«Узгадваюць раз на два гады». Як у Бабруйску ўшаноўваюць памяць Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, якому сёлета 215 гадоў

4 лютага 1808 года, 215 гадоў таму, у фальварку Панюшкавічы пад Бабруйскам нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, пісьменнік, драматург, якога называюць айцом беларускага тэатра. Вандруем па мясцінах, звязаных з імем Дунін-Марцінкевіча, прыгадваем цікавыя факты з жыцця класіка і разважаем, ці дастаткова ў Бабруйску ўшаноўваецца ягоная памяць.

 

Указальнік на месцы былой сядзібы, дзе жылі бацькі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў Панюшкавічах. Бабруйскі раён. Студзень 2023 года. Фота: 1387.io

Прыдомак «Дунін» – выдумка

Напярэдадні дня народзінаў Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча мы выправіліся ў невялічкую вандроўку па мясцінах, звязаных з ягоным жыццём і ўшанаваннем памяці ў Бабруйску і ваколіцах. І першы наш прыпынак – месца нараджэння беларускага тэатральнага класіка.

Будучы айцец беларускай драматургіі нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў фальварку Панюшкавічы пад Бабруйскам. Сёння гэта вёска ў Бабруйскім раёне паміж пасёлкам Бярэзіна і Шчаткава. Ад былой сядзібы не засталося ніякіх слядоў. Да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ў 2008 годзе тут усталявалі мемарыяльны камень з шыльдай, указальнік і дзве альтанкі са студняй. На шыльдзе цяпер амаль нічога немагчыма прачытаць.

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Альтанкі на месцы былой сядзібы, дзе жылі бацькі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў Панюшкавічах. Бабруйскі раён. Студзень 2023 года. Фота: 1387.io

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Мемарыяльны камень на месцы былой сядзібы, дзе жылі бацькі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў Панюшкавічах. Бабруйскі раён. Студзень 2023 года. Фота: 1387.io

 

Сядзіба, якая тут некалі стаяла, не належала сям’і бацькоў Дунін-Марцінкевіча – у момант ягонага нараджэння фінансавае становішча бацькоў было не самым простым, таму маёнтак яны арандавалі ў свайго далёкага сваяка – арцыбіскупа магілёўскага Станіслава Богуш-Сестранцэвіча.

У большасці крыніцаў распавядаецца, што далёкія продкі беларускага драматурга паходзілі з Даніі, таму ягонае прозвішча і мае прыдомак «Дунін», што нібыта і азначае «датчанін». Пра сваё паходжанне Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пісаў: «Мой герб такога роду, які налічвае дванаццаць ваяводаў».

 

Панюшкавічы

Вёска Панюшкавічы, Бабруйскі раён. Студзень 2023 года. Фота: 1387.io

 

Аднак гісторык і пісьменнік Зміцер Дрозд, які даследаваў жыццё і творчасць заснавальніка беларускага тэатра і некалькі гадоў  таму выдаў кнігу «Таямніцы Дунін-Марцінкевіча», сцвярджае, што прыдомак «Дунін» – выдумка пісьменніка, якую ён зафіксаваў у падробных дакументах, і так яна «пайшла ў народ». Вінцэнт сапраўды паходзіў са шляхецкага роду, але ягоныя продкі ніколі не называлі сябе Дунінымі, сцвярджае Зміцер Дрозд – яны былі проста Марцінкевічамі.

Як Бабруйская крэпасць звязаная з Дуніным-Марцінкевічам?

 

Біяграфія драматурга распавядае, што нарадзіўся ён даволі кволым, бацькі баяліся, што дзіця не выжыве, і таму ахрысцілі яго адразу ў дзень нараджэння. Хрысціў Дунін-Марцінкевіча святар з касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, які на той момант яшчэ дзейнічаў у старым Бабруйску. Да рэшткаў святыні на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, мы і накіраваліся з Панюшкавічаў.

 

Рэканструкцыя касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Бабруйску. Крыніца: wiki.bobr.by

 

Казарма на фундаменце касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Бабруйску. Студзень 2022 года. Фота: Вечерний Бобруйск

Да сённяшняга дня ад касцёла апосталаў Пятра і Паўла амаль нічога не засталося – выстаяў толькі падмурак, на якім пазней збудавалі казарму. У савецкія часы там месцілася гарнізонная школа кухараў. Сёння сярод закінутых будынкаў у сэрцы старога Бабруйска нічога не нагадвае ні пра іх гісторыю, ні пра людзей, з якімі гэтыя мясціны звязаныя.

Мемарыяльная шыльда, якая распавядае пра хрост Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, знаходзіцца ў адзіным дзейсным на сённяшні дзень касцёле Бабруйска – Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на вуліцы Кастрычніцкай, 121. Калі пісьменніка хрысцілі, гэтай святыні нават у планах яшчэ не было. Аднак да 200-годдзя са дня нараджэння і хросту Дунін-Марцінкевіча ў 2008 годзе парафія вырашыла ўшанаваць ягоную памяць і размесціць шыльду там, дзе на сённяшні дзень гэта магчыма. Знаходзіцца яна амаль на ўваходзе ў касцёл, на калоне з правага боку.

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Шыльда ў памяць аб хросце Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года .Фота: 1387.io

 

Таемны шлюб з 16-гадовай нявестай

У Бабруйску Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч скончыў павятовае вучылішча, а потым паехаў вучыцца ў Пецярбург на лекара, пра што паклапаціўся ўплывовы дзядзька біскуп Богуш-Сестранцэвіч.

Не давучыўшыся, драматург вярнуўся ў Беларусь і распачаў працу памочнікам каморніка пры Менскім межавым судзе. Потым ён быў перакладчыкам у Менскай епархіяльнай кансісторыі, служачым у Менскай крымінальнай палаце.

Зміцер Дрозд у «Таямніцах Дунін-Марцінкевіча» распавядае, што драматург зарабляў у тым ліку падробкай дакументаў. Калі ўлады Расейскай імперыі праводзілі так званы перапіс шляхты, шмат каму спатрэбілася адшукаць дакументы, якія б даказвалі іх прыналежнасць да шляхецкага роду, бо інакш іх бы «запісалі» мяшчанамі альбо вольнымі сялянамі. Дунін-Марцінкевіч дапамагаў ахвочым даказаць сваю шляхецкасць, за што, паводле аўтара даследвання, чатыры месяцы правёў у турме.

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота: planetabelarus.by

 

У 1840 годзе Дунін-Марцінкевіч ажаніўся з Юзэфай Бараноўскай. Даследчык жыцця і творчасці драматурга распавядае, што ён выкраў сваю 16-гадовую нявесту і таемна ўзяў з ёй шлюб.

Для сямейнага жыцця пісьменнік набыў маёнтак Люцынка ў Менскай вобласці, кінуў дзяржаўную службу і заняўся літаратурнай і тэатральнай дзейнасцю. Менавіта тут прайшлі ягоныя самыя плённыя творчыя гады жыцця. Да нашых дзён маёнтак Дунін-Марцінкевіча ў Люцынцы, як і ў Панюшкавічах, не захаваўся.

Сядзеў на Валадарцы, калі гэта не было мэйнстрымам

 

Месца, звязанае з заснавальнікам беларускага тэатру, якое можна пабачыць і сёння, ёсць у Менску. Гэта Пішчалаўскі замак ці знакамітая турма на Валадарцы. Дунін-Марцінкевіч знаходзіўся тут з кастрычніка 1864 года па снежань 1865 па абвінавачванні ў распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэяў падчас паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-64 гадоў. Драматургу прыпісалі аўтарства антыўрадавых твораў, напрыклад, верша «Гутаркі старога дзеда», што, аднак не было даказана. Пісьменніка адпусцілі, аднак пад нагляд паліцыі.

Менш пашчасціла ягонай дачцэ Каміле. Яе за сувязь з паўстанцамі выслалі ў Сібір.

 

Пішчалаўскі замак у Менску, цяпер – СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага (Валадарка). Фота: tourby.by

 

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч памёр у сваім маёнтку ў Люцынцы, пахаваны там жа, на могілках у суседняй вёсцы Тупальшчына. Яшчэ ў 1977 годзе на магіле пісьменніка ўсталявалі бюст, а ў самой Люцынцы ў 1986 годзе размясцілі стэлу з барэльефам Дунін-Марцінкевіча.

А мы ад бабруйскага касцёла ідзем далей глядзець, якія яшчэ мясціны ўшаноўваюць памяць драматурга на ягонай малой радзіме. І накіроўваемся да тэатра.

 

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім.В.Дунін-Марцінкевіча. Фота: 1387.io

Дунін-Марцінкевіч

Бюст Дунін-Марцінкевіча каля бабруйскага тэатра. Студзень 2023 года. Фота: 1387.io

 

Бабруйскі тэатр, ці, калі афіцыйна – Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі – з канца 1977 года носіць імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. У 1978 годзе тэатральны сезон у новым будынку тэатра адкрыў спектаклем «Пінская шляхта» Дунін-Марцінкевіча. Побач з ганкам тэатра знаходзіцца бюст драматурга.

Дзе ў Бабруйску вуліца Дунін-Марцінкевіча?

 

Наш тэатр – адзіны ў Беларусі, які паставіў усе п’есы Дунін-Марцінкевіча: у 1978 годзе – «Пінскую шляхту», у 1994 – «Вечары ў Люцынцы», у 1997 – зноў «Пінскую шляхту», у 1999 – «Залеты», у 2005 – «Ідылія», у 2008 – «Камедыянт» (п’еса пра жыццё Дунін-Марцінкевіча»).

З 1998 года ў Бабруйску праводзіцца Фестываль нацыянальнай драматургіі ім.В.Дунін-Марцінкевіча. Апошні праходзіў летась, увосень 2022 года.

У 2008 годзе, у год святкавання 200-хгоддзя з дня нараджэння Дунін-Марцінкевіча, ягоны бюст усталявалі ў гарадскім парку культуры і адпачынку каля кінатэатра «Мір». Вырабілі помнік менскія скульптары Леў і Сяргей Гумілёўскія. Пастамент, на якім месціцца бюст, выяўляе нібыта тэатральны занавес, у цэнтры якога – радавы герб сям’і драматурга – «Лебедзь».

 

Дунін-Марцінкевіч

Бюст Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў Бабруйскім гарадскім парку культуры і адпачынку. Фота: 1387.io

 

А яшчэ ў Бабруйску ёсць вуліца Дунін-Марцінкевіча, і знаходзіцца яна зусім блізка да падмурка былога касцёла, дзе хрысцілі пісьменніка – на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.

 

Дунін-МарцінкевічШыльда на вуліцы ім.В.Дунін-Марцінкевіча ў Бабруйску. Фота: 1387.io

Ці дастаткова сёння ўшанаваная памяць Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў Бабруйску? Ці адразу госць нашага горада зразумее, што ў гэтых мясцінах нарадзіўся і правёў дзяцінства заснавальнік беларускага тэатра? Ці засталося ў бабруйскім тэатры штосьці ад спадчыны Дунін-Марцінкевіча, акрамя ягонага імя ў назве? Мы папрасілі паразважаць былую акторку нашага тэатру Алу Грахаву.

«Мусіць, тэатр думае – каму гэта прыйшла ў галаву думка прыплесці сюды Дунін-Марцінкевіча? Што з ім рабіць? Бо ўзгадваюць пра яго толькі раз на два гады падчас фестываля бабруйскай драматургіі, – кажа спадарыня Ала. – У іншы час нікому гэта не патрэбна».

Для тэатра спектакль па п’есе Дунін-Марцінкевіча – справа гонару

 

Акторка распавядае, што адзінае, што ў самім тэатры нагадвае пра Дунін-Марцінкевіча, гэта дошка з інфармацыяй і ягоным вершам, якую супрацоўнікі тэатра зрабілі шмат гадоў таму. Гэтая дошка дагэтуль вісіць у фае. Больш нічога няма, у тым ліку, і спектакляў па п’есах нашага вялікага земляка.

«Мо, цяперашні кіраўнік горада дадумаецца, што, калі тэатр носіць нечае імя, то справа гонару мець спектакль, які датычыць гэтага чалавека?» – пытаецца спадарыня Ала.

«Пасля звальнення мне ніхто з калег не патэлефанаваў, як быццам я перастала для іх існаваць». Размова з артысткай Алай Грахавай

Некалі акторка абуралася на такое стаўленне да спадчыны Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча з боку кіраўніцтва тэатра ў інтэрв’ю для нашага партала.

«Столькі гадоў тэатр носіць імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, у нашым тэатры ставіліся ўсе ягоныя п’есы, рабіўся сцэнар па ягоных вершах, пра яго самога два разы ставілі спектаклі – нічога не ўтрымалася ў рэпертуары. Містыка. Мабыць Вікенцію Іванавічу штосьці не падабаецца», – казала акторка.

Ала Грахава перакананая, што ў бабруйскім тэатры абавязаны быць спектакль па творчасці Дунін-Марцінкевіча:

«Не ведаю, ці гэта ажывіць тэатр, але, прынамсі, гэта было б шляхетна. Ці Дунін-Марцінкевіч не варты памяці? Ён жыццё паклаў на тэатр, на беларускую мову».

Як ушаноўваюць памяць знакамітага земляка ў горадзе-пабраціме Бабруйска Адэнсэ ў Даніі

 

Напрыканцы матэрыяла мы б хацелі выказаць думку, што Бабруйску патрэбныя не толькі спектаклі па творах Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча (хоць і гэта – абавязкова), але і музей драматурга, тым больш, што такога няма ўвогуле нідзе ў Беларусі. У нас атрымалася адшукаць інфармацыю пра школьны гістарычна-краязнаўчы музей ім.В.Дунін-Марцінкевіча ў вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна, адкрыты яшчэ ў 1963 годзе. І гэта таксама добра, як і частка экспазіцыі, прысвечаная драматургу, у Бабруйскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ў вёсцы Сычкава. Аднак вялікага нацыянальнага музея, прысвечанага жыццю, творчасці, спадчыне Дунін-Марцінкевіча, у Беларусі няма. І на нашу думку, было б цалкам лагічна, калі б ён узнік у Бабруйску, калі б імя Дунін-Марцінкевіча было своеасаблівым брэндам нашага горада.

Калі ўжо Дунін-Марцінкевіч прыпісваў сабе дацкае паходжанне, паглядзім, як ушаноўваюць памяць славутых пісьменнікаў у Даніі. Там ёсць горад Адэнсэ, які з’яўляецца пабрацімам Бабруйска. Ён падобны да Бабруйска па колькасці насельніцтва – у Адэнсэ – 178 тысяч чалавек.

Музей Ганса Хрысціяна Андэрсана ў Адэнсе, Данія. Фота: flickr.com

Адэнсэ – радзіма сусветна вядомага пісьменніка-казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсана. Ён нарадзіўся тут у 1805 годзе, на тры гады раней за Дунін-Марцінкевіча. Памёр у 1875 годзе (Дунін-Марцінкевіч – у 1884).

Ужо ў 1908 годзе ў доме Андэрсана ў Адэнсэ быў адкрыты ягоны музей. Экспазіцыя распавядае не толькі пра жыццё пісьменніка, але і пра ягоную творчасць – сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі дапамагаюць акунуцца ў свет казак і зразумець іх. Акрамя таго, побач са старым музеем быў пабудаваны і сучасны – «Дом дзяцінства Андэрсана», а на дацкім востраве Фюн працуе «Дом казак» – тэматычны забаўляльны парк па казках Андэрсана.

І ўсё гэта зроблена на творчасці аднаго пісьменніка. Ці не варты Дунін-Марцінкевіч такой жа памяці і папулярызацыі? І чаму мы не можам выкарыстоўваць нашую літаратурную спадчыну, каб узбагачаць свой горад, прыцягваць турыстаў, вучыць дзяцей у цікавай і сучаснай форме?

Цікавае

Спецпраекты