А мы працягваем расказваць, якія карысныя анлайн-магчымасці можна адшукаць у сеціве, каб палепшыць уласнае жыццё, ці – натхніцца і нарэшце запусціць уласны праект мары. Сёння размова будзе ісці пра старонку ў інстаграм «Жаночае не сорамна».
«Сяброўка, якая падкажа, як лепш клапаціцца пра сваё здароўе» – вось так акрэслілі ідэю праекта аўтаркі. І сапраўды, калі прагледзець узнятыя тэмы, міжволі думаеш: «Вось, і ў мяне так было». Ці: «Ого, не ведала, што не ўсе прапісаныя гінеколагамі лекі – патрэбныя». Дзяўчаты руйнуюць міфы і смела кажуць на тэмы, пра якія ты не заўсёды можаш запытацца на прыёме ў лекараў.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Вельмі зручныя таксама фарматы, з якімі працуюць у «Жаночым не сорамна» – гэта ілюстраваныя адукацыйныя пасты, зробленыя вельмі зразумела і цікава, а таксама рылзы, у якіх гінекалагіня ўздымае актуальныя для кожнай з нас тэмы – ад аналізаў, які варта здаваць, да кропкі G.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
– Праект з’явіўся восенню 2022 году, але прыдумалі мы яго яшчэ летам, напэўна. Мы – гэта некалькі беларускіх жанчын: журналістак, рэкламніц ды доктарак. У нашай камандзе, калі яе можна так назваць, ёсць і мужчыны, – тлумачаць аўтаркі.
– На самой справе ідэя праекта нарадзілася адразу ў дзвюх з нас, мы не ведалі пра гэта. І ў абедзвюх з нас былі думкі кшталту: «Ну так, трэба рабіць, але няма каманды». І вось – зоркі сышліся!
Наша місія – распавядаць пра жаночае здароўе і рабіць гэтыя размовы нармалёвымі. Рабіць іх нечым звычайным – як размовы, напрыклад, пра цэны ў «Еўраопце» ці пра надвор’е. Мы самі яшчэ калі-некалі саромеемся казаць, што ў нас пачаліся месячныя, але разумеем, што далей так жыць нельга. Мы хочам, каб беларускія жанчыны спакойна размаўлялі пра тое, што з імі адбываецца.
Спачатку мы размаўлялі выключна пра гінекалогію, гэта былі размовы з дактарамі, але зараз пакрысе пашыраем тэмы.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
З асноўнай праблемы, якую акрэслілі стваральніцы «Жаночае не сорамна» і нарадзілася гэтая назва.
– Так склалася, што ўсё жаночае ў Беларусі – нейкае «сорамнае». Сорамна размаўляць пра месячныя. Сорамна размаўляць пра грудзі. Сорамна размаўляць пра секс. Сорамна размаўляць пра секс-цацкі. Пракладкі, тампоны – увогуле страшныя рэчы!
Мы хочам змяніць гэта і наўпрост кажам назвай: «Не, жаночае не сорамна!» – тлумачаць суразмоўніцы.
Стала над праектам працуюць чатыры чалавекі. Але, як адзначаюць аўтаркі, каманда ў іх вельмі дынамічная.
– У нас ёсць каляжанкі з медычнай адукацыяй і вопытам, ёсць журналісткі і рэкламніцы, ёсць менеджаркі, ёсць дызайнер. Але гэта, зразумела, не асноўны наш занятак – гэта тое, што мы лічым важным, таму і робім.
Складана сказаць, колькі часу сыходзіць у нас на падрыхтоўку аднаго паста! Бывае, што ўсе вольныя, прыкладна ў адзін час, тады мы хутка робім. А калі не супадаем у графіках, то можам і па некалькі дзён рабіць.
Спачатку мы распавядалі пра тое, што нам самім набалела. А нам шмат набалела! Кожнай з нас, ха-ха. Мы ўсе сутыкаліся і сутыкаемся з беларускай гінекалогіяй – і гэта, на жаль, не заўсёды добры досвед.
Асабісты боль – вялікая крыніца для тэм.
Другая – гэта нашыя беларускія жанчыны, якія задаюць пытанні ў каментарах ці ў асабістых паведамленнях. І мы вельмі ўдзячныя за пытанні! Бо для нас важна распавядаць пра тое, што сапраўды хвалюе беларускіх жанчын. Калі тэмы, якія нам адгукаюцца, больш-менш вычэрпваюцца, звяртаемся да жанчын, што нас чытаюць.
Ну, і ў нас саміх у жыцці таксама заўсёды з’яўляюцца новыя тэмы (на жаль для нас і на радасць для праекта).
Так чаму беларускі сапраўды саромеюцца такіх натуральных пытанняў, як месячныя, ці «чаму мне не хочацца сексу»? Аўтаркі кажуць, што гэтае пытанне цягне на асобную размову:
– Гэта можа прагучаць для некага агрэсіўна, але кароткі адказ – праз тое, што ў нас мужчынскі свет. Самы просты прыклад: пра сапраўдную пабудову клітара/ласкаценя свет даведаўся толькі 20 год таму, дзякуючы доктарцы Хэлен О’Конэл.
Жаночае здароўе – гэта вельмі цікава! Таму плануем яшчэ больш пра яго распавядаць у тэкстах, візуалах і кароткіх відэа, – рэзюмуюць аўтаркі праекта.
Чытай яшчэ:
“Нам сказалі: з рэгуламі ў манастыр не заходзіць”. Гісторыі пра “чырвоныя жыгулі” і сродкі гігіены