«Мяне захапляюць гісторыі пра былы творчы драйв Бабруйска». Размова з мастачкай Марыяй Марозавай

by mikkitaki
Марыя Марозава

Бабруйчанка Марыя Марозава — мастачка і дызайнерка. Надоечы ўдзельнічала ў выставе мастакоў-аматараў «Тут край мой, выток мой, сцяжынка мая…», якая праходзіла ў Бабруйскім мастацкім музеі. Была дэкаратаркай І Фестывалю антрапалагічнага кіно і ІІІ Фестывалю стужкавага кіно ў вёсцы Касарычы ў Глускім раёне. Акрамя таго, выкладала курс «Эстэтыка паўсядзённасці» у «Акадэміі 50+». Гутарым з Марыяй пра ейны шлях у мастацтва, што значыць прыстаўка «аматар» для творцы, ці цікавае мастацтва бабруйцам, і як заўважаць прыгажосць у паўсядзённасці.

Гэтае інтэрв’ю рабілася на расейскай мове. Публікуем пераклад на беларускую. 

Марыя Марозава

Марыя Марозава. Фота: асабісты архіў Марыі Марозавай

Хто такі мастак-аматар?

Марыя, ты называеш сябе мастачкай-аматаркай, удзельнічаеш у выставах мастакоў-аматараў. А хто гэта такі — мастак-аматар? Чым ён адрозніваецца ад прафесіянала, і чаго не хапае аматару, каб стаць прафесіяналам? Ды і ці трэба ім станавіцца?

— Вы закранаеце вельмі важную для мяне тэму на сённяшні момант. І з першага ж пытання, як кажуць, з месца — у кар’ер.

Шмат каму з майго атачэння прыстаўка «аматар» вельмі рэжа слых. Мяне яна ніколькі не бянтэжыла. Хутчэй я яе разглядаю як кропку самавызначэння і росту, як пачатак (альбо абяцанне) вялікага творчага шляху. Калі ты ставіш перад сабой творчыя задачы, вырашаеш іх, увесь час якасна як мастак развіваешся, то ў нейкі момант гэтая прыстаўка становіцца лішняй. Але пакуль, ацэньваючы свой узровень, намаганні ў гэтым напрамку, параўноўваючы сябе з прафесіяналамі, якія штодня працуюць, знаходзяцца ў творчым пошуку, я не магу заявіць пра сябе гучна як пра мастака.

Для мяне слова «аматар» хутчэй нясе ў сабе афарбоўку «пачатковец», які шукае тую самую кропку ўваходу ў спазнанні прадмета сваёй цікавасці і наступную кропку росту ў ім. Хоць словам «аматар» можна апісаць і чалавека, які малюе проста дзеля свайго задавальнення. Але, напрыклад, аматарскі тэатр мала каго бянтэжыць, а мастак-аматар чамусьці выклікае негатыўную афарбоўку ў маім (не толькі творчым) асяроддзі.

Ступень спазнання прадмета, захопленасці, уцягнутасці — для мяне хіба галоўнае адрозненне прафесіянала ад аматара. Ты ўвесь час самаўтвараешся, імкнешся, рухаешся, якасна (духоўна) расцеш ад задачы да задачы — становішся прафесіяналам. І тут ужо станавіцца ўсё роўна — ёсць у цябе фундаментальная мастацкая адукацыя ці не. Сёння гэта ўвогуле не галоўны крытэр уваходу.

«Чалавек, які малюе – іншы, не такі, як звычайны». У Бабруйску адкрылася выстава мастакоў-аматараў

Я шчыра веру, што творчасцю можа быць прасякнутая любая сфера нашага жыцця. Гэта як оптыка, праз якую ты глядзіш на свет. А як ты трансфармуеш убачанае, як праяўляеш гэта ў свеце — ужо дэталі. Творчасць не прывязаная толькі да галіны мастацтва — гэта твае адносіны са светам, з той справай, якой ты заняты, нават з побытам! Гэта акт стварэння чагосьці новага, пераўтварэнне, пераасэнсаванне. І мы ўсе здольныя да творчасці, а праяўляем мы гэтую дадзенасць ці не — залежыць ад кожнага асабіста.

Дзе ў Бабруйску вучыцца творчасці?

У апошняй выставе мастакоў-аматараў было даволі шмат удзельнікаў — 29 чалавек. Ці гэта значыць, што ў Бабруйску так добра развіта творчае жыццё? Як ты можаш яго ўвогуле ацаніць? Наколькі хапае магчымасцяў для развіцця сваіх творчых здольнасцяў і жаданняў? Ці ёсць дзе вучыцца і натхняцца?

— Нядаўна я пачула вызначэнне хто такі мастак, якое мне вельмі адгукнулася. Яно шырокае і ёмістае адначасова. Мастак — гэта той, хто здольны любавацца. Як часта мы нечым ці некім любуемся? Адказаўшы сабе на гэтае пытанне, можна вызначыць наколькі ты мастак, хаця б у душы. Вось і мінулая выстава кажа, мне здаецца, пра гэта ж. Мастакоў-аматараў, іншымі словамі можна сказаць «людзей закаханых», стала больш. І гэта радуе. Гэта таксама падштурхоўвае асабіста мяне маляваць часцей, уключаецца пэўны азарт! Пры гэтым хочацца спрабаваць новыя мастацкія тэхнікі, эксперыментаваць, вучыцца.

госці выставы на фоне карцін, жанчына з кветкамі і мужчына

Адкрыццё выставы мастакоў-аматараў у Бабруйску. Пасярэдзіне – мастачка Марыя Марозава. Фота: асабісты архіў Марыі Марозавай.

А дзе, у каго і чаму вучыцца — гэта індывідуальны працэс, тым больш што гаворка зараз ідзе пра дарослых людзей, якія маюць жыццёвы досвед прыняцця рашэнняў, а не пра дзяцей, якіх адвялі ў мастацкую студыю. Усё залежыць і ад тых творчых задач, якія ты сам сабе ставіш у тым ліку. Ёсць такое сцвярджэнне, што настаўнік прыходзіць тады, калі гатовы вучань. Гэта адказ на пытанне, ці ёсць дзе вучыцца. Пачаць маляваць, цікавіцца, шукаць аднадумцаў. Бо цяпер у горадзе ўжо на пастаяннай аснове склаўся выставачны фармат на базе Бабруйскага музею, які такіх аднадумцаў і збірае.

«Бацькі падтрымлівае ўсе мае дзіцячыя захапленні»

А як ты прыйшла да творчасці? Ты цяпер працуеш дызайнеркай — гэта быў свядомы выбар яшчэ ў юнацтве? І ці дапамагае ў працы дызайнера захапленне жывапісам?

—Да творчасці я прыйшла як і шмат хто прыходзіць. Бацькі заўсёды падтрымлівалі ўсе мае дзіцячыя захапленні. Хацела навучыцца гуляць у шашкі — знайшла клуб (балазе ён у двары быў) і запісалася, жадала спяваць — хадзіла ў школьны хор, хацела танчыць (вязаць, вышываць, бегаць, гуляць у баскетбол і т. п.)  — знаходзіла гурткі і запісвалася, захацела граць на гітары — адвялі ў музычную школу, заўважылі, што ёсць здольнасці да малявання — адвялі ў мастацкую школу — там і засталася. І, мне здаецца, шмат у чым дзякуючы настаўнікам і таму творчаму інтэнсіўнаму жыццю, якім менавіта яны самі жылі і гарэлі.

Але першапачатковы пасыл ва ўсім гэтым — дзіця хацела, бацькі давалі волю выбару і заахвочвалі яго. Так у мяне склаўся пачатковы мастацкі бэкграўнд — мастацкая школа і мастацкае вучылішча.

Аднак вышэйшую адукацыю я атрымала па эканамічнай спецыяльнасці і амаль 20 год прапрацавала ў гэтай галіне. Пры гэтым няслушна будзе сказаць, што творчасць скончылася ў маім жыцці, хутчэй я проста перастала маляваць на пэўны перыяд, але творчым чалавекам я сябе адчуваць не перастала. Рэалізаваўшы (ці можа вычарпаўшы) сябе ў эканамічнай галіне, я прыняла адзінае правільнае рашэнне, аб якім не шкадую ніколькі — вярнуцца да вытокаў. Мне востра захацелася маляваць, рэалізавацца як мастак. Далей — больш! Я ўзгадала пра сваю даўнюю мару быць дызайнерам інтэр’ераў ці дэкаратарам. І вось я тут!

Марыя Марозава

Марыя Марозава праводзіць занятак у «Акадэміі 50+». Фота: асабісты архіў Марыі Марозавай.

Ці дапамагаюць мне ў гэтай справе заняткі маляваннем? Думаю, так. Таму што ў аснове любога творчага праекту, няхай гэта будзе карціна, інтэр’ер, архітэктурны будынак — ляжаць адны і тыя ж законы кампазіцыі, колеру, святла, гармоніі і г. Д. Але ў дызайне, як кажуць прафесіяналы гэтай справы, творчасці мала. Тут неабходныя хутчэй тыя кіраўніцкія і камунікацыйныя навыкі, ды і ў прынцыпе жыццёвы досвед, які я і набыла, працуючы ў іншых сферах.

Фраза «я нічога не разумею ў мастацтве» — гэта душэўная стомленасць

Як ты бачыш са свайго досведу — наколькі ў нас людзі зацікаўленыя ў тым, каб уносіць у сваё паўсядзённае жыццё, у свае дамы творчасць, прыгажосць, мастацтва? Ці купляюць бабруйцы, напрыклад, карціны, каб упрыгожыць імі свае кватэры?

— Апошнім пытаннем я часта і сама задавалася. Але як мастака, мяне гэта стала хваляваць у крыху меншай ступені. Я проста не раблю «стаўку» на фінансавы вынік сваёй творчасці, а пакінула гэты занятак падпарадкаваным чыстаму загаду душы і сэрца.

Але як дызайнера мяне гэтае пытанне працягвае цікавіць. Бо першакласныя інтэр’ерныя праекты будуюцца якраз вакол прадметаў мастацтва. То бок, інтэр’ер развівае нейкую гісторыю, ці нават расказвае гісторыю чалавека, які жыве ў канкрэтнай прасторы, праз мастацтва ў тым ліку.

Марыя Марозава

Марыя Марозава. Фота: асабісты архіў Марыі Марозавай.

Мы тое, што мы выбіраем. Ці не выбіраем. Калі чалавек не цікавіцца, не набывае прадметы мастацтва — гэта таксама гісторыя, якая шмат пра што гаворыць. Па-першае, у яго могуць быць і іншыя інтарэсы. І гэта ўжо цудоўна, таму што інтарэсы ёсць і гэта першы крок да далейшага дыялогу.

Па-другое, я часта чую такі адказ: «А я ў гэтым нічога не разумею». І пакуль для мяне гэта патавая сітуацыя. Можна доўга рэфлексаваць на гэтую тэму, але выснову для сябе я зрабіла такую — гэта нейкая душэўная стомленасць, у чалавека не хапае энергіі проста думаць і разбірацца ў гэтым напрамку.

Дарэчы, аматары так званых «спакойных» бэжавых або шэрых манатонных інтэр’ераў — гэта таксама прыкмета стомленасці. Чалавек проста не можа змясціць у сябе колер, ён яго баіцца, палохаецца, а колер можа якраз напаўняць энергіяй. І мастацтва працуе гэтак жа.

Што такое «эстэтыка паўсядзённасці»?

— Ты называеш сябе даследчыцай эстэтыкі паўсядзённасці. Ты вяла аднайменны курс у «Акадэміі 50+». А што гэта ўвогуле такое — эстэтыка паўсядзённасці?

— Я б сказала інакш — я даследую тэму эстэтыкі паўсядзённасці, але гэта хутчэй праз прызму маёй дызайнерскай цікавасці. Інтэр’ер дому выбудоўваецца вакол асобы яго гаспадара. Ягоных звычак, характару, ладу жыцця, прадметаў, якія з ім жывуць кожны дзень. Ці сам ён іх выбірае? Чым ён кіруецца пры выбары? Як потым з імі суіснуе? У дызайнерскім асяроддзі ёсць такі ўстойлівы выраз: спачатку мы ствараем дом, а потым дом фармуе нас. Нядаўна даведалася, што гэта цытата Чэрчыля.

І задача дызайнера якраз адчуць, зразумець усё гэта, вывучыць вось гэтыя нябачныя сувязі чалавека з ягоным матэрыяльным светам, а толькі потым садзіцца за праект. Мне менавіта чалавек ва ўсім гэтым цікавы.

Курс «Эстэтыка паўсядзённасці» для «Акадэміі 50+» нарадзіўся вельмі спантанна і нечакана для мяне самой, і шмат у чым праз маё захапленне інтэр’ерным дызайнам.

Год таму, падчас шпацыру з заснавальніцай «Акадэміі 50+» Святланай Краснай я распавядала пра тое, што мяне ў той момант жыцця захапляла і натхняла. Гутарка зайшла пра «філасофію дызайну», то бок, пра побыт, горад, пра мітусню і сузіранне, пра прыгажосць моманту і як мы самі яе можам для сябе ствараць … У той жа вечар Святлана прапанавала мне прыдумаць курс для «Акадэміі 50+» са словамі: каб лепш разабрацца ў нейкай тэме — трэба яе некаму выкласці.

Марыя Марозава, Святлана Красная

Марыя Марозава са Святланай Краснай Фота: асабісты архіў Марыі Марозавай.

Вось так, спачатку паўжартам, потым сур’ёзна і пачалася гэтая гісторыя з «Акадэміяй». Там я прадставілася не як выкладчык, а хутчэй як даследчык, таму што разам са студэнткамі сама гэтую тэму для сябе ўсё яшчэ працягваю адкрываць. Гэта вельмі захапляльны працэс.

Ці можна нахтніцца Бабруйскам?

Наколькі маляўнічы Бабруйск, на твой погляд? Ці можна ім нахтняцца і ці ёсць у ім эстэтыка паўсядзённасці?

— Я думаю, любы горад мае сваю чароўнасць. Гэта ўсё тая ж оптыка, праз якую мы глядзім на свет, нейкая схільнасць да любавання. У сваім горадзе кожны дзень мы бачым, па-сутнасці, адну і тую ж карцінку, ходзім аднымі і тымі ж вуліцамі, заходзім у адны і тыя ж дзверы, глядзім у адны і тыя ж вокны… Малюнак змяняецца толькі ў залежнасці ад надвор’я.

Але і ад нашага ўнутранага зместу і настрою ён таксама можа змяніцца! Ты пачынаеш бачыць больш дэталяў, яны становяцца тваімі асабістымі адкрыццямі, ты пачынаеш іх збіраць як маленькія скарбы, як бы прысвойваць іх сабе… і так ты прысвойваеш сабе горад, малюеш яго, размалёўваеш. То бок ужо не проста пэўная падзея звязвае цябе з нейкім месцам, а сама прыгажосць месца, нейкая маленькая архітэктурная дэталь набывае для цябе каштоўнасць. А там, дзе каштоўнасць, там і сэнс, і жаданне жыць, марыць, будаваць планы, быць карысным.

«Нашыя студэнты маладзейшыя за сваіх аднагодкаў, у іх гараць вочы, яны жывуць». Святлана Красная – пра «Акадэмію 50+»

«Касарычы — маё вялікае каханне і месца сілы»

— Ты сёлета наведала два фестывалі ў вёсцы Касарычы недалёка ад Бабруйска. Ведаю, што ты любіш там бываць. Распавядзі пра гэтае месца, і чым яно так цябе прываблівае.

— Касарычы…. З Касарычаў я ўвесь час з’язджаю з адчуваннем «лёгкага голаду» — і візуальнага, і энергетычнага. Мне ўвесь час хочацца туды вяртацца зноў і зноў! Цяпер здаецца, што калі б Касарычы не здарыліся ў маім жыцці, я б не наладзіла сваю «оптыку» пару-тройку гадоў назад у бок творчасці, і дызайну ў прыватнасці.

Нядаўна ад менскага архітэктара, якога мясцовыя жыхаркі запрасілі для абследавання канструкцыяў сваіх хатак, я пачула непадробнае здзіўленне і захапленне: вёска, у якой ёсць свой сайт — ужо незвычайная і вартая таго, каб туды з’ездзіць! А з’ездзіць і сапраўды варта! Сёлета ў ліпені, напрыклад, там прайшлі два фестывалі: l Фестываль антрапалагічнага кіно і lll Фестываль стужкавага кіно.

Першы раз я трапіла ў Касарычы выпадкова (ці не?) менавіта на — на Першы стужачны кінафэст. Адчула здзіўленне і захапленне. Пасябравала з мясцовымі, стала ездзіць туды часцей. Стваральнай працы ўладальнікі вясковага клуба, на базе якога і праходзяць фестывалі, заўсёды радыя. Яны дораць магчымасць і папрацаваць, і пакрэатывіць.

Летась, падчас правядзення ll стужкавага кінафестывалю, мне прапанавалі выступіць дэкаратарам гэтай падзеі — упрыгожыць клуб і домікі для гасцей. І зноў жа, усё было вельмі спантанна, на вялікай творчай энергіі і добраахвотных пачатках! Гэта з разраду, калі жыццю трэба заўсёды казаць «так». Сёлета я як дэкаратар ужо ўдзельнічала ў арганізацыі абодвух фестываляў.

Касарычы — гэта вялікае маё каханне і месца сілы. Там сышлося ўсё: магчымасць і ствараць, і любавацца людзьмі і месцам, у якім яны жывуць, і суналаджваць сваю «оптыку» з прыгожым.

«Хачу ахапіць неабсяжнае»

Марыя Марозава праводзіць занятак у «Акадэміі 50+». Фота: асабісты архіў Марыі Марозавай.

— Як бы ты хацела далей развівацца ў творчасці і прафесіі? Што рэалізаваць для сябе і гораду?

— Хачу ахапіць неабсяжнае. Творчых планаў і ідэяў сапраўды шмат. Гады, пражытыя па-за творчасцю, зараз даводзіцца наганяць. Многаму трэба вучыцца: зноўку маляваць, крэатыўна думаць, вучыцца жыць інакш!
Атрымаць паўнавартасную адукацыю ў дызайне таксама хачу … а можа і не толькі ў дызайне. Творчая сфера невычэрпная. Веды адкрытыя — ідзі і бяры. Самаадукацыю таксама ніхто не адмяняў, калі фінансавае пытанне перашкодзіць іх узяць.

Вельмі на гэтым шляху мне дапамагаюць яшчэ і людзі, якія вераць у мае здольнасці, давяраюць, падтрымліваюць, калі я ўжо гатова здацца, і словам і справай.

І яшчэ зразумела, што вельмі хочацца ўсім гэтым дзяліцца. Я зараз адкрытая да любых творчых прапановаў, праектаў, калабарацыяў. Хочацца быць максімальна карыснай для горада ў тым ліку. Мяне захапляюць гісторыі маіх настаўнікаў пра той творчы драйв, творчае жыццё, якое было ў Бабруйску калісьці… Вось уласна гэтым усім і планую займацца ў найбліжэйшай будучыні.

You may also like

Leave a Comment