КультураЛюдзі

Што пачытаць на зімовыя святы? Бабруйцаў — рамантычнае фэнтэзі ды ўспаміны пра наш горад

Спадзяёмся, Каляды і Новы год дадуць табе час на перадышку, каб нікуды не спяшацца, доўга спаць і шмат адпачываць, хаця б дні тры запар. А можна яшчэ і кніжку добрую пачытаць, ад нашых, бабруйскіх аўтараў(ак). Напрыклад — Ірыну Матлак ці Эдуарда Мельнікава. 

Фота: June: pexels.com

І каб не губляць святочны настрой, раім табе, дарагі(ая) чытач(ка) паглыбіцца ў свет фэнтэзі. А яшчэ лепш — рамантычнага! Менавіта ў гэтым жанры стварае нашая зямлячка Ірына Матлак. Мы папрасілі пісьменніцу параіць нам свае кнігі з зімовым настроем, а таксама падказаць, дзе іх можна набыць і нават паслухаць. 

Пісьменніца Ірына Матлак нарадзілася ў Бабруйску ў 1995 годзе. Вучылася ў музычнай школе, а пасля – на мастацка-графічным факультэце ў віцебскім універсітэце імя Машэрава. Дзяўчына з маленства любіла чытаць, асабліва рамантыку і фэнтэзі. І калі сама пачала пісаць у гэтым жанры, спачатку рабіла гэта для сябе. І паступова перайшла ад невялікіх тэкстаў да раманаў. У 2016 годзе Ірына ўпершыню апублікавала ўласныя творы ў інтэрнэце, і ўжо праз год, калі ў аўтаркі з’явілася аўдыторыя, яе кнігі пачало друкаваць выдавецтва “Альфа-книга”. Ірына піша асобныя кнігі, а таксама стварае цыклы: “Академия пяти стихий (з спін-офам “Тень драконьего крыла”), “Сладости и пряности”; “Сумеречье”; “Фейри-лекарь”. 

Ірына Матлак, фота з асабістага архіва суразмоўніцы

Але спачатку пацікавімся ў Ірыны, як рухаецца яе творчае жыццё, ці пішуцца кнігі, ці ёсць час для малявання?

— На гэты момант я займаюся толькі тэкстамі, малюю рэдка і для сябе, пад настрой. Свае мастацкія працы я цяпер нідзе не публікую, — кажа Ірына. — Зараз больш займаюся сцэнарыстыкай, але нядаўна пачала працу над новым раманам. Гэта нешта зусім іншае, адрознае ад фэнтэзі, якое я пісала раней. Славянскія матывы, сучасны свет і містыка, якая трохі палохае. Наогул, я вялікая аматарка славянскага фальклору і вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтым жанры.

Кнігі Ірыны Матлак

Суразмоўніца кажа, што на сёння на паперы ў яе выдадзеныя 12 кніг, але калі лічыць з перавыданнем адной з іх, атрымліваецца 13. У аўдыё-агучцы таксама даступныя ўсе 13 раманаў. Агулам Ірына напісала каля 20 твораў, амаль усе яны ёсць у інтэрнэце. Дарэчы, аматары аўдыёкніг могуць паслухаць фэнтэзі ад бабруйчанкі па гэтай спасылцы

У Беларусі кнігі Ірыны Матлак можна набыць у краме OZ, альбо на маркетплейсах – Wildberries і Ozon. Таксама яны з’яўляюцца ў некаторых крамах у Мінску. 

Нам падаецца, што напісаць столькі кніг, ды яшчэ ў такім не самым простым жанры як фэнтэзі, само сабой падобна да магіі. Тым больш, калі ў час напісання першай часткі ты адразу “бачыш” сюжэтную лінію другой і трэцяй! Але менавіта так стварае тэксты наша суразмоўніца. 

— У мяне ёсць як аднатомнікі, так і цыклы. Як правіла, я першапачаткова ведаю выніковую колькасць частак. Проста ёсць гісторыі, якім дастаткова адной кнігі, але бывае так, што гісторыя плануецца маштабнай, і тады колькасць кніг, натуральна, павялічваецца. На гэты момант самы мой вялікі цыкл – гэта “Сумеречье”, ён уключае чатыры кнігі. І, мабыць, гэта адна з найлюбых мне гісторый, — кажа Ірына.

Напэўна, кожнаму(ай) аўтару(цы) у жанры фэнтэзі хочацца, каб яго творы экранізавалі, пытаем, ці ёсць такія кнігі ў Ірыны?

—Так, насамрэч гэта адна з маіх галоўных мэтаў. Я была б рада ўбачыць любую з сваіх гісторый на экране, — усміхаецца наша суразмоўніца. 

Ірына Матлак, фота з асабістага архіва суразмоўніцы

Мы папрасілі Ірыну параіць для чытання яе кнігі, у якіх адчуваецца зімовы настрой.

— Адразу на розум прыходзіць дылогія “Академия пяти стихий”. Гэта адна з маіх першых прац. Дзеянні адбываюцца ў іншым свеце, і ў другой частцы героі аказваюцца на атмасферным зімовым свяце. Я пастаралася перадаць чароўны настрой і прыдумаць традыцыі, якія будуць самабытнымі, але ў той жа час падобнымі да нашых. Калі казаць пра самую гісторыі, то яна ў першую чаргу пра каханне, самаахвяраванне і сапраўднае сяброўства, якія дапамагаюць пераадолець любыя нягоды. Ну і, вядома, усё гэта шчодра запраўлена прыгодамі і магіяй.

Яшчэ не магу не адзначыць вышэйзгаданае “Сумеречье”. Гэта гісторыя з адметным зімовым вайбам, — кажа Ірына Матлак, а таксама перадае табе свае віншаванні:

— Хочацца ўсіх павіншаваць з надыходзячымі святамі. Гэта той чароўны час, калі мы ўсе зноў робімся крыху дзецьмі. Таму я хачу пажадаць кожнаму маленькага асабістага цуду! 

Эдуард Мельнікаў з бацькамі. Фота з кнігі

Яшчэ адзін аўтар, кнігу якога раім адшукаць — ураджэнец Бабруйска, журналіст і выкладчык Эдуард Мельнікаў.

Называецца “Возвращение в Бобруйск. Хроники советской повседневности”, яна пабачыла свет у 2019 годзе. Наяўнасць можна спраўдзіць на сайце “Акадэмкнігі” ці па тэлефоне. 

Чым жа каштоўны гэты твор? Тым, што Эдуард Мельнікаў расказвае пра родны горад рэчы, якіх не знойдзеш у падручніках ці падшыўках тагачасных газет. Ягоны Бабруйск 50-60 гадоў мінулага стагоддзя, мы бачым вачамі дзіцяці і падлетка, які спазнае свет і трапляе ў прыгоды. Напрыклад, адна з яго гісторыяў пра бабруйскія падзямеллі ёсць у падкасце “Міфічны Бабруйск”

А вось урывак з кнігі, прысвечаны “бабруйскай мове” (цытуем на мове арыгіналу):

“С самого детства мы слышали на улице, в доме, вокруг себя другой язык — идиш. Особенно на улице Чонгарской, в районе городского рынка. И, конечно, усваивали то, что было доступно нашему пониманию. А доступны и востребованы были в первую очередь слова, очень полезные на улице. Например, “тохес»” или “поц”. Или, на худой конец, “шлимазл”. Слова эти “работали” тем сильней, что были из иной среды, но, бесспорно, оскорбительны для объекта словесной агрессии. А “Аз ох-н-вей” было просто вздохом сожаления о чем-то, что тебе не нравится.

Бывали и смешные случаи, возникающие от смешения двух языков. Например, бабушка моего одноклассника, Гришки Эпштейна, кричала ему в окно: “Гриша, куда ты побежал? Иди напейся киселем!”

Если кто-то, приехав в наш двор, расспрашивал о соседе: где он сейчас, как его найти, то еврейский ребенок всегда интересовался с характерной въедливой интонацией: “А на что он Вам?”

И мы это перенимали, потому что это очень полезная привычка: в самом деле, что это ты тут расспрашиваешь?”

Ёсць, каго параіць з бабруйскіх пісьменнікаў(іц)? То пішы ў наш інстаграм.

Што пачытаць гэтым летам пра Бабруйск?

Цікавае

Спецпраекты