Нягледзячы на невясёлы падтэкст, мелодыя ў навінкі танцавальная, што цалкам адпавядае часу, у якім мы сёння існуем.
На гэтым тыдні апублікаваны кліп «Бяда», на трэк, які стварыў гурт «Ночы» ў калабарацыі з Сяргеем Башлыкевічам (Leibonik). «Негледзячы на тое, што гэта фіт, песня напісалася вельмі хутка», – кажа Юлія Петраш. Адзначым, што нягледзячы на невясёлы падтэкст, мелодыя ў навінкі танцавальная, што цалкам адпавядае часу, у якім мы сёння існуем.
Нагадаем, што гурт «Ночы» мае бабаруйскія карані, яго аўтарка і вакалістка Юлія Петраш з нашага горада. Але і Сяргей Башлыкевіч добра знаёмы мясцовым аматарам беларускай музыкі, бо раней неаднойчы прыязджаў да нас з выступамі.
Юлія тлумачыць, што ідэя песні хаваецца ў небяспецы, якую нясе чалавек навакольнаму асяроддзю.
– Слова «бяда» набыла глабальны сэнс, хаця гэта лагічна, праз тое, як зараз горача радыяктыўна. Не магу сказаць, што мяне надта турбуе знікненне нашага віду, бо гэта выглядае як вынік нашай актыўнай дзейнасці на Зямлі. Якая далей будзе квітнець без нас. Таму я прымаю паразу з вартасцю (я ж чалавек) і патанчу напрыканцы.
Юлія кажа, што ў час стварэння песні ў яе быў трэці куплет. Захацелася, каб яго зачытаў хтосьці іншы. Ідэя, хто б гэта мог быць, прыйшла музыкам адначасова:
– Я кажу Пашы (гітарыст, саўндпрадзюсар): «Сяргей..». А ён мне: «Лейбонік!.». Бо характар песні цалкам адпавядаў яму. Скінула Сяргею флоў, і ён зрабіў ідэальны, як заўжды, тэкст. А ў дадатак яшчэ тэмбральна ды інтанацыйна клёва прачытаў.
Насамрач гэта наша самая хуткая песня, калі браць працэс напісання. І гэта нягледзячы на тое, што гэта фіт, – тлумачыць Юлія.
Чытай па тэме:
Раім паслухаць. Калаба бабруйчанкі Panna Anna і Уладзіміра Казлова з “Relikt”