«Пошук старых мапаў – вельмі цікавы працэс!» Тбілісец збірае старыя еўрапейскія мапы, на якіх ёсць і Бабруйск

Калекцыянер Сулхан Саладзэ. Фота з асабістага архіва героя

 

Але вернемся да Сулхана. Пасля знаходкі старой гравюры ў Германіі, яго калекцыя пачала імкліва расці. Цяпер у ёй даволі шмат старых кніг, гравюр і мапаў. У асноўным – па тэматыцы Грузіі і суседніх краінаў.

– Калі задацца пытаннем – а што ж цікавага ў гэтых мапах? Для мяне асабіста цікава, як людзі ў свае часы бачылі свет, што ведалі пра іншыя краіны. І гэта асабліва цікава, бо ў часы Савецкага саюза ўсё гэта не было настолькі дасяжнае, як цяпер. Калі ведаеш дзе шукаць, як, і самае галоўнае – што, то сёння ёсць магчымасць гэта зрабіць, – кажа Сулхан.

– Сёння ў маёй калекцыі 100 мапаў, з іх самая старая 1535 года. Яе вырабілі ў французскім горадзе Ліён. Аўтар – нямецкі картограф Лорэнц Фрыз. На ёй можна ўбачыць старую Калхіду – гэта заходняя частка Грузіі, Іберыю – усходняя частка Грузіі. Дарэчы Калхіда заўсёды трапляла ў сферу зацікаўленасцяў еўрапейскіх картографаў, бо па легендзе адтуль было ўзятае залатое руно. І такім чынам на многіх старых мапах, асабліва звязаных з тэмай старажытнай Грэцыі, можна знайсці нашы землі.

Спадзяюся, што 1535 год вырабу мапы – гэта толькі часова адна з самых старых рэчаў у маёй калекцыі. І хутка я знайду больш старыя.

 

Мы запыталіся ў Сулхана, ці мае ён у калекцыі найбольш улюбёныя мапы?

– Мне цяжка выдзеліць адну, бо ўсе яны для мяне маюць каштоўнасць. Але паспрабую расказаць пра дзьве. Першая – вырабленая ў Парыжы ў 1723 годзе Гіёмам Дзелілем. Ён быў каралеўскім картографам нейкі час. А для мяне цікавы тым, што выдаў самую першую дэталёвую мапу нашага рэгіёну – які мы сёння завем Каўказ. На верхняй правай яе частцы ў легендзе можна знайсці імя і прозвішча Сулхан-Саба Арбеліяні – гэта грузінскі дыпламат, пісьменнік, лексікограф, які ў час вандроўкі ў Еўропу быў у Рыме, на Мальце, у Марэслі, Парыжы. Ён сам пазнаёміўся з картографам і перадаў усемагчымую падрабязную інфармацыю пра наш рэгіён. Сулхан-Саба – адзіны грузін, імя якога можна знайсці на старых еўрапейскіх мапах. Прычым толькі дзве такія мапы ёсць, другая называецца «Мапа Каспійскага мора».

Яшчэ адна разынка маёй калекцыі – мапа царэвіча Батонішвілі. У Парыжы і Венецыі ў 1766 і 1775-х гадах выдалі яго мапу на французскай мове, але мы ўсе ведаем, што гэта пераклад. Чаму яна для нас такая важная? Бо там усе тапонімы напісаны так, як мы іх і вымаўляем па-грузінску. І пасля гэтага некалькі дзясяткаў год у Еўропе выдавалі мапы з такімі ж назвамі. Усё мяняецца толькі пасля таго, як Расійская імперыя заходзіць на Паўднёвы Каўказ і ў 1820-х пачынаюць выдаваць мапы, у якіх змененыя тапонімы, – адзначае суразмоўца.

 

Сулхан кажа, што пошук старых мапаў – вельмі цікавы працэс. І часам працэс нават больш захапляльны, чым сама мапа, якую знойдзеш у выніку.

– Калі я вандрую, асабліва па краінах Заходняй Еўропы – у Германіі, Італіі, Аўстрыі, Галандыі, Бельгіі – гэта краіны, у якіх можна знайсці велізарную колькасць антыкварных крамаў. І заўсёды ёсць магчымасць знайсці менавіта тое, што шукаеш.

Таксама з дапамогай інтэрнэта можна шукаць. У мяне за гэта час назапасілася шмат знаёмстваў з калекцыянерамі ў розных краінах – у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Грэцыі, ЗША. Так што, паўтаруся, калі ведаеш, што шукаеш, і гэта мае для цябе вялікае значэнне – усё магчыма! Галоўнае не спяшацца і ведаць, калі менавіта набываць гэтую рэч, – раіць калекцыянер.

 

На фота: мапа з калекцыі Сулхана Саладзэ, на якой ёсць Бабруйск

 

У калекцыі Сулхана ёсць мапа, на якой пазначаны стары Бабруйск.

– У мінулым годзе ў мяне была выстава «Старыя нідэрландскія мапы і гравюры» ў Тбілісі, па тэматыцы Грузіі. На гэтай выставе былі мае знаёмыя з Бабруйска. У час размовы з імі мы разглядалі мапу Еўропы вядомага нідэрландскага картографа Маціаса Куадэна  (Куада) 1592 года. На ёй можна ўбачыць назву горада «Бобраско». Мяне зацікавіла гэтая тэма, я пашукаў у інтэрнэце, у калекцыях, і аказалася, што Бабруйск ёсць на многіх мапах 16 і 17 стагоддзя. Горад можа быць пазначаны трошкі змененымі назвамі, але з упэўненасцю можна казаць, што гэта Бабруйск, – тлумачыць Сулхан.

Наш суразмоўца адзначае, што большасць узгаданых ім мапаў з Бабруйскам не ўваходзіць у яго калекцыю, гэта тое, што можна адшукаць у сеціве. Напрыклад, на самай старой са знойдзеных ім мапаў, нямецкага картографа Себасцьяна Мюнстэра, што была выдана ў 1554 годзе у Базэле, можна ўбачыць назву «Бобруйско».

 

 

– Яшчэ адна мапа вядомага фландрыйца Абрахама Артэлія, якога завуць бацькам сучаснай картаграфіі. У яго ёсць мапа Еўропы 1573 года, на якой можна пабачыць назву «Бобраско».

 

 

І яшчэ адна мапа французскага картографа Франкоса дэ Белефорта, вырабленая ў 1575 годзе. На яго мапе Еўропы ёсць назва «Бобраіско».

 

 

Таксама ёсць мапа 17 стагоддзя Ёдакуса Хондзіса 1630 года ў Амстэрдаме, на ёй пазначана назва «Бобраўско». І яшчэ адна мапа з таго ж стагоддзя, якую зрабіў Ніколя Сансон, якога завуць бацькам французскай картаграфіі. Гэта мапа Еўропы 1658 года, на якой ёсць назва «Бобройско».

Але гэта толькі частка еўрапейскіх мапаў, на якіх можна знайсці Бабруйск. І калі працягваць далей шукаць, то я ўпэўнены, што можна знайсці іх яшчэ дастаткова. Бо ў 16-17 стагоддзях у Еўропе вялікую зацікаўленасць выклікалі дакладныя і падрабязныя мапы, – тлумачыць калекцыянер.

 

Нам падаецца, што Сулхана ўжо можна назваць бабруйсказнаўцам. Але пакуль наш суразмоўца ніколі не быў у Беларусі.

– Быў такі шанец тры-чатыры гады таму, але ў сувязі з пандэміяй і палітычнай сітуацыяй усё адмянілася. Насамрэч, я ўсё яшчэ жадаю ўбачыць на свае вочы вашу краіну. Вядома, не сёння і не заўтра, бо ў мяне ёсць свае прычыны на гэта. Але ў будучыні хочацца прыехаць, пазнаёміцца з гісторыяй, людзьмі – ад тых, хто сапраўды добра ведае і любіць Беларусь.