ГісторыяКультураПадзеі

У Бабруйску надрукавалі маркі з працамі Алены Кіш і Язэпа Драздовіча. Вось чаму гэта важна

Працы Алены Кіш і Язэпа Драздовіча перажылі папулярнасць з 30-х па 60-я гады мінулага стагоддзя, але ў маштабах тых мястэчак, дзе вандроўныя мастакі стваралі свае маляванкі. Пасля быў доўгі перыяд занядбанасці, калі каштоўныя дываны выкідаліся ці выкарыстоўваліся ў гаспадарцы.

 І толькі праз шмат гадоў даследнікі пачалі публікаваць працы, прысвечаныя гэтым асобам, а таксама ездзіць па вёсках у пошуках маляванак, каб нарэшце пачаць знаёміць з імі беларусаў(ак). І вось – чарговае нагадванне: дзве свежанькія маркі з сюжэтамі Алены Кіш “Дзева на водах” і “Рай” (1930–1949 гады), і яшчэ дзве Язэпа Драздовіча – “Краявід з балюстрадай”  (1950–1954 гады) ды “Касцёл у Задарожжы” (1937 год). 

Крыніца: “Белпошта”

Набыць маркі, надрукаваныя ў бабруйскай друкарні імя Непагодзіна, можна на паштовых аддзяленнях краіны ад 11 студзеня. Цана адной – 2 рублі 40 капеек. 

“Белпошта” ўжо ўшаноўвала Алену Кіш ды Язэпа Драздовіча

Адбылося гэта ў часы атрымання Беларуссю незалежнасці. Тады быў уздым зацікаўленасці сваім, і ў тым ліку народным мастацтвам. У 1994 годзе пабачыла свет марка “Язэп Драздовіч. Пагоня”. На ёй – выява карціны мастака, створанай у 1927 годзе. Гэтая праца выстаўляецца вельмі рэдка, бо не адпавядае афіцыйнай ідэалогіі, а збольшага захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. 

Крыніца: Вікіпедыя

На выставе “Чырвоны – код нацыі” ў Нацыянальным мастацкім музеі (2020 год). Фота: 1387.io

А ў 1996 годзе, “Белпошта” выпусціла адмысловы канверт з маркай, прысвечанай 100-годдзю з нараджэння Алены Кіш. На ім выява мастачкі на фоне той жа “Дзевы на водах”. Магчыма, гэты сюжэт быў абраны невыпадкова, бо загінула творца – адзінокая і неацэненая пры жыцці – акурат у рацэ. 

Крыніца: Вікіпедыя

Што такое “маляванка” і чаму яна такая важная для беларусаў(ак)?

Ведаеш, жарты пра разгляданне дываноў дзецьмі з 80-х – далёка не жарты. Ты глядзіш “Калыханку”, і перад тым як заснуць, адварочваешся да сцяны, а там – бляклыя шпалеры, ці ён – дыван. Як правіла, плюшавы, даволі прыемны навобмацак, што ўвайшоў у гісторыю як “дыван з аленямі”. І гэта ў часы, калі практычна ў кожнай сям’і быў тэлевізар, кнігі, цацкі. 

Крыніца: інстаграм max.osipau.picture.show

А цяпер уявім сабе сельскую сям’ю, што жыве ў першай палове 20 стагоддзя. Многія не ўмеюць пісаць ды чытаць, таму доўгімі зімовымі вечарамі спяваюць, расказваюць народныя казкі ды легенды, а яшчэ – разглядаюць маляваныя дываны. Іх незвычайныя, “райскія” сюжэты дазвалялі пераносіцца ў іншыя краіны, бачыць дзівосных жывёлаў і птушак, уяўляць ды марыць. Вось таму цягам некалькіх дзесяцігоддзяў мець у хаце маляванку лічылася не абы-якой справай – іх дарылі маладым на вяселлях, на ўлазіны, імі ганарыліся. 

Фота з інстаграм: voliechka_piletskaya

А для мастакоў ды мастачак гэта быў, бадай адзіны сродак атрымаць ежу і дах над галавой. Яны вандравалі з хаты ў хату, з вёскі ў вёску. Сшытае з двух кавалкаў даматканае ільняное палотнішча спачатку фарбавалася ў чорны колер, пасля на ім малявалі алейнымі або клеевымі фарбамі (часам з дапамогай кардонных трафарэтаў).

Чаму ж маляванка раптам перастала цаніцца ўладальнікамі? Адказ просты – з’явіліся фабрычныя, больш модныя дываны. Але з часам шанавальнікі мастацтва ўсё ж прыйшлі да таго, што створанае фантазіяй ды рукамі чалавека – больш каштоўнае і важнае. Падаецца, гэты досвед мусіць крыху суцешыць творцаў у час, калі штучны інтэлект малюе, піша тэксты і нават стварае відэа, якія цяжка адрозніць ад сапраўдных. Штучнае не можа замяніць жывое, яскравае сведчанне – наіўнае мастацтва, да якога і належаць маляванкі.  

Дзе можна ўбачыць маляванкі?

У музеі маляванкі. Фота: 34travel.me

Зусім нядаўна, у 2023 годзе, у Заслаўі пачаў дзейнічаць “Музей беларускай маляванкі”. Адметна, што размяшчаецца ён у адрэстаўраваным будынку флігеля, адзінага ацалелага будынка сядзібы Пшаздзецкіх. У музеі дзве экспазіцыйныя залы: з пастаяннай экспазіцыяй маляванак Алены Кіш ды Язэпа Драздовіча і для часовых выставаў.

Якія цікавыя маркі яшчэ друкаваліся ў Бабруйску

Калі ты раптам збіраеш маркі, напэўна маеш у калекцыі некаторыя, надрукаваныя ў нашым горадзе. Напрыклад, прысвечаная дэкаратыўна-прыкладному мастацтву (вышыўка):

Або нацыянальным промыслам:

Або традыцыйным музычным інструментам:

Або беларускім палацам:

Ці прысвечаныя 200-гадоваму юбілею Станіслава Манюшкі.

Крыніца: друкарня імя Непагодзіна

А якія цікавыя беларускія маркі маеш або бачыў(ла) ты? Пішы ў нашым інстаграм!

Цікавае

Спецпраекты