ТэмаЭкалогія

Як экалагічна сустрэць Новы год? Нашыя парады

Ці можна адсвяткаваць Каляды і Новы год, каб і весела было, і прыгожа, але і з клопатам пра асяроддзе, пра прыроду? Якую ўсё ж такі набываць ялінку – жывую ці штучную? Чым добрыя старыя савецкія елачныя цацкі? І што рабіць з салатамі са святочнага стала, якія ўжо няма моцы даядаць? Адшукалі ў сеціве самыя цікавыя і карысныя адказы на гэтыя і іншыя пытанні пра тое, як зрабіць галоўнае святага года экалагічным.

Калядны “павук”. Фота: prykarpattyatour.com

Гірлянды

Без яскравых лямпачак і гірляндаў, якія пераліваюцца рознымі колерамі, цяжка ўявіць сабе зімовыя святы – Каляды і Новы год. Ялінка абавязкова павінна “загарэцца”, а агеньчыкі на вокнах – стварыць утульную атмасферу дома, калі на вуліцы – цёмна і халодна.

Калі для вас без гірлянды Новы год – не Новы год, раім набыць якасную ў праверанага вытворцы, якая хоць і будзе даражэй каштаваць, але праслужыць вам не адзін год. Лепш браць святлодыёдную, LED-гірлянду і пазбягаць тых, што на батарэйках – так вы ашчадзіце электраэнергію і грошы і не спрычыніцеся да засмечвання асяроддзя. А вось танныя і няякасныя зламаюцца, хутчэй за ўсё, не адпрацаваўшы да канца святочнага перыяду.

Піратэхніка, бянгальскія агні, кітайскія ліхтарыкі

Пра шкоднасць феерверкаў, петардаў і т.п. сказана ўжо шмат. Варта памятаць, што ўсе гэтыя рэчы, хоць і выглядаюць прыгожа, але выдзяляюць у атмасферу таксічныя рэчывы, шкодныя для здароўя і чалавека, і прыроды. Пасля салютаў у паветры падвышаецца канцэнтрацыя вуглякіслага газу, пылу і акісляльнікаў. Акрамя таго, гучныя гукі салютаў моцна пужаюць птушак і жывёлаў.

Бенгальскія агні – гэта метал з напыленнем, праз якое яны не перапрацоўваюцца.

Бянгальскія агні. Фота: Freepik

Таксама не набывайце кітайскія ліхтары – яны засмечваюць асяроддзе, а ў выпадку, калі заблытаццаю ў галінах дрэваў, могуць справакаваць пажар.

Не трэба запускаць у неба паветраныя балонікі: яны доўга разлагаюцца, а іх рэшткі небяспечныя для птушак, якія могуць прымаць іх за ежу. Таксама яны, як і хлапушкі – крыніца мікрапластыку.

Елачныя цацкі

Не набывайце штогод новыя танныя пластыкавыя цацкі. Купіце тыя, якія пасля святаў можна будзе акуратна скласці ў каробку, а налета зноў дастаць  і развесіць на ялінцы, і яны будуць усё такімі ж прыгожымі.

Напрыклад, звярніце ўвагу на стылёвыя і трывалыя драўляныя цацкі.

Драўляныя елачныя цацкі. Фота: Freepik

А магчыма, у вас захаваліся елачныя цацкі з вашага дзяцінства ці тыя, якімі ўпрыгожвалі ялінкі яшчэ вашыя бабулі і дзядулі? Даставайце і смела развешвайце! Рэтра з кожным годам усё больш актуальнае. Акрамя таго, раней, нават у савецкія часы елачныя цацкі рабілі вельмі якасна, найчасцей – са шкла, без выкарыстання пластыку. Пры акуратным абыходжанні такія цацкі могуць радаваць дзесяцігоддзямі.

Старыя елачныя цацкі. Фота: Вечерний Бобруйск

Калі ж вам хочацца сёлета аздобіць ялінку неяк па-новаму, аддайце ці прадайце старыя цацкі, але не выкідайце. Самі ж можаце паспрабаваць зрабіць цацкі сваімі рукамі – з паперы, кардону ці любых іншых матэрыялаў, якія можна лёгка ўтылізаваць.

Упрыгожванне дому

Стварыць святочны вайб дома можна з дапамогай натуральных матэрыялаў – яловых ці сасновых галінак, шышак, сухацветаў, сухафруктаў, паперы і т.п. З прыродных матэрыялаў можна зрабіць калядны вянок ці гірлянду, якія будуць не толькі эстэтычна выглядаць, але і радаваць сваім прыемным пахам. Выкарыстаць можна палачкі карыцы, высушаныя цытрусы, арэхі, яловыя галінкі.

Сруб дрэва можа паслужыць падстаўкай пад свечкі, святочныя кампазіцыі ці кубак з араматнай гарбатай ці глінтвейнам. Уласна падсвечнікі можна зрабіць са звычайных шкляных слоікаў, якія засталіся ад сочыва ці іншых прадуктаў. Дарэчы, свечкі раім не купляць першы, якія сустрэліся ў краме. Напрыклад, з парафінавага воску. Парафін – гэта прадукт вытворчасці нафты і нё давол ішкодны для прыроды. Яго можна замяніць на соевы ці какосавы воск, а ідэальна, калі свечы будуць з пчалінага воску – яны яшчэ і пах святочны даюць.

Не варта для ўпрыгожвання дома выкарыстоўваць штучны снег у спрэях – эколагі  кажуць, што ён шкодны для здароўя чалавека і для асяроддзя.

“Павук”. Фота: zviazda.by

А яшчэ можна ўзгадаць пра традыцыйнае беларускае каляднае ўпрыгожванне – “павукоў” з саломы. Яны будуць глядзецца прыгожа, стылёва і адназначна не нашкодзяць асяроддзю. А яшчэ, кажуць, “павукі” – гэта абярэгі ад злых духаў.

Навагодні стол

Не стаўце на навагодні стол аднаразавы посуд – акрамя таго, што гэта неэкалагічна, дык яшчэ і выглядае танна і непрыгожа.

Калі складаеце меню, эколагі раяць набываць мясцовыя прадукты, каб зменшыць іх так званы экалагічны след падчас транспанціроўкі, а адпаведна і ўплыў на клімат. Зразумела, што тыя ж мандарыны ў Беларусі не растуць, але мяса, малако, гародніну можна ўзяць мясцовай вытворчасці.

Лупіну ж ад мандарынаў не выкідайце – з яе можна зрабіць шмат цікавых рэчаў кшталту цукатаў ці касметычных сродкаў.

Плануйце загадзя аб’ём ежы, якую хочаце прыгатаваць. Канешне, харчавацца салатамі з навагодняга стала цягам першага тыдня новага года – гэта таксама свайго роду традыцыя, і добра, калі вы ўсё з’ясце. Але часта вельмі шмат лішняй ежы проста выкідаецца на сметнік, а разам з ёй – пластыкавая ўпакоўка ад залішніх прадуктаў, пакеты, у якія ўсе гэтыя сапсаваныя старвы ўпакоўваюцца.

І тут можа быць некалькі выйсцяў: менш гатаваць, раздаваць ежу, што засталася, гасцям адразу пасля свята, і скарыстацца фудшэрынгам у сацсетках, калі ў першы дзень новага года вы зразумелі, што не ў сілах з’есці ўсё самі.

Падсвечнікі са слоікаў. Фота: origamifrog.pl

Навагодні ўбор

З думкай пра экалогію можна таксама падбіраць сабе ўбор на навагоднюю ноч. Не купляйце сукенку, цішотку, кашулю на адзін раз. А яшчэ лепш – не купляйце ўвогуле, а перагледзьце шафу – хутчэй за ўсё, вы знойдзеце там уборы з мінулых гадоў, якія апраналіся раз ці два, якія можна дапоўніць нейкім аксесуарам і выглядаць зусім інакш. Толькі будзьце асцярожныя са стразамі і паеткамі: яны – крыніца мікрапластыку.

Калі без пакупкі не абыйсціся, паглядзіце, што прапаноўваюць сэканд-хэнды ці дабрачынныя крамы/ініцыятывы.

Агулам, добрая ідэя напярэдадні Новага года зрабіць рэвізію свайго гардэроба, і тое, што вам дакладна непатрэбна, аднесці дабрачынным праектам ці падарыць сябрам.

Падарункі

Добра прадумвайце, што падарыць сябрам і родным, каб гэтая рэч была карыснай, даўгавечнай і не шкодзіла экалогіі. Мы не раім дарыць танныя пластыкавыя вырабы ці чарговы сувенір, які будзе стаяць і збіраць пыл.

Кажуць, найлепшы падарунак – не рэч, а эмоцыі, уражанні. Можна падарыць сябру квіток у кіно ці тэатр, на канцэрт ягонага ўлюбёнага гурта, цікавую экскурсію па горадзе ці ў музеі, абанемент у басейн ці SPA, падпіску на нейкі карысны інтэрнэт-курс і т.п. А можна зрабіць падарунак сваімі рукамі: намаляваць партрэт, звязаць шкарпэткі, прыгатаваць торт ці іншую ўлюбёную страву блізкага чалавека.

Два бяспройгрышныя варыянты – спытаць у чалавека, што яму патрэбна ці падараваць грошы (лепш без папяровага канверта, які будзе выкінуты, а банкаўскім пераводам).

Падарункі ў экалагічнай упакоўцы. Фота: Freepik

Таксама падумайце пра ўпакоўку. Самы кепскі варыянт – каляровая аднаразавая папера: яна пойдзе ў сметнік адразу, як яе сарвуць з каробкі. Яшчэ горш, калі яна фальгіраванная: будзе даўжэй разлагацца.

Прыгожа абгарнуць каробку можна перапрацаванай паперай ці тканінай. Напрыклад, можна выкарыстаць японскую тэхніку фурашыкі – гэтта заварочванне рэчы ў тканіну і завязванне яе канцоў прыгожым вузлом. Тканіну потым можна выкарыстаць у гаспадарцы. Вельмі стылёва глядзяцца падарункі, абгарнутыя старымі часопісамі і газетамі. Таксама можна выкарыстоўваць мяшочкі з тканіны і ў іх класці падарунак.

Ялінка

Галоўны атрыбут Новага года і Калядаў, які выклікае найбольш спрэчак сярод прыхільнікаў экалагічнага ладу жыцця. Адны лічаць, што трэба набываць толькі жывыя елкі, іншыя – што трэба купіць штучную на шмат гадоў, бо набыццё жывых елак знішчае лясы і спрыяе браканьерству. Праціўнікі штучных елак згадваюць яшчэ тое, што іх звычайна прывозяць з-за мяжы, што пакідае значны экалагічны след – транспартаванне прыводзіць да спальвання паліва і робіць свой унёсак ва ўплыў на клімат. Штучная ялінка акупляе экалагічны след, калі выкарыстоўваецца больш за 20 гадоў

Але насамрэч, можна абраць любы з гэтых двух шляхоў з клопатам пра экалогію. Калі вы любіце жывыя ялінкі, набывайце іх толькі ў ліцэнзаваных прадаўцоў, у якіх ёсць сертыфікаты, што пацвярджаюць вырошчванне дрэваў у спецыяльным пітомніку. Пасля свята ялінку трэба ўтылізаваць у спецыяльным пункце прыёму – такая магчымасць ёсць у Менску, але ў Бабруйску дагэтуль ніхто не аказвае такую паслугу. У гарадах, дзе ёсць заапаркі, старыя ялінкі часам прымаюць на корм жывёлам.  

Ялінка з экалагічнай аздобай. Фота: Shutterstock

Каб не выкідаць, ялінку можна спаліць (калі вы жывеце ў прыватным доме, заадно і ацяпліце яго) ці змяльчыць і закапаць, але папярэдне абавязкова ачысціць ад цацак, дожджыку і рэштак гірляндаў.

Таксама можна набыць ялінку ў кадцы, і потым улетку высадзіць яе ў глебу.

Калі вы хочаце набыць штучную ялінку, бярыце такую, якую будзе выкарыстоўваць шмат гадоў, а калі захочаце замяніць яе – не выкідайце, а прадайце ці аддайце таму, каму яна будзе патрэбнай. Штучную ялінку можна таксама ўзяць у арэнду, але гэта пакуль не вельмі распаўсюджаная паслуга. Вытворцы цяпер шукаюць спосаб падвысіць экалагічнасць штучных елак, напрыклад, вырабляюць іх з перапрацаванага і менш шкоднага пластыку ПЭТ, але пакуль іх вельмі мала і каштуюць яны дорага.

Так якую абраць – жывую, ці штучную?

Цікавае

Спецпраекты