Герб часоў ВКЛ, ці быў ён?
Пачнем з таго, што размовы пра старажытны, гістарычны ды не імперскі герб вядуцца столькі ж, колькі і пра магдэбургскае права. Адны сцвярджаюць, што і першае і другое ў Бабруйску было, іншыя – што гараджане так і не пакаштавалі слодыч самакіравання, і адзіны існуючы герб – менавіта «кацярынінскі» – з мачтамі.
А вось так выглядае варыянт з гербоўніка Анатоля Цітова, паводле яго даных – гэта гарадскі герб Бабруйска з 17 стагоддзя:
А той самы “герб з мачтамі” першапачаткова выглядаў так, з двухгаловымі арламі і менскім гербам, што сведчыла пра прыналежнасць і да Менскай губерні, і да Расійскай імперыі:
У такім выглядзе, па ўказу Кацярыны ІІ, герб Бабруйска быў зацверджаны 22 студзеня 1796 года. Па апісанні гербазнаўцы Паўла фон Вінклера:
«В верхней части щита герба Минский. В нижней – в сем округе находится довольно для мачт годных деревьев и промысел оными составляет немалую часть пользц тамошних жителей, которые сплавливают их по реке Березине, для отправления к Рижскому порту – в сходство сему, изображается на средине серебряного поля, мачта и к ней приставленные два для мачт, изготовленные дерева крестообразно».
Дарэчы, сцяг Бабруйскага павету выглядаў так, бо свайго не меў, а карыстаўся сцягам Менскай губерні:
А той самы двухгаловы арол, які быў на бабруйскім гербе, і які сёння трывала асацыюецца з Расіяй ды яе неўміручымі імперскімі мроямі, быў пазычаны ў іншай імперыі – Візантыйскай. Самая ж старажытная знойдзеная выява «птушачкі» і зусім належыць да Хецкага царства:
Фота: Вікіпедыя
Наагул, ва ўсе часы двухгаловы арол быў надзвычай папулярным у геральдыцы ці ў рэлігійных суполках ва ўсім свеце, і сёння таксама выкарыстоўваецца на гербах розных краін.
Спробы стварыць новы герб
Па звестках праекта «Геральдикум» (які між іншым прызнаецца, што не фільтруе геральдычную інфармацыю), у 1860 годзе зʼявіўся праект новага герба для Бабруйска, які так і не быў зацверджаны. Выглядаў ён так: «В серебряном поле 2 накрест положенных черных бревна. В вольной части герб Минской губернии. Щит увенчан стенчатой короной, за щитом положены накрест два золотых молотка, соединеннын Александровской лентой». А ініцыяваў новы герб нібыта Бернгард Кёнэ, які ў час сваёй дзейнасці царскім геральдыстам імкнуўся упарадкаваць сімволіку, у тым ліку і на анэксаваных тэрыторыях.
А вось праект насычанага сімваламі герба, створаны архітэктарам Юрыем Міхайлавым, быў больш паспяховым. У 1988 годзе яго зацвердзіў мясцовы савет дэпутатаў. На чырвона-зялёным шчыце (колер бэсэсэраўскага сцяга) – жоўты бабёр, хвост якога сканчаецца шынай (адсылка да Шыннага камбіната). Сіняя стужка – рака Бярэзіна, зубцы ўверсе – Бабруйская крэпасць.
Але ў студзені 2005 года Бабруйску вярнулі герб з мачтамі – на срэбным полі французскага шчыта выява вертыкальнай карабельнай мачты з двума складзенымі накрыж бярвеннямі. Аналагічная выява – на гарадскім сцягу:
Ну і куды ж без крынжацінкі
Жартаўлівы герб з бабрамі «пад мухаморамі» можна знайсці ў «Абсурдопедии», дзе ёсць таксама гімн, гісторыя ды іншыя звесткі пра альтэрнатыўны «Бабруйск». Вось як выглядае герб:
І хоць бабры на гербе выглядаюць сапраўды «ўпората» – гэта ўсяго толькі кавер на сапраўдны герб горада Іскіцім (РФ), і трымаюць яны ў лапках не мухамор, а будаўнічую кельму:
Бабёр – не менш папулярная за двухгаловага арла істота ў геральдыцы, але найбольш выкарыстоўваецца ў рэгіёнах Расіі. Напрыклад, так выглядае сімволіка сельскага паселішча Усць-Цыльма:
На гербе камуны Беверн (Германія), муніцыпалітэта Буўрон (Францыя) таксама бабры. Але брутальны бабёр з сякерай з герба фінскага горада Эно па-за канкурэнцыяй:
А вось які эскіз прапануецца для герба і сцяга Бабруйскага раёна:
Заўвагі па ім прымаюцца на адрас priemnaia@bobrrik.gov.by. Інфармацыю аб выніках правядзення абмеркавання абяцаюць размесціць на афіцыйным сайце Бабруйскага райвыканкама да 8 жніўня.