Так якую абраць – жывую, ці штучную?

Меркаванні эколагаў у апошнія гады збольшага супадаюць – найбольшую шкоду прыродзе нясуць усё ж штучныя ялінкі. Да такой высновы прыйшлі таму, што ўжо ў час вытворчасці ў паветра трапляе шмат шкодных рэчываў. Бо вырабляюцца ялінкі, у асноўным, з няякаснага матэрыялу – полівінілхларыду. А пасля – утылізацыя, спальванне з выкідам канцэрагенаў у паветра, ці доўгае-доўгае і шкоднае для глебы, паветра і вады разлажэнне на звалцы.
Таму, дарэчы, варта сачыць і за якасцю цацак для ялінкі, бо яны таксама могуць быць вырабленыя з шкодных матэрыялаў. Лепей за ўсё абіраць шкляныя, драўляныя, саламяныя, ватныя, з тканіны, гліны ды іншых натуральных матэрыялаў. Цукеркі таксама пасуюць:)
Каб хоць неяк акупіць свой экаслед, штучная ялінка мусіць служыць не менш за 20 год! А цяпер прыгадай, колькі тваёй?
То-бок, жывая лепей?
Маральны бок набыцця жывой ялінкі ты мусіш вырашыць для сябе сам(а). Людзі, якія адказна ставяцца да прыроды ўпэўненыя – можна абысціся без усяго гэтага і стварыць свята без высечкі дрэваў. Іншыя пярэчаць: гэтыя дрэўцы спецыяльна гадуюць на продаж, яны смачна пахнуць і нават чысцяць паветра, пакуль стаяць у доме, яны не выдзяляюць шкодныя рэчывы ад награвання «агеньчыкамі» і г.д.
Але жывую елку таксама важна правільна ўтылізаваць! У адрозненні ад натуральнага працэсу разлажэння ў лесе, на звалцы яна будзе выдзяляць метан, таму ў апошнія гады камунальнікі стараюцца арганізаваць месцы збору дрэваў, каб пасля адправіць на перапрацоўку. Напрыклад, на дровы ці дранку.
Для таго, каб елцы вырасці да памеру 1,5 метры, патрабуецца каля 10 год.
Ялінкі ў кадках, на жаль, выжываюць не ўсе. Гэта звязана з тым, што ў момант перасадкі ў яе могуць быць пашкоджаныя карані. Шанец, што яна прыжывецца пасля высадкі, даволі малы, і за дрэўцам трэба добра даглядаць, падабраць месца, глебу.
Расце такая ялінка для продажу ў кадцы ад чатырох да сямі год.
А якія альтэрнатывы, запытаешся ты?
Экаактывісты прапануюць безліч варыянтаў, як упрыгожыць дом да святаў і не нанесці шкоду прыродзе.
Напрыклад, мы заўважылі такія ялінкі ад бабруйскага майстра Уладзіміра:
Гэткія ялінкі можна выкарыстоўваць як палічкі, ставіць на іх цацкі, ці неяк упрыгожыць на свой густ.
А які варыянт абіраеш ты? Дзяліся ў каментарах!