КультураЛюдзіПадзеі

У бабруйца Алеся Сьнега выйшаў паэтычны зборнік у эма-стылі

Алесь Сьнег. Фота: 1387.io

Зборнік “Гэта не пра нас” дэбютны, хоць выступае з вершамі Алесь Сьнег даўно. У кнізе сабраныя ягоныя найлепшыя творы з 2012 году і да сёння. Чаму аўтар не выдаў зборнік раней? Бо пераадольваў “сіндром самазванца” і мы радыя, што нарэшце адолеў:)

Сам бабруец кажа, што стварае ў эма-стылі: “не столькі праз эстэтыку адпаведнай субкультуры, колькі праз шчырасць і глыбокую эмацыйную ўцягнутасць у кожны радок”.

Кніга “Гэта не пра нас”. Фота: 1387.io

Кніжачка атрымалася вельмі стылёвай, яна невялікая, густоўна аформленая, яе прыемна нават проста трымаць у руках. Афармленнем вокладкі займалася мастачка Лізавета Лянкевіч. Магчыма, у некага з’явіцца асацыяцыя з багдановічавым “Вянком”, які таксама доўга чакаў, каб пабачыць свет, пасля чаго, як мы памятаем, паэт адзначыў: “Я не самотны, бо кнігу маю”. Але ў вянку Сьнега кветкі (васілька?) закрэсленыя. Бо гэта не пра нас.

“А насамрэч гэта пра кожнага” – пазначана ў пачатку зборніка.

Запрашаем цябе далучыцца да “інтымнага падарожжа скроз час і пачуцці” і дзелімся вершамі са зборніка:

“Часткі цела”

Тваё цела для мяне
нібы коўзанка.
я так лёгка па ім
з’язджаю
уніз,
да самых пальцаў.

Ты засынаеш
чарговы раз
у маіх руках.

Ты навучылася мяняць цяпло
маіх пальцаў на прахалоду сваіх
далоняў
і прасоўваць думкі праз скроні.
А я навучыўся з роварам быць
асцярожным,
і ведаеш, у нашым небе заўжды
можна
хаваць цяпло
адно аднаго.
Мне падабаецца як ты “кіруеш”
у трамваі,
і пальцамі кранаць твае вусны.

Табе не здаецца, што мы вечнасць,
ствараем,
трапляючы ў агульныя сны?

“Човен”

У замерзлым возеры,
самым вялікім у краіне,
скуты човен чакае вясны,
здаўшыся льдзіне.
А праз сто кіламетраў мы,
кава без цукру, яечня…
Таксама ў чаканні вясны,
А зіма невыносна вечная.

***
мятыя
просціны
мятныя
проста мы

***
Я не маю планаў на лета,

акром вывучаць цябе.
І колькі будзе доўжыцца гэта,
гараскоп не падкажа, але

цябе ўсю адкрыць немагчыма,
дакрануцца бы да зімы…
І рабіць усё такім чынам,
каб мы разам у чоўне плылі.

Я не меў планаў на лета,
ставіў усё на імправізацыю.
Ці раскрыў я тваю планету,
ці прайшоў этап адаптацыі?

***
Сюжэты жыцця даюць табе шанец паўторна.
Усё для таго, каб ты змог адчуць сябе морам,
бо ты невычэрпны, нават калі не хапае словаў.
Не азірайся, бо ўсё, што было – “учора”.
Будзь гатовы.

Кніга “Гэта не пра нас”. Фота: 1387.io

Мы можам толькі ўяўляць, наколькі гэта важная падзея для Алеся Сьнега, наколькі хвалюючая, таму 1387.io шчыра віншуе паэта з першым зборнікам і зычыць не спыняцца!

Як набыць кнігу? Запаўняй форму па гэтай спасылцы. Таксама ў хуткім часе “Гэта не пра нас” мае з’явіцца ў кнігарнях.

А таксама пішы ў нашым інстаграме свае ўражанні ад кнігі, або пакідай у каментарах уласныя вершы:) 

Цікавае

Спецпраекты