Людзі

«Калі на сучасным фота праступае чорна-белы твар тваёй мамы – гэта неверагодна». Бабруйчанка стварае калажы са старых і новых здымкаў

Нашая суразмоўца – бабруйчанка Вераніка Сарокіна. Ёй 38 гадоў, яна нарадзілася і правяла дзяцінства і юнацтва ў Бабруйску. Потым з’ехала на час вучобы ў Польшчу, пасля ўніверсітэту працавала ў Менску. Год таму жанчына вырашыла вярнуцца ў родны горад, а разам з пераездам знайшла сабе хобі – фатаграфію. Так нарадзіўся фотапраект «Так будзе заўсёды», у рамках якога Вераніка ўбудоўвае старыя здымкі чальцоў сям’і, якія ўжо сышлі, у сучасныя фота сваёй кватэры і горада. І гэта не класічны калаж – у Веранікі свая тэхніка. Мы пагутарылі з бабруйчанкай пра праект, як нарадзілася ідэя, а таксама пра любоў да Бабруйска.

Вераніка Сарокіна. Фота: асабісты архіў Веранікі Сарокінай

«Фатаграфія – адзін са спосабаў утрымаць раўнавагу на тле апошніх падзеяў»

– Вераніка, распавядзіце, калі ласка, нашым чытачам пра сябе – ці ў Бабруйску вы цяпер, ці жылі тут усё жыццё, чым займаецеся і цікавіцеся?

– Я нарадзілася ў Бабруйску, скончыла тут гімназію-каледж мастацтваў. Мне 38 гадоў. Ужо год як я зноў у Бабруйску. З’ехала я адсюль адразу пасля каледжа. Вышэйшую адукацыю атрымлівала ў Польшчы – на факультэце міжнародных зносінаў ва ўніверсітэце Мікалая Каперніка ў Торуні. Пасля вучобы паехала ў Менск. Працавала ў НКА. Спачатку ў арганізацыі «SOS – Дзіцячыя вёскі», якая дапамагае дзецям, што засталіся без бацькоў. У Беларусі гэтая НКА працуе ўжо 25 гадоў, яна перажыла 2021 год і засталася.

Потым я перайшла ў «Гендарныя перспектывы», працавала з пытаннямі гендарнай роўнасці, папярэджання хатняга гвалту.

Месяцы за тры да пандэміі я пайшла працаваць у бізнес-гатэль у Менску. А потым здарылася пандэмія, шмат што пазачынялася. А потым 2021 год і ў Беларусі не засталося НКА. Тады я прыняла рашэнне аб унутранай эміграцыі, так скажам, і вяртанні дамоў у Бабруйск. Захацелася ўзяць паўзу, перачакаць, паглядзець, што будзе далей. На шчасце, цяпер ёсць магчымасць працаваць аддалена, так я знайшла працу адміністратарам у онлайн-школе. Бо ў Бабруйску ўсё добра, але працы няма, і гэта вялікая праблема для горада.

Сястра Веранікі Наталля (1977 – 1996) на плошчы Леніна. Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

Мне вельмі шкада наш некамерцыйны сектар, і спадзяюся, што я ўбачу яго адраджэнне, і тады я з радасцю вярнуся туды працаваць, бо там ты заўсёды знаходзішся ў коле аднадумцаў, разумееш, што робіш нешта патрэбнае, важнае. Таму я хачу вярнуцца ў гэтую дзейнасць. Але пакуль гэта немагчыма, шукаю для сябе новыя сферы, у якіх можна натхняцца, наноў знаходзіць сэнсы. І як раз фатаграфія стала для мяне такім захапленнем, якое дае магчымасць дыхаць, бачыць і адчуваць добрае. На тле падзеяў апошніх двух гадоў даволі цяжка трымацца ў каляіне, трэба знаходзіць спосабы захоўваць раўнавагу. Фатаграфія для мяне – адзін з такіх спосабаў.

«Мяне заўсёды ўражвалі чорна-белыя фотаздымкі маіх бабуль»

Бабуля Веранікі Антаніна, (1925 – 2017). Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

– Вы недзе навучаліся фатаграфіі?

– Я прайшла невялікі навучальны курс беларускай фатографкі Таццяны Ткачовай, лаўрэаткі World Press Photo 2020 года. Гэта была мая першая спроба вучыцца фатаграфіі, і падчас гэтага курсу я і стварыла праект «Так будзе заўсёды». Цягам месяца мы з калегамі з розных краінаў працавалі над сваімі персанальнымі праектамі – ад ідэі да фінальнага ўвасаблення.

– Фота з вашага праекту ўражваюць. У іх ёсць нешта містычнае – калі праз сучасны фотаздымак на цябе глядзіць чалавек са старога, чорна-белага фота. Распавядзіце, калі ласка, пра яго падрабязней. Як увогуле нарадзілася такая ідэя?

– У мяне было жаданне папрацаваць з уласным сямейным архівам, і дзякуючы Таццяне і калегам па курсе ўсё атрымалася. Спецыфіка праекту ў тым, што гэта – не класічная фатаграфія, не дакументальная, а больш постдакументальная фатаграфія, калі змешваюцца тэхналогіі, метады, стылі.

Мама Веранікі Ала (1957 – 2012) каля фантану на плошчы Леніна. Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

На курс кожны з удзельнікаў прыйшоў з нейкай тэмай, якая яго цікавіла. У мяне гэта была тэма сям’і, дзяцінства, родных мясцінаў, асабліва на фоне таго, што я вярнулася ў горад свайго дзяцінства, і цяпер наноў шмат што пераасэнсоўваю, перажываю. А яшчэ ў мяне даволі вялікі сямейны фотаархіў. Мяне заўсёды ўражвалі гэтыя здымкі, асабліва старыя чорна-белыя фота маіх бабуль.

З усёй сям’і мы з татам засталіся ўдвох – сястра, мама, бабулі памерлі. Хтосьці ў сталым узросце, хтосьці занадта рана. Таму для мяне актуальная тэма перажывання гэтых стратаў. Хацелася паспрабаваць зафіксаваць пачуцці, эмоцыі. Вяртанне дамоў, у родны горад шмат што выцягвае з глыбіняў свядомасці. Хацелася з гэтым нешта зрабіць.

Бабуля Веранікі Антаніна (1925 – 2017). Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

Разуменне таго, што менавіта рабіць, прыйшло раптоўна. Курс праходзіў улетку, было горача. Я на сваёй кухні гатавала халаднік. І тут у маёй памяці паўстаў фотаздымак бабулі, на якім яна на гэтай жа кухні падае халаднік дзядулі. Халаднік у нас заўсёды быў у сям’і, гэта пайшло ад бабулі. І вось у той момант у мяне нібы азарэнне здарылася – я ж цяпер стаю на той самай кухні і раблю тое самае, што некалі рабіла мая бабуля. І мне захацелася аб’яднаць мінулае і сучаснае ў фота. Перад гэтым я як раз праглядзела ролік на Youtube пра тэхналогію накладання фотаздымкаў, і я паспрабавала зрабіць гэтак жа. Так і пайшло.

Я захапілася гэтым, корпалася ў сямейным архіве, шукала яскравыя фотаздымкі, якія можна было б добра спалучыць з сучаснасцю. Я абмяркоўвала свае ідэі і працы з калегамі па курсе, слухала іхныя парады.

Я спалучала здымкі, зробленыя дома, у кватэры, стары інтэр’ер і сучасны. Ёсць таксама гарадскія фатаграфіі – плошча Леніна, фантан, фота на якім, напэўна, ёсць у кожнага, хто нарадзіўся ў Бабруйску.

«Гэта выклікае дзіцячае захапленне – назіраць, як сучаснасць накладаецца на мінулае»

Сястра Веранікі Наталля (1977 – 1996). Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

– Вераніка, скажыце, вы недзе бачылі нешта падобнае да таго, як пачалі рабіць? Вас натхніў чыйсьці прыклад, ці вам проста раптоўна прыйшла ў галаву гэтая ідэя?

– Я бачыла шмат калажных гісторыяў, і мне раілі паспрабаваць у гэтай тэхніцы папрацаваць. Калаж – гэта такое накладанне, калі ты выразаеш старую выяву чалавека і накладаеш на сучасны здымак ці наадварот. Мне чамусьці гэта катэгарычна не падабалася, я ўнутры супраціўлялася таму, што буду выразаць сваіх родных з фотаздымкаў. Потым я спрабавала працаваць з мастацкай тэхнікай «падвойная экспазіцыя», калі праз адзін кадр праступае іншы, груба кажучы, адна выява накладаецца на іншую. Там можна праявіць нейкі слой ці прыбраць, які патрэбны. І напэўна менавіта гэтая тэхніка і падштурхнула мяне зрабіць нешта падобнае з архіўнымі і сучаснымі фота. І мне вельмі спадабаўся вынік. Калегі таксама мяне падтрымалі, што ў маім выпадку апраўданая адсутнасць дакладнага контура, і што няма накладання, а замест яго – плаўнае праступанне вобраза – месцамі выразна, месцамі – праз туман.

Мне вельмі спадабалася сама тэхніка, тое, як гэта робіцца – пальцам націскаеш на экран і ў гэтым месцы з’яўляецца вобраз са старога здымка. Гэта было нават тэрапеўтычна для мяне – калі ты на экране націскаеш на сучасны здымак і на ім праступае чорна-белы твар мамы, сястры ці бабулі, якіх з табой ужо няма. Гэты эфект, што ўсе твае з табой нават у сённяшнім дні – нешта неверагоднае. Яно мне ўнутры вельмі адгукнулася ў адрозненні ад калажаў з выразным контурам. Для мяне гэта вялізнае адкрыццё і ўнікальны досвед.

Бабуля Веранікі Антаніна (1925 – 2017). Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

Вельмі цікава са здымкамі з горада працаваць. Напрыклад, мне вельмі падабаецца кадр каля аркі ў аднымі з дамоў на плошчы Леніна. Старое фота з таго месца добра наклалася на сучаснае, проста лінія ў лінію. З фантанам таксама цікава – там мармур змянілі, але ўсе формы засталіся тымі ж. Гэта ўсё той жа фантан. І ў нейкіх месцах кадра проста міліметр да міліметра, піксель да пікселя сходзяцца. Мне вельмі цікава назіраць, як сучаснасць накладаецца на мінулае. Гэта выклікае проста дзіцячае захапленне.

«У Бабруйску пахаваныя мае родныя, гэта мой родны і любімы горад – так будзе заўсёды»

– А ці заўважаеце вы падчас гэтай працы, як Бабруйск змяніўся, з’явілася нешта новае, чаго на старых фота не было?

– Калі я пачала хадзіць па месцах са старых фотаздымкаў, глядзець на дэталі, знаходзіць адпаведныя ракурсы, я пагрузілася ў дэталёвае вывучэнне роднага горада. Здавалася б, ведаеш Бабруйск ужо амаль дасканальна. Але не! З дапамогай фатаграфіі наноў вывучаеш яго ледзь не пад мікраскопам, бо калі на экране ўсё павялічваеш і спрабуеш сумясціць, звяртаеш увагу на такія дэталі, на якія, здаецца, ніколі не паглядзела б. Здаецца – усё жыццё ходзіш па гэтых вуліцах, што ты тут яшчэ можаш разглядзець? Але аказваецца, заўсёды можна нешта знайсці. І ў выніку наноў улюбляешся ў горад.

Бабуля Веранікі Галіна (1931 – 2020). Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

– Чаму такая назва – «Так будзе заўсёды»?

– Вобразы маіх любімых чорна-белых здымкаў, якія праступаюць на сучасных каляровых, сціраюць мяжу паміж светамі, у якім мы цяпер з маімі роднымі, і здаецца, што мы зноў побач, і так будзе заўсёды. Адсюль і назва. І ўвогуле яна шмат што перадае. У Бабруйску пахаваныя мае мама, сястра, бабулі, і яны тут ужо назаўжды, гэта не зменіцца. Як і тое, што Бабруйск – мой родны і мой любімы горад. І такім і застанецца, і так будзе заўсёды ў маім жыцці.

– Вы з такой любоўю кажаце пра Бабруйск. А ці ёсць у ім нейкія зусім асаблівыя для вас, самыя ўлюбёныя месцы?

– Канешне, і іх шмат. Калі выдасца цяжкі дзень ці кепскі настрой, я люблю хадзіць на пляж – мяне туды ў дзяцінстве вадзілі бабуля з дзядулям. Я прыходжу ўлетку, увесну, увосень, зімой, і гляджу, як усё змяняецца, і бачу цалкам розныя карціны, і гэта вельмі ўражвае. Гэта таксама маё адкрыццё за год жыцця ў Бабруйску – што адно і тое ж месца можна назіраць у розныя поры году.

Бабуля Веранікі Галіна (1931 – 2020) на бабруйскім пляжы. Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

Другое любімае месца – гэта тэрыторыя Бабруйскай крэпасці – месца са сваёй атмасферай і энергетыкай. І трэцяе месца – старая сінагога, там, дзе цяпер «Габрэйскі дворык». Калі да мяне прыязджаюць сяброўкі, я іх абавязкова туды ваджу. Асабліва ўвечары там добра, калі ўключаецца святло. У гэтым месцы вельмі адчуваецца, што яно было зроблена людзьмі для людзей, і хацелася б, каб нечага такога было больш.

Яшчэ люблю вуліцу Пушкіна – ад чыгункі да самай ракі. Там можна гуляць бясконца, чым я і займаюся апошнім часам.

Месцы сілы Бабруйска: ці ёсць яны і дзе?

«Калі ты нікому нічога не павінен, гэта чыстая творчасць і задавальненне»

– Вераніка, вы пачалі навучанне фотамастацтву з вельмі арыгінальнага праекту. А ці цікавая вам больш класічная фатаграфія, напрыклад, вясельная, ці хацелася б і далей рабіць нешта нешаблоннае і асабістае?

– У фатаграфіі мне цяпер цікава ўсё. І пра вясельную фатаграфію я не магу сказаць, што гэта нейкі нізкі жанр. Зусім не, і ёсць такія фатографы, якія з вяселля робяць шэдэўр. Аднак такая фатаграфія – камерцыйная. Там у цябе ёсць замоўцы, якім ты нешта абавязаны, ты знаходзішся ў нейкіх рамках. А калі ты нікому нічога не павінен, гэта чыстая творчасць і задавальненне.

Мама Веранікі Ала (1957 – 2012). Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

Мне вельмі падабаецца фатаграфаваць сваіх сябровак. Я выкладаю свае працы ў Інстаграме, але раблю гэта для сябе. На сяброўках трэніруюся, бо яны ўсё выцерпяць і нічога не запатрабуюць – ні па тэрмінах, ні па ракурсе. А калі ты працуеш на замоўцу, усё інакш.

Фатаграфія для мяне – гэта вынік доўгіх пошукаў нечага для душы, аддушыны. Асабліва яно ратуе ў апошнія гады, калі не бачна прасвету ў тым, што адбываецца, і ўсё гэта вельмі цяжка перажываць. Таму вельмі важна часам злавіць момант прыгажосці. Калі я фатаграфую ці займаюся апрацоўкай ці думаю над сваёй тэмай, я магу ад усяго адключыцца. Для мяне гэта медытацыя і ўратаванне ў некаторым сэнсе псіхічнага здароўя. Таму мэты здымаць тыя ж вяселлі ў мяне няма.

«Магчыма, зраблю ў той жа тэхніцы праект пра стары і сучасны Бабруйск»

Мама Веранікі Ала (1957 – 2012) на плошчы Леніна. Фотакалаж: Вераніка Сарокіна

– То бок, зарабляць фатаграфіяй вы не плануеце?

– Для мяне важныя мая творчасць і свабода. Ёсць у мяне настрой – я іду і нешта здымаю, няма – не іду. У мяне няма ніякіх тэрмінаў, дэдлайнаў, і мне гэта падабаецца. Таму я і не думала, каб зарабляць фатаграфіяй. Тым больш што каб зарабляць пры сённяшняй канкурэнцыі, трэба рабіць нешта сапраўды першакласнае. Акрамя таго, у мяне няма ружовага ўяўлення, што калі ты фрылансер, то сядзіш з кампутарам п’еш каву на моры пад пальмай, і ўсё ў цябе добра. Насамрэч працаваць на сябе складаней, чым «на дзядзю». Таму ў мяне пакуль такой мэты няма. Магчыма, некалі, калі я не закіну гэтую справу і вызначуся з жанрам – ці гэта будзе партрэтная здымка, ці здымкі дзяцей, ці love-stories. Трэба зразумець, у чым ты можаш быць лепшым за іншых. А пакуль што я пакідаю фатаграфію для сябе як магчымасць бачыць, чуць, адчуваць і працягваць дыхаць больш-менш роўна.

Вераніка Сарокіна. Фота: Вераніка Сарокіна/Facebook

– Магчыма, ёсць думкі працягваць, развіваць праект «Так будзе заўсёды»?

– Асноўную тэму праекту – дзяцінства, сям’і, роднага горада, цалкам можна развіваць далей, бо яна блізкая для кожнага, ва ўсіх тут ёсць свае перажыванні. Таму, магчыма, працягну яе. Але таксама ў мяне была думка пашырыць праект, вынесці яго за рамкі сваёй сям’і, зрабіць нешта ў падобнай тэхніцы на тэму Бабруйска, як ён змяняўся. Напрыклад, паспрабаваць знайсці свае ўлюбёныя месцы на старых фотаздымках і сумясціць іх з сучаснымі. Паглядзім, магчыма, займуся гэтым.

Цікавае

Спецпраекты