“Зразумела – усё што я рабіла ў Беларусі, трэба пакінуць там, а ў Францыі пачаць нешта новае”. Кацярына Ламбэк пра тое, як знайшла сябе ў эміграцыі

Фота з асабістага архіва Кацярыны

Наша суразмоўніца – Кацярына Ламбэк. Пасля 13 год на дзяржаўным прадпрыемстве яна адкрыла ў Бабруйску ўласны бізнес – паспяховую Школу-студыю “RedCat”, у якой і працавала, і выкладала. У 2022 годзе пераехала жыць у Францыю, і за гэты час паспела там паспрабаваць сябе ў якасці гаспадыні кабінета па манікюры, праводзіць курсы анлайн, цалкам выгарэць, знайсці сябе ў трэнерстве эмацыйнага інтэлекту і нарадзіць дзіця (але працягваць весці заняткі). Для нас Кацярына – сапраўды натхняльны прыклад, з задавальненнем дзелімся яе гісторыяй з табой.

 

Кацярына расказвае, што нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Бабруйску. Скончыла БДУ, а пасля адпрацавала 13 гадоў на дзяржаўным прадпрыемстве.

– На заводзе перспектыў я не бачыла, вырашыла звольніцца. Хацелася самаразвіцця. Я адкрыла невялікі манікюрных кабінет. Затым вырашыла пашырыць пералік паслуг, так у мяне з’явіліся майстры па педыкюры, мадэляванні і афарбоўцы броваў, майстар па дэпіляцыі. З маленькага кабінета пераехалі ў больш прасторны.

Але і тут мне было не ўседзець, вырашыла сысці ў выкладчыцкую дзейнасць. Скончыла інструктарскія курсы і пачала выкладаць. На маім рахунку каля 10 аўтарскіх курсаў, пачынаючы ад базавага курсу, розных курсаў па дызайне і заканчваючы павышэннем кваліфікацыі. Я была адной з першых у Бабруйску, хто навучаў манікюру і дызайну пазногцяў. Школа-студыя “RedCat” была на слыху.

 

Суразмоўніца адзначае, што вельмі любіла сваю працу, бо па-першае – гэта стасункі. Ёй падабаецца камунікаваць і знаёміцца з новымі, цікавымі людзьмі

– Па-другое – гэта пастаяннае навучанне. Я скончыла каля 30 розных курсаў, а можа і больш, – кажа Кацярына. – Па-трэцяе, раскрыла сябе, як выкладчыцу. Мне вельмі падабалася даваць людзям веды, укладаць у іх свой вопыт і ўменні.

 

Але ў 2022 годзе бабруйчанка пераехала жыць у Францыю, давялося будаваць жыццё ў новых абставінах, шукаць сэнсы і занятак, які б прыносіў задавальненне. Кацярына кажа, што да нараджэння першага дзіцяці нават не задумвалася пра эміграцыю. Толькі тады з’явілася жаданне, каб сын вучыўся за мяжой.

– У 2019 годзе я наведала Швейцарыю і зразумела, што хацелася б з’ехаць з Беларусі, нягледзячы на тое, што я вельмі люблю нашу краіну, яе прыроду і людзей. Пачала думаць пра пераезд у Швейцарыю або Германію, бо сын вучыў нямецкую мову, там для яго была б больш камфортнай адаптацыя. Але жыццё непрадказальнае, і так здарылася, што ў 2021 годзе я пазнаёмілася са сваім будучым мужам – французам. Так і апынулася ў Францыі.

 

Кацярына прыгадвае, што ў першы час пасля пераезду ў яе не было нейкага дыскамфорту ці суму.

– Калі я пераехала ў Францыю, з першага дня адчувала сябе, як дома. Мабыць, у мінулым жыцці жыла тут, – смяецца суразмоўніца. – Французскай мовы я не ведала, з мужам размаўлялі на англійскай.

Складана было прывыкнуць да некаторых мясцовых звычаяў, напрыклад, цалаваць усіх у шчаку два разы ў час сустрэчы, запытвацца ва ўсіх – і адказваць, як маюся. Нешта перакусваць і выпіваць перад асноўным прыёмам ежы. Так званы Apéritif.

 

Але пасля года жыцця ў Францыі Кацярыну накрыў сум па дому і адчуванне немагчымасці знайсці сябе.

– Пасля пераезду ў Францыю ў сакавіку 2022 годзе, я адразу арганізавала кабінет манікюру. Зрабіла старонку ў інстаграм на французскай мове, распрацавала візітоўкі, падарункавыя сертыфікаты, прайс. Актыўна стала набіраць падпісчыкаў. Спрабавала шукаць кліентаў і вучаніц. Я нават адвучылася на візажыстку, калі прыязджала ў Беларусь восенню 2022 года.

У мужа была фотастудыя. Думала прапаноўваць паслугі візажысткі для фотасесіі. Але ўсё гэта было дарэмна. Кліенты былі аднаразовыя. Таксама спрабавала запісваць курсы анлайн. Але для заняткаў не магла знайсці мадэляў, нават бясплатна! Спрабавала пісаць курсы, дзе не патрэбныя мадэлі, але кожны раз было нешта не так, то святло не тое, то не запісалася, то проста нічога не атрымлівалася і не хацелася.

Затым я прыйшла да разумення: усё, што я рабіла ў Беларусі – трэба пакінуць у Беларусі, а ў Францыі новае жыццё і трэба рабіць нешта іншае, зусім новае.

Такім чынам да вясны 2023 года я была цалкам спустошанай. Ні ідэй, ні разумення – чаго я хачу ад гэтага жыцця, што мне можа прыносіць задавальненне, чым я магу займацца, каб з радасцю, але пры гэтым і прыбытак быў?

 

Фота з асабістага архіва Кацярыны

У час, калі Кацярына пакутвала ад выгарання, ёй, ужо ў трэці раз, прапанавалі трэніроўкі эмацыйнага развіцця дарослага чалавека “Super Jump”. Ад першых прапаноў наша суразмоўніца адмаўлялася, бо не разумела, навошта ёй гэта трэба. Але гэтым разам вырашыла паўдзельнічаць.

– Гэта 10 дзён навучання агулам, па адной гадзіне ў дзень. І я не пашкадавала, што вылучыла гэты час на сябе. Зарад энергіі, эмоцыі – проста зашкальвалі ўжо на другі дзень. Пачалі з’яўляцца нейкія ідэі, а я пачала вяртацца да сябе.

Муж і сын таксама заўважылі гэтыя змены. Я стала больш спакойная, больш цярплівая. Спакойна пачала рэагаваць на разнастайныя паводзіны сына-падлетка. Мы трэніравалі сваю усвядомленасць, думкі, пачуцці, эмоцыі. Гэта як спортзала, толькі там мы трэніруем цела, а тут –розум.

На шосты ці сёмы дзень зразумела, што таксама так хачу. Жадаю быць інтэлект-трэнеркай, вучыць гэтаму іншых, тым больш, выкладаць – мая стыхія! У аддаванні ведаў атрымліваю неймавернае адчуванне шчасця. Так я стала інтэлект-трэнеркай.

“SuperJump” – гэта міжнародная асацыяцыя інтэлект-трэнераў з адзінай праграмай, яна дзейнічае ў 80 краінах свету. А назва майго курса – “Пачні з сябе” – асабістая разыначка. Бо я лічу, што свой рост, сваё развіццё мы пачынаем менавіта з сябе. Як там кажуць? “Хочаш змяніць свет – пачні з сябе!”

 

Кацярына тлумачыць, як менавіта трэніроўкі эмацыйнага інтэлекту дапамаглі ёй вярнуць радасць жыцця, і чаму гэта трэба рабіць усім, хто таксама ў пошуках.

– Мы часта працуем на нялюбых працах, у нас часта бываюць стрэсы, нядужанні, мы жывем з панядзелка па пятніцу і з нецярпеннем чакаем выходных, а затым з жахам разумеем, што трэба зноў ісці на працу. А там вечна гарлапаніць начальнік, план, які трэба выконваць ды многае іншае. А пасля працы дом, побыт, урокі і г.д. Дык вось курс “Пачні з сябе” дапамагае з іншага боку паглядзець на ўсё гэта. Стаць больш усвядомленым, паспяховым, пазітыўным і больш шчаслівым чалавекам.

Бо як тэлефону патрэбуецца падзарадка, так і чалавеку патрэбна энергія. Без яе мы згаснем.

Без энергіі ў нас няма жадання што-небудзь рабіць, няма ідэй, няма настрою, мы ходзім па коле, у нас з’яўляюцца эмацыйныя арэлі. А гэтыя курсы і ёсць тая самая падзарадная прылада. Практыкаванні настолькі простыя, што пасуюць абсалютна ўсім. Не важна – хто вы па прафесіі, колькі вам гадоў. Напрыклад, самаму маленькаму майму вучню было 12 гадоў, а самаму старэйшаму – 72.

 

Сёння Кацярыне 38 гадоў, і ў яе толькі пачаўся новы этап жыцця. Яна расказвае, як праходзіла адаптацыя ў новай краіне для яе і старэйшага сына (сёння яму 15), як нядаўна стала маці – малодшаму сыну тры месяцы, і чаму давялося пераязджаць яшчэ раз – ужо ў межах Францыі.

– Першы год пасля пераезду мы жылі на паўднёвым захадзе Францыі, у маленькім мястэчку пад назвай Saint Laurent. Мне вельмі падабалася гэтае месца. Побач рака, заўсёды цёпла, шмат разнастайных садоў: яблыкі, ківі, вінаград.

Але ў мінулым годзе мы прынялі рашэнне прадаваць дом і пераехалі на поўнач Францыі ў Нармандыю ў гарадок Hennezis. На самай справе яго і мястэчкам не назавеш, хутчэй вёсачка. Тут мне не надта падабаецца. Надвор’е, практычна як у Беларусі, часам нават горшае, пастаянныя вятры, вельмі шмат дажджоў. Адзінае, вядома, няма такіх маразоў, снегу і слоты. Пераехалі мы, бо муж працуе ў Парыжы, ад ранейшага месца жыхарства гэта восем гадзін язды на машыне. То-бок, яму даводзілася тыдзень жыць у гатэлях, а на выходныя вяртацца дадому. А нам хацелася быць больш разам, таму і пераехалі.

На момант пераезду ў Францыю старэйшаму сыну эмацыйна было даволі складана. На той момант яму было 13 гадоў, пераходны ўзрост. Ён сумаваў па сваіх сябрах, а ў Францыі яму ніхто не падабаўся. Мы пераехалі ў сакавіку, у сярэдзіне навучальнага года. Гэты год ён вучыўся ў класе для замежнікаў. Настаўніца была з Польшчы, трохі разумела рускую, яму ў гэтым плане было лягчэй. Затым мы перавялі яго ў іншую школу, але і там ён асабліва не з кім не пасябраваў. І толькі тут, на поўначы, ён знайшоў сабе сяброў, вельмі задаволены школай і настаўнікамі. Практычна адразу ён самастойна знайшоў сабе футбольны клуб, дзе цяпер займаецца. Ён ужо даволі нядрэнна размаўляе па-французску.

 

Суразмоўніца расказвае, як гэта – быць цяжарнай і нараджаць у Францыі.

– Я заўсёды хацела другое дзіця, ды і ў мужа не было дзяцей. Таму з цяжарнасцю мы не цягнулі (смяецца). Як раз на першую гадавіну вяселля і абвясцілі ўсім навіну.

З нагоды родаў тут, вядома, не параўнаць з Беларуссю. Пачынаючы ад вядзення цяжарнасці, умоў, адносінаў, саміх родаў і пасля радавога перыяду – гэта неба і зямля.

Я адчувала сябе нейкай вядомай асобай, столькі было цяпла і ўвагі. У звычайнай радзільні!

Адзінае, за што перажывала, што магу не зразумець лекараў падчас родаў. Я даволі добра ўжо ведаю французскую мову, на 80-90% разумею. Але не заўсёды магу адказаць, мне патрабуецца час, каб падумаць. Дык вось, калі французы кажуць павольна, я ўсё разумею, а калі кажуць хутка, плюс яшчэ ва ўсіх розны акцэнт – пачынаю перажываць і не разумею нічога. А роды і без гэтага працэс даволі хвалюючы. Тут або нараджаць, або думаць, што табе сказалі (смяецца). Але мне пашанцавала, нават не давялося напружвацца. Мала таго, што муж прысутнічаў пры родах і падтрымліваў мяне, так і лекарка свабодна размаўляла на англійскай мове. Таму ўсё прайшло ідэальна!

Хочаш больш даведацца пра эмацыйны інтэлект, а таксама глядзець натхняльныя відэа ад Кацярыны ў сацсетках? Спасылкі на яе тыкток ды інстаграм тут. А таксама пішы ў наш інстаграм, раскажы, дзе знаходзіш натхненне і сэнсы ў жыцці?