Вырабляў са шкла бчб-сцяжкі, сюжэты для цэркваў, чарцей. Майстар, закаханы ў Бабруйск, распавядае пра вітражы

Ці ведаеце вы што-небудзь пра вітражы? Пра тэхнікі, у якіх яны вырабляюцца, і дзе выкарыстоўваюцца, акрамя цэркваў? Што гэта вельмі папулярны від мастацтва ў Еўропе і чаму ён менш распаўсюджаны ў Беларусі? Наш суразмоўца, 29-гадовы Міхаіл ведае пра вітражы ўсё. Ён сам іх вырабляў цягам сямі гадоў. А яшчэ ён вельмі любіць Бабруйск, і хоць нарадзіўся ў іншых мясцінах, але шмат гадоў пражыў у нашым горадзе і лічыць яго найлепшым у свеце. Пра вітражы, важнасць свабоды для творчасці, любоў да Бабруйска – нашае інтэрв’ю з Міхаілам.

Міхаіл, вітражны майстар, закаханы ў Бабруйск. Фота: асабісты архіў Мішы.

«Бабруйск – гэта цэлая краіна, асаблівы сусвет»

– Міша, паколькі наш часопіс пра Бабруйск і бабруйцаў, то першае пытанне будзе – што цябе звязвае з Бабруйскам?

– Бабруйск мне не родны горад, нарадзіўся я ў вёсцы Баравуха ў Віцебскай вобласці. Але ў Бабруйску ў мяне жывуць бабуля, дзядуля, цётка, стрыечны брат, шмат іншых сваякоў. Таму тут я правёў большую частку свайго дзяцінства. Асабліва ўлетку я ўвесь час бавіў у Бабруйску. Калі я быў падлеткам, бацькі пераехалі ў Менск, а ў мяне ў Бабруйску з’явілася каханне, за якім я і паехаў туды жыць.

Скончыў у Бабруйску гандлёвы каледж, атрымаў адукацыю прадаўца і кантралёра-касіра. І хоць потым я ўсё ж з’ехаў у Менск, і цяпер увогуле жыву не ў Беларусі, Бабруйск лічу сваім горадам і ўвогуле лепшым месцам на зямлі. Бабруйск – гэта не проста горад. Гэта цэлая краіна, свой асаблівы сусвет.

«Творчасць у маім жыцці з юнацтва»

– Прадавец паводле адукацыі, як ты пачаў займацца творчасцю – вітражамі?

– Творчасць у маім жыцці з юнацтва. Маё атачэнне заўсёды было творчым. Я заўсёды знаходзіў для сябе нейкі цікавы занятак – музыку, маляванне. Хоць дома мяне не асабліва падтрымлівалі. Нібыта ніхто не забараняў, але ніхто і не заахвочваў.

У дзяцінстве мяне аддалі ў музычную школу, на клас домбры, але я там не давучыўся, бо хацеў граць на гітары. І хоць мне казалі, што гэта падобныя інструменты, аднак я кінуў навучанне. Гэта цяпер я разумею, што дарослыя мелі рацыю, але тады бунтарскі дух сказаў «не».

Цяпер мяне цікавіць электронная музыка. Але адначасова я набыў гітару і паціху граю, здзяйсняю мару дзяцінства.

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

З вітражамі ўпершыню я сутыкнуўся ў Менску, у 2013 годзе. Я тады прыехаў пагуляць з Бабруйску і сустрэў сяброўку, якая вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Яна распавяла, што праходзіць практыку і робіць праект для дыплома па вітражах, і што як раз у студыі, якая ёй дапамагае, патрабуюцца супрацоўнікі. Я падумаў, што гэта цікава, і што трэба як мінімум паспрабаваць. Праз некалькі дзён я быў у майстэрні, і мне паказвалі ўсю гэтую магію шкла, вытворчасць вітражоў Ціфані. Мяне гэта захапіла.

«Уявіце – вы працуеце, а з вокнаў на вас глядзяць гаргуллі і іншыя пачвары»

– Ці лёгка было навучыцца з нуля?

– Даволі лёгка, і гэта найбольш цешыла. Хоць, канешне, сам тэхналагічны працэс – ад распрацоўкі эскіза да ўсталявання вітража – няпросты. Так, мы не толькі выраблялі вітражы, але і самі іх усталёўвалі – ездзілі па цэрквах, кватэрах, дамах.

Калі я толькі пачынаў, то спачатку проста чысціў дэталі, падточваў іх, глядзеў, як працуюць іншыя, і сам паціху пачаў пагружацца ва ўсе гэтыя працэсы – выразаць, абгортваць. З часам гэтая праца дайшла да аўтаматызму, і можна было паралельна з выразаннем, абгортваннем слухаць музыку ці аўдыёкнігу.

Вітражны выраб, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітражны выраб, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

– А хто ў вас найчасцей замаўляў вітражы? У асноўным цэрквы ці і для прыватнага жытла таксама? Якія замовы былі самымі цікавымі?

– Мне запомніўся праект для Дома міласэрнасці ў Менску. Там быў вялікі аб’ём працы, вітражы дасягалі некалькіх метраў, недзе на 2,5 – 3 паверхі. Мяне захапляў гэты маштаб, што з маленькіх модуляў вітражоў складвалася адзіная вялізная карцінка. Замоваў для цэркваў, касцёлаў было шмат, і для іх былі самыя прыгожыя вітражы.

Агулам, праекты былі розныя – і хуткія і простыя, і такія, над якімі мы маглі працаваць цягам года. У прыватных замовах людзі ў асноўным прасілі, каб мы стварылі ўтульны куточак у іх дома, дзе можна было б адпачыць, атрымаць асалоду ад прыгажосці. Вітражы як раз гэта і могуць – даваць пачуццё спакою, гармоніі, ствараць прыгажосць праз гульню святла.

Для інтэр’ераў прыватнага жытла звычайна замаўлялі перагародкі ў выглядзе вітражоў паміж пакоямі. Калі казаць пра сюжэты, то гэта пераважна былі дрэвы, лісце. Але былі і вельмі арыгінальныя замовы.

У пасёлку Ратамка пад Менскам ёсць знакаміты «Дом з чарцямі». Там я сутыкнуўся з нязвыклым досведам. Бо да гэтага звычайна рабіў светлыя, душэўныя, добрыя, мяккія вітражы, а тут замоўца кажа – патрэбныя дэманы, міфічныя монстры. Нашая мастачка намалявала казачных монстраў, і мы іх рабілі там на даху. Уявіце – вы працуеце, а з вокнаў на вас глядзяць гаргуллі і іншыя пачвары. Такія розныя замовы рабілі працу цікавай і нясумнай.

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

«У Беларусі майстроў, якія робяць вітражы, становіцца ўсё менш»

Вітражны майстар Міша, закаханы ў Бабруйск. Фота: асабісты архіў Мішы

– Наколькі ўвогуле ў Беларусі папулярнае вітражнае мастацтва?

– У Беларусі майстроў, якія робяць вітражы, становіцца ўсё менш. Старыя паміраюць, маладыя з’язджаюць. Няма каму перадаваць досвед. У Менску ў Акадэміі мастацтваў няма матэрыялаў. Яшчэ некалькі гадоў таму студэнты прыходзілі да нас і прасілі шкло, бо ім не было на чым вучыцца. І ў грамадстве і так слаба разумеюць каштоўнасць вітражоў, а цяпер увогуле не да таго. Акрамя таго, вітражы – гэта не танна, таму далёка не ўсе могуць сабе іх дазволіць. Нават у нас, хоць гаспадыня студыі, дзе я працаваў, імкнулася стрымліваць кошты, аднак даражэлі матэрыялы.

– Ну так, і ты таксама з’ехаў… 

– Я доўга не хацеў з’язджаць. 2020 год стаў пераломным шмат для каго з беларусаў, і для мяне таксама. Спачатку было шмат пад’ёма. Я тады нават вырабляў бел-чырвона-белыя сцяжкі са шкла і дарыў сябрам. Я не хадзіў на мітынгі, каб не стварыць праблемы сваякам, таму рабіў, што мог. Цяпер часам бачу гэтыя сцяжкі ў сяброў у Польшчы.

Выраб у вітражнай тэхніцы. Фота: асабісты архіў Мішы

Але на момант пераезду я адчуваў, што прыйшоў час, калі мне трэба адпачыць ад вітражоў. Магчыма, я ў нечым перагарэў. Усё ж такі, у мяне з большага была механічная, шаблонная праца. А падабаецца мне больш творчая дзейнасць, напрыклад, калі ты на хаду нешта складваеш з дэталяў – такая чыстая творчасць – палёт фантазіі, думкі. Бясцэннае пачуццё.

«У Грузіі штодня нешта мяне натхняе»

Міша ў Грузіі. Фота: асабісты архіў Мішы

– Дзе ты цяпер і чым займаешся?

– Я ў Грузіі, у Батумі. Прыехаў некалькі месяцаў таму. Я бачыў, што адбываецца ў Беларусі, як раз’язджаюцца ўсе самыя актыўныя, ініцыятыўныя. Але я нібыта не хацеў верыць, думаў – не, не можа быць, каб усё толькі горш станавілася. Але аднойчы я адчуў сябе там у амаль поўнай адзіноце, зразумеў, што з’ехалі ўсе лепшыя сябры, і што і мне там больш рабіць няма чаго.

Акрамя таго, вельмі прыгнятала агульная атмасфера несвабоды. Магчыма, яна таксама спрычынілася да майго адчування выгарання. Немагчыма ствараць, калі ты ўвесь час жывеш нібы пад прыгнётам. А тут, у Грузіі, я ўздыхнуў на поўныя грудзі, і мне зноў захацелася ствараць. Кожны дзень знаходзіцца нешта, што мяне натхняе.

Цяпер я разглядаю магчымасці для ўласнага развіцця ў электроннай музыцы тут. Мы з сябрамі праводзілі тут музычныя мерапрыемствы, і атрымалі ад грузінаў вельмі пазітыўны фідбэк, што мы робім выдатную музыку, хоць шмат у чым яна для іх нязвыклая.

Вітражамі я цяпер не займаюся, але разумею, што некалі вярнуся да іх, бо мне гэта цікава. Я тут пазнаёміўся з хлопцам з Азербайджана, які возіць турыстычныя групы па Грузіі, і ён кажа, што ў гэтым рэгіёне цалкам можна развіваць і выраб вітражоў, тым больш, што тут шмат цэркваў, якія як раз могуць карыстацца паслугамі.

Што гэта за вітражная тэхніка – Ціфані

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

– Ты казаў, што працаваў з вітражамі Ціфані. Распавядзі, калі ласка, што гэта за тэхніка, чым яна адрозніваецца ад іншых?

– Вітражы першапачаткова былі даволі грубымі, дэталі – строгімі, прамымі. Паміж кавалкамі шкла быў свінцовы каркас. Цяжка было казаць пра гнуткасць, пластычнасць. Такія вітражы рабіліся для цэркваў. Тэхніка Ціфані нарадзілася напрыканцы ХІХ стагоддзя, і яна змяніла структуру вітражоў і працэс іх вырабу. Яны сталі мякчэйшымі.

Сутнасць тэхнікі ў наступным: бярэцца шкло, наразаецца кавалкамі рознай формы, пасля гэтага гэта ўсё складаецца як мазаіка ў адзіную карцінку, кожная дэталька абгортваецца меднай фальгой – з аднаго боку медзь, з іншага – клей. Прастора паміж кавалкамі шкла заліваецца волавам. Яно застывае і тым самым стварае профіль, які трымае ўсе кавалкі шкла разам. Такія вітражы мяккія, больш жывыя, і яны хутка здабылі папулярнасць, бо падыходзяць пад розныя інтэр’еры, у тым ліку хатнія, могуць быць невялікімі, вельмі ўтульнымі.

Вітраж у інтэр’еры. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітражы Ціфані крыху страцілі сваю папулярнасць падчас Першай сусветнай вайны – гэта і зразумела, тады людзям было не да іх. Але пасля вайны іх выраб аднавіўся па ўсёй Еўропе. Цяпер яшчэ папулярным стаў метад «ф’юзінг» – выпяканне шкла. Ён дазваляе атрымліваць яшчэ больш цікавыя эфекты.

Яшчэ адна асаблівасць вітражоў Ціфані – на іх можна маляваць. Спачатку на шкло адмысловай фарбай наносіш малюнак, а потым кладзеш гэты кавалак у спецыяльную печку і запякаеш. Тады фарба ніколі не сатрэцца. Вітражы ўвогуле вельмі трывалыя. Мы ў нашай студыі давалі на іх пажыццёвую гарантыю.

У Еўропе вітражы выкарыстоўваюцца цяпер у тым ліку для вырабу сувеніраў, розных дробязяў для інтэр’еру. Шмат у каго цяпер выраб рэчаў у вітражнай тэхніцы стаў хобі.

«Хацеў бы вярнуцца, каб аднаўляць Беларусь»

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

– То бок, вітраж можна зрабіць і дома, у хатніх умовах?

– Калі гэта не нешта вельмі складанае і аб’ёмнае, то можна. Патрэбныя будуць шкло, шкларэз, шчыпчыкі, якімі вы будзеце адломваць кавалкі шкла, у ідэале станок, каб падточваць дэталі, бо яны грубыя пасля таго, як іх зламалі, медная фальга, каб абгарнуць дэталькі, кіслата, паяльнік, волава, каб гэта ўсё заліць. Яшчэ пажадана, каб была паціна, якая змяняе колер волава – гэта робіць вітраж больш прыгожым. Яшчэ антыаксіданты, каб медзь не пачала акісляцца.

– А дзе ў Бабруйску паглядзець на вітражы?

– Магчыма, я проста мала ведаю, але агульнае ўражанне, што ў Бабруйску вельмі мала выкарыстоўвалі вітражы. Ці большасць з іх была знішчаная. Ёсць вітражы ў бабруйскім касцёле, у некалькіх дамах, дзе я іх ставіў.

Вітражы ў Бабруйскім гарадскім краязнаўчым музеі. Фота: 1387.io

Вітражы ў Бабруйскім гарадскім краязнаўчым музеі. Фота: 1387.io

– Ты б хацеў вярнуцца ў Беларусь, у Бабруйск?

– Хацеў бы, але баюся, што ў бліжэйшы час гэта немагчыма. Напэўна, я б хацеў вярнуцца, каб аднаўляць Беларусь. Ну і гэта мой дом, там бацькі, сваякі, якіх мне вельмі не хапае за мяжой – як туды можна не вярнуцца?