У Бабруйску два дні ўзрывалі стары вінзавод ХІХ стагоддзя. Распавядаем, якім ён быў, і як яго знішчалі

3 і 4 кастрычніка праз падрыў у Бабруйску знеслі комплекс вінзаводу канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Мы раней пісалі пра сумны лёс гэтага цікавага помніка прамысловай архітэктуры, разам з чытачамі разважалі, як можна было б даць гэтым будынкам другое жыццё, што ў іх зрабіць. Сёлета заводу споўнілася 125 гадоў, і 4 кастрычніка ягоная гісторыя скончылася – засталіся толькі руіны і кучы абломкаў цэглы.

Былы вінзавод у Бабруйску. Фота: voldema.livejournal.com

«У суседнім доме павыбівала шыбы, цэгла ляцела ў розныя бакі»

Пра тое, што вінзавод плануюць узарваць, стала вядома некалькі дзён таму. У дзяржаўнай газеце «Бабруйскае жыццё» з’явілася абвестка, што 3 і 4 кастрычніка метадам падрыву будзе зруйнаваны стары будынак па адрасе: вул.Новашасейная, 25.

«Указаныя працы праводзяцца ў рамках сістэмнай працы па навядзенні парадку ў горадзе», – гаварылася ў абвестцы.

Скрыншот абвесткі ў інстаграм-акаўнце газеты «Бабруйскае жыццё». Крыніца: Bobrlife/Instagram

Жыхароў суседніх дамоў прасілі адчыніць вокны ў пазначаны час, каб пазбегнуць пашкоджанняў шкла.

У паведамленні ні слова не было пра тое, што за будынкі знаходзяцца ва ўказаным месцы. Але многія бабруйцы ведаюць, што гэта адрас старога вінзаводу.

Бабруйскі вінзавод канца ХІХ стагоддзя. Фота: 1387.io

У панядзелак 3 кастрычніка тэрыторыю завода ачапілі, забаранілі выезды з бліжэйшых завулкаў. Праз некаторы час прагучаў першы выбух – узарвалі колішняе ўпраўленне заводу. На чарзе былі яшчэ адно збудаванне, якое перарабілі ў 80-я гады мінулага стагоддзя, і «твар» завода – самы стары высокі будынак з вежай і надпісам «Vinitus Unitis» – «Згуртаванне вінаградараў», узведзены ў 1897 годзе. Ён сустракаў бабруйцаў і гасцей горада, якія прыязджалі на чыгуначны вакзал «Бабруйск» – яго было добра відаць з перонаў.

У Бабруйску ўзарвалі стары вінзавод канца ХІХ стагоддзя. Фота: komkur.info

Руіны старога бабруйскага вінзавода пасля падрыву, 4 кастрычніка 2022 года. Фота: 1387.io

Руіны старога бабруйскага вінзавода пасля падрыву. 4 кастрычніка 2022 года. Фота: 1387.io

У аўторак 4 кастрычніка ўзарвалі і гэты будынак. Выбух быў такой сілы, што ў суседнім доме павыбівала шыбы, распавялі мясцовыя жыхары.

У будынку былога клуба завода ім.Леніна выбухам выбіла шкло ў вокнах. Фота: 1387.io

Паводле мясцовых жыхароў, цэгла падчас выбуху ляцела ва ўсе бакі. Фота: 1387.io

«3 кастрычніка быў выбух – узарвалі адзін будынак. І сёння было тры выбухі. Першым узрывалі нейкі будынак побач з галоўным. Наступныя два выбухі былі мацнейшыя за першы. У выніку ад галоўнага будынку завода засталася адна сцяна, а ўсё астатняе рухнула, – распавёў нам жыхар Бабруйска. – Выбухі былі вельмі моцныя. Праз дарогу, у будынку былога клуба завода ім.Леніна нават павыбівала шыбы. Жыхароў эвакуявалі з суседніх дамоў. Бахала так, што было чуваць на ўвесь горад. Я тады быў у раёне парку «на Міры», і вельмі добра чуў. Цэгла ляцела ў розныя бакі, прычым сур’ёзна так, нават праз дарогу, праз плот. Не разумею, навошта ўвогуле было такое рашэнне, і як яны там узрывалі, што абломкі ляцелі. Сумна гэта ўсё».

Бабруйцы таксама пісалі нам у сацсетках, што ад выбухаў шкло павыбівала нават у 19-й школе.

Надпіс «Vinitus Unitis» у савецкія часы спрабавалі збіць ці замаляваць, але безвынікова

Бабруйскі вінзавод, будынак віннага складу 1897 года. Фота: 1387.io

Што стары бабруйскі вінзавод пад пагрозай, стала зразумела яшчэ напрыканцы жніўня, калі там з’явілася тэхніка і працаўнікі. Мы пісалі тады пра гэта і задаваліся пытаннем – ідуць працы па добраўпарадкаванні ці завод разбіраюць? Мясцовы жыхар распавядаў нам, што яшчэ ў сярэдзіне лета заўважыў на тэрыторыі заводу нейкі рух. Тады ж гэтыя працаўнікі яшчэ без выбуху разабралі адзін з будынкаў.

«Мы звярталіся ў СМІ, да чыноўнікаў, але нібыта ніхто нічога не ведае, – казаў бабруец. – Пры гэтым я так і не знайшоў, на чыім балансе будынкі, да каго звяртацца з пытаннем? На брамах вісіць нават відэакамера, хто праз яе і што адсочвае – незразумела».

Стары Бабруйскі вінзавод пачынаўся ў 1897 годзе як вінны склад – менавіта тады быў узведзены самы прыгожы і знакаміты яго будынак з надпісам «Згуртаванне вінаградараў». Гэтыя слова ў савецкія часы спрабавалі збіць, замаляваць, але так і не здолелі.

Так некалі выглядаў вінзавод. Фота: sacral_BY/Telegram

Паступова вінны склад стаў заводам вінаградных напояў. У 1960 гады ўвайшоў у грузінскі канцэрн «Самтрэст». Так у Бабруйску пачалі разліваць грузінскае віно і каньяк. У 1961 годзе завод выпускаў у месяц каля 40 тысяч дэкалітраў вінаградных спіртных напояў: віно, каньяк, лікёры, настойкі, пуншы і інш. Была мадэрнізаваная вытворчасць, адноўленыя даваенныя пабудовы, узведзеныя новыя цэхі, склады, пабудаваны жылы дом для працаўнікоў завода.

Галоўны корпус вінзаводу. Фота 1962 году. Крыніца: фонды Бабруйскага краязнаўчага музею/bobruisk.ru

Цэх Бабруйскага вінзаводу. Фота 1962 году. Крыніца: фонды Бабруйскага краязнаўчага музею

Моцна паўплываў на завод «сухі закон», прыняты ў СССР у 1980-я гады. Вытворчасць прадукцыі была скарочаная. Тады ж прадпрыемства стала называцца «Бабруйскі завод вінаградных напояў». З Грузіі паступова перасталі пастаўляць натуральны вінаградны сок. Завод стаў стратным. На пачатку 2000-х гадоў ён быў закрыты.

У 2008 годзе ў завода з’явіўся шанец на другое жыццё – французская кампанія «Belvedere» і Магілёўскі аблвыканкам заключылі пагадненне аб стварэнні сумеснай вытворчасці на базе БЗВН. Але неўзабаве французская кампанія адмовілася ад праекту. Завод працягваў руйнавацца.

Што будзе на тэрыторыі былога завода – невядома

Руіны вінзавода пасля падрыву. Фота: 1387.io

Руіны старога вінзаводу ў Бабруйску пасля падрыву. 4 кастрычніка 2022 года. Фота: 1387.io

У 2020 годзе бабруйскі вінзавод спрабавалі прадаць праз аўкцыённую пляцоўку ЗАТ «Белрэалізацыя», спачатку за 47 379,50 рублёў (пакупнікоў не знайшлося), другі раз – за 14 213,85 рублёў. Абвестка пра тое, што «чакаюцца паўторныя таргі», да гэтага дня ёсць на сайце пляцоўкі. Тагачасны ўладальнік завода, ТАА «МіртаБуд» – ліквідаваны.

У пачатку жніўня 2022 года пра сітуацыю з вінзаводам пісала газета «Камерцыйны кур’ер». Карэспандэнт датэлефанаваўся да Яўгена Папкова, антыкрызіснага кіраўніка «МіртаБуд», які расказаў, што крэдыторы банкрута адмовіліся ад вінзавода: «У такім выпадку ён павінен быць перададзены ў гарадскую камунальную ўласнасць – на падставе артыкула 150 Закона Рэспублікі Беларусь аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)». Журналіст звярнуўся таксама ў гарвыканкам, дзе яму паведамілі, што «былы завод ва ўласнасць горада пакуль не перайшоў».

Бабруйскі вінзавод напярэдадні знішчэння, 2 кастрычніка 2022 года. Фота: жыхар Бабруйска

Стары бабруйскі вінзавод напярэдадні знішчэння, 2 кастрычніка 2022 года. Фота: жыхар Бабруйска

Тым не менш, у жніўні на тэрыторыі былога заводу ішла генеральная прыборка. Праёмы вокнаў у больш-менш цэлых будынках закрылі драўлянымі шчытамі. Рэшткі драўлянага плата вакол заводу замянілі на бетонныя пліты вышынёй два метры. Навошта было гэта ўсё рабіць, а потым проста ўзарваць тое, што засталося ад завода – незразумела.

Што будзе на месцы былога завода, як горад збіраецца выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю – невядома – улады пра гэта публічна не паведамляюць.

Руіны старога бабруйскага вінзавода пасля падрыва. 4 кастрычніка 2022 года. Фота: 1387.io

«Кирпич из Бобруйска. Отправка по всему миру»

Акрамя таго, што самыя старыя будынкі заводу мелі вельмі цікавыя архітэктурныя рысы, каштоўнай была цэгла, з якой яны ўзводзіліся – яна выраблялася на чатырох бабруйскіх дарэвалюцыйных цагляных фабрыках – братоў Лазінскіх, Розенберга, Пружыніных, Акуліча. У апошнія гады на тэрыторыі завода можна было ўбачыць акуратна складзеныя стопкі з цэлай цэглы з будынкаў, нібыта падрыхтаваныя да вывазу. Мясцовыя жыхары і гэтым летам бачылі самазвалы з цэглай, якія выязджалі з тэрыторыі былога прадпрыемства.

Стары бабруйскі вінзавод напярэдадні знішчэння, 2 кастрычніка 2022 года. Фота: жыхар Бабруйска

Пытаннямі пра тое, куды ідзе чырвоная цэгла са старых будынкаў, якія руйнуюцца ў Бабруйску, неаднойчы задаваліся гарадскія медыі і жыхары.

«Куды пойдзе гэтая цэгла, зноў на платы? Бо па вуліцы Пушкіна менавіта такімі, зробленымі з старой цэглы, агароджаныя вялікія прыватныя дамы… «, – дзяліўся сваімі думкамі з намі той самы бабруец, які распавядаў пра пачатак нейкіх працаў на тэрыторыі заводу ўлетку.

Па запытах «бабруйская цэгла», «цэгла завода Розенберга» у інтэрнэце лёгка знаходзяцца абвесткі пра продаж. У 2019 годзе, як пісаў BOBR.BY, набыць такую цэглу можна было па рублю за адзінку. Продаж бабруйскай цэглы працягваецца і сёння – напрыклад, у Інстаграме з’явіўся паблік з назвай «Кирпич из Бобруйска». Яго аўтары абяцаюць даставіць цэглу вытворчасці завода Розенберга па ўсім свеце.

Паблік «Кирпич из Бобруйска» у Інстаграме. Крыніца: kirpich_iz_bobruiska/Instagram

З’явілася старонка як раз напярэдадні падрыву завода – 2 кастрычніка. Яе аўтар піша, што цэгла, якую ён прапануе – з самага сэрца Бабруйска, з нейкага двара на вуліцы Сацыялістычнай.

Паблік «Кирпич из Бобруйска» у Інстаграме. Крыніца: kirpich_iz_bobruiska/Instagram

Бабруйцы пытаюцца: які помнік архітэктуры ўзарвуць наступным?

Аўтары тэлеграм-каналу «Спадчына» распавялі onliner.by, што звярталіся ў Бабруйскі гарвыканкам і Міністэрства культуры са зваротам супраць зносу вінзавода. Краязнаўцы ўпэўненыя, што комплекс цалкам мог бы атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці як прыклад прамысловай архітэктуры. У адказе за 8 верасня Бабруйскі выканкам паведаміў вядомыя рэчы, што цэхамі завода валодала кампанія «МиртаСтрой», якая збанкрутавала. З кастрычніка 2020 года аб’екты былі на ўліку ў Магілёўскай агенцыі па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры як тыя, якія не маюць гаспадара.

Мы папрасілі бабруйцаў распавесці, з чым у іх звязаны былы вінзавод, і што яны думаюць пра яго знос, і вось якія адказы атрымалі:

Бабруйцы распавялі, з чым у іх звязаны стары вінзавод, і што яны думаюць пра яго знішчэнне. Скрыншот: 1387.io/Instagram

Бабруйцы распавялі, з чым у іх звязаны стары вінзавод, і што яны думаюць пра яго знішчэнне. Скрыншот: 1387.io/Instagram

Бабруйцы распавялі, з чым у іх звязаны стары вінзавод, і што яны думаюць пра яго знішчэнне. Скрыншот: 1387.io/Instagram

Цікавае

Спецпраекты