З намі звязаўся Мікалай Бялоў, уласнік кватэры ў камяніцы на вуліцы Сацыялістычнай, 78. У мінулым і пазамінулым гадах мы шмат пісалі пра лёс гэтага будынку, у прыватнасці – пра перабудовы адной з кватэраў на першым паверсе пад кавярню.
“Камяніцы абкладзеныя пліткай, як нейкі санвузел”
Кавярня ўсё ж запрацавала, фасад у тым месцы, як і абяцаў уласнік кватэры – прадпрымальнік, адкрылі да аўтэнтычнай чырвонай цэглы. Зрабілі прыгажосць звонку, а знутры – замянілі старыя драўляны рамы на пластыкавыя і павесілі кандыцыянер на фасад. Гэта вельмі абурыла Мікалая Бялова, гаспадара кватэры на другім паверсе ў гэтым доме.
“У мяне сэрца крывёю абліваецца. Я два гады не быў у Бабруйску, а прыехаў – і ўбачыў такую карціну. Гэтыя пластыкавыя вокны і кандыцыянер на будынку са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці разглядаю як поўную непавагу да закону”, – кажа Мікалай.
Мужчына зазначае таксама, што стан цэглы, з якой знялі тынкоўку і фарбу, кепскі, яна выглядае неахайна. Мікалай цяпер збіраецца звяртацца ў гарвыканкам з пытаннем, на якой падставе ў камяніцы замянілі вокны і прымацавалі кандыцыянер.
Агулам жа, мужчыну засмучае не толькі стан дому на Сацыялістычнай, 78 – ён бачыць сістэмную праблему ў Бабруйску.
“Я пагуляў па горадзе і вельмі засмуціўся, бо шмат што страчана. Напрыклад, ідзеш на вуліцу Дзяржынскага пачынаючы ад рынку – там старыя камяніцы немагчыма пазнаць – яны абкладзеныя нейкай пліткай, як нейкі санвузел. Да першых паверхаў, дзе кавярні, дабудавалі веранды. Атрымліваецца, ахоўны статус будынкам надалі, але кантролю за выкананнем закону няма”.
“У Беларусі інакш размаўляюць па-расейску, таму я чую, адкуль гэтыя людзі”
У якасці прыкладу абыходжання са спадчынай Мікалай прыводзіць Іспанію:
“Я там нідзе не бачыў падобных разбудаваных верандаў у кавярнях у гістарычных будынках – проста стаяць столікі пад парасонамі. Акрамя таго, у Іспаніі прыемна піць каву ў кавярні са старымі драўлянымі вокнамі, з гэтай аўтэнтыкай. Так, усё старое, але трымаецца, за ім глядзяць. А ў нас вельмі шкада старажытнасць – яе не застаецца”.
Мікалай зазначае, што ў Бабруйску аўтэнтычныя элементы захаваліся ў будынках, у якіх размешчаныя дзяржаўныя арганізацыі і структуры.
“Напрыклад, у дзіцячай стаматалогіі на вуліцы Савецкай захаваны дарэвалюцыйны казырок – гэта бачна. Магчыма, ён іржавы і не ў лепшым стане, але ён ёсць. І на фасадзе такога жаху, як у іншых месцах, не бачна. Магчыма, тут той выпадак, калі дэфіцыт рэсурсаў – гэта нават лепш, бо не кранаюць, і яно можа дастаяць да лепшых часоў і дачакацца нармальнага рамонту, рэстаўрацыі”, – кажа наш суразмоўца.
А добрая рэстаўрацыя і захаванне аўтэнтычнасці патрэбныя, бо ў Бабруйску цяпер – турыстычны бум, заўважае Мікалай. Вось толькі пераважная іх колькасць пакуль з адной краіны – Расеі.
“Я ніколі не бачыў столькі турыстаў у Бабруйску з Расеі. А тут нікуды не схадзіць – усё забіта пад завязку. А паколькі ў Беларусі інакш размаўляць па-расейску, я чую, адкуль гэтыя людзі. І думаю, у гэтай сітуацыі горад зарабіў бы больш, калі б захоўваў спадчыну”, – рэзюмуе Мікалай.
Што не так з шыльдай «вуліца Мураўёўская» на фасадзе старой камяніцы?
Дзяліся сваі меркаваннем у Instagram