ЛюдзіМедыяпісьменнасцьТэмаЭкалогія

«Актывісткі варылі боршч праз зум, расказвалі пра сябе і сваю працу, і так сабралі грошы на дабрачыннасць». Тлумачым на прыкладах, што можна рабіць у анлайн-фармаце

Ілюстрацыйнае фота: pexels.com/energepic.com

 

Фрося Яцкевіч∗, выкладніца, ментарка, культурніцкая і сацыяльная актывістка расказала, што з анлайн-фарматам яна працуе са студэнцтва. Але найбольш шчыльна давялося паглыбіцца ў інтэрнэт-прастору падчас пандэміі:

– Ад пачатку кавіду ў мяне атрымалася паўдзельнічаць у самых розных навучальных і культурніцкіх мерапрыемствах у анлайн-фармаце. Напрыклад, я прайшла доўгатэрміновае навучанне на спецыяльных курсах, якія ладзіліся як актывісцкі праект для жанчын і людзей з уразлівых груп. На ім навучалі асновам праграмавання і Data Science. І паўгады мы анлайн займаліся вышэйшай матэматыкай, праграмаваннем, вывучалі мову праграмавання Python і таму падобнае. Таксама слухала лекцыі па тэхнічных пытаннях, пра крыптавалюты, як адкрыць віртуальны гаманец.

Акрамя гэтага я наведваю музеі анлайн, бо цяпер ёсць шмат магчымасцяў паглядзець добрыя экспазіцыі. Таксама я брала ўдзел у анлайн-турах, напрыклад, па начной Празе, Любляне. Карацей, гэта абсалютна розныя фарматы, на любы густ.

Ну і, канечне, я ўжо не кажу пра фарматы па прадстаўленні аўдыёвізуальных прадуктаў – кіно, канцэрты, культурніцкія мерапрыемствы. У інстаграме, фэйсбуку, на лайв-стрымінгу ў ютубе.

Гэта і неверагодная колькасць воркшопаў – як практычных, так і тэарэтычных. Напрыклад, воркшоп па стварэнні кіно, дзе мы цягам нейкага часу сустракаліся анлайн з іншымі удзельнікамі_цамі і пасля стваралі свае фільмы. А прама цяпер я сама выкладаю на воркшопе па кіно.

То-бок, анлайн пашырае магчымасці, нават ёгай можна займацца на адлегласці, медытацыяй, праводзіць кніжныя клубы праз зум. Ёсць таксама клубы адначасовага пісання, калі людзі сустракаюцца і ствараюць тэксты – я таксама брала ўдзел у такім. Гэта класна, бо можна падабраць зручны для ўсіх час і працаваць у групе.

Дарэчы, я ўдзельнічала і ў лічбавым валанцёрстве, калі людзі з усяго свету дапамагалі эвакуявацца ўкраінцам на пачатку вайны. І гэта таксама ўсё было арганізавана анлайн, фізічна мы з іншымі валанцёрамі ніяк не перасякаліся.
То-бок немагчыма пералічыць усе тэмы ці формы навучання, іх безліч. Гэта можа быць як школьная праграма, так і спецыфічныя рэчы, кшталту кіно. Існуюць нават спецыяльныя курсы па актывізму, дзе людзей навучаюць узаемадзейнічаць на адлегласці.

Абсалютна любую тэму можна перанесці ў анлайн-фармат!

Апошнія пару год людзі зразумелі, як шмат можна рабіць у анлайне, і не абавязкова для гэтага сустракацца ўжывую. Вядома, штуршком стала эпідэмія кавіду, калі ў шэрагу краін былі ўведзеныя лакдаўны, і паўгады трэба было шукаць варыянты праводзіць мерапрыемствы, якія былі запланаваныя на гэты перыяд часу – культурніцкія, адукацыйныя, працоўныя.

Насамрэч да анлайн-фармату я прызвычаілася яшчэ са студэнцкіх гадоў, бо мы карысталіся пэўнымі анлайн-асяроддзямі. Не было анлайн-навучання ў сённяшнім выглядзе, але прысутнічалі яго элементы. Зараз той жа Moodle стаў звыклым, таму гэтая тэма для мяне актуальная апошнія год 10 дакладна. І самы вялікі плюс анлайна ў тым, што можна «сустракацца» з іншымі людзьмі, абменьвацца думкамі і нават ствараць нешта разам у жывым часе з тымі, хто геаграфічна ад цябе далёка. Гэта спрашчае магчымасць дзяліцца ведамі, вопытам, а таксама вучыцца. Асабліва гэта важна цяпер, калі актывісты_кі з Беларусі таксама раскіданыя па ўсім свеце.

 

Ілюстрацыйнае фота: Anna Shvets/pexels.com

 

– Нават у час камунікацыі, падрыхтоўкі да нейкіх імпрэзаў, анлайн спрашчае многія моманты. Не трэба сустракацца асабіста, а вельмі хутка пабачыцца праз тэлефон ці кампутар. Пры неабходнасці тут жа запісаць відэа ці аўдыя, каб пасля апрацаваць патрэбную інфармацыю.

Адзначу, што спачатку я ставілася скептычна да практычнага боку навучання анлайн таму ж кіно. Мне падавалася, што гэта немагчыма. Але калі ў сувязі з локдаўнам давялося працаваць з школьнікамі_цамі ўзростам ад 10 да 16 год, дапамагаць ім ствараць фільмы, стала зразумела, што проста няма іншага варыянту, як зрабіць гэта. Адчувалася, што ім таксама не хапае ўзаемадзеяння. Але нават у гэтай сітуацыі атрымалася, што магчыма навучыць складаным рэчам праз анлайн.

У анлайн-фармаце я брала ўдзел у розных ролях – ад куратаркі фестывалю да тэхпадтрымкі. Была ментаркай, цьютаркай на ўсемагчымых воркшопах, лектаркай, удзельніцай дыскусій, выкладніцай на моўных курсах – дапамагала ўкраінкам, што беглі ад вайны, адаптавацца ў новай краіне.

Безумоўна, фізічны кантакт усё адно вельмі важны, яго цяжка замяніць лічбавымі тэхналогіямі. Бо даволі часта людзі ці не счытваюць эмоцыі, або счытваюць іх неяк па-іншаму. У фізічнай прасторы гэта прасцей адсачыць і адчуць. Таму даводзіцца вучыцца камунікаваць больш празрыста, больш асертыўна і больш негвалтоўна, удакладняць у людзей – што адбываецца, што дакладна яны маюць на ўвазе. Бо часам стомленасць і немагчымасць сфакусавацца счытваецца як мікраагрэсія. І ты разумееш, што ў фізічнай прасторы такія сітуацыі проста не ўзнікалі б.

Таксама варта адзначыць, што анлайн-фармат менш рухомы. Бо людзі сядзяць перад экранамі. І калі ў фізічнай прасторы мерапрыемства можа працягвацца тры-чатыры гадзіны, то ў анлайне немагчыма зрабіць яго такім жа доўгім. І гэтую спецыфіку трэба разумець і ўлічваць. Бо людзі могуць знаходзіцца дома ці ў дарозе, можа быць кепскай сувязь. Шмат нюансаў, якіх няма, калі праводзіш «жывое» мерапрыемства.

Складаней нейкія нефармальныя актыўнасці прыдумаць. Але неяк мы анлайн нават гатавалі, калі была акцыя ў падтрымку фемінісцкіх і квір-суполак ва Украіне. І каб сабраць грошы, актывісткі прыдумалі такі фармат – разам гатавалі боршч, кожная ў сваё краіне, праз зум. А ўкраінкі расказвалі рэцэпт, паказвалі, як гатуюць, і пры гэтым расказвалі пра сваю працу, чым займаюцца, куды пойдуць грошы, што будуць ахвяраваныя цягам гэтага мерапрыемства. І за пару гадзін яны сабралі каля 2 000 еўра.

Прасцей за ўсё ў анлайне арганізаваць фарматы кшталту лекцый, запісаць нейкія аўдыяінструкцыі. То-бок, неінтэрактыўныя. Гэта самы просты варыянт, але і самы распаўсюджаны. Ён можа стаць тупіковым варыянтам, бо тут трэба разумець, што ён пасуе не для любога матэрыялу.

Мерапрыемствы мусяць быць інтэрактыўнымі, бо зноў жа – людзі сядзяць перад экранамі і не могуць засвойваць інфармацыю такім жа чынам, як бы яны яе засвойвалі ў фізічнай прасторы. Бо калі мы доўга сядзім, фокус падае. Трэба рабіць перапынкі, прыдумваць, што людзі могуць зрабіць фізічна, негледзячы на тое, што мы цяпер у зуме. І такія мерапрыемствы будуць больш паспяховымі і дапамогуць дасягнуць пастаўленай мэты. Таму не трэба забываць пра тое, што ўсё ж анлайн фармат пры ўсёй сваёй зручнасці застаецца спецыфічным, патрабуе пэўнага падыходу.

Але сыходзячы з уласнага вопыту адзначу, што любая тэма ды інфармацыя можа быць прадстаўленая анлайн, проста трэба падыходзіць да кожнага мерапрыемства з улікам кантэксту, мэты, патрэбы, і абіраць адпаведна гэтаму дызайн імпрэзы.

∗ імя гераіні змененае на яе просьбу

 

Юлія Саковіч, фота з сацсетак гераіні

 

Юлія Саковіч вядомая ў Бабруйску экаактывістка. Яна арганізоўвала фестываль «ПікнічОК» на прыродзе – з майстар-класамі, забаўкамі, дэгустацыямі. А ў мінулым годзе адважылася перайсці ў анлайн-фармат, і ён атрымаўся! Наша суразмоўніца расказвае, чаму наагул ёй давялося паспрабаваць арганізаваць той інстаграм-фэст:

– Ідэя зладзіць анлайн-фестываль з’явілася з дзвюх прычынаў. Па-першае, свет яшчэ не адышоў ад каронавіруса. А па-другое, змянілася беларускае заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, павялічыліся кошты за аплату такіх мерапрыемстваў. Яшчэ адна прычына – у Бабруйску не хапала лакальных экспертаў-эколагаў, а запрашаць і аплочваць удзел іншагародніх было б вельмі дорага.

Форму правядзення фестывалю ў фармаце анлайн мне падказалі калегі, экаактывісты_кі, у якіх быў такі вопыт. Яны ведалі, як афлайн-мерапрыемствы адаптаваць у анлайн. Мяне пераканалі, што гэта даволі добры спосаб паслухаць экспертаў з розных гарадоў Беларусі. Гэта быў мой дэбют у анлайне. Але зараз мы плануем запуск вялікага анлайн-фестываля. Бо мае жыццёвыя абставіны змяніліся, але я па-ранейшаму хачу займацца тэмай экалогіі і рабіць бабруйскі «ПікнічОК».

Мяркую, што ў будучыні я буду рабіць і жывыя фестывалі, але дадаваць у іх элементы анлайну, для таго каб пашыраць праграму і атрымаць больш магчымасцяў дзяліцца досведам не толькі экаактывістаў_ак з нашай краіны і горада, але і камунікаваць з людзьмі з іншых краін. Напрыклад, сам фэст будзе адбывацца афлайн, але мы ўсталюем экран і нам прачытае лекцыю актывіст_ка з Грузіі, Швецыі, Польшчы, Літвы. І гэта будзе цудоўна.

Так, я планую правесці яшчэ адзін анлайн-фестваль праз інстаграм, але магчыма мы прыдумаем яшчэ нешта, дададзім тэлеграм, тыкток ці створым сайт. Якраз цяпер мы актыўна займаемся адраджэннем «Пікнічка», я збіраю групу валанцёраў_к. І калі хтосьці хоча дапамагчы, ці стаць часткай каманды, буду разглядаць любую дапамогу – валанцёрскую, псіхалагічную.

Плюсы анлайн-фармата ў тым, што мы можам ахапіць аўдыторыю і экспертаў з розных краін, людзей, што зацікаўленыя тэмай экалогіі. Выдаткі на арганізацыю скарачаюцца ў сотні разоў. Адказнасць накладаецца толькі на матэрыял і кантэнт, які мы будзем ствараць. Фармат афлайн-мерапрыемства мяркуе па сабой больш адказнасці. Ты не можаш спланаваць развіццё пэўных падзей, як будзе паводзіць сябе аўдыторыя ў тым ці іншым выпадку.

І зноў жа – не трэба нічога ні з кім узгадняць.

Фестываль “ПікнічОК”. Фота з архіваў гераіні

 

– Адзіны мінус – немагчымасць сустрэцца жыўцом, няма гэтай энергіі, радасці ад сустрэчы. Мы не можам разам папіць гарбатку, нешта разам зрабіць – як у «Пікнічку-2021», калі ў нас было шмат фізічных актыўнасцяў, нават лазня. То-бок няма тых прыемнасцяў, якія даюць жывыя стасункі і майстар-класы. Але як ёсць. Затое дзякуючы такім розным вопытам мы пасля зможам стварыць такі круты міксаваны фармат.

Як зрабіць першыя крокі да жыцця ў стылі «Нуль адходаў»? Парады экаактывісткі

Цікавае

Спецпраекты