У камяніцы па вуліцы Сацыялістычнай, 78 нарэшце адкрылася кавярня

З мінулай восені мы сачылі за лёсам дому на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Карла Лібкнехта, што насупраць тыпаграфіі ім.Непагодзіна. Напрыканцы верасня да нас звярнуліся нашыя чытачы і папрасілі высветліць, што будзе на першым паверсе камяніцы на Сацыялістычнай, 78, дзе распачалі рамонт. У будынку, унесеным у Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, прарубілі дзверы ў сцяне, вокны ўсю зіму заставаліся адчыненымі.

Кавярня ў камяніцы па вуліцы Сацыялістычнай, 78. Фота: 1387.io

Уласнік адной з кватэраў у гэтым доме Мікалай Бялоў моцна турбаваўся пра лёс усёй камяніцы ў сувязі з рамонтам, вёў на гэты конт перапіску з уладамі, якія запэўнівалі – усё робіцца паводле закону, у памяшканні будзе кавярня, а яго гаспадар атрымаў патрэбныя дазволы на працы (падрабязнасці чытайце на нашым сайце 1387.io).

Мы пагутарылі тады з гаспадаром – прадпрымальнікам Сяргеем Аніхоўскім, які пацвердзіў – так, у былой кватэры будзе кавярня. Ды не простая, а з гістарычным каларытам, якая будзе раскрываць мінулае Бабруйска.

«Тут ходзіць шмат турыстаў, і горад хоча, каб было прыгожа, таму ёсць намер аднавіць чырвоную цэглу на фасадах, – казаў прадпрымальнік. – Мы ў нашай кавярні і побач таксама хочам штосьці прыгожае зрабіць, нейкую кампазіцыю, магчыма, гэта будуць габрэйскія матывы, каб людзі падыходзілі, фатаграфаваліся».

Кавярня ў камяніцы па вул.Сацыялістычнай, 78. Фота: 1387.io

Шыльда на доме па вул.Сацыялістычнай, 78, дзе адкрылася новая кавярня. Фота: 1387.io.

smartКавярня ў камяніцы па вул.Сацыялістычнай, 78. Фота: 1387.io

Сяргей спачатку абяцаў адкрыць кавярню да Новага 2024 года. Але не атрымалася. Усю зіму памяшканне было ў стане рамонту, некаторы час на плоце вакол вісела абвестка «арэнда».

Працы не вядуцца, вокны наросхрыст: што з камяніцай на Сацыялістычнай, 78?

І вось нарэшце кавярня адкрылася

Мы зазірнулі паглядзець, як яна выглядае і што прапаноўвае гасцям. Кавярня называецца «Голден». Фасад сапраўды не замалявалі і не патынкавалі, як і абяцаў гаспадар, затое знялі старую тынкоўку і адкрылі чырвоную цэглу, што глядзіцца сапраўды сімпатычна (калі не звяртаць увагі на тое, што ў гэтым доме кожны ўласнік аформіў сваё памяшканне па-свойму, і на адзіны стыль няма нават і намёку).

Кавярня ў камяніцы па вул.Сацыялістычнай, 78. Фота: 1387.io

smartКавярня ў камяніцы па вул.Сацыялістычнай, 78. Фота: 1387.io

На рагу дому павесілі шыльду «ул.Муравьёвская». Інтэр’ер кавярні – самы звычайны і нават сумны. Нічога пра Бабруйск там няма. Меню таксама самае шараговае – кава, гарбата, дэсерты, усё аформлена на расейскай мове. Магчыма, гэта толькі пачатак, і неўзабаве ў інтэр’еры ці каля кавярні сапраўды з’явіцца штосьці цікавае, небанальнае, з бабруйскім каларытам, чаго так моцна не хапае аб’ектам грамадскага харчавання ў нашым горадзе.

А што вы думаеце пра новую кавярню ў гістарычным цэнтры Бабруйска? Дзяліцеся меркаваннямі ў каментарах у нашым Інстаграме
 

«Тут мог бы быць музей прадпрымальніцтва ў Бабруйску». Працягваем сачыць за лёсам дому на Сацыялістычнай, 78