванняў? Так, валанцёрства можа быць і такім. Але часам супольнасцям, што займаюцца сацыяльнымі пытаннямі, патрабуюцца нейкія больш простыя рэчы – напрыклад, каб для іх правялі невялікае навучанне па СЕО, намалявалі лога, напісалі тэкст. І рабіць гэта ўсё можна анлайн.

Наша суразмоўца Алена, напрыклад, ужо пару год валанцёрыць як стылістка, і робіць больш шчаслівымі як малых, так і людзей залатога ўзросту. Пра тое, як яна гэта робіць – чытай у нашай гутарцы.

 

«Валанцёрыць адназначна трэба! Так можна апынуцца бліжэй да мары»

 

Фота з сацсетак гераіні

 

Пачалося ўсё так. Два гады таму Алена Сакалова працавала ў ювелірнай краме і выпадкова даведалася, што ў Бабруйску праводзіцца бізнес-інтэнсіў для пачаткоўцаў – і вырашыла схадзіць. У яе была мара запусціць уласны брэнд жаночага адзення.

– Казала на навучанні пра капсулу адзення, якая б эфектыўна працавала на любую жанчыну. Не сказаць, што з дзяцінства марыла пра брэнд, але шалёна любіла незвычайную вопратку, з цікавымі дэталямі, дызайнам. Памятаю, як малой, збіраючыся на ранішнік на навагоднюю ялінку, закаціла маці істэрыку, што новыя белыя туфлі не падыходзяць да вобразу, бо зліваюцца з белымі калготкамі – і пайшла ў чырвоных, – смяецца Алена. – У школе таксама мела свой пэўны стыль – катэгарычна не ў форме! Хацелася заўсёды апранаць штосьці не такое, як ва ўсіх. Вось таму на бізнес-інтэнсіве я на крок наблізілася да мары, але да яе здзяйснення была яшчэ вельмі доўгая адлегласць.

Пасля навучання я паўдзельнічала і ў ментарскай праграме (прым: ментар – фактычна той жа валанцёр, што бясплатна дзеліцца з менці досведам ці ідэямі). Ментарка Ганна параіла мне пачаць з стылістыкі, маўляў, гэта будуць мае першыя крокі. Я спачатку не зусім прыняла гэтую ідэю, бо ў галаве круціўся толькі брэнд адзення… Але ў выніку я абараняла ідэю «імідж-студыі», у якой бы жанчыны навучаліся як стылю, так і этыкету, майстэрству прыгожа прамаўляць, візажу, то-бок усім эстэтычным момантам і навыкам, якія б рабілі нас лепш, прыгажэй і больш адукаванымі. Гэта дарэчы, мара намба ту, – з усмешкай кажа Алена.

Першы валанцёрскі вопыт – выступ на воркшопе ў якасці стылісткі. На ім наша суразмоўца расказала пра капсульны гардэроб, пра ўсвядомленыя пакупкі (не набываць лішняе і непатрэбнае), і дапамагла ўдзельніцам сабраць вобразы.

– Гэта быў першы выступ і першыя мінімальныя веды, якімі я падзялілася. Я прынесла сваю вопратку, яна вельмі хутка знайшла новых гаспадароў. Мне тады вельмі спадабалася, што мой густ ацанілі! З’явіліся першыя ноткі ўпэўненасці ў новым кірунку, – адзначае Алена.

– Адразу пасля воркшопа арганізатары мяне пазначылі ў сторызах у Instagram. Там мяне пабачыла дзяўчына, што займаецца маркетынгам адной з бабруйскіх крамаў адзення, і яна пачала распытваць пра мяне, сказала, што ёсць да мяне прапанова. І вось мы стэлефанаваліся, Кацярына прапанавала мне паваланцёрыць падабраць вобразы мадэлям для фотасесіі, якая мела на мэце рэкламу і прасоўванне.

Мы сабралі мадэляў сярод знаёмых, пад чулым кіраўніцтвам маёй ментаркі сабралі каманду візажыстаў і стылістаў па прычосках, фатографа і мяне – у якасці стылісткі. Гэта быў мой першы, незабыўны вопыт падбору адзення для фота. У гэты ж час Ганна прапанавала мне весці рубрыку з bobr.by «Стыль нашага горада», я з радасцю ўзялася за гэтую справу, пісала невялікія артыкулы па выбраных самастойна тэмах, разбірала па фота гардэроб бабруйчанак і бабруйцаў.

І ў выніку мне захацелася прайсці навучанне гэтай прафесіі. Доўга маніторыла ўсе магчымыя курсы, спынілася на піцерскай школе прыгажосці, прайшла платнае навучанне анлайн па 3 напрамках: стыль для пачаткоўцаў, персанальны стыліст, Fashion-стыліст. З гэтага часу ў мяне зʼявілася больш дакладнае разуменне, хто такі стыліст.

 

Фота з сацсетак удзельніц паказа. Фота: valeryafoto

 

У лютым Алене паступіла яшчэ адна прапанова ад Кацярыны, арганізаваць сумесны модны паказ. Ад нашай суразмоўцы патрабаваліся веды і ўменні, знайсці мадэляў, сабраць вобразы з адзення, абутку і аксесуараў, якія прадаюцца ў яе краме. А Кацярына займалася арганізацыяй мерапрыемства – вядучы, візажысты, стылісты па прычосках, фатограф і відэограф, музычныя паўзы, тэхнічныя моманты, рэклама, Instagram.

– Гэта быў першы, вельмі круты, працаёмкі вопыт. Было шмат страху, няведання як і што, але ў нас атрымалася! Я запыталася ў інстаграм, хто жадае паўдзельнічаць – галоўным патрабаваннем было – не прафесійная мадэль, а любая жанчына, любой камплекцыі. Адабралі 10 мадэляў, быў адзін хлопец, мая сямігадовая дачка і Кацін шасцігадовы сын. Паказалі жаночую вопратку, трохі мужчынскай і дзіцячай, агулам я сабрала 53 вобразы!

Перад паказам я штодня бегла з працы ў краму, каб надаць час кожнай мадэлі, і так цягам трох тыдняў, без выходных. Мяне нават калегі па працы падтрымлівалі, перажывалі за паказ, – усміхаецца Алена. – Потым мы самі вырашылі паўтарыць і палепшыць паказ, арганізавалі другі, а жадаючых паўдзельнічаць у якасці мадэляў было яшчэ больш. Цяжка было абіраць, нікога не хацелася пакрыўдзіць, але ў выніку ўзялі 12 чалавек, з імі працавалі прыкладна 2 тыдні, падчас якіх я сабрала 60 вобразаў. А пасля быў і трэці паказ – ён быў яшчэ лепш і прайшоў лягчэй. Цяпер я ўжо нічога не баюся, магу арганізаваць любы паказ, – смяецца Алена.

Стылістка ўпэўнена, што дзейнічаць нам перашкаджаюць страхі, а станоўчы вынік можна атрымаць толькі пасля назапашвання вопыту.

– З майго боку ўся праца рабілася без аплаты, цалкам па-валанцёрску, на чыстым энтузіязме – для вопыту, упэўненасці. Мяне матывавала разуменне – я атрымліваю вопыт! Да ўсяго я знайшла шмат новых знаёмых і сяброў, за што шалёна ўдзячная Каці і яе краме. Я набыла каласальны досвед працы з мадэлямі, падборам адзення, у камунікацыі. Да гэтага часу дзякую ўсім і Ўсявышняму.

Дзякуючы паказам мяне пачалі заўважаць і запрашаць, падрыхтавалі сумесна з часопісам «Юны ратавальнік» артыкул аб трэндах для школьнікаў, мяне запрашалі ў мясцовую гімназію паўдзельнічаць на экалагічным школьным фестывалі, распавядала школьнікам пра тое, як знайсці свой стыль і падбіраць вопратку, сабрала ім па некалькі вобразаў, падрыхтавала карысны матэрыял па тэме.

Потым паступіла прапанова быць педагогам па стылі ў мадэльнай школе «EVVE», дзе навучала юных мадэляў у трох групах з узростам 5-7 гадоў, 8-10 гадоў і падлеткаў. Адметнасць гэтай працы ў тым, што кожнай групе трэба было даносіць інфармацыю па-рознаму. З малымі мы шмат малявалі і апраналі лялек, вучыліся даглядаць за адзеннем, з сярэднімі працавалі з моднымі часопісамі і калажамі, з падлеткамі дэманстравалі стылі і вобразы. Гэта ўжо была мая першая праца, звязаная з стылем, якая аплачвалася. Паралельна вяла заняткі ў мадэльнай школе «Вяршыня», па дысцыпліне «дызайн». Мы рабілі калекцыю «Чарнічны пірог» для арт-шоу, па матывах казкі «Чарлі ды шакаладная фабрыка», прадумвалі касцюмы для выступлення ў Мінску.

Таксама практыкавала некалькі падбораў і разбораў гардэроба, зноў на добраахвотнай аснове, для вопыту. Бо я разумею: каб стаць прафесіяналам і пачаць казаць аб кошце паслуг, трэба спачатку набрацца нямала вопыту. Зараз я маю некалькі цікавых прапановаў – весці навучанне па стылі для жаночага клуба, падбіраць вобразы для фотасесій мясцовай крамы адзення.

Дарэчы, вынікам усяго гэтага стала тое, што я змяніла сферу працы. Паступіла прапанова пайсці працаваць у краму, у якой рабіла паказы, з вясны я там. Мне падабаецца працаваць з адзеннем, вельмі важна было пазнаёміцца з ім бліжэй, ад паставак да продажаў. За гэты час я зрабіла грандыёзную перастаноўку ў краме, выгадную ратацыю і выгоды для пакупнікоў, прымаю тавар і размяшчаю яго ў краме, адказваю за візуал.

За гэты час я стала больш смелай і амаль падышла да сваёй мары, на днях прыняла рашэнне аб запуску адзення сваёй вытворчасці. Цяпер вывучаю рынак, юрыдычныя і бухгалтарскія пытанні, рыхтую інфармацыю для інвестара, якога знайшла ў прасторах інтэрнэту.

У мяне ёсць упэўненасць, што думкі матэрыяльныя! Не ведаю, што з гэтага атрымаецца, але вельмі хачу паспрабаваць.

 

Фота з сацсетак гераіні і ўдзельніц паказаў

 

Калі ёсць любая інфармацыя, якая мне дапаможа, буду вельмі ўдзячная! Шукаю людзей, якія могуць дапамагчы весці Instagram, бухгалтэрыю, фатографа, здабываю любую карысную інфармацыю для запуску.

А што тычыцца валанцёрства, мая парада – так! Адназначна трэба валанцёрыць, і так апынуцца бліжэй да мары. Па першае – гэта каласальны вопыт, новыя знаёмствы і сувязі. Адначасова ты прапрацоўваеш свае страхі, камунікуеш з вялікай колькасцю людзей і атрымліваеш ад іх вопыт. Ты прыносіш карысць, радасць іншым людзям.

На паказах я як мінімум зрабіла 20-30 жанчын больш шчаслівымі, прапанаваўшы ім адчуць сябе ў ролі мадэлі, пачуццёвай, лёгкай, натуральнай. Бо ведаю, што многія з нас марылі пра гэта – пахадзіць па подыуме. Мы здзейснілі мары гэтых жанчын.

Наагул, я магу доўга пералічваць карысць ад валанцёрства, бо гэта сінергія! Без гэтага вопыту я б не адважылася ісці далей! Хоць так хацелася сказаць у пачатку шляху: «Я не магу, я не ведаю, я не ўмею…» Цяпер стараюся жыць па прынцыпе: аддаеш – атрымліваеш, – кажа Алена Сакалова.

 

Ілюстрацыйнае фота: cottonbro studio

 

А вось якія валанцёры патрэбныя бабруйскім ініцыятывам

І пакуль ты гэта чытаеш, не здзіўляйся – так, твая праца ці хобі таксама могуць некаму дапамагчы – нават іншым валанцёрам!

Мы паразмаўлялі з рознымі людзьмі, якія рэалізуюць некамерцыйныя ідэі ў сферы, адукацыі, экалогіі, медыя, сацыяльных праблем, дапамогі жывёлам, каб даведацца, у чым яны маюць патрэбу.

Іх мы падзялілі на некалькі блокаў, а ў дужачках пазначылі лічбу – гэта колькасць запытаў.

 

У сферы арганізацыі працы суполкі патрэбная дапамога па:

  • пошук каманды (2)
  • навучанні каманды (3)
  • дэлегаванне задач (5)
  • наладжванне стасункаў унутры каманды (1)
  • анлайн-узаемадзеянне з камандай (1)

 

Дапамога ў сферы маркетынгу і камунікацыі:

  • стварэнне/афармленне старонак у сацсетках (3)
  • распрацоўка кантэнт-плана для сацсетак (5)
  • стварэнне кантэнту (3)
  • стварэнне сайта/блога (2)
  • распрацоўка кантэнт-плана для чайта/блога (1)
  • прасоўванне ў сацсетках, рэклама (5)
  • узаемадзеянне з медыя, прэс-рэлізы, рассылкі (5)
  • стварэнне чатаў для стасункаў з удзельнікамі(цамі) (3)
  • навучанне па лічбавай бяспецы (2)

 

Дапамога ў сферы адукацыі:

  • распрацоўка навучальных праграм для ўдзельнікаў(ц) супольнасці (1)
  • арганізацыя і правядзенне навучання афлайн/анлайн (3)
  • знаёмства з інструментамі для анлайн-навучання – Zoom, Google Meets,presentation, mirrow, Calendy ды інш + лічбавая бяспека (2)

 

Дапамога ў сферы дызайну:

  • распрацоўка лагатыпа (3)
  • распрацоўка фірмовага стылю (4)
  • распрацоўка дызайна інтэрʼера для офіса/прасторы (1)
  • распрацоўка інфармацыйных буклетаў (2)
  • распрацоўка візітовак (1)

 

Дапамога ў сферы планавання:

  • планаванне (4)
  • пошук фінансаў/фандрайзінг (5)

 

Дапамога ў сферы даследаванняў:

  • пошук інфармацыі (2)
  • стварэнне апытанняў для вывучэння патрэбаў (4)
  • правядзенне апытанняў (4)
  • аналіз збора дадзеных (3)

 

Дапамога па ментарстве і кансультацыях:

  • Як утрымаць каманду і пазбегнуць эмацыйнага выгарання, спланаваць час.
  • Як знайсці крыніцы фінансавання.
  • Як прыцягнуць больш гараджан да пытанняў: экалогіі / пытання бяздомных жывёл, стэрылізацыі, як даглядаць за жывёламі.
  • Патрэбны ментар для правядзення спартовага мерапрыемства для людзей з інваліднасцю.
  • Патрэбныя людзі, якія дапамогуць шукаць персанажаў для гарадскіх відэаролікаў.
  • Дапамога ў планаванні дзейнасці.
  • Як утрымаць увагу і зацікавіць удзельнікаў івэнтаў.

 

 

«Зачем мне помогать другим?» Объясняют бобруйские волонтеры(ки)

Насамрэч, гэта далёка не ўсё, чым можна дапамагчы бабруйцам. Напрыклад, «Справядлівая дапамога» ужо доўгі час шукае фатографа, а таксама чалавека, які дапаможа з вядзеннем сацсетак. І, хутчэй за ўсё, любая дабрачынная суполка ў горадзе мае патрэбу ў нейкай дапамозе – штосьці прывезці, прыдумаць, знайсці…

Часам мы самі не разумеем, што можам быць камусьці патрэбнымі, і гісторыя нашай гераіні Алены – яскравае таму пацверджанне.

Цікавае

Спецпраекты