Адкрыты прыём заявак на мастацкі конкурс ART PRADMOVA 2023

Конкурс-выстава ART PRADMOVA дае цудоўную магчымасць маладым творцам не толькі даведацца кампетэнтнае меркаванне вядомых майстроў пра свае працы, але і звярнуць на сябе ўвагу беларускіх выдаўцоў і гледачоў, дае шанец атрымаць новыя цікавыя замовы і зрабіцца лепш бачнымі ў публічнай прасторы.

Умовы ўдзелу ў конкурсе:

  1. Конкурс-выстава праводзіцца на падставе Рэгламенту (прадстаўлены ніжэй).
  2. Узрост удзельнікаў конкурса –  ад 17 да 35 год (уключна) на момант правядзення конкурса.
  3. На конкурс прымаюцца працы, звязаныя з кнігамі (вокладкі, ілюстрацыі, арт-букі, мастацкія праекты і іншае), выкананыя ў любых тэхніках (выдадзеныя ці нявыдадзеныя): ад аднаго ўдзельніка на конкурс можа быць пададзена толькі адна заяўка (максімальна адзін твор/аб’ект, да 5 ілюстрацый на разгляд журы).
  4. Усе заяўкі падаюцца ў электроннай форме да 27 жніўня 2023 (уключна) на адрас: art.pradmova@gmail.com. Заяўка мусіць утрымліваць кароткія звесткі пра ўдзельніка (імя, прозвішча, год і месца нараджэння, адукацыя, творчы псеўданім пры наяўнасці), прапанаваны твор (назва, арыгінальны памер, тэхніка выканання, год стварэння) і мець прыкладзеныя выявы аб’ектаў (кніг/ілюстрацый) у лічбавай форме (разрашэнне 300 dpi).
  5. Пры сумеснай працы над праектам кожны ўдзельнік падаецца асобна з той часткай працы, якую ён выконваў.
  6. На конкурс не прымаюцца працы, якія падаваліся на ART PRADMOVA мінулых гадоў.
  7. Удзельнікі конкурсу даюць свой дазвол на выкарыстанне іх твораў (ці іх фрагментаў) арганізатарамі фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA у рэкламных ці экспазіцыйных мэтах на час падрыхтоўкі і правядзення фестывалю (па выніках адбору журы конкурса).

Дыпломы і ўзнагароды ўдзельнікі конкурса-выставы змогуць атрымаць па наступных намінацыях:

  1. Арт-бук (любое нетыражнае выданне з выразнай мастацкай канцэпцыяй);
  2. Тыражная кніга (друкаванае ці лічбавае выданне або макет кнігі);
  3. Ілюстрацыя (за найлепшую тэхніку выканання);
  4. Ілюстрацыя (за наватарства/эксперымент);
  5. Ілюстрацыя (за лепшае прачытанне тэмы);
  6. Гран-пры фестывалю (за самы выбітны твор).

Шорт-ліст конкурса-выставы будзе абвешчаны на працягу 14 дзён пасля завяршэння прыёму прац. Найлепшыя творы па выніках працы журы конкурса будуць выстаўленыя на адмысловай экспазіцыі конкурсных прац у межах Беларускага фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Выстава і фестываль будуць адбывацца ў кастрычніку 2023. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурса адбудзецца таксама на фестывалі паводле праграмы мерапрыемстваў.

Арганізатары: Аргкамітэт па правядзенню фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.

Куратар конкурса: мастак, дызайнер – Зміцер Герасімовіч.

Падрабязней пра конкурс і папярэднія яго сезоны правядзення можна даведацца на старонцы праекта.